Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Змест і форма

   Змест і форма - паняцці, якія паказваюць на тое, што выяўляецца ў літаратурным творы і як яно выяўляецца.
   Ідэйна асэнсаваныя, эстэтычна асвоеныя жыццёвыя з'явы, у тым ліку думкі, пачуцці, праблемы, складаюць змест (або ідэйны змест) твора, характар жа эстэтычнага асваення гэтых з'яў, спосаб выяўлення зместу - форма яго.
   Арыгінальнае вытлумачэнне зместу даў Максім Багдановіч: "...Пад зместам твора ў суб'ектыўным сэнсе трэба разумець уражанне, якое пакідае дадзеная рэч; а ў аб'ектыўным сэнсе - сукупнасць элементаў, што ўтвараюць гэтае ўражанне. Для прысваення ж тэрміна "змесг" выключна ідэалагічным элементам твора ці тым больш яго тэме не бачым ніякіх падстаў".
   Змест у мастацкім творы адыгрывае вядучую ролю. Аднак форма не пасіўная ў адносінах да яго. Яна глыбей раскрывае або, наадварот, прытушоўвае змест, часам набывае адносна самастойнае, арганізуючае значэнне.
   Да літаратурнай формы адносяцца сістэма прамых і пераносных значэнняў слоў (гл. лексіка літаратурная; тропы), сінтаксічных сродкаў (гл. сінтаксіс літаратурны), сюжэт, кампазіцыя, сродкі стварэння вобразаў, жанравыя адзнакі, рытма-мелодыка, у паэзіі - метрыка, рыфміка, строфіка і інш.
   Змест і форма ў літаратуры моцна ўзаемазвязаны, не толькі змест у ёй аформлены, але і форма змястоўная. Прычым, змест і форма, валодаючы сваімі спецыфічнымі рысамі, нярэдка пераходзяць адно ў другое, бываюць тым і другім адначасова. Так, змястоўная сутнасць вобраза выяўляецца ў мове, якая з'яўляецца ў адносінах да яго формы. У той жа час вобраз сам з'яўляецца формай у адносінах да ідэйнага зместу усяго твора. На непарыўную еднасць зместу і формы ўказваў яшчэ В. Бялінскі. "Калі форма з'яўляецца выражэннем зместу, - падкрэсліваў ён, - яна звязана з ім так цесна, што аддзяліць яе ад зместу - значыць знішчыць сам змест; і наадварот, аддзяліць змест ад формы - значыць знішчыць форму".
   "Аддзяленне" зместу і формы (і наадварот) адбываецца толькі ў адным выпадку - пры навуковым аналізе структуры твора. Аднак неабходна заўсёды помніць пра ўмоўнасць такога "аддзялення", пра падначаленасць формы зместу, пра патрэбу ў канчатковым выніку навуковага сінтэзу, гэта значыць характарыстыкі твора як мастацкага цэлага, у адзінстве зместу і формы. Гэтыя патрабаванні ляжаць у аснове так званага цэласнага аналізу твора. Калі іх не ўлічваць, калі, ігнаруючы форму, надаваць выключнае значэнне зместу твора або, ігнаруючы змест, уводзіць у абсалют мастацкую форму, - гэта можа прывесці да вульгарнага сацыялагізму ці, з другога боку, да фармалізму.