Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Купала

Выява Янкі Купалы   У купальскую ноч 7 ліпеня 1882 года ў сям'і беззямельных шляхціцаў Дамініка і Бянігны Луцэвічаў нарадзіўся першынец — сын Янка, якому суджана было стаць вялікім паэтам Беларусі Янкам Купалам, праславіць свой род і край. На той час Луцэвічы жылі ў вёсцы Вязынка, што на Міншчыне, але, як і многія іншыя арандатары чужой зямлі, часта пераязджалі з месца на месца, шукаючы лепшай долі. У 1902 годзе сям'ю напаткала вялікае гора — памёр бацька Купалы і ў адначассе брат Казімір і дзве сястры. Будучы паэт у пошуках працы выпраўляецца "ў людзі": наймаецца хатнім настаўнікам, потым працуе пісарам, пазней — памочнікам вінакура.
   Першапачатковую адукацыю Янка Купала атрымліваў у адной з падпольных польскамоўных школ, якія арганізоўвала ў Беларусі наша зямлячка славутая польская пісьменніца Эліза Ажэшка ў знак пратэсту супраць палітыкі расійскага самадзяржаўя. Таму першыя свае творы малады паэт напісаў па-польску, але ўжо 15 мая 1905 года ў газеце "Северо-Западный край" друкуецца беларускамоўны верш Янкі Купалы "Мужык". У 1908 годзе па ініцыятыве і з дапамогай беларускіх адраджэнцаў-нашаніўцаў паэт пераязджае ў Вільню, дзе служыць бібліятэкарам, актыўна супрацоўнічаючы з "Нашай нівай". У гэтым жа годзе выходзіць яго першы паэтычны зборнік "Жалейка", а праз год (у 1909 годзе) Янка Купала накіроўваецца на вучобу ў Санкт-Пецярбург на агульнаадукацыйныя курсы А. Чарняева. У Вільню ён вяртаецца ў 1913 годзе, каб узначаліць рэдакцыю "Нашай нівы". Гэты час быў асабліва плённы ў творчасці паэта: ён напісаў паэмы "Магіла льва", "Бандароўна", "Яна і я", драму "Раскіданае гняздо", надрукаваў кнігу паэзіі "Шляхам жыцця".
   Праз некалькі гадоў (у 1919 годзе) Янка Купала піша верш "Мая навука", у якім асэнсоўвае свой лёс і свой шлях ад "яснавалосага хлопчыка", як называлі яго тагачасныя крытыкі, да вялікага песняра.
   У жніўні 1915 года выйшаў у свет апошні, 31-ы нумар газеты "Наша ніва", падпісаны Янкам Купалам. З набліжэннем фронту выданне спыніла сваё існаванне, і паэт, ратуючыся ад вайны, пакідае Вільню. Ён накіроўваецца ў Акопы да маці. У верасні 1915 года Янка Купала едзе ў Маскву і паступае на вучобу ў Маскоўскі гарадскі народны універсітэт імя А. Л. Шаняўскага. Там 23 студзеня 1916 года паэт узяў шлюб з Уладзіславай Францаўнай Станкевіч, якая стала вернай спадарожніцай яго жыцця, нястомнай прапагандысткай купалаўскай творчасці. Але амаль адразу пасля жаніцьбы Купалу прызываюць у войска. Ён служыць у Мінску старшым рабочым дарожна-будаўнічага атрада Варшаўскай акругі шляхоў зносін. Летам атрад, у якім служыць паэт, пераводзяць у Полацк.
   Нягледзячы на вайну, інтэлектуальнае жыццё ў Беларусі працягваецца. І асабліва цікавяцца аматары мастацтва творчасцю Янкі Купалы. У красавіку 1917 года Мінскі гарадскі тэатр ставіць на сваёй сцэне яго камедыю "Паўлінка", а праз некалькі месяцаў "Першае беларускае таварыства драмы і камедыі" паводле аўтарскага рукапісу паставіла і другую п'есу Янкі Купалы — славутае "Раскіданае гняздо".
   У дні Кастрычніцкай рэвалюцыі Янку Купалу пераводзяць у Смаленск. Там яго залічылі на работу агентам аддзела забеспячэння Заходняй вобласці. Па службе яму вельмі часта прыходзіцца бываць у камандзіроўках — у Курскай, Магілёўскай, Смаленскай губернях. Але нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы ў канцы 1918 года Купала пасля доўгага творчага перапынку стварае вялікі цыкл вершаў, прысвечаных роздуму над будучыняй беларускага народа. Гэта былі такія сусветна вядомыя творы, як "Спадчына", "Паязджане", "Забытая карчма", "Пчолы", "Мая вера" і інш.
   У пачатку студзеня 1919 года паэта ў Смаленску наведалі Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны) і Язэп Дыла — члены першага рабоча-сялянскага ўрада БССР, якія прынеслі вестку аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. 21 студзеня 1919 года Янка Купала пераязджае на сталае жыхарства ў Мінск і пачынае працаваць у Народным камісарыяце асветы бібліятэкарам пры Беларускім народным доме. У гэты час ён рыхтуе да выдання зборнік "Спадчына".
   У 1920 годзе Янка Купала цяжка захварэў, яму зрабілі некалькі аперацый, і ён знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці. У гэты ж год у Маскве выходзіць кніга вершаў Купалы на рускай мове, складзеная І. Белавусавым "Выбраныя творы ў перакладах рускіх паэтаў". У Беларускім дзяржаўным тэатры ставяцца п'есы Купалы "Паўлінка", "Раскіданае гняздо" і адбываецца прэм'ера фарс-вадэвіля "Прымакі". У пачатку 1921 года Янка Купала пачынае працаваць намеснікам загадчыка літаратурна-выдавецкага аддзела Наркамасветы БССР.
   Але ўмовы, якія ствараюцца ў грамадстве, не спрыяюць творчасці. У 1921 годзе ў паэта адбываецца канфлікт з прадстаўнікамі савецкай улады.    Яго падвяргаюць хатняму арышту, канфіскуюць рукапісы. Гэты час не вызначаецца значнымі творчымі набыткамі паэта. Затое ў наступным (1922) годзе Янка Купала закончыў сваю славутую камедыю 'Тутэйшыя", і ў гэтым жа годзе пабачыў свет яго не менш славуты паэтычны зборнік "Спадчына".
   У перыяд 1922-1930 гадоў жыццёвы і творчы лёс Янкі Купалы вызначаўся ў многім яго ўзаемаадносінамі з савецкай уладай. Гэтыя стасункі былі неадназначнымі. Паэт станоўча ўспрыняў працэсы беларусізацыі, ён удзельнічае ў рабоце Беларускага дзяржаўнага універсітэта, яго выбіраюць сапраўдным членам Інстытута беларускай культуры (будучай Акадэміі навук БССР). У 1924 годзе друкуецца паэма Янкі Купалы "Безназоўнае", змест якой даваў падставы для супрацьлеглых тлумачэнняў і тагачасным, і сучасным крытыкам: адны сцвярджалі пра адданасць паэта новай уладзе, другія — пра непрыняцце яе. У 1925 годзе ў Беларусі шырока адзначаецца 20-годдзе літаратурнай дзейнасці Я. Купалы. Паэт шмат падарожнічае, наведвае Германію, Чэхаславакію, Украіну, Расію.
   У той жа час у грамадстве набіраюць моц рэпрэсіўныя метады падаўлення іншадумцаў, умацоўваецца цэнзура, у літаратуры насаджаецца дыктат метаду сацыялістычнага рэалізму. Негатыўныя праявы культу асобы, даносы, арышты і рэпрэсіі закранаюць усё грамадства, у тым ліку і асабістае жыццё паэта. У яго няма магчымасці пісаць пра тое, што ён хоча, яго шальмуюць у друку, абвінавачваючы ў нелаяльнасці да ўлады. Маці і сястру Янкі Купалы раскулачваюць і прыгаворваюць да ссылкі ў Котлас. Толькі дзякуючы смеласці і энергіі Уладзіславы Францаўны гэты прысуд быў адменены, і сваякоў Купалы знялі з цягніка, які ўжо выязджаў на месца прызначэння.
   З кожным годам сітуацыя ў грамадстве пагаршаецца. Адзін за другім заканчваюць жыццё самагубствам або знікаюць у невядомасці асуджаныя на высылку сябры і знаёмыя паэта, былыя нашаніўцы, адраджэнцы, патрыёты роднай зямлі. У выдавецтве затрымліваецца, а потым і зусім раскідваецца набор кнігі Янкі Купалы "Творы. 1918-1928". Гэта было не проста чарговае выданне, гэта была спроба паэта яшчэ раз даказаць сваю вернасць беларускай ідэі. Як вынікала з назвы, кніга прысвячалася 10-м угодкам БНР, у яе ўвайшлі найлепшыя творы паэта апошніх гадоў: "Каб...", "Беларускія сыны", "Свайму народу", "Паўстань..." і інш. Прысвячалася выданне "памяці тых, што памерлі ў змаганні за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне маёй Бацькаўшчыны". Кніга павінна была стаць вянком на магілу герояў, але не стала, бо раскіданымі старонкамі яе, як успамінаў пазней паэт Павел Пруднікаў, увесь 1930 год "загортвалі харчовыя тавары ў прадуктовых магазінах Мінска".
   Надыходзіць дзень, і самога Янку Купалу абвінавачваюць ва ўтварэнні міфічнага "Саюза вызвалення Беларусі". Дзень за днём яго выклікаюць на допыты ў ГПУ. Такога маральна-псіхалагічнага націску чуйная душа паэта не можа вытрымаць, і 27 лістапада 1930 года Янка Купала робіць замах на ўласнае жыццё.
   Дзякуючы старанням лекараў, паэт выжыў. Але, як сведчылі сучаснікі, стаў як быццам іншым чалавекам. Знешне ён імітуе пакорлівасць рэжыму, піша вершы пра камуністычнае будаўніцтва і калектывізацыю, некаторыя з іх прысвячае Сталіну. Але ўнутранае, духоўнае жыццё паэта застаецца таямніцай.
   Калі ў 1941 годзе пачалася вайна, паэта эвакуіруюць у Маскву, а потым у вёску Печышча пад Казанню. Напярэдадні шасцідзесяцігоддзя Янку Купалу запрашаюць у Маскву з нагоды святкавання юбілею. Ён спыніўся ў гатэлі "Масква", дзе жылі ў той час многія яго знаёмыя і сябры з Беларусі.
   28 ліпеня 1942 года паэта паклікалі з нумара, дзе ён сустракаўся з беларускімі паэтамі, а праз некалькі хвілін яго цела знайшлі у лесвічным пралёце, куды ён упаў з дзесятага паверха.
   Да сённяшняга дня смерць Янкі Купалы застаецца таямніцай: ці быў гэта няшчасны выпадак, ці самагубства, ці запланаваны ГПУ тэракт? Загадка застаецца неразгаданай.
   Праз дваццаць гадоў пасля смерці (у 1962 годзе) урна з прахам Янкі Купалы была перавезена на Бацькаўшчыну і перазахавана ў Мінску на Вайсковых могілках.

Похожие статьи:

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы