Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жанр літаратурны

   Жанр літаратурны (франц. genre - род, від) - гістарычна акрэслены, адносна ўстойлівы тып мастацкай формы, дзе структура пэўных фармальных прыкмет (архітэктанічных, вобразных, моўных) выяўляе больш-менш канкрэтны мастацкі сэнс. 
   Генетычна кожная жанравая форма звязана з пэўным зместам, аднак у выніку сваёй адноснай самастойнасці яна ў працэсе літаратурнага развіцця можа "адчужацца" ад яго і выражаць новы жанравы змест. Пры гэтым з ёй самой адбываецца некаторая трансфармацыя. Вось чаму асобныя вучоныя (напрыклад, Г. Паспелаў) імкнуцца нават размежаваць жанравую форму і жанравы змест. Тым не менш тая ці іншая сувязь паміж пэўным зместам і формай у літаратурным жанры заўсёды існуе (гімн - гэта выяўленне ў вершаваным творы ўрачыстасці, у эпіграме - насмешкі, у элегіі - суму і гэтак далей). Гэтым ён адрозніваецца ад віду літаратурнага, заснаванага толькі на фармальных прыкметах (архітэктанічных, моўных, рытмічных і інш.).
   Кожны з трох родаў літаратуры (лірыка, эпас і драма) мае свае віды і літаратурныя жанры. Так, сярод твораў лірычных вылучаюцца вершы філасофска-медытатыўныя (медытацыя, пасланне, стансы, ямбы, філасофскі верш, элегія), велічальныя (ода, дыфірамб, панегірык, апалог, мадрыгал, гімн, эпітафія, рацэя, эпіталама), песенныя (раманс, песня, серэнада, марш, псалом, кантата, альба, баркарола, канцона), сатырычна-выкрывальныя (эпіграма, пародыя, інвектыва, сатыра). Да лірычных літаратурных жанраў адносяцца таксама некаторыя жанры фальклорныя (загадкі, замовы, прыказкі, прымаўкі, галашэнні).
   Эпас таксама мае свае віды і жанры літаратурныя. Наогул, першапачатковымі ў літаратуры, тады яшчэ вуснай, былі менавіта эпічныя літаратурныя жанры: эпапея, быліна, сага, дума, сказ, гутарка, вершаваная казка, легенда. Пазней, на пісьмовым этапе развіцця мастацтва слова, да іх далучыліся розныя віды (раманы, аповесці, апавяданні, нарысы, рэпартажы) і жанры літаратурныя (сацыяльна-бытавыя раманы, гістарычныя аповесці, фельетоны, памфлеты, гумарэскі і інш.). Усім ім характэрна ўзнаўленне знешніх - у адносінах да пісьменніка - з'яў рэчаіснасці ў іх аб'ектыўнай сутнасці, паступова-лагічным (сюжэтным) развіцці.
   Што да драмы як роду літаратуры, для якой асноўнае - выяўленне скразнога напружанага дзеяння ў дыялагічнай форме, то яна мае свае віды (трагедыю, камедыю і ўласна драму) і літаратурныя жанры — філасофскую трагедыю, лірычную камедыю, сацыяльна-бытавую драму, меладраму і іншыя.
   Амаль кожны літаратурны жанр утрымлівае асобныя жанравыя разнавіднасці (або формы), што прадвызначаюцца канкрэтным зместам твора. Так, эпіграма можа быць літаратурнай, палітычнай, сацыяльна-бытавой, песня - інтымна-лірычнай, гістарычнай, патрыятычнай і гэтак далей.
   Што да лірыкі, то часам прыкмета зместу кладзецца наогул у аснову яе жанравага падзелу, паводле якога вершы адносяць да грамадзянскіх, інтымных, пейзажных, сугестыўных, медытатыўных або філасофскіх. Відавочна, тут мы маем справу не з уласна літаратурным жанрам, а толькі з жанравымі разнавіднасцямі верша.
   Паколькі паміж рознымі родамі і відамі літаратуры няма глухой мяжы, то ўзаемадзеянне, узаемапранікненне іх прывяло да ўзнікнення шэрагу ліра-эпічных (балада, паэма, версэт) і ліра-драматычных (байка, драматычная паэма) відаў літаратуры, а таксама літаратурных жанраў і жанравых разнавіднасцей. Так узніклі трагікамедыя, фарс-вадэвіль, сатырычныя элегія, гімн, раманс і гэтак далей.
   У працэсе развіцця літаратуры яе жанравы дыяпазон увесь час змяняецца. Адны літаратурныя жанры узнікаюць, другія - звужаюць сферу свайго бытавання або зусім знікаюць (рыцарскі раман, воінская аповесць, інтэрмедыя, эклога, эпіталама, ідылія, мадрыгал, канцона), трэція - істотна мяняюць сваю змястоўную сутнасць. Напрыклад, спачатку ў антычнай літаратуры эпіграма зусім не мела сатырычнай скіраванасці. Гэтым тэрмінам называлі любы лаканічны верш на сцяне храма, помніка, што набываў самастойнае значэнне. Нешта падобнае здарылася і з літаратурнай эпітафіяй, якая сёння набыла пераважна сатырычны характар: у старажытнай Грэцыі яна мела панегірычнае гучанне і яе можна было прачытаць толькі на надмагільнай пліце. Змянілася сэнсавае напаўненне і некаторых іншых літаратурных жанраў. Іх "рэфармавалі" асобныя пісьменнікі, творчасць якіх вызначаецца сваёй спецыфікай жанравых форм. Прычым, калі выбар роду літаратуры звычайна прадвызначаецца характарам таленту пісьменніка, выбар літаратурнага жанру - перш за ўсё прадметам адлюстравання, аўтарскімі адносінамі да яго і гэтак далей.
   Для кожнага перыяду літаратурнага развіцця характэрны пэўныя віды, жанры літаратурныя і жанравыя разнавіднасці. Так, калі ўзяць вершатворчасць, у беларускай літаратуры XVІ - XVІІІ ст. пераважалі вершы духоўныя, панегірыкі, рацэі. У XІX ст. набываюць пашырэнне элегіі, байкі, паэмы, медытацыі, песні і інш. У прыватнасці, у творчасці толькі аднаго Францішка Багушэвіча мы сустракаем грамадзянскі верш ("Праўда"), гутарку ("Хрэсьбіны Мацюка"), вершаванае апаваданне ("Хцівец і скарб на святога Яна"), паэму ("Кепска будзе"), вершаваную легенду ("Гдзе чорт не зможа, там бабу пашле"), байку ("Воўк і авечка"), песню ("Удава"), пасланне ("Яснавальможнай пані Арэшчысе"), сатыру ("Скацінная апека").
   Па колькасці і характары асобных відаў, жанраў літаратурных і іх разнавіднасцей можна ўскосна меркаваць пра багацце мастацкіх здабыткаў тых ці іншых пісьменнікаў і цэлых нацыянальных літаратур.
   На пачатку ХХ ст. многія літаратурныя жанры і віды верша прышчапіў беларускай паэзіі Максім Багдановіч (эпістала, філасофскі верш, трыялет, рандо, тэрцыны і інш.). Надзвычайнае жанравае багацце сустракаецца ў Янкі Купалы, які валодаў, бадай, усімі жанрамі і жанравымі разнавіднасцямі верша, вершаванага апавядання і паэмы. Народнаму песняру належыць надзвычай дасціпнае паэтычнае вызначэнне асобных літаратурных жанраў - песні, оды, серэнады, сатыры, балады і інш. ("Паэзія", 1906):

 

Праўду з няпраўдай,
Цноту з гарэзіяй
Вымешай спрытам, —   
Будзе паэзія.

Лета, ноч, месяц,
Клёнік, чарэсня,
Хлопец, дзяўчына, —   
Вось вам і песня.

Шэпты, прысяга,
Вечная згода,
Вечная любасць, —
Вось вам і ода.

Пуня, дзяўчына,
Сена-прынада,
Хлопец пад пуняй, —
Вось серэнада.

Пуня падперта...
Голас: сусед я!
Бацька з дубінай, —
Вось вам камед'я.

Зімка. Знік хлопец,
Дзеўка ўжо "мамай",
Слёзы... Палонка, —
Вось вам і драма.

Свет, людзі-шэльмы
Крадуць, лгуць шчыра,
Чэсны паэта, —
Вось вам сатыра.

Двор, хорам панскі;
Рада-парада, —
Добрасць, пачцівасць, —
Вось вам балада.

Свінні, падпасвіч,
Лапці, парцянка,
Непагадзь, золка, —
Вось і сялянка.

Добры пан, пані;
Корміць іх ласка
Бедных, галодных, —
Вось вам і казка.

Пан, хам і поле,
Праца, нястатак...
Тры аплявухі, —
Вось і канчатак.


   Янка Купала і Максім Багдановіч не толькі карысталіся гатовымі жанравымі формамі, але і ўдасканальвалі, па-наватарску ўзбагачалі іх у сваёй творчасці. Традыцыі класікаў роднай літаратуры прадоўжылі многія беларускія пісьменнікі - Кузьма Чорны, Максім Танк, Пятрусь Броўка, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Алесь Салавей, Міхась Кавыль, Рыгор Крушына, Янка Брыль, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Ніл Гілевіч, Васіль Зуёнак, Алег Лойка, У. Някляеў, Алесь Разанаў, Янка Сіпакоў, С. Панізнік, Эдуард Акулін і іншыя.

Похожие статьи:

ЖЖанры класічныя

ЛЛіра-эпічныя жанры

ВВершаваныя жанры