Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лексіка літаратурная

   Лексіка літаратурная (ад гр. lexis - слова, выраз) - слоўнікавы склад якога-небудзь твора або ўсёй мастацкай творчасці таго ці іншага пісьменніка.
   Матэрыялам і інструментам кожнага пісьменніка з'яўляецца мова пэўнага народу ў яе літаратурнай разнавіднасці. Аднак задача літаратуры, яе спецыфіка як мастацтва слова прадвызначаюць і некаторыя адрозненні мовы мастацкай літаратуры ад звычайнай літаратурнай мовы як у галіне сінтаксісу (гл. сінтаксіс літаратурны), гукавой арганізацыі (гл. гукапіс літаратурны), так і лексікі. Больш таго, лексічны склад мовы паэзіі нават пэўным чынам адрозніваецца ад лексікі мастацкай прозы. Дзякуючы вершаванай мове, якой пераважна карыстаецца паэзія, кожнае слова ў паэтычным творы навідавоку, інтанацыйна і рытмічна вылучана. Ды і сама колькасць слоў тут невялікая (у параўнанні, скажам, з творамі прозы). Ад гэтага вартасць кожнага слова і яго адчувальнасць у паэтычным кантэксце надзвычай павышаецца. Разам з тым узрастае адказнасць паэта за выбар слова, яго сэнсавае напаўненне і гукавы лад. Мова паэзіі - гэта эмацыянальна афарбаваная мова. Таму ў ёй павышаецца роля экспрэсіўных моўных форм, што перадаюць эмацыянальны стан лірычнага героя паэта. Намнога большае значэнне ў ёй, у параўнанні з мовай прозы і літаратурнай мовай увогуле, мае сістэма пераносных значэнняў слоў - тропы. У паэзіі назіраецца своеасаблівая канцэнтрацыя тропаў, якія адыгрываюць тут незаменную выяўленчую ролю. Сапраўдныя пісьменнікі ўважліва ставяцца да кожнага слова, чуйна прыслухоўваюцца да жывой мовы народа, бяруць з яе ўсё лепшае, пры неабходнасці самі займаюцца словатворчасцю, запазычваюць з іншых, найперш суседніх, моў. Літаратар заўсёды павінен памятаць, што ён не толькі ахоўнік і захавальнік роднай мовы, яе чысціні, прыгажосці і багацця, але і памнажальнік гэтага багацця.
   Лексікон пісьменніка (слоўнікавы склад яго мовы) звычайна налічвае некалькі дзесяткаў тысяч слоў, хаця можа быць і не такі вялікі. Так, у мове Францыска Скарыны прыблізна 9 500 слоў і словаформаў, у Янкі Купалы і Якуба Коласа - каля 30 000 (для параўнання: у Шэкспіра - 15 000, у А. Пушкіна - 20 000, у Тараса Шаўчэнкі - 10 000).
   Галоўнае - характар выкарыстання літаратурнай лексікі, у склад якой уваходзяць не толькі шырокаўжывальныя словы і словазлучэнні, але і вузкаўжывальныя. Якраз карыстанне апошнімі ў многім прадвызначае стыль пісьменніка, характар яго мовы, вартасць усёй яго творчасці. Пісьменнікі з пэўнымі мастацкімі мэтамі (для характарыстыкі вобразаў-персанажаў, часу і месца дзеяння, больш дакладнай перадачы думак, выяўлення пэўных эмоцый і г. д.) звяртаюцца да сінонімаў (словы, якія па-рознаму абазначаюць аднолькавыя ці блізкія па значэнню паняцці, разуменні, прадметы: "Прабегшы некалькі хат, Арцём завярнуў на агароды, шуснуў у каноплі, адтуль разораю між капусты забег у надворак Юркі Труса, з надворку заламаў у вулачку і пасучыў проста да калодзежа" — Якуб Колас); амонімаў (словы, аднолькавыя па напісанню і гучанню, але розныя па значэнню) і паронімаў (словы, блізкія па напісанню і гучанню, але розныя па значэнню: "Добра Керзан піша ноты - // Проста люба паглядзець, // Ды няма у нас ахвоты // Па ягоных нотах пець" — Кандрат Крапіва; Там ціхі зімні бор // Сябруе з зімным морам" — А. Зарыцкі); амографаў (словы, аднолькавыя па напісанню, але розныя па гучанню) і амафонаў (словы, аднолькавыя па вымаўленню, але розныя па напісанню: "Покуль Бог папу на расу // Сыпаў срэбную расу, / / Чорт у храме выграб касу // І купіў сабе касу" — Ніл Гілевіч; "На мыліцах юнак-настаўнік // Расказвае, нібыта казку, // Што неўзабаве дзень настане // І кожны бацька зніме каску"— Анатоль Вялюгін), антонімаў (словы з супрацьлеглым значэннем: "Я адплаціў народу, // Чым моц мая магла: // Зваў з путаў да свабоды, // Зваў з цемры да святла" — Янка Купала), дыялектызмаў (словы з мясцовых гаворак) і варварызмаў (запазычанні з чужой мовы, яшчэ не засвоеныя мовай роднай: "Неўталоннік мой ты, неўталоннік, - // Ушчувае праўнука старая" — Аляксей Пысін); жарганізмаў (словы з лексікону людзей, звязаных якімі-небудзь умовамі жыцця і працы) і вульгарызмаў (грубыя, лаянкавыя словы); архаізмаў (устарэлыя словы) і гістарызмаў (словы, якія называюць прадметы, з'явы і паняцці, што перасталі ўжо існаваць).
   Значны разрад літаратурнай лексікі складае анамастыка літаратурная (сукупнасць уласных імёнаў), з якой вылучаецца антрапаніміка (імёны і прозвішчы людзей) і тапаніміка (геаграфічныя назвы). Прычым, у творчасці пісьменнікаў анамастыка, як правіла, матывавана ідэйна-сэнсавымі і мастацка-выяўленчымі задачамі, узгоднена з законамі роднай мовы. Асобныя онімы (назвы і імёны) становяцца нярэдка назвамі твораў ці іх раздзелаў ("Ганка" Уладзіслава Галубка, "Барбара Радзівіл" Раісы Баравіковай, "Ніжнія Байдуны" Янкі Брыля, "Ясельда" Яўгеніі Янішчыц), асобных вершаваных ці празаічных зборнікаў ("Вечалле" Рыгора Барадуліна, "Наталя" Янкі Скрыгана, "Азбука Васі Вясёлкіна" Васіля Віткі). У творах кожнага значнага пісьменніка выкарыстоўваюцца сотні, нават тысячы онімаў. Так, Якуб Колас толькі для наймення персанажаў ужыў 252 мужчынскія імені і 142 жаночыя. Што да тапанімічных назваў, то іх у творах народнага паэта Беларусі некалькі тысяч. Даволі часта пісьменнікі звяртаюцца і да фразеалогіі. Фразеалагізмы — словазлучэнні, у якіх словы цесна звязаны паміж сабой і ўтвараюць адзінае сэнсавае цэлае. Сюды ўваходзяць ідыёмы - непадзельныя словазлучэнні, значэнне якіх не супадае са значэннем асобных слоў, што іх складаюць (даць лататы, пагрэць рукі, выскаляць зубы, гнуцца ў крук), прыказкі і прымаўкі - трапныя ўстойлівыя народныя выслоўі павучальнага характару, што ўвасабляюць мудрасць і шматвяковы вопыт людзей у той ці іншай галіне гаспадарчай або духоўнай дзейнасці, крылатыя словы (гл. афарызм).
   Майстры мастацкага слова не толькі з тымі ці іншымі мэтамі выкарыстоўваюць словы і словазлучэнні, але і самі пашыраюць, удасканальваюць выяўленчыя мажлівасці літаратурнай лексікі. З аднаго боку, яны, напрыклад, уваскрашаюць вобразную моц фразеалагізмаў, звяртаючыся да паэтычнай этымалогіі, зваротнай метафарызацыі. З другога боку, дзеля глыбейшага выяўлення эмацыянальнай думкі яны нярэдка ў адпаведнасці з законамі роднай мовы ствараюць новыя словы - свае, аўтарскія неалагізмы, або наватворы.