Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Жыццё і творчасць Тараса Шаўчэнкі
1814-1861
Паэт, празаік, драматург, мастак, грамадскі дзеяч, Тарас Шаўчэнка ўвайшоў у свядомасць многіх пакаленняў як бацька ўкраінскай нацыі, заснавальнік новай украінскай літаратуры і ўкраінскай літаратурнай мовы. I невыпадкова за ім замацавалася вымоўнае прозвішча Кабзар. Кабзар – гэта вандроўны мудрэц, філосаф, педагог, кампазітар і музыка, паэт-песеннік у адной асобе. Пад уласны акампанемент на музычным інструменце – кобзе – кабзар вёў гутарку з народам, спяваў пра слаўнае казацкае мінулае, услаўляў подзвігі легендарных герояў, выхоўваў патрыятызм і пачуццё чалавечай годнасці, спрыяў выспяванню пратэсту супраць несправядлівасці і прыгнёту.
Сапраўдны народны паэт, Тарас Рыгоравіч Шаўчэнка выйшаў з народных нізоў. Нарадзіўшыся ў сям’і прыгоннага селяніна (у вёсцы Морынцы на Чаркашчыне), ён не раскрыўся б ва ўсёй сваёй велічы, калі б, прыехаўшы са сваім панам у Пецярбург, не сустрэўся там з высакароднымі і таленавітымі людзьмі. Сярод іх – украінскія і рускія мастакі I. Сашэнка, К. Брулоў, А. Венецыянаў, паэт В. Жукоўскі і інш. Яны зрабілі ўсё, каб Шаўчэнка атрымаў вольную. У 1838 г. яго выкупілі з прыгону. Атрымаўшы жаданую свабоду, у шчаслівым натхненні Шаўчэнка стварае свае першыя зборнікі вершаў «Кабзар» (1840) і «Чыгірынскі Кабзар» (1844), вучыцца ў Акадэміі мастацтваў ды малюе так паспяхова, што з часам за творы ў жанры гравюры атрымлівае ганаровае званне акадэміка жывапісу. Расійская сталіца, якая ў першай палове XIX ст. была моцна ўлюбёна ва «ўкраінскасць», прымае Шаўчэнку ў свае абдымкі. Яго запрашаюць у арыстакратычныя салоны. Ён малады, прыгожы, у яго мяккая ўкраінская гаворка, ён прачула чытае ўласныя вершы, цудоўна спявае... Аднак больш, чым выгоды сталічнага жыцця, ён любіць свой занядбаны край, сваю родную зямлю і яе народ. Шаўчэнка рвецца на Украіну. Здараецца нагода, і ён тут жа пакідае Пецярбург, каб стаць супрацоўнікам Кіеўскай археаграфічнай камісіі (1845-1847).
Шаўчэнка вольны, аднак большасць яго родных засталіся прыгоннымі. Ён піша пра гаротнае жыццё сялян, пра іх пакуты пад панскім прыгнётам. Ён высока цэніць народныя пераказы, легенды, песні, у якіх услаўляецца колішняя слава ўкраінскіх казакоў, іхні гераізм, які яны праяўлялі ў барацьбе з прыгнятальнікамі. Дзякуючы Шаўчэнку ўвесь цывілізаваны свет атрымаў – у форме паэтычнага слова – усёахопную праўду пра гістарычнае прызначэнне ўкраінцаў. Першыя творы паэта вырасталі пераважна з уласна ўкраінскай гісторыі і тагачаснай рэчаіснасці (вершы, балады, паэмы «Кацярына», «Гайдамакі», драма «Назар Стадоля» і інш.). Аднак паэт веліччу свайго сэрца імкнуўся сагрэць усё славянства. З-пад яго пяра выходзяць творы, прысвечаныя рускім, палякам, чэхам. Падзеі з чэшскай гісторыі ўвасоблены, у прыватнасці, у паэме «Ерэтык» – пра Яна Гуса. У творчасці паэта з’яўляюцца каўказскія матывы (паэма «Каўказ»). I ўсюды Шаўчэнка застаецца верны сваёй галоўнай ідэі – заклікаць народы да самапазнання, захавання ўласных культурных традыцый, беражлівага стаўлення да слова і веры продкаў. Так, пазнаёміўшыся ў Пецярбургу з беларусамі (літаратары Ян Баршчэўскі, Рамуальд Падбярэскі, мастак Міхаіл Мікешын, брат Кастуся Каліноўскага Віктар і інш.), паэт наказваў ім, «каб не пакідалі сваёй працы для народа, бо гэта іх павіннасць, а праца іх, нягледзячы на цяжкія варункі, не прападзе дарэмна, і сляды гэтай працы застануцца» (Р. Зямкевіч).
Не толькі творчасцю, але і сваім трагічным і адначасна гераічным лёсам Шаўчэнка паказаў прыклад такога самаадданага служэння роднаму народу і яго культуры. Украінскі паэт разам з прагрэсіўнымі прадстаўнікамі расійскага грамадства выступаў супроць царскага самадзяржаўя і дэспатызму. За ўдзел у нелегальным кіеўскім Кірыла-Мяфодзіеўскім таварыстве, якое заклікала ўсіх славян да стварэння новай дзяржавы – федэрацыі вольных славянскіх народаў, Шаўчэнку арыштавалі. Яго не зламалі ні турма, ні дзесяцігадовая ссылка (1847-1857) радавым салдатам у казахскія стэпы са строгай царскай забаронай пісаць і маляваць, ні паклёпы, абразы некаторых былых таварышаў, ні складанасць асабістага лёсу. Ён мужна, стойка перанёс усе нягоды, якія, аднак, падарвалі яго здароўе, не даўшы дажыць і да пяцідзесяцігадовага ўзросту.
Палымяная мара Шаўчэнкі – «каб усе славяне сталі добрымі братамі і сынамі сонца праўды» – актуальна і ў наш час. Зрэшты, Шаўчэнка з’яўляецца сучаснікам на вякі. Само жыццё паэта – узор хрысціянскага пакутніцтва за ідэю, за чалавецтва. Ён адкрыта і з’едліва выступаў супраць тыраніі і таталітарнага рэжыму («Сон»), асуджаў адступніцтва, здраду, хцівасць, гвалт (пасланне «I мёртвым, і жывым...»). Ён «мучыўся, але не каяўся» і няўхільна сцвярджаў сваю любоў да слабых і пакрыўджаных. Паэт часта ў сваіх творах абапіраўся на Біблію, трактуючы яе як цэласную маральна-этычную сістэму. Творчасць Шаўчэнкі ўспрымаецца як своеасаблівы подзвіг Праметэя, які насуперак волі багоў даў людзям агонь.
Для Шаўчэнкі беларуская зямля і яе насельнікі не былі чужымі і незнаёмымі. Праз Беларусь паэт праходзіў і праязджаў некалькі разоў. Так, яшчэ ў пятнаццацігадовым узросце ён, ідучы як служка ўслед за абозам свайго пана, які накіроўваўся з Кіева ў Вільню, прайшоў праз Беларусь з яе паўднёвага ўсходу на паўночны захад. Праз Беларусь пралягалі яго шляхі, калі ён дабіраўся з Вільні ў Пецярбург, з Пецярбурга ў Кіеў і назад, з Кіева ў Пецярбург. Дарожныя назіранні затым адлюстраваліся ў аповесці «Музыка», у ягоным «Дзённіку». З беларусамі Шаўчэнка сустракаўся не толькі ў Пецярбургу, але і ў казахскіх стэпах, дзе адбывалі ссылку ўдзельнікі паўстання 1830-1831 гг. У прыватнасці, у ссылцы паэт пазнаёміўся і пасябраваў з мастаком Браніславам Залескім, родам са Случчыны, прысвяціў яму верш («Як мы былі йшчэ казакамі»), а калі Залескі вярнуўся на радзіму – перапісваўся з ім, пасылаў яму свае карціны.
Імя Шаўчэнкі вядомае, без перабольшання, на ўсіх кантынентах. Творы яго перакладзены на дзесяткі моў. У многіх гарадах не толькі Украіны, але і свету (Нью-Йорк, Ванкувер, Вініпег, Буэнас-Айрэс і інш.) узведзены помнікі паэту. Шануюць Шаўчэнку і беларусы, бо і іх ён навучыў любіць «свабоду, родны край і мову», і для іх ён даўно стаў «бацькам мілым» (Янка Купала). Беларускія пісьменнікі лічаць Шаўчэнку сваім настаўнікам. Янка Купала, Максім Багдановіч, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Янка Брыль, Ніл Гілевіч і многія іншыя прадстаўнікі беларускага мастацтва слова засведчылі сваю пашану Кабзару ўласнымі арыгінальнымі творамі і літаратурна-крытычнымі артыкуламі. Адзін з цэнтральных бульвараў сталіцы Беларусі названы імем Шаўчэнкі. У Мінску, Брэсце, Гомелі, Магілёве ўзвышаюцца велічныя помнікі Кабзару.
Творы ўкраінскага паэта неаднойчы, пачынаючы яшчэ з дарэвалюцыйнага часу, перакладаліся на беларускую мову. Сярод актыўных перакладчыкаў Кабзара – Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Рыгор Барадулін і інш.
Крыніца: Мае браты, мае суседзі: творы пісьменнікаў блізкага замежжа; укладанне, уступныя артыкулы Таццяны Кабрыжыцкай і Вячаслава Рагойшы. – Мінск.: «Мастацкая літаратура», 2008. – 751 с.
Похожие статьи:
Пераказы → Славуты сын Украіны
Тарас Шаўчэнка → Тарас Шаўчэнка - І на чужыне я узрос...
Тарас Шаўчэнка → Тарас Шаўчэнка - Сон
Тарас Шаўчэнка → Тарас Шаўчэнка - Садок вішнёвы каля хаты...