Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас

Фатаграфія Якуба Коласа   Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся ў в. Акінчыцы (цяпер у межах г. Стоўбцы) "у сям'і беззямельнага селяніна, які наняўся на казённую службу лесніком. 3 малых год спазнаў ён усе цяжкасці жыцця сельскіх батракоў... Першымі ўрокамі паэзіі былі для яго песні маці, разумнай і з добрым сэрцам беларускай сялянкі, прыказкі і важкія прымаўкі негаваркога, немітуслівага бацькі, казкі і апавяданні вясёлага выдумшчыка дзядзькі Антося. Ён быў не проста паклоннікам і ўдзячным чытачом вуснай народнай творчасці... усё напісанае ім — ад першых і да апошніх радкоў — тысячамі нябачных жылак глыбока караніцца ў народна фальклорнай глебе... Маленства і ранняе юнацтва Коласа прайшлі ў адным з самых прыгожых куткоў цэнтральнай Беларусі, над ціхаплынна-празрыстым Нёманам... Ён надзіва тонка спасціг чароўную прыгажосць роднай прыроды і стварыў непераўзыдзены па яркасці і выразнасці яе вобраз — вобраз сваёй сыноўняй любві да бацькоўскага краю" (Ніл Гілевіч, "Летапісец жыцця-быцця народнага"). Якуб Колас скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Палессі, працаваў у газеце "Наша ніва". З 1915 года служыў у арміі, меў званне прапаршчыка. У1921 годзе прыехаў у Мінск, працаваў у Наркамасвеце БССР, выкладаў у педтэхнікуме і БДУ. Член Інбелкульта, з 1929 года — віцэ-прэзідэнт АН БССР.
   Першыя вершы Якуб Колас пісаў на рускай мове (руская класічная літаратура не пакінула яго абыякавым). У ранніх творах вызначыліся асаблівасці рэалістычнага стылю аўтара — імкненне да жывапісання словам, выявілася незадаволенасць лірычнага героя рэчаіснасцю, яго сум і смутак. У дакастрычніцкі час выйшлі зборнікі паэзіі "Песні жальбы", прозы "Апавяданні", "Родныя з'явы" і інш. Жыццё, клопаты і трывогі працоўнага сялянства — асноўная тэма паэзіі Я. Коласа. Паэт стварыў жыццёва дакладныя малюнкі народнага побыту, адлюстраваў становішча вясковага люду. У творах арганічна знітаваны лірыка і эпас, асобныя вершы той пары нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні. Я. Колас — адзін з пачынальнікаў мастацкай прозы ў нашай літаратуры, яна тэматычна звязана з яго паэзіяй паказам супярэчнасцяў эпохі, працы, думак і настрою беларусаў. Празаічныя творы Коласа вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам, глыбінёй псіхалагічнага аналізу, значная частка іх — алегарычныя "Казкі жыцця". Пасля 1910 года ў творчасці Я. Коласа выявілася тэндэнцыя да ўсё больш значных сацыяльна-грамадскіх абагульненняў, яна рэалізавалася ў паэмах "Новая зямля" і "Сымон-музыка", якія ўвасобілі пошукі і спадзяванні беларускага мастацтва той пары. Да таго ж, паэма "Новая зямля", відаць, не мае роўных сабе ў нацыянальнай літаратуры па глыбіні, прыгажосці і замілаванні ў мастацкім апісанні роднай прыроды і сялянскага жыцця.
   У 1920-я гады была створана трылогія "На ростанях", у якой на аўтабіяграфічным матэрыяле аўтар шырока ахапіў сучаснасць, адлюстраваў побыт сялянства, розных груп насельніцтва Беларусі, стварыў вялікую галерэю партрэтаў. Асабліва яскрава раскрылася тут майстэрства Коласа-пейзажыста. У 1930-я гады ён стварыў шмат публіцыстычных вершаў, прысвечаных надзённым пытанням і патрабаванням таго часу, а вершы і артыкулы ваенных гадоў уславілі патрыятызм і гераізм беларусаў. За цыкл вершаў ваеннай пары паэту была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.
   Якуб Колас — адзін з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры, у сваіх паэмах ён тонка раскрыў псіхалогію падлеткаў. Акрамя таго, Колас стварыў шэраг падручнікаў па роднай мове. Яго творы перакладзены на многія мовы свету, яны шырока выкарыстоўваюцца мастакамі, кампазітарамі, рэжысёрамі. Прысуджаецца Дзяржаўная прэмія імя Якуба Коласа. Імем Коласа названы драматычны тэатр у Віцебску, Інстытут мовазнаўства і бібліятэка АН Беларусі, школы, бібліятэкі, вуліцы, плошчы... Створаны музей паэта.
   У 1972 годзе ў Стаўбцоўскім раёне заснаваны Коласаўскі заказнік з мэтай захавання прыроднага комплекса мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю народнага паэта. Сюды ўваходзіць тэрыторыя, прылеглая да Смольні, што каля Мікалаеўшчыны, да мемарыяльных сядзіб Альбуць, дзе ён жыў у 1890— 1902 годзе. і якую апаэтызаваў у "Новай зямлі", а таксама Ласток (тут прайшлі дзіцячыя гады паэта); маляўнічае ўрочышча Бервянец, апісанае Коласам у шматлікіх творах. У Мінску Якубу Коласу пастаўлены помнікі. 100-годдзе з дня нараджэння Я. Коласа па рашэнню ЮНЕСКА адзначалася ў міжнародным маштабе.

Похожие статьи:

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»