Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Купала - Пясняр беларускага народа

   Лёс быў і літасцівы да Беларусі, калі ў 1882 г. паслаў невымоўнаму народу адразу двух прарокаў-песняроў — рамантыка і рэаліста, такіх розных, але аднолькава вартых свайго народа. Каб «сярод цемры і мук» беларусы маглі іх голасам «на свет цэлы» сказаць пра сваё жаданне і права «людзьмі звацца». 

   Міншчына — край паэтаў. Вязынка, як і Акінчыцы на Стаўбцоўшчыне, — таксама «куточак запаветны», дарагі сэрцу кожнага беларуса. Вязынка — калыска Купалавай песні, месца, дзе ў ноч на Івана Купалу з'явіўся на свет чалавек, што стаў уладаром беларускай песні. І зноў быццам знак зямлі і неба, каб беларусы не гнулі плеч, каб узнялі галовы, каб усталі і ішлі шукаць папараць-кветку.  

   У лірыцы Купалы амаль не знайшлі адлюстравання факты яго жыццёвай біяграфіі. Але затое ў ёй выразна ўвасобіліся яго духоўныя памкненні і пошукі. Лёс песняра ад пачатку і да самага трагічнага завяршэння, як гэта ні банальна гучыць, — адбітак жыцця ўсяго нашага народа ў той перыяд, калі наканавана было жыць паэту. Ад імя лірычнага героя верша «Я не для вас...» метафарай «з імі мучыўся ўраўне, у адны закут з імі кайданы» сказаў паэт і пра свой уласны лёс.  

   Недзе ў 1870-х гг. Ануфрый Луцэвіч, дзед будучага паэта, быў выгнаны з зямлі князямі Радзівіламі. З таго часу Луцэвічы сталі арандатарамі і блукалі па свеце ў пошуках працы і хлеба. Такі ж лёс выпаў і бацькам Янкі — Дамініку Ануфрыевічу і Бянігне Іванаўне. У 1902 г. сям'ю напаткала вялікае гора — смерць бацькі, брата і дзвюх сясцёр.  

   Узваліўшы на свае плечы клопат за ўсю сям'ю, Янка Купала пайшоў шукаць сабе службы, бо пераканаўся на горкім вопыце сваіх родных і сваім уласным, што праца на чужой зямлі не пракорміць. І зноў працягвалася занятая барацьба за кавалак хлеба. Чаго толькі не зведаў юны Купала! Быў і хатнім настаўнікам, і перапісчыкам у судовага следчага ў Радашковічах, і прыказчыкам у маёнтку, што на Магілёўшчыне. А за тры гады працы на памешчыцкіх броварах «зазнаў такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў». Яго пакутніцкі шлях да вяршыні валадарства беларускай песняй і, вядома ж, адпаведнага матэрыяльнага дабрабыту можна параўнаць, бадай што толькі са шляхам Джэка Лондана.  

   Пісаць вершы Янка Купала пачаў рана, але пачаткам літаратурнай дзейнасці лічыцца 1905 год , калі ў прагрэсіўнай рускай газеце «Северо-Западный край» з'явіўся яго першы верш «Мужык», адкрыўшы тым самым талент такой велічыні, якога не ведала яшчэ беларуская літаратура.  

   Велізарная заслуга Янкі Купалы, які ўвабраў у сваю творчасць лепшыя традыцыі папярэднікаў — Францішка Багушэвіча, Цёткі, у тым, што «мужыцкая» тэма загучала ў яго творах як агульнанацыянальная і агульначалавечая. Ніхто да яго з такой сілай голасу не сказаў «на свет цэлы» пра наша імкненне і права «людзьмі звацца», а пазней і пра тое, што «і беларус можа змясціцца ў сям'і нялічанай славян», што «жыў беларус — і будзе жыць!».  

   Ужо ў першым зборніку «Жалейка» (1908) намецілася, а ў наступных зборніках («Гусляр», 1910; «Шляхам жыцця», 1913), у шматлікіх паэмах з незвычайнай сілай выявілася рамантычнае светаўспрыманне паэта.  

   І самае адметнае ў яго творчым метадзе тое, што ў ім дзівосным чынам спалучыліся дзве плыні, дзве тэндэнцыі — глыбока рэалістычная і ярка рамантычная.

   Крытыка неаднаразова адзначала вельмі важную рысу купалаўскага верша — разнастайнасць і багацце рыпшу, гэтага жывога нерва паэзіі. «Незвычайная рытмічнасць — вось галоўная, магічная асаблівасць Купалы, — пісаў у 1914 г. Максім Багдановіч. — Яго бурныя, імклівыя рытмы захапляюць, гіпнатызуюць чытача, не даюць яму затрымацца, апомніцца, палоняць яго сваёй уладай».  

   Рытм для Купалы — не самамэта: ён прадыктаваны неабходнасцю творчага імкнення як мага паўней, дакладней перадаць плынь жыцця ва ўсёй яе зменлівасці, імклівасці і месцамі нават бурлівасці (верш «Там»):  

Там кроў ліецца, там за волю

Барцы на вісельні ідуць,

А вы, вы мучаны найболей,

Спіцё, хоць вас даўно там ждуць.

...До спаць! Паўстаньце грамадою

І йдзіце ім там памагаць,

Паўстаньце крэпасцю такою,

Каб вораг вас не мог зламаць.

   Паэт здолеў дасягнуць гармоніі мелодыкі народнай песні са строгай вытанчанасцю класічнага верша. Верш Купалы элегічны, му-зычны, калі выяўляе сумны настрой лірычнага героя. Верш Купалы энергічны і пругкі, бунтоўны і палымяны, калі кліча на вялікі сход па Бацькаўшчыну. Лірычныя маналогі і звароты («Мужык», «Песняру-беларусу», «Мая малітва»), дыялогі («А хто там ідзе?», «Сын і маці»), выкрывальныя і бязлітасна іранічныя, нават саркастычныя водпаведзі («Слугам алтарным», «Ворагам беларушчыны», «Адповедзь», «Я не для вас...»), урачыстыя гімныМаладая Беларусь», «Роднае слова»), заклікі («Там», «Час!») — выключна ўсе формы выяўлення душы багатай, чулай і чуйнай падуладны таленту песняра.  

   1909-1913 гады — пецярбургскі перыяд жыцця і творчасці паэта. Усё напісанае паэтам за жыццё адзначана незвычайнай таленавітасцю. Але нельга не пагадзіцца з даследчыкамі яго творчасці, што пецярбургскі перыяд — яе вяршыня, самы плённы і па колькасці напісанага паэтам. Менавіта ў гэты перыяд выявіўся і яго эпічны дар, што лагічна вяло да паэмы, і дар драматурга. 

   У гэты перыяд Купала рэалізаваў і сваё імкненне да «мудрасці кніжнай», бо атрыманых яшчэ ў дзяцінстве ведаў (год вучобы ў Сенніцкім народным вучылішчы, вучоба ў прыватнай падрыхтоўчай школе ў Мінску, у Бяларуцкім народным вучылішчы, што за 25 кіламетраў ад Мінска) і ведаў, набытых нястомнай самаадукацыяй, як лічыў паэт, было мала. Чатыры гады вучобы на агульнаадукацыйных курсах Чарняева і спатолілі яго Прагу ведаў, і сістэматызавалі раней набытыя, і па-сапраўднаму далучылі яго да сусветнай культуры.  

   У гэты перыяд у Пецярбургу выйшлі другі і трэці зборнікі яго паэзіі, напісаны дзве драматычныя паэмы «Сон на кургане», «На папасе» (першая драматычная паэма «Адвечная песня» напісана яшчэ ў перыяд яго працы ў газеце «Наша ніва» ў 1908 г.), рамантычныя паэмы «Курган», «Бандароўна», «Магіла льва», паэма-ідылія «Яна і я», п'есы «Паўлінка» і «Раскіданае гняздо» (а ўсіх драматычных твораў ім напісана чатыры; «Прымакі» ў 1923 г. І «Тутэйшыя» ў 1922 г.)  

   П'еса «Паўлінка», цесна звязаная з п'есамі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, была наватарскім творам і з'явілася этапным ва ўсёй беларускай драматургіі, бо ў ёй гарманічна спалучыліся змест і форма; відавочная і сацыяльна-палітычная сутнасць канфлікту. У драматургію прыйшоў новы герой з яго настойлівасцю ў імкненні да новага жыцця і рашучасцю ў барацьбе за асабістае шчасце, што з'яўляецца найважнейшымі рысамі характару Паўлінкі.  

   Эпічна-былінная паэма «Курган», легендарна-баладная «Магіла льва», песенна-лірычная «Бандароўна» засведчылі, што ў літаратуры нашай з'явіўся самы буйны, самы таленавіты рамантык і адзін з выдатных рэалістаў. Да яго яшчэ нікому не ўдалося падняць асобны факт з жыцця простага чалавека на вяршыню героіка-трагедыйнага гучання. Звярнуўшыся да нацыянальнага фальклору і паклаўшы фальклорнае ў аснову сюжэтаў паэм, ён здолеў захаваць характэрныя для рамантычнай паэмы асаблівасці.  

   Галоўнымі героямі ўсіх яго рамантычных паэм з'яўляюцца асобы незвычайныя, выключныя, моцныя, надзеленыя дарам: ці талентам (як Гусляр), ці прыгажосцю, гармоніяй знешняга і ўнутранага хараства (як Бандароўна: «Хараства такога ў свеце не было й не будзе»), ці фізічнай сілай (як Машэка). Усе яны кідаюць выклік абставінам, уступаюць у канфлікт, выпрабоўваюцца крытычнай сітуацыяй, нават сітуацыяй выбару: «Ну, што воліш сабе выбраць, пышная паненка...»; «Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям — Поўны гуслі насыплю дукатаў. Не пад мысль будзе песня каму-небудзь нам — Канапляную возьмеш заплату».

   Трагедыйная развязка сюжэтаў адначасова і аптымістычная, жыццесцвярджальная: героі загінулі, але песня і прыклад слугавання народу і Айчыне неўміручыя.

   Зусім іншым філасофскім зместам напоўнена паэма «Магіла льва». Яе сюжэтам і вобразам Машэкі паэт папярэджвае пра наступствы філасофіі моцнай асобы, якая для дасягнення мэты кіруецца прынцыпам «усе сродкі добрыя». Аднойчы пераступіўшы маральную мяжу, герой не заўважае, як нават самыя высакародныя матывы ператвараюцца ў зло незвычайнай разбуральнай сілы, бо і сам матыў ператвараецца ў сваю супрацьлегласць — нянавісць. Страшная яе сіла, бо яе носьбіта аднолькава ап'яняе кроў багатага і беднага, злодзея і ахвяры, дарослага і нявіннага дзіцяці. 

   Шчаслівым і адначасова глыбока трагічным быў лёс нашага песняра ад пачатку і да самага канца яго дзён і хвілін.  

   Шчаслівым, бо здзейснілася самая запаветная яго мара — «з цэлым народам гутарку весці, сэрцаў мільёнаў падслухаць біцця». І якім жа сціплым быў наш паэт у сваіх парываннях да валадарства душой толькі свайго народа! Песня Янкі Купалы мела такія магутныя крылы, валодала такой вялікай сілай і энергіяй, што ўжо ў самым пачатку выйшла за абсягі роднай зямлі, загучала на рускай, украінскай, польскай, чэшскай, літоўскай і іншых мовах. У гісторыі літаратуры не такія частыя выпадкі, каб творчасць маладога паэта станавілася здабыткам культуры іншых народаў. A купалаўскія творы сістэматычна перакладаліся, пачынаючы з 1910 г., такімі знакамітымі майстрамі слова, як М. Горкі, В. Брусаў, пазней — М. Ісакоўскім.  

   A хіба не доказ незвычайнага дару песняра і адначасова нашай значнасці ў свеце той факт, што першы пераклад помніка старажытнай культуры — «Слова пра паход Ігаравы» — на адну з сучасных моў свету быў зроблены ім, Купалам? і мова тая была наша — беларуская. Толькі пазней былі зроблены пераклады «Слова...» Дз. Ліхачовым і М. Забалоцкім на рускую мову, а М. Рыльскім — на ўкраінскую. Паэт не толькі верыў, не толькі заклікаў Беларусь заняць «свой пачэсны пасад між народамі», але і сам многа зрабіў дзеля гэтага.  

   Трагічным быў яго лёс, бо і ён, як яго прыгожыя рамантычныя героі, зрабіў раз і назаўсёды выбар і ніколі не адступіўся ад галоўнай і самай вызначальнай для ўсёй яго творчасці ідэі нацыянальнага адраджэння і дзяржаўнага суверэнітэту. І вельмі дорага заплаціў за свой выбар і вернасць яму да канца.  

   І ў савецкі перыяд ён з новай і новай сілай, усімі жанрам! сваёй творчасці, у тым ліку і публіцыстычным, папярэджваў, што і перад гісторыяй («А суд гісторыі цяжкі!»), і перад новымі пакаленнямі давядзецца трымаць адказ: 

Ці аб свой гонар дбайна дбалі,

і дабравольна, без прынук,

Самі сабой не гандлявалі,

Не неслі ў петлі дум і рук?

і ці пакінуці на памяць

Мы песень гэтакіх змаглі,

З якіх бы можна было ўцяміць,

Што мы свабоднымі былі?..

(«І прыйдзе»)

   Не толькі ідэяй нацыянальнага адраджэння, але і трывогай за суверэнітэт Бацькаўшчыны прасякнуты і яго зборнік «Спадчына» (1922), і трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922). Спадзеў паэта на тое, што яго Беларусь нарэшце «сама сабе гаспадыня», засведчаны ў зборніку «Безназоўнае» (1925), куды ўвайшла аднайменная паэма. Самай ненавіснай для паэта была «пашана да пакут», самай страшнай бядой — страта волі. Перыяд беларусізацыі ўліў новыя сілы ў душу паэта, і ён паверыў, што гэта назаўсёды: 

Беларусь на куце

Ў хаце сваёй села,

Чарка мёду ў руцэ,

Пазірае смела...

   Такую савецкую упаду, якой яна была ў 20-я гады, такую нацыянальную палітыку Янка Купала прымаў і розумам, і сэрцам.  

   Аднак машына таталітарнай сістэмы паступова набірала абароты і кацілася да мілітарызацыі і гулагізацыі ўсяго жыцця.  

   У 1930 г. было арыштавана 86 пісьменнікаў, у тым ліку Вацлаў Ластоўскі, Сцяпан Некрашэвіч... Адна за адной фабрыкаваліся справы. На чале міфічнай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» шчырым служакам таталітарнай сістэмы трэба было «паставіць» самага ўплывовага, самага аўтарытэтнага чалавека, каб справа атрымалася гучнай, эфектнай і адначасова сваімі маштабамі наводзіла жах на ўсіх астатніх. Выбар паў на Янку Купалу, які, паводле даносу тагачаснага са-кратара ЦК КП(б)Б Гея, «з'яўляўся ідэйным цэнтрам нацдэмаўскай контррэвалюцыі, што знайшло адлюстраванне і ў яго творчасці».  

   Вярнуўшыся дадому пасля чарговага допыту, не даўшы магчымасці органам ДПУ справакаваць сябе, ён у лістападзе 1930 г. зрабіў спробу самагубства.

   Трагедыя Купалы засведчана ў перадсмяротным лісце да Чарвякова, старшыні ЦБК СССР і БССР, дзе ён піша пра свой выбар: «Лепей смерць фізічная, чымся... палітычная». Лекары адратавалі паэта! Улады пакінулі яго ў спакоі: груган чакаў свайго часу...  

   Паэзія 30-х гадоў, асабліва так званы ляўкоўскі цыкл, — таксама сведчанне трагедыі Купалы — чалавека і творцы. У той пракляты час, калі, як пісала Ларыса Геніюш, «крывёй напоўніліся поймы рэк», калі бурліла «адчаем слёз людскіх разводдзе», у паэзіі Купалы — «гармонік грае, грае», а «калгасніца маладая» жыве «весела, ані дбае». Толькі памыляюцца тыя крытыкі, што лічаць вершы ляўкоўскага перыяду («Лён», «Хлопчык і лётчык», «Алеся», «Сыны») вершамі «слабымі». І ў гэтых вершах Янка Купала заставаўся душою нацыі, хоць не мог ужо быць Прарокам нацыянальнага адраджэння. Але гэта не сведчанне Купалавай слабасці, а сведчанне сілы таталітарнай машыны. І папярэджанне ўсім нам, асабліва тым, хто спадзяецца, «што нехта прыйдзе і выратуе нас з нашай бяды», вырашыць за нас нашы праблемы.  

   Хай нам усім наказам стануць мудрыя словы песняра: «Гэта ж не можа быць, каб нехта быў лепшым прыхільнікам да нас, як мы самі для сябе».  

   У перыяд вайны паэт зноў «зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла». Яго палымяныя, таленавітыя публіцыстычныя артыкулы, яго вершы (верш «Беларускім партызанам» быў размножаны і скінуты над беларускімі лясамі як лістоўка) набліжалі святы Дзень Перамогі.  

   Верай у перамогу дабра над злом прасякнуты верш «Зноў будзем шчасце мець і волю». Сам жа паэт не дажыў да светлых дзён шчасця і вол і: 28 чэрвеня 1942 г. ён трагічна загінуў пры загадкавых абставінах у маскоўскай гасцініцы. Груган дачакаўся свайго часу...  

   Але ніхто не змог (і ніколі не зможа!) пазбавіць беларусаў іх не-смяротнай душы. Ён быў і застаецца нашым Песняром, Прарокам нацыянальнага адраджэння — Уладаром беларускай песні.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыВялікі пясняр

Пераказы, дыктантыКалыска песняра

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Маладому песняру