Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Эпас
Эпас (ад гр. epos - слова, мова, аповед) — адзін з трох (поруч з лірыкай і драмай) родаў мастацкай літаратуры.
Для эпасу характэрна ўзнаўленне знешніх у адносінах да аўтара з'яў рэчаіснасці ў іх аб'ектыўнай сутнасці, паступова-лагічным (сюжэтным) іх развіцці. Эпічныя творы вызначаюцца шырынёй ахопу жыццёвага матэрыялу, грунтоўнасцю пры стварэнні чалавечых характараў, паказе быту, абставін, малюнкаў прыроды, разнастайнасцю спосабаў і сродкаў мастацкага выяўлення (апісанне, маналогі, дыялогі, аўтарскія адступленні). Эпас выпрацаваў цэлую сістэму відаў, такіх, як эпапея, раман, аповесць, а таксама апавяданне, навела, нарыс і іншыя т. зв. малыя відавыя формы эпасу (казка, легенда, паданне, анекдот, абразок, фельетон, памфлет...). У выніку ўзаемадзеяння розных родаў літаратуры ўзніклі ліра-эпічныя (паэма, балада) і ліра-драматычныя (байка, драматызаваная паэма) віды. У кожным з відаў эпасу можна вылучыць асобныя эпічныя жанры ці жанравыя разнавіднасці: раман сацыяльна-бытавы, гістарычны, філасофскі, аповесць лірычная, ваенная, апавяданне легендарнае, сатырычнае і гэтак далей. Эпас, як правіла, карыстаецца празаічнай мовай, але часам звяртаецца і да вершаванай (вершаваныя раманы, аповесці, апавяданні, легенды, гумарэскі, казкі і інш.).
Беларускі эпас узнік у перыяд сярэдневякоўя (летапісныя зводы, палемічныя і сатырычныя творы, перакладныя аповесці і раманы, аратарская проза, публіцыстыка і г. д.). У новай беларускай літаратуры спачатку карыстаўся вершаванай мовай (вершаваныя аповесці, быліцы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Вечарніцы", "Купала", "Травіца брат-сястрыца", "Быліцы, расказы Навума" і інш.), пакуль у канцы XIX ст. не звярнуўся да празаічнай (апавяданні Францішка Багушэвіча "Тралялёначка", "Дзядзіна", "Палясоўшчык"). Росквіту дасягнуў у XX ст. ; з сярэдзіны стагоддзя заняў галоўнае месца сярод усіх родаў беларускай мастацкай літаратуры. Вядучымі відамі беларускага эпасу сталі раманы і аповесці ("Палеская хроніка" Івана Мележа, "Птушкі і гнёзды" і "Ніжнія Байдуны" Янкі Брыля, "Дабрасельцы" А. Кулакоўскагя, "Сустрэнемся на барыкадах" П. Пестрака, "Чужая бацькаўшчына" Вячаслава Адамчыка, "Плач перапёлкі" Івана Чыгрынава, "Родныя дзеці" Ніла Гілевіча, "Пушча" Віктара Карамазава, "Заходнікі" Генрыха Далідовіча і інш.).
Эпасам яшчэ называюць вялікія фальклорныя творы гераічна-легендарнага зместу (армянскі "Давід Сасунскі", карэла-фінская "Калевала", кіргізскі "Манас" і інш.), а таксама рускія быліны, украінскія думы, казкі (гл. эпас народны).