Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Тарас Шаўчэнка - Сон

Пераклад Янкі Купалы


        Камедыя


Дух истины, его же мир не может прияти,
яко не видит его, ниже знает его.
Іоанна, гл. 14, ст. 17


У кожнага свая доля
I свой шлях шырокі:
Той муруе, той руйнуе,
Той нясытым вокам
За край свету зазірае,
Ці няма краіны,
Каб заграбаць ды з сабою
Ўзяць у дамавіну.
Той тузамі абірае
Ў сватняй хаце свата,
А той, спадцішка ў куточку
Точыць нож на брата.
А той, ціхі ды цвярозы,
Богабаязлівы,
Нібы кот той падкрадзецца,
Выжджа нешчаслівы
У цябе час дый запусціць
Пазуры ў пячонку, –
I не прасі: не вымаляць
Ні дзеці, ні жонка.
А той, шчодры ды багаты,
Цэрквы ўсё муруе;
Ды так бацькаўшчыну любіць,
Так па ёй гаруе,
Ажно з яе, небарачкі,
Як ваду, кроў точыць!..
А ўся брацця маўчыць сабе,
Вытрашчыўшы вочы!
Як ягняты: «Няхай, – кажа, –
Можа, так і трэба».
Так і трэба! Няма Бога
На зямлі, на небе!
А вы ў ярме падаеце
Ды нейкага раю
На тым свеце шукаеце?
Няма раю – знаю!
Шкода й працы! Падумайце:
Ўсе на гэтым свеце –
Жабраняты, цараняты –
Адамавы дзеці,
I той... і той... Ну, а я што?
 Вось што, мае людзі:
Я гуляю, банкетую
Ў нядзелю і ў будзень.
А вам нудна! А вам шкода!
Яй-богу, не чую.
Не крычыце! Я сваю п’ю,
А не кроў людскую!

Вось, ідучы так каля тыну
З банкету п’яны уначы,
Я меркаваў сабе, йдучы,
Пакуль даплёўся да хаціны.
А ў мяне дзеці не крычаць
    I жонка не лае –
    Ціха, як у раі.
Усюды Божжа благадаць:
    I ў сэрцы, і ў хаце.
    Вось жа лёг я спаці.
А падпілы ўжо як засне,
Дык хоць з гармат страляць –
    I вусам не маргне.
Дый сон жа, сон, надзіва дзіўны,
    Сон мне прысніўся:
Найцверазейшы бы упіўся,
Скупы скарэда даў бы грыўню,
Каб паглядзець на тое дзіва.
    Ды чорта з два!
Гляджу: так быццам бы сава
Ляціць лугамі, берагамі, ды нетрамі,
Ды глыбокімі ярамі,
Ды шырокімі стэпамі,
    Ды байракамі.
А я за ёю ды за ёю
Ляту й прашчаюся з зямлёю.
«Бывай, свет! Бывай, зямліца,
Непрыязны краю!
Мае жудасныя мукі
У хмарах пахаваю.
А ты, мая Украіна,
Гаротная ўдоўка!
Я ляцець да цябе буду
З хмары на гамонку.
На гамонку ціха-сумну,
На раду з табою;
Апоўначы падаць буду
Густою расою.
Параімся, пасумуем,
Пакуль сонца ўстане,
Пакуль твае краскі-дзеці
На ворага стануць.
Бывай, родная мая ты,
Удава-нябога!
Гадуй дзетак; жыве праўда
У Госпада Бога!»

Ляцім... гляну – ўжо світае,
Край неба палае;
Салавейка ў цёмным гаі
Сонца сустракае,
Ціхусенька вецер вее,
Стэпы, нівы дрэмлюць,
Між ярамі над стэпамі
Вербы зелянеюць.
Пахіліліся сады ў дол;
Таполі паволі
Стаяць сабе, нібы варта,
Ды гамоняць з полем.
I ўсё гэта, ўся краіна,
Спавіта красою,
Зелянее, ўмываецца
Дробнаю расою.
Спакон веку ўмываецца,
Сонца сустракае...
I няма таму пачатку,
Няма яму краю!
Ніхто яго не дагледзіць
I не разруйнуе...
I ўсё так... Душа мая ты!
Чаго ты сумуеш?
Душа мая убогая!
Чаго марна плачаш?


Чаго табе шкода? Хіба ты не бачыш,
Як людзей катуюць, крыўдзяць сірату?
Дык глянь, падзівіся! А я паляту
Высока, высока за сінія хмары;
Няма там улады, няма там і кары,
Там смеху людскога і плачу не чуць.
Вунь глянь – у тым раі, што ты пакідаеш,
Латаную світку з калекі знімаюць,
Са скурай знімаюць, – бо нечым абуць
Княжат недарослых. А вунь распінаюць
За падаткі ўдоўку, а сына куюць,
Удоўкі няшчаснай ядынага сына –
Ядыну надзею! – ў войска аддаюць!
Бо войска, бач, мала! А вунь дзе пад тынам
Апухлае дзіце галоднае мрэ,
А маці пшаніцу на паншчыне жне.

А вунь – бачыш? Вочы! вочы!
На што вы здаліся?
Чаму змалку не высахлі,
Слязьмі не зліліся?
Гэта ля тыноў пакрытка
З байструком вандруе –
Бацька й маці адракліся,
Чужыя ганьбуюць!..
Старцы нават цураюцца!..
А паніч не знае:
З дваццатаю, недалетак,
Душы прапівае!

Ці Бог бачыць з па-за хмараў
Нашы слёзы, гора?
Можа, й бачыць, ды падмогі –
Як і з гэтых гораў
Векавечных, што паліты
Крывёю людскою!..
Душа мая убогая,
Горанька з табою!
Уп’ямося атрутаю,
Ў лёдзе ляжам спаці,
Пашлём думку аж да Бога
Яго распытаці:
Доўга йшчэ на гэтым свеце
Катам панаваці??

Ляці ж, мая дума, крывавая мука!
Забяры з сабою ліхі ўсе датла –
Сваё таварыства! Ты з імі расла,
Кахалася з імі; іх цяжкія рукі
Цябе спавівалі. Бяры ж іх, ляці
Ды па ўсім па небе орду распусці!

Хай чарнее, чырванее,
Полымем павее,
Няхай рыгаюць зноў змеі,
Трупам зямлю грэе.
А без цябе я дзе-небудзь
Сэрца пахаваю
Ды тым часам пашукаю
На край свету раю.

Ізноў ляту па-над зямлёю,
Ізноў прашчаюся я з ёю,

Цяжка маці пакідаці
Ў непакрытай хаце,
А йшчэ горш на слёзы, латы
Яе зазіраці.

Ляту, ляту, а вецер вее,
Перада мною снег бялее;
Бары, балоты, дзе ні глянь,
I ўсюды пустата, туман.
Людзей не чуць – не знаць і следу
Людское страшнае нагі.
I вораг мой, і друг блізкі,
Бывайце! Ў госці не прыеду!

Упівайцеся, балюйце!
Я ўжо не пачую –
Адзін сабе на век векі
У снезе заначую.
I пакуль вы дазнаеце,
Што йшчэ ёсць краіна,
Крывёй, слязьмі не паліта,
То я адпачыну...
Адпачыну...
Ажно чую –
Загулі кайданы
Пад зямлёю... Пагляджу я...
О народ паганы!
Скуль ты ўзяўся? Што ты робіш?
Чаго ты шукаеш?
Пад зямлёю? Не! Ужо, мабыць,
Сябе не схаваю
І на небе!.. За што ж кара?
I за што мне мукі?
Каму што зрабіў калі я?
Чые злыя рукі
Душу ў целе закавалі,
Сэрца запалілі
I сілаю гругановай
Думы распусцілі??
За што пакутую – не знаю,
Сябе сам караю!
Калі кончыцца пакута?
Канца дачакаю? –
Не бачу й не знаю!!

Заварушылася пустыня...
Як бы там з цеснай дамавіны
На той астатні страшны суд
За праўдай мерцвякі ўстаюць.

То не трупы, то не суду
Прасіць ад пакуты!
Не, жывыя гэта людзі,
У кайданы закуты,
З нораў золата выносяць,
Каб горла, як скрутам,
Ненасытнаму заткнуці!..
Катаржане гэта!..
А завошта? Хіба знае
Ўсёмагутны... Дзе там!

Вунь дзе злодзей штампаваны
Кайданы валоча;
Ён, разбойнік катаваны,
Зубамі скрыгоча –
Таварыша, недабітку
Зарэзаці хоча!
Паміж імі, зацятымі,
Ў кайданы убраны,
Цар сусветны. Цар волі, цар,
Штампам увянчаны!
Ў муцы, ў катарзе – не просіць,
Не стогне, не плача!
Раз дабром нагрэта сэрца –
    Будзе век гарачым!
А дзе ж твае думы, ружовыя кветкі?
Гэтак дагляданы, выкаханы дзеткі?
Каму ты іх, дружа, каму перадаў?
Ці, можа, навекі ў сэрцы пахаваў?
О, не хавай, браце! Рассып іх, раскідай!
Ўзыдуць, расці будуць і у людзі выйдуць!

Ці йшчэ пакута, ці ўжо будзе?
Будзе, будзе, бо холадна, –
Мароз розум будзіць.

Ізноў ляту. Зямля чарнее.
I дрэмле розум, сэрца млее.
Гляджу я: хаты над шляхамі,
То гарады са ста царквамі;
А ў гарадах, бы жураўлі,
Замуштравалі маскалі:
I адзеты, і абуты,
I кайданамі акуты
Муштруюцца... Далей гляну:
У даліне, як бы ў яме,
На багне горад віднее;
Над ім хмараю чарнее
Туман цяжкі... Далятаю –
То горад без краю.
Ці то турэцкі,
Ці то нямецкі?
А можа, гэта і маскоўскі!
Цэрквы ды палаты
Ды паны пузаты
I не аднюсенькае хаты!

Змяркалася... Агонь – агні
Кругом запалалі –
Аж спужаўся... «Ура! Ура!
Ура!» – закрычалі.
«Цю-цю, дурні! Агледзьцеся!
Чаго вы так рады?
Што, гарыце?» – «Экой хохол!
Не знает параду!
У нас парад! Сам изволит
Сегодни гуляти!» –
«Ды дзе ж яна, тая цаца?»
«Вон видишь – палаты».
Пхнуся я, аж землячок, бач,
Дзякую, прызнаўся,
З бляшанымі гузікамі:
«Дзе ты здзесь узялся?» –
«З Украіны». – «Так як жа ты
Й говорить не ўмееш
По-здешнему?» – «Ну не, кажу,
Гаварыць умею,
Ды не хочу». – «Экой чудак!
Я все входы знаю,
Я служу тут... Калі хочаш,
В дворец попытаюсь
Цябе ўвесці. Толькі, знаешь,
Мы, брат, просвешчэнны, –
Не поскупись полтинкою...» –
«Цур табе, нікчэмны
Каламару!..» Невідомым
Стаў ізноў, як быў я,
Дый прапхнуўся у палацы.
Божа мой! Святыя!!
Дык во рай дзе! А як густа
Золатам абліты
Блюдалізы! Аж і сам вось:
Высокі, сярдзіты,
Выступае. А з ім побач
Царыца-нябога,
Бы засушаны апенек,
Тонка, даўганога,
Ды наліха йшчэ ківае
Тупа галавою.
Дык вось жа тая багіня?!
Ліханька з табою!
А я, дурны, не бачыўшы
Цябе, ляля, й разу,
Ды паверыў тупарылым
Тваім вершамазам.
Вось жа дурны! А йшчэ й біты!
На квіток паверыў
Маскалю. Ну, і чытай тут,
I дай ты ім веры!

За багамі – панства ў срэбры,
У золаце без меры!
Як раскормленыя свінні –
Мардатыя, пузатыя!..
Аж пацеюць, а тоўпяцца,
Каб то бліжай стаці
Каля самых: можа, ўдараць
Або хвігу даці
Благаволяць, хоць маленьку,
Хоць паўхвігі, абы толькі
Пад самыя пыскі.
I у рад усе пасталі,
Нібы без’языкі –
Ані бзынкнуць!.. Цар балбоча;
А дзіва-царыца,
Быццам чапля паміж птушак,
Скача, бадзярыцца.
Доўга ўдваіх пахаджалі,
Як сычы надуты,
Ды цішком штось размаўлялі –
Здалёку нячутна –
Аб ацечастве, здаецца,
Ды новых пятліцах,
Ды аб муштрах шчэ навейшых...
А потым царыца
Села, моўчачы, на зэдлік.
Бачу: цар падходзіць
Да найстаршага... ды ў морду
Яму як закоціць!..
Аблізаўся небарака
Ды меншага ў пуза –
Загуло аж!.. А той сабе
Йшчэ меншага туза –
Паміж плечаў; той – меншага,
А меншы – малога,
А той – дробных, а драбнота
Ужо за парогам
Як кінецца па вуліцах
Дый давай мясіці
Недабіткаў праваслаўных,
Тыя ж – галасіці
Ды прагчыся... Ды як раўнуць:
«Цар наш бацюшка гуляе,
Ура!.. Ура!.. У-р-а-а-а!»

Зарагатаўся я, дый годзе;
А й мяне даўнулі-
Такі добра. На світанні
Сцішыліся гулі;
Толькі там-сям хрысціяны
Па вуглах стагналі
Ды, стогнучы, за бацюшку
Госпада благалі.
Смех і слёзы! Вось пайшоў я
Горад азіраці.
Ноч як дзень там. Паглядаю:
Палацы, палацы
Па-над ціхаю ракою;
А бераг абшыты
Ўвесь каменнем. Дзівуюся,
Быццам з тропу збіты!
Як зрабілася яно во
З лужыны такое
Гэта дзіва!.. Бо крыві тут
Выліта людское –
Без нажа нат. А па той бок
Цвярдыня й званіца,
Як завостраная швайка, –
Аж не надзівіцца.
I дзілінгае гадзіннік.
Далей пазіраю –
Аж ляціць конь, капытамі
Скалу разбівае!
На кані сядзіць ахлапам
Ў свіце – ці без світы
I без шапкі. Нейкім лістам
Галава павіта.
Конь на дыбах – вось-вось рэчку
Вось-вось пераскоча.
А ён руку прасцірае,
Бы свет увесь хоча
Заграбці. Хто ж такі гэта?
Вось сабе й чытаю,
Што на скале накавана:
«Первому вторая»
Гэта выставіла дзіва.
Цяпер жа я знаю:
Во той первый, распінаў што
Нашу Украіну.
А вторая даканала
Удаву-сіраціну.
Каты! Каты! Людаеды!
Наелісь абое,
Накраліся. А што ўзялі
На той свет з сабою?
Цяжка, цяжанька мне стала.
Так, нібы чытаю
Гісторыю Украіны!
Стаю, заміраю...
А тым часам – ціха, ціха
Ды сумна спявае
Штось нябачана такое:
«А з горада, а з Глухова
Палкі выступалі
З рыдлёўкамі на лінію.
А мяне паслалі
На сталіцу з казакамі
Наказным гетманам!
О Божа наш міласэрны!
О цару паганы!
Цар пракляты, подла-хітры,
Аспід прагавіты!
Што зрабіў ты з казакамі?
Балота засыпаў
Благароднымі касцямі,
Паставіў сталіцу
На іх трупах катаваных!
І ў цёмнай цямніцы
Мяне, вольнага гетмана,
Голадам замучыў
У кайданах... Цару! Цару!
I Бог не разлуча
Нас з табою. Кайданамі
Скованы са мною
На век векі. Не лёгка мне
Лунаць над Нявою!
Можа, Ўкраіны далёкай
Ўжо няма – не знаю...
Паляцеў бы, паглядзеў бы,
Дык Бог не пускае.
Масква выпаліла, можа,
I Дняпро спусціла
Ў сіне мора? Раскапала
Курганы-магілы –
Нашу славу. Божа мілы!
Зжалься, Божа мілы!»

Дый замоўкла. Пазіраю:
Бела хмара крые
Неба шэрае, а ў хмары –
Бы ў гаі звер вые.
То не хмара – бела птушка
Хмараю зляцела
Над царом тым масянжовым,
Галасіла, пела:
«I мы скованы з табою,
Людаед з бярлогі!
На судзілішчы на страшным
Мы закрыем Бога
Ад вачэй тваіх пражорных.
Ты нас з Украіны
Загнаў голых і галодных
У снег на чужыну
Дый парэзаў, а з скур нашых
Сабе баграніцу
Пашыў жыламі тугімі
I заклаў сталіцу
Ў новай рызе. Падзівіся:
Цэрквы ды палацы!
Весяліся, кат пракляты,
З крывавае працы!»

Разляцеліся і зніклі.
Сонейка ўставала;
А я стаяў, дзіваваўся,
Ды аж страшна стала.
Бедакі ўжо паўставалі,
На працу спяшылі,
Маскалі ўжо на распуццях
Муштроўку рабілі.
Краем вуліц паспяшалі
Сонныя дзяўчаты,
Ды не з дому, а дадому!..
Пасылала маці
На ўсю ночку працаваці,
На хлеб зарабляці.
А я стаю, пахіліўся,
У думках разважаю:
Як то цяжка хлеб штодзённы
Людзі зарабляюць!

Вот і брація сыпнула
У сенат пісаці
Ды падпісываць, ды з родных,
З бацькі, з брата драці.
А між імі й зямлячкі тут
Сям-там праглядаюць,
Па-маскоўску так і рэжуць,
Смяюцца ды лаюць
Бацькоў сваіх, што іх змалку
Дзэкаць не наўчылі
Па-нямецку – а цяпер тут
Кісні во ў чарніле!
П’яўкі, п’яўкі! Можа, бацька
Астатню карову
Прадаў жыдам, пакуль выўчыў
Маскоўскае мовы.
Украіна! Украіна!
Вось жа твае дзеткі.
Твае злітыя чарнілам
Маладыя кветкі.
Маскоўскаю балбатнёю
У нямецкіх цяпліцах
Заглушаны!.. Плач, Украйна,
Бяздзетна ўдавіца!

Пайсці хіба паглядзеці
Да цара ў палацы,
Што там робіцца? Прыходжу –
Дворня (стаў ўзірацца)
Стаіць радам, сапе, храпе,
Насы панадзьмула,
Як індыкі, і на дзверы
Коса паглядала.
Адчыніліся во й дзверы –
I як бы з бярлогі
Мядзведзь вылез. Ледзьве-ледзьве
Пераносіць ногі,
Ды адуты, пасінеў аж:
Пахмелле праклята
Яго мучыла. Як крыкне
На самых пузатых,
I пузатая ўся хеўра
Ў зямлю паляцела!
З ілба вылупіў ён банькі –
I ўсё задрыжэла,
Што было там! Як шалёны,
На меншых гукае –
Ў зямлю й тыя. Ён да дробных
Тыя прападаюць!
Ён да чэлядзі – і чэлядзь,
I чэлядзь прапала.
Да маскаляў – маскалікі,
Толькі застагнала,
Пайшлі ў зямлю. А на свеце
Ўсё бы ў нейкім цудзе!
Я гляджу, што будзе далей,
Што рабіці будзе
Мой мядзведзік! Стаіць сабе,
Галаву панурыў,
Небарака. Дзе ж прапала
Мядзведжа натура?
Як той коцік – такі смешны!..
Я аж засмяяўся!
Аж пачуў ён ды як зыкне, –
Я перапужаўся
I збудзіўся...
Вось якое
Ў сне пабачыў я там
Дзіва дзіваў! Гэта ж толькі
Сніцца дурнаватым
Ды п’яніцам. Не крыўдуйце,
Браткі дарагія,
Што не сваё расказаў вам,
А то, што сасніў я.

С.-Пецярбург, 1844

 

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыСлавуты сын Украіны

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - І на чужыне я узрос...

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - Думка

Тарас ШаўчэнкаТарас Шаўчэнка - Садок вішнёвы каля хаты...

Тарас ШаўчэнкаЖыццё і творчасць Тараса Шаўчэнкі