Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Увесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")
Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды" быў сустрэты "дагматычна тупым або проста спекулятыўна крытычным" вэрхалам, шэптамі, "супраць якіх няма яшчэ процівагазаў", шэптамі, што нават лічацца, бывае, "патрыятычнымі сігналамі пра небяспеку". І ў гэтым выяўлялася, паводле прызнання аўтара, "нікому добраму не патрэбная бяда".
Некаторыя даволі ўплывовыя крытыкі, як сведчыць Генадзь Шупенька, сцвярджалі, што Янка Брыль, маўляў, "проста і хораша расказвае пра свайго героя і навакольнае", але раману шмат чаго не стае.
Дзе, маўляў, "агульная карціна"? A гістарычная канцэпцыя рамана? A логіка і выбар падзей? А месца героя ў іх? A суадносіны паміж галоўным і другарадным? Хіба можна такіх герояў, як Алесь Руневіч, лічыць моцнымі і тым больш гераічнымі асобамі?
І сапраўды, нічога гераічнага ў нямецкім палоне Алесь Руневіч нібыта і не зрабіў, адкрыта супраць фашысцкіх нелюдзяў не выступіў.
У. Калеснік слушна зазначае, што практычны чалавек часта разумее слова "барацьба" як знешнюю праяву фізічнай сілы, волі, адвагі. Многім не дадзена зразумець, што выжыць у бесчалавечных абставінах і застацца чалавекам, не стаць "смецюхом" — гэта і ёсць гераізм. Змаганне ідзе на нябачным фронце свядомасці, а поле бітвы — душа чалавека. Ідзе змаганне за сваю душу і душы сяброў. Духоўнае поле бітвы патрабуе не менш сілы, мужнасці, чалавечнасці і гераізму, чым партызанскі лес, дзе герой сеў на баявога каня і прыспешвае яго да сустрэчы з небяспекай.
Скразною тэмай рамана якраз і з'яўляецца барацьба на ўнутраным, духоўным фронце. Таму і называе мастак сваю кнігу "біяграфіяй душы", бо гэта сапраўды споведзь адной таленавітай і мудрай душы.
"Птушкі і гнёзды", бадай, самы біяграфічны твор у гісторыі беларускай літаратуры. У ім вельмі шмат укладзена ад асабіста перажытага яго аўтарам. Янка Брыль і не называе яго раманам, а "кнігаю адной маладосці", папярэджваючы чытача, што гэта твор "не пра самога сябе — не!", а "пра народ, пра наш час, дзе меў і маю сваё месца і я". І не толькі ва ўспамінах Алеся Руневіча, але менавіта ў "нямецкіх" раздзелах шмат псіхалагічнай глыбіні.
Заслуга Янкі Брыля найперш у тым, што ён моваю па-мастацку пераканальных вобразаў, як ніхто іншы да яго, здолеў паказаць, што "ўвесь свет — адзін дом", што цэлы народ не можа стаць фашыстоўскай зграяй, што няма кепскіх ці добрых народаў — ёсць людзі і нелюдзі ў кожнага народа. Усім сваім творам пісьменнік даводзіць, што нават у самых бесчалавечных абставінах людзі незалежна ад нацыянальнасці застаюцца людзьмі, а нелюдзі ператвараюцца ў пачвар.
Антыподаў Алесю Руневічу нямала ёсць не толькі сярод немцаў, але і сярод беларусаў, чыім жыццёвым прынцыпам стаў такі: "дзе мне добра — там і мае". А прынцып гэты (і тое пераканальна паказана ў рамане) апраўдвае ўсё, нават вырак радзімы, сям'і, родных дзяцей.
У рамане лірызм, паэтычнасць арганічна спалучаюцца з тонкім псіхалагізмам. Твор асэнсоўваецца як сапраўды інтэлектуальны лірыка-філасофскі раман — раман так званай "плыні свядомасці". Ён павышае нашу чытацкую культуру. Нельга не пагадзіцца з Генадзем Шупенькам, што "такое не ўсе мы яшчэ прывыклі чытаць". Прачытанне такога кшталту твораў патрабуе працы душы і розуму.
Раман "Птушкі і гнёзды", так характэрны для лірычнай прозы Янкі Брыля, як мала які іншы твор у нашай нацыянальнай літаратуры, патрабуе ад чытача сатворчасці з пісьменнікам, дазваляе пры ўдумлівым і ўважлівым прачытанні сягнуць за далягляды ўласнай душы, новым зместам напоўніць уласны жыццёвы вопыт.
Удумлівы чытач, спачуваючы Алесю Руневічу, усведамляючы матывы яго нястомнага лёту да роднага гнязда, усё ж не можа не пара-давацца таму, што Алесь Руневіч, наперакор неверагодным высілкам, так і не змог... вярнуцца на Радзіму яшчэ да вайны. У нас сёння няма нават сумневу ў тым, што і Янку Брылю, як і іншым заходнебеларускім хлопцам, проста пашчасціла да пачатку вайны не трапіць на Радзіму, дзе іх чакаў бы ў лепшым выпадку ГУЛАГ. І вось тады праблематычнай стала б самая галоўная і першая ўмова лёту на Радзіму — жыццё.
Удумлівага чытача не можа не засмучаць (а ўжо ўстрывожыць — абавязкова!) "эвалюцыя" душы Алеся Руневіча, засведчаная ў эпілогу.
Той, хто прагнуў вяртання ў роднае гняздо, каб бараніць яго ад фашызму, але вельмі баяўся сустрэчы на роднай зямлі з салдатам Шмітке, родным па духу чалавекам, баяўся сітуацыі, калі вымушаны будзе, не распазнаўшы роднага, забіць яго, — той Алесь Руневіч ужо без вагання прымае іншую філасофію: "Праўду, народную праўду кажа, па-свойму проста, Змітрук: "Тут — што ні немец, то гад". І я ў Германіі бачыў нямецкі народ — і нелюдзяў, і людзей. Тут мы бачым фашыста — захопніка, забойцу, рабаўніка..."
Аднак мы разумеем, што такая філасофія і такая "эвалюцыя" душы галоўнага героя — не фантазія і нават не суб'ектыўнасць пісьменніка. Гэта — праўда жыцця, праўда, якая і з'яўляецца абвінаваўцам самай жудаснай выявы ўсялякай вайны, яе трагедыі і вынішчальнай сутнасці.
Похожие статьи:
Янка Брыль → Раман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая
Янка Брыль → Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая