Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Птушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Кніга адной маладосці

   ...Для гэтай кнігі я аддаў свайму герою многае з перажытага. A ўсё ж яна — "не аўтабіяграфія, а — біяграфія адной душы, расказ пра яшчэ адзін шлях да святла, пра яшчэ адно месца ў страі яго абаронцаў. 
   Кніга напісана не па праву заслуг. Толькі па праву любасці да Чалавека — які ён ёсць, які ён будзе, бо павінен быць. 

 

Сцюдзёны вырай 

Аповесць першая 

"Хлопцы, настаў наш час..." 

   У вялікім шталагу, стацыянарным лагеры палонных, грымяць на слупах рэпрадуктары, словам і маршам трубяць перамогу над чарговай краінай Еўропы, цвікамі і падковамі салдацкіх ботаў таўкуць яе, пад ногі зрынутую Францыю, яе Парыж, яе нікому не патрэбную свабоду. 
   У чэрвені саракавога года палонныя пад каманду гітлераўскага старшага унтэра Шранка, якому вельмі проста ўявіць сябе звышчалавекам, то падаюць, то паўзуць. У гэтым шматтысячным чалавечым мурашніку палонныя палякі ахрысцілі Шранка Бамбавозам. Ён грымучы, нахабны і недасяжны для помсты, як тыя самалёты, што бамбілі іх, амаль безабаронных і тады, у дні вайны. Калі Шранк біў штрафніка, відаць было: гэта далёка не ўсё, што можа і чаго хоча гэты... нечалавек па прафесіі. 
   Алесь Руневіч трапіў у штрафкампані з маёнтка, дзе палонных так кепска кармілі, што каманда ўзбунтавалася, патрабуючы камісію з лагера. Бунтароў загналі ў адрыну і замкнулі, павучыўшы, "што такое немцы і што такое Германія", а падбухторшчыку, "доўгаму Алексу", давялося паспытаць, што азначае штрафкампані. Адбыўшы свой месяц пад Бамбавозавай апекай, Алесь вырваўся ў агромністую загарадзь агульнага лагера. 
   Няволя, голад і туга на гэтым, праўда, не канчаліся, аднак у такім шматлюддзі лягчэй было хавацца ад вахманаўскіх вачэй, ад лаянкі, удараў ботамі і кулакамі. Галоўнае ж — тут, у агульным неабдымным чалавечым мурашніку, не было той муштры, што зверствам сваім выганяла з цябе і так небагатую сілу. 
   Сенсацыяй было здарэнне каля лагернай санчасці. Лёгка параненага француза перавязваў нямецкі фельчар. І раптам негр, што стаяў побач, зрабіў яму заўвагу. Па-нямецку і ветліва. Немец ударыў яго і аблаяў. На гоман збегся натоўп. Немцу сказалі, што гэты чорны — славуты медык і ведае некалькі моў. Фельчар пажадаў убачыць яго яшчэ раз. Ды негр не выйшаў з барака. "Не хоча", — сказалі пасланцы. Галодны інтэрнацыянальны натоўп прывітаў гэтыя словы задаволеным крыкам, апладысментамі. Руневіч, здаецца, больш за ўсіх быў рады, што, і не ведаючы чужых моў, можна, выходзіць, усім так здорава разумець галоўнае. 
   Другой падзеяй стаў канцэрт аркестра польскага марскога флоту, які трапіў у палон амаль у поўным складзе. Спачатку ціхім, пасля нарастаючым шумам марское хвалі паплыла над натоўпам журботна-задушэўная неапалітанская песня "Палома". Усплёскам хвалі, небывалым па сіле, уздымае свой голас адно-адзінае пачуццё. Яно амаль усё перадаецца ўсплескамі слоў: 

Хлопцы, настаў наш час, 
Мора ўжо кліча нас...

   "Палома" змоўкла даўно, а высокі, светлы юнак яшчэ ўсё чуе яе — тую песню чалавечай тугі і кажа той песні душою: ты вядзі мяне цяпер да сонечных, да непаўторна радасных хваль, што марской калыханкай шумелі мне ў самым пачатку!.. 


Падарожжа ў найлепшае

   Шчодра напоены святлом, далёкі і блізкі, нібыта ў радасным сне, вялікі чарнаморскі горад. 
   І галоўнае — тата вярнуўся!.. 
   Малыя ў белых панамках спяшаюцца абапал вялізнага барадатага бацькі ў чыгуначнай форме. За рукі ягоныя ўзяцца нельга: у адной руцэ — вельмі добра знаёмы, заўсёды загадкавы дзед Чамадан, у другой — шырокая і адкрыта дабрадушная цётка Карзіна. 
   Памяць падказвае то паасобныя малюнкі, то абрыўкі іх, то проста адну якую драбніцу, часамі нават і не яркую. А вось вяртанне з банькам з вакзала ідзе чамусьці як першы ўспамін. Тата, чыгуначны праваднік, быў вечна ў дарозе, адкуль прывозіў ім кавуны, каўбасу, вінаград... Пасля ён быў доўга дома. Ляжаў. І было вельмі сумна... Ды зноў жа, з гэтага суму помніцца не ўсё, а найлешп — доктар, яго акуляры, тэрмометр, "труба" і дзіўныя пахі з бутэлечак і каробачкаў... 
   А потым паміж татам, мамай і Сярожам, старэйшым Алесевым братам, які быў ужо студэнтам, пачаліся нейкія гутаркі пра нейкую вёску, і мама чамусьці ўсё плакала... Сярожа адмовіўся ехаць з імі ў нейкую там буржуйскую Польшчу. 
   Алесю толькі што пайшоў пяты год, калі яго перасадзілі з гарадскога на вясковы грунт. З таго часу і пачынаюцца яго амаль суцэльныя і больш выразныя ўспаміны, з асноўным у іх — новым, нязведаным хараством прыроды, загадкавым, чароўным хараством, якое паланіла нібы толькі што раскрытую душу. У прагнасці сваёй да новага малы як быццам забыўся нават пра мора. 
   У нядзелю тата павёў іх, Алеся і Толю, да рэчкі. Толя плавае сам, а Алесь ляжыць на татавай шырачэзнай спіне, учапіўся аберуч за татаву шыю. І страшна плысці па вялізнай вадзе, і радасна — ажно слёзы ў вачах. 
    Да наступнай зімы яны абжыліся: яшчэ восень была на дварэ, а ў іхніх вокнах — новенькія дубэльты. А потым таты не стала. Зусім не стала. І Алесю хочацца плакаць. ...Ён ляжыць на тапчане. І сумны-сумны. A ў хаце — больш нікога, толькі яны ўдвух. 
   "Маліся, — сказаў ён Алесю. — Каб я паправіўся" — "Госпадзі, дай", — шэпча Алесь і, чакаючы, пазірае на бацьку. 
   "Бог не без літасці, казак не без шчасця,— казала ў тыя дні мама. — Паправішся, Мікола, вось паглядзіш". А тата ўздыхнуў: "Ой, наўрад..." 


Ява прыходзіць за сном

   Аддзелены ад той пары цэлым пятнаццацігоддзем малалецтва і маладосці, процьмай малых і вялікіх падзей, Алесь ляжаў цяпер у лагернай нестаптанай траве. З рэпрадуктара данеслася, што польскі ваеннапалонны Аляксандр Руневіч, нумар сто трыццаць тры, павінен зараз жа з'явіцца да лагернай камендатуры. А там яго яшчэ раз аблаялі праклятай польскай свіннёй, гультаём, сімулянтам, пасля чаго яго і Мішку Веніка ў суправаджэнні вахмана адправілі ў Касаў, дзе яны павінны былі працаваць у баўэраў. Да Касава адна гадзіна цягніком. Крычала, спявала і рагатала салдатня. І гэта толькі частка трыумфу, якім у тыя дні была ахоплена Германія газет і рэпрадуктараў. 
    Вачэй заплюшчваць не трэба: гэта не паможа забыцца, дзе ты. І прыходзяць блізкія і заўсёды жывыя, гатовыя да паслуг, успаміны. 
    ...Нямецкая артпадрыхтоўка, несусветная малацьба сухапутнай і марской артылерыі. Ужо бяззбройныя рэшткі іх гарнізона, які тры дні сцякаў крывёй у няроўным змаганні, знялі рамяні з кінжаламі і ўзняліся на роўны рост над зямлёй — здаліся ў палон. 
    Ні ваяваць, ні быць забітым вельмі не хацелася. Алесь нават думаў з палёгкай, што яму не трэба больш ні забіваць, ні быць забітым самому. Польскім салдатам ён сябе не адчуваў, як і большасць іх, беларусаў. У марской пяхоце беларусаў служыла шмат. Народ цягавіты і смелы, яны не агіналіся і на вайне — пакуль стаялася, стаялі добра, не горш, а то і лепш за іншых палякаў. Ведаў Алесь, што біліся яны, няхай сабе "крэсовяцы", як іх называлі палякі, не толькі за часовую Польшчу, якая была беларусам мачахай, але і за Польшчу вечную — за народ, за яго жыццё, на якое абрынуўся вораг не проста дзяржаў, але ж народаў. Алесь, улюбёны ў Талстога, знаёмы са словам Рэмарка, Гашака, Гаршына, не хаваўся за спіны — хадзіў у атакі, ляжаў пад артылерыяй і самалётамі, здаўся з апошнімі. Хоць душу яго раздзірала свая патайная трагедыя — крах светапогляду пацыфіста... 
    A неўзабаве ўсіх ашаламіла вестка: Саветы і Гітлер падпісалі пакт неагрэсіі!.. 
    Як было гэта зразумець далёка ад роднага свету ў вірлівай каламуці чужой варожай прапаганды? Крыху пазней яны ясней усвядомілі, што ж адбылося там, за Бугам. Яны — бяздомнікі і пасынкі ў чужой дзяржаве — зноў далучыліся да савецкай Радзімы. 
    Вольнымі сталі іх сямейнікі, землякі, іх далёкая, шматпакутная Заходняя Беларусь. 
    Сёння, на дзевятым месяцы палону, Алесю сёе-тое ўжо бачыцца ясней. Яму ўяўляецца, ён бачыць і чуе вельмі выразна, як гімн вайне і антычалавечнасці, як нялюдская прага паняволіць увесь свет бушуе магутнымі хвалямі і б'е ў вялікую сцяну. Вялікую, магутную сцяну, за якой яго, Алесева, далёкая, як Толя піша, "мірная, шчаслівая Радзіма". 
    "Мой свет — мая вера, надзея, любоў — са мною. І я вярнуся за сцяну, якую вам не прабіць сваім бушаваннем. Лямантуйце, мы ўжо тут трохі прывыклі да гэтага страху, мы ўжо спіной і жыватом навучыліся разумець, дзе мы, хто мы і для чаго вы нас морыце тут. Мы ўжо навучыліся распазнаваць, дзе немец, дзе фашыст, дзе вечнае, народнае, а дзе такое вось, - як гэты дзікі крык..." 
    Даставіўшы палонных у Касаў, вахман не даў ім нават прысесці на нарах у бараку, а адразу павёў на рыначную плошчу, дзе іх, ужо пустыя, гатовыя да работы рукі чакалі баўэры. Алеся цапнуў за локаць каржакаваты сівавусы дзед і дзелавіта патлумачыў у адказ на Алесева абуранае недаўменне, што той будзе ў яго працаваць: "Гут работа, гут клеба, пане!.." 
    Немец павёў Алеся ў сям'ю свайго сына Карла Камрата, які быў на вайне. На пытанне дзеда, хто Алесь па нацыянальнасці, адказаў, што беларус. Камрат-старэйшы нават здзівіўся: "А што — гэта таксама народ?" Калі ж Алесь патлумачыў, адкуль ён родам, то аказалася, што дзед у шаснаццатым годзе ў складзе сто пяцьдзесят другога пяхотнага палка прасядзеў там цэлы год і яму там было вельмі добра. Алесю свярбеў язык, каб сказаць, што сам ён якраз з-пад таго Навагрудка, што там у іх і дагэтуль стаяць у ярах нямецкія бліндажы, што ты там, стары сукін сын, не адну, відаць, нашу хату разабраў на сухенькія дровы, не адну нашу вёску з торбай пусціў... 
    Калі вячэралі, мутэр расказвала Алесю пра сваю сям'ю, дзяцей, распытвала пра яго родных, нават паспачувала, што і ў яго, нябось, таксама мутэр недзе чакае і плача. А потым спытала — зусім сур'ёзна: "Ну а чаму ж вы не аддавалі наш калідор, наш Данцыг? Чаму вы не паддаліся адразу, без бою? Вас бы ўжо даўно, можа, пусцілі дахаты. 
    Фюрэр — гут, фюрэр не хоча вайны. A ўсе на нас. І Польшча, і Францыя ўжо за сваё атрымалі. А чаго ад нас хочуць праклятыя томі?" 
    У кухні зноў пацямнела. І лыжка пацяжэла. 
    Вяртаючыся нанач зноў у барак, Алесь марыў сустрэць каго са знаёмых, але нават і падумаць не мог, што сустрэне тут менавіта Бутрыма, які трапіў у палон за некалькі дзён да іхняй капітуляцыі. 
    Дый трапіў так яшчэ, што запісалі: загінуў без вестак. Утрох яны не вярнуліся з разведкі, адзін толькі ён застаўся ў той перапалцы жывы, паранены ў нагу. Спачатку гібеў у шпіталі для палонных, пасля працаваў у маёнтку, пакуль не прывезлі сюды, у беларускую каманду. 
    Пытанне пра пісьмы з дому было адным з самых першых пытанняў, якімі яны абмяняліся ў пачатку размовы. "Каб таму, браце, рукі адсохлі, хто гэты свет зрабіў такім дурным. Ну што я, скажам, перакасіў каму-небудзь, пераараў? За што мы, скажы мне, з табою бадзяемся? Чаму мой Лявон павінен расці без мяне, а я тут ныць без яго? і людскія, і нелюдзі — на ліха яны мне, немцы? За якія грахі я павінен ім тут адрабляць? За тое, можа, што бедаваў на бацькавым загоне з самага малку, а потым што паны мяне, каб іх журам пагнала, пагналі біцца за іхняе?.." — сказаў і заціх, як нябожчык. Шэптам расказаў Алесю, як яму ўдалося ўкрасці компас у аднаго мамінага сыночка, які і да мамы не вельмі спяшаецца: тут яму вельмі ж усё даспадобы. "Дахаты, браце, толькі дахаты. Інакш на ліха нам і шоры валачыць?.." — такая была Бутрымава выснова. 
    У шталагу, у тым польскім бараку, куды Руневіча перавялі са штрафной, нечаканым шчасцем трапіла ў Алесевы рукі аповесць Серашэўскага "Заморскі д'ябал".    У ёй Алесь вычытаў сугучную сваёй думку: "Будзь самім сабою і не саромейся, што ты як быццам бездапаможны! Аднак галоўнае — як толькі зможаш, вяртайся да сваіх. Там твая ніва. Праз свой народ — для чалавецтва!" Вяртайся да сваіх... Ён гаварыў з сябрамі пра ўцёкі ўголас. A калі пасля сямі месяцаў чакання на Руневіча цэлым сонцам упала першае пісьмо з дому ад брата Толі, ён адчуў з найбольшай сілай, канчаткова, што час для выраю — прыйшоў. Сустрэча з Бутрымам, які быў недарэчна згінуў без вестак калісьці, а сёння так нечакана і так дарэчы знайшоўся, умацавала яго намер збірацца ў вырай. Ён цяпер не адзін, у яго ёсць надзейны сябар! "Будзе, будзе яшчэ і свабода, і шчасце..." — думаў Алесь. 


Хлеб надзённы і рэха гадоў

   Ідэі нацысцкай звышчалавечнасці ўбіваліся ва ўсе мазгі да металічнай нудоты настойліва. І вынікі былі. Алесь адчуў іх у сям'і новых гаспадароў. Іх старэйшы сын Курт купіў машынку, каб абстрыгчы Оскара. Але хітры гультаяваты хлапчук не паддаўся, уцёк. Тады гаспадарык паклікаў з канюшні Алеся: "Слухай, Алекс, давай я цябе абстрыгу. Я хачу навучыцца стрыгчы, а табе гэта ўсё роўна". Уражаны Руневіч паглядзеў на блазнюка і, не сказаўшы нічога, пайшоу у канюшню. 
    Дух часу загаварыў у Курце больш энергічна, і ён паклікаў Алеся зноў, загадаўшы пачысціць яму боты. "Так, слухай, ты... Мой мілы друг... Я для цябе толькі салдат... І больш ты да мяне з такім свінствам ніколі не лезь. Зразумеў?" — гаварыў Руневіч адразу на дзвюх мовах: лягчэй было іменна так. 
    Гаспадыня потым дапытвалася, чаму Алекс не паслухаў Курта, два разы не паслухаў. І як ён, Алесь, ні растлумачваў ёй чаму, — нічога так і не зразумела. Якраз як у першы вечар: "Чаму ж вы не паддаліся без бою?.. Наш фюрэр не хоча вайны!.." 
    З восені мінулага года ў Германіі дзейнічаў закон пра абсалютнае захаванне расавай чысціні і арыйскага гонару нямецкіх жанчын. 
    Неяк увечары вахман Паўль увайшоў у штубу з лістком паперы, крыкнуў "ахтунг" і пачаў тлумачыць міжнароднымі жэстамі, ахамі, охамі і выразамі твару сэнс гістарычнага дакумента ў цэлым зусім дакладна і пераканаўча. Калі паляк памкнецца да нямецкай Маруські, дык Гітлер яму за гэта... Рабіўся крыважэрны жэст ніжэй пояса: шах-мах і за акно!.. 
    Недзе дзяўчыну засталі з палонным. Яго адразу паслалі ў канцлагер, але пастрыглі нагала і абвозілі па бліжэйшых вёсках, напаказ. 
    Адна фрау дала палоннаму хустачку, і пра гэта, ганьбуючы яе, грымела потым раённая газетка. Ахтунг, фрау унд мэдаль! Гэта вам не тая, не кайзераўская вайна. 
    Аднойчы, калі Алесь быў асабліва пануры, сінявокае, светлакосае дзеўчаня, дванаццацігадовая Крыстэль, зачапіўшы яго, прамовіла: "О, Алекс! Вы такі прыгожы. Я люблю вас так моцна!.." Яшчэ больш здзівіў смелы і небяспечны пачын васемнаццацігадовай Эльзі, калі яна, кормячы яго на кухні, нечакана пагладзіла па схіленай над талеркаю галаве. 
    Аднак усёй ідыліі прыйшоў нечаканы канец. Неяк апоўдні палонны еў каля стала адзін, спазніўшыся з-за работы на агульны абед. 
    Эльзі і Крыстэль уходжваліся з пасудай. Раптам малая Крыстэль заціснула носік, крыкнула Эльзі: "Швайн!", а тая голас яе пакрыла звонкім смехам. Алесь бразнуў лыжку на стол і выйшаў. Эльзіна прыгажосць і залёты больш не краналі яго. 
    Свёкар гаспадыні даводзіў Алесю з агідна шчырай і спрадвечнай урачыстасцю, намазваючы мармелад на хлеб: "Мы змагаемся за наш хлеб! Нам патрэбна жыццёвая прастора!.. Мой сын, мой Карл рабіў Полен унд Франкрайх капут. Ён пойдзе і на Англію. Яна павінна быць таксама пакарана. Юдэн, палякэн, францозэн, энгляндэн — усё дзярмо! Вялікая Германія..." 
    Алесь слухаў плявузганне хама, якому ўсе, як плануецца фюрэрам у сусветным маштабе, павінны служыць, а ўсе яго думкі былі на радзіме, дома. Больш чым раней. Назначаны для ўцёкаў дзень поўз для яго павольна, аднак і няўхільна. 
    У доме Камратаў людскім здаваўся толькі адзін чалавек — стары батрак Ракаў. Працуючы ў полі, гep Ракаў і Алесь знаходзілі ўдосталь часу пагутарыць на розныя тэмы — ад самых звычайных, бытавых, і да самых высокіх, значэння проста гістарычнага. Адчувалася, што ў душы гера Ракава быў бунт. Яго вочы нагадалі вычытанае Алесем у старой беларускай газеце апавяданне невядомага аўтара, засакрэчанага ініцыяламі. У гэтым апавяданні расказвалася пра мужыка, які ў царкве перад вялікай іконай размаўляў з панам Богам. І пра часовае на грэшнай зямлі, і пра вечнае на небясі. Абараняючыся ад праведных боскіх папрокаў, мужычок узмаліўся: "Пане Божа, то ж колькі бунту ў маёй душы, столькі і пуду ў нагах!.." 
    З усіх гутарак з герам Ракавым Алеся найбольш уразілі дзве. 
    Першая — пра звар'яцелую фрау, якая несупынна лічыла да чатырох. На хіхіканне блазнаў яе муж патлумачыў: "Тут жа няма нічога смешнага! У нас было чатыры сыны, і ўсе яны загінулі: два ў Польшчы, а два нядаўна ў Францыі. А за што?.." Закончыў гep Ракаў сваёй высновай: "Вось што такое вайна. Мы ведаем, каму яна трэба. Золата, хлопча, золата — над усім". 
    Другая гісторыя — пра варажбітку Гітлера, якая варажыла на літарах. Усе літары ў імені фюрэра веставалі яму рэвалюцыю. Калі ж Гітлер закрычаў, што гэта немагчыма, бо ў яго ёсць SS, SA і HJ (эсэс, эса і гітлерюгенд), яна сказала: "Гэта ўсё табе не дапаможа".
    Працуючы, гер Ракаў час ад часу бурчыць сабе штосьці, а Алесь думае пра сваё. Думае пра маму, пра экзамены ў гімназію, дзе павінна пачацца змаганне за свой шлях у жыццё, пра Толю, з якім разам зачытваліся Талстым і разам кінулі гімназію, каб вярнуцца дадому і працаваць на гаспадарцы, бо мама з батраком Іванам адна не выцягне. Абодвух маці вучыць таксама не зможа. Не выцягне ні гаспадарка, ні здароўе. 
    Аднаму катораму вучыцца — што ім гэта дасць? Ён, напрыклад, не хоча разлукі... А вучыцца ім можна і дома, самім. 
    Яны тады не хацелі разлукі, не маглі адзін без аднаго, а цяпер... 
    Прыехаўшы з гімназіі на свае першыя зімовыя канікулы, Толя здзівіў Алеся сваім прызнаннем: "Як я рады, што прыехаў!.." 
    "Цяпер мая чарга прыйсці дадому. І я — прыйду!.. Няшмат ужо засталося, пакуль мы з Бутрымам збяром трохі хлеба і падамося туды, дзе кончыцца яна — найгарчэйшая з нашых разлук", — думаў Алесь. 
    Ну, а Толя прыйшоў да Алеся раней. Другім пісьмом. Прачытаўшы яго, Бутрым сказаў пра Толю такія словы, пасля якіх ідзе мардабой. 
    Алесь запатрабаваў тлумачэння, чаму Бутрыма так раззлавала Толева пісьмо. І той патлумачыў: "Я — пра тое, што брат не раіць табе ўцякаць. Што ён думае, нам тут з табой, як кажуць, сядзі ў будзе ды чакай, што будзе? A дудкі! Насядзеліся..." На Алесевы довады, што брат ведае, што піша, адказаў: "Ну, дык ведай і ты. Хрэн з табою. А я ўжо як-небудзь..." 
    А Толя пісаў: "...і я, і мама просім цябе: не рабі ты нічога сам... Чакай хуткага вызвалення. Мы тут робім усё для цябе, што трэба. Днямі я паслаў у Маскву, у Наркамат замежных спраў, просьбу, каб за цябе пастараліся..." 
    Толева пісьмо ўсё збунтавала, пераблытала. Цяпер былі тыя ўзрушана-трывожныя дні, якіх ён так доўга чакаў, да якіх рыхтаваўся з зімы. Вясной, замест волі, уцёкаў, прыйшла штрафкампані. Сёння ж іх воля абрываецца гэтым пісьмом, пасля якога — зноў настройвайся на чаканне... Што ж рабіць?.. 
    А ноччу прыйшло рашэнне. "Слухай, — шэпча Бутрыму Алесь, — а чаму гэта нам конча праз тры дні? А чаму не цяпер?.." І Бутрым падтрымаў: "Давай, можа, заўтра, га? Так і пачнём святою серадой. Усё на дзень раней". 
    А як іх перажыць — і сённяшнюю ноч, і дзень, даўжэзны летні дзень — апошні дзень няволі?!


Як зацвілі верасы 

   Усё гэта было — і ўпартае жалеза кратаў, якія ім удалося ўсё ж такі знізу сарваць з гваздоў і адагнуць уверх, каб праціснуцца; і дрот, пад які яны падграбліся; і першы след на сыраватай мякаці дарожнага пяску; і ласкавыя дотыкі вецця з лістотай, калі ішлі пад бярозамі; і казытлівыя каласы пад расстаўленымі, як да лёту, рукамі... 
    Была першая ноч хады амаль без адпачынку, дзе там — без перадышкі, з прагнаю радасцю набліжэння да мэты... Была і першая днёўка. Ах, як цягнуўся ён, гэты дзень, і як прыемна было дачакацца змяркання. Каб зноў ісці, ісці!.. Другая ноч. Другая днёўка. Трэцяя. Чацвёртая... Але найгорш было тое, што іх спадарожнікі, Іванюк і Здановіч, якія, бы кара, навязаліся Алесю і Бутрыму, былі сапраўднымі путамі ў іх нялёгкай дарозе. Дапамогшы спустошыць торбачку з сухарамі, яны пачалі ныць, што далей без правіянту далёка не зойдзеш, што трэба здацца, а веданне Руневічам нямецкай мовы дапаможа ім лепш апраўдацца: менш будуць біць. І гаварылася ўсё гэта самаўпэўнена, неабвержна. І сябры вырашылі паспытаць, як ім цяпер будзе няспутаным. Ды путы гэтыя, калі ўжо казаць словамі Бутрыма, добра-такі нацерлі ім ногі. 
    Вайсковай торбы з запасам, з якім сябры спадзяваліся махнуць з-пад Шчэціна ну хоць бы, скажам, да Варшавы, хапіла ім — для чатырох — на першы тыдзень, на першыя паўтары-дзве сотні кіламетраў. Цяпер — хоць торбу грызі... 
    Голад і стома з кожным днём узмацнялі адно аднаго. На пятнаццаты дзень, ушчэнт знясіленыя "вераб'іным харчам" і "компаснай" хадою напрасткі, хлопцы доўга сачылі з кустоў за самотным, растрэсеным хутарам у даліне, а пад вечар усё ж рызыкнулі, зайшлі. Іх пакармілі, а потым гаспадыня, дагнаўшы іх, дала на дарогу яшчэ кавалачак сала і чатыры гуркі; гэта адкінула іх ранейшыя падазрэнні. 
    Гаспадыня гаварыла задыхана: "Увесь свет — адзін дом. І навошта, скажыце, вайна? Майго сыночка таксама забралі... Ну, каму яна, скажыце, патрэбна?.. Ідзіце здаровы. Няхай вашы мамы не плачуць. 
    Шчасліва! Няхай і Эрых мой вернецца. Ён не хацеў, ой не хацеў ісці!.." 
  Пасля, калі яны ішлі, Бутрым сказаў: "Тут, браце, не толькі што я, але ж і ты, відаць, не ўсё зразумеў, што яна гаварыла. А гаварыла яна... ну, дальбог жа, здаецца, па-нашаму". 
    Алесь думаў, як часта ён чуў такое дома, у Пасынках ці наваколлі, калі хто-небудзь хваліў добрага чалавека. "Скажы ты, вось і паляк (або яўрэй ці татарын), а ўсё роўна як наш (або свой), беларус..." і ў гэтай вонкавай наіўнасці была схавана спрадвечная мудрасць. "Людзі, браток, усюды людзі",— сказаў Алесь на Бутрымавы словы. Затое — ад вобраза простай жанчыны, ад матчынай яе слязы, ад смаку вясковага хлеба — зноў ажылі яго, Алесевы, патаемныя думкі, якімі ён яшчэ не падзяліўся з Бутрымам. 
    A прыгадаўся Алесю дзядзька Адам, Толеў хросны, які прыехаў да іх у гімназію, пасля чаго абодва Руневічы, наўздзіў сябрам і начальству, забралі раптам дакументы і паехалі дадому. Дзядзька Адам рас-казаў, што іх парабка Івана забрала паліцыя, а ў маці разбалеліся ногі, сама, пакутніца, узялася за сявеньку. "Не работа гэта з яе нагамі — адно страданіё, хлопчыкі... А работа ж — яна не хоча чакаць. Учора да вечара я памагаў. Помачы ад мяне, ад калекі няшчаснага, як ад казла малака". 
    Маму прыезд іх спачатку проста-такі ашаломіў і доўга яшчэ не магла даўмецца, што нарабілі яе "студэнты". 
    Іван прыйшоў з пастарунка праз два дні. Маці, глянуўшы на хлопца, аж жахнулася — такі ён быў збіты. Алесю жудасна было ўявіць. як у твар, у вочы, у грудзі таўкуць Івана, іх вясёлага, добрага Івана, боты паліцыянтаў; па руках, па спіне, па галаве цапамі б'юць іх гумовыя палкі... За што? Ён песні спяваў пра Саветы, ён хоча, каб яны прыйшлі, каб з імі разам прыйшоў іх далёкі, харошы Сярожа, які некалі так і не захацеў з імі паехаць у далёкую "буржуйскую Польшчу" з Адэсы. 
    Толя сказаў пасля, што гэта быў апошні ў іхняй хаце парабак, што цяпер яны будуць рабіць свой хлеб толькі самі. Тады Алесь не мог да канца зразумець, чаму яму трэба было пакінуць вучыцца. А цяпер, хоць і верыць Толю, не можа ўцяміць па-сапраўднаму, чаму не трэба ўцякаць. З палону, з фашысцкай няволі — дахаты! — і не ўцякаць? 
    Да Алеся зноў і зноў вяртаюцца словы неадчэпнай песні:

Гэта было ў тую ноч, 
Як зацвілі верасы...

   Чытаў, што толькі чыстыя сэрцам бачаць сапраўднае хараство. Ён глядзеў на свет па-малечы даверліва, чыста, а ўсё ж такі ні падпільнаваць, як падкрадаецца сон, ні заўважыць, як жыта расце, ні ўбачыць, як зацвітае верас ("Хіба ж ён зацвітае абавязкова ўначы?"), не ўдалося. 
    Яны вырашылі рызыкнуць другі раз. І зноў ім пашанцавала. Чарнявае дзяўчо, падлетак Стася (мамуся немка, а татусь паляк) вы-несла ім па кубачку малака і па лустачцы хлеба. Бутрым не вытрымаў— папрасіў яе прынесці што-небудзь яшчэ. Стася паслухмяна пайшла, але неўзабаве вярнулася з пустымі рукамі. Чырвоная, амаль да слёз. І пачала апраўдвацца: "Я невінавата. Ям не вінна, Панове... Цёця Хільда... сказала... каб вы ўжо ішлі адгэтуль, бо нам будзе дрэнна, калі вас застане хто-небудзь чужы... А ям не вінна..." 
    Зноў брылі па ягадніку, па верасе, па пясчанай лясной дарозе. 
    "Як гэта добра, — думаў палонны, ціха, лесам тралюючы нацянькі, — як радасна, што і тут, за многія сотні кіламетраў ад роднага гнязда, у здзеку, у небяспецы можна ўсё-такі думаць, што свет, як кажа народная мудрасць, і сапраўды адзін дом. Вялізны дом, у якім ніяк не можа пакуль што дайсці да ладу чалавечая сям'я..." І не праўда, што "як свят святэм не бэндзе немец палякові братэм", — бо вось польскі батрак пакахаў нямецкую батрачку, і каханне іх упрыгожыла свет такою мілай, разумнай істотай, як Стася... 
    "Толькі ж як табе, зорачка, цяжка гарэць, як табе цяжка свяціць — сёння, у цемры фашысцкай начы!.." 
    Яшчэ праз тры дні Уладзік да ўсяго пачаў моцна кашляць. Мала, што разбалелася параненая нага, што яму ўжо ніяк не схаваць свайго кульгання, дык вось яшчэ і гэтае бухуканне. Ляжыць ён трохі воддаль пад кустом і, дарма намагаючыся рабіць гэта ціха, глуха бухукае кашлем, уздрыгваючы мокрымі плячыма. "Напішаш Зосі, што і як куды пісаць. Напіша", — сказаў сябру Бутрым, і Алесь нават і не спытаўся, хоць для адводу, пра што ён. Усё зразумела і так... Адкуль жа, як не з лагера напіша? Дык што — далей не пойдзем, выйдзем да жылля, здамося?.. Алесь паспрабаваў падтрымаць Уладзіка, нагадаўшы, што яшчэ чатыры дні таму Стася казала, што да польскай граніцы засталося шэсцьдзесят кіламетраў. "Гэта ж Польшча. Хадзем". 
    Аднак на хутары, куды яны зайшлі і пастукалі ў дзверы, голас пачуўся — нямецкі. Маладая фрау весела, нават гасцінна паабяцала накарміць, сказала пачакаць, пакуль згатуе каву, а сама махнулася ў бакавыя дзверы. 
    Кава варылася бясконца доўга. Роўна столькі, пакуль з калідора ў кухню не рынулася многа-многа людзей!.. Салдат — неадчэпны вахман — зноў тырчаў перад імі з настаўленым карабінам. На тлумачэнне, што яны — беларусы, ідуць дахаты, у Савецкі Саюз, вахман сыценька рагатнуў: "На, гут, я вас трохі правяду". 
    Алесь зірнуў у гаспадынін мілавідны твар, у гасцінна-вясёлыя вочы. 
    "Ах, майн гот, як разумна, як хітра вы ўсё гэта з намі зрабілі! Як доўга вы — можа, нават і вечна? — і як шчасліва вы будзеце жыць!.." 
    Ён палажыў недаедзеную лустачку, адсунуў кубачак і падкрэслена ветліва сказаў: "Шчыра дзякую, ласкавая пані. Вы з вашым мужам — цудоўныя людзі". 
 

Круг замыкаецца 

   Шуцман, які суправаджаў уцекачоў у горад на допыт, нават пакарміў іх бутэрбродамі з каўбасой. Паўшчуваўшы палонных за іх няўдзячнасць ("Трэба рабіць, жніво, а вы — уцякаць! А вас жа і кармілі, і даглядалі па-людску... Не нам разбірацца, што трэба, што не. Фюрэр ведае, што ён робіць"), паспавядаўся і сам: "Мяне таксама мабілізавалі. У верасні, як толькі пачалася гэтая праклятая вайна. ...і я не хацеў бы, каб яна скончылася заўтра ўранку, а іменна сёння, вось цяпер... Я таксама ахвотна пайшоў бы дахаты. Але што ж гэта будзе: я сабе не хачу, другі сабе не захоча". Слухаючы яго, Алесь думаў: "Як шмат людзей і тут, у Германіі, робяць не тое, што яны хацелі б!.." 
   Пасля допыту, які не толькі здзівіў, але нават насцярожыў, напалохаў стрыманасцю і ветлівасцю мужчыны ў цывільным, хлопцаў памясцілі ў камеры-адзіночкі. Пасля трох бадзяжных тыдняў гэтая адзіночка падалася зацішным прытулкам. Зубы мёртвай хваткай упіваюцца ў хлеб. Ты жуеш, ты глытаеш, і ты здаешся сам сабе, бадай што, найшчаслівейшым.. І ён вяртаецца ў той час, у свой пачатак жыцця, калі мама была самая лепшая, калі ў гэтым не бывала найменшага сумнення. A ўжо калі яму было шаснаццаць, спрачаўся з ёй нават: "Накуплялі гэтай зямлі! Што нам больш за ўсіх трэба?" З прыходам сталасці — пад уплывам і кніг, і жыцця — ён часта думаў і гаварыў з Толем пра бацькоў, пра іх абмежаванне і на рэдкасць настойлівае імкненне забяспечыць дзяцей "найбольш надзейным кавалкам хлеба"— уласнай зямлёй. 
    Прыгадалася ўсё: і яе песні, і яе любоў да таго, калі хто з дзяцей чытаў уголас, і яе жарты, і яе ўспаміны пра бацьку, які "быў такі самы жох, як наш Толя", і як яны дружна век пражылі, як ён ні разу нават голасу на яе не падняў. 
    Маміны казкі, расказы ды песні на прасніцы або за шытвом, мова і песні, якія ён чуў навокал, якія па-асабліваму моцна і хораша спалучаліся з усім, што акружала Алеся, знайшлі свой выраз, жылі і ў школьнай чытанцы, і ў кнігах на роднай мове. 
    "Я прыйду, дарагая, я ўсё ж такі калі-небудзь прыйду!.. І ўсё зраблю тады, каб ты адпачыла ад слёз, ад пакутаў сваіх, ад беспрасветнай працы для нас, для зямлі. ... Ты адпачнеш, будзеш сядзець пад хатай, дзе сонца асвеціць рабіну, яе хвалююча-аранжавыя, маладыя гронкі, дзе на градах, яшчэ ўсё табою аполатых, будзе пахнуць кроп, а старая карова, вярнуўшыся з пашы, толькі цябе будзе клікаць з даёнкай. А я буду зноў, як калісьці, і больш чытаць табе — і тое, што напісалі другія, і тое, што напішу я сам..." 
    Тут ён яшчэ раз успомніў словы з Толевага ліста: "...А рукапісы твае яна хавае ў скрыні так раўніва, што не даступішся і не ўпросіш..." 
    Алесь тужыў па свежай баразне, калі яна вясной, нібы ўздыхаючы з доўгачаканай палёгкай, пераварочваецца за плугам, крышыцца тлустымі, цёплымі камякамі, гатовая і прагная прыняць і залацісты дождж зярнят, і насевак са шчодрага неба. 
    А яшчэ больш тужыў ён па белым полі паперы, па баразне радка... 
    Ён зразумеў, шчасліва і трывожна, што літаратура — яго прызван-не, галоўны, святы абавязак жыцця. 
    І Толя верыць у гэта, а мама — яна адчувае, бо любіць. 
    "Ты верыш у тое, што недзе я жыву і не згіну. А я ўпэўнены, маці, што вярнуся туды, дзе мой народ, і зраблю для яго, а праз яго — для ўсіх людзей усё, што змагу. Для гэтага — жыць!.." 
    Пасля камеры-адзіночкі — ціхі, як злодзей, і хуткі, як вецер, цягнік, нібы з насмешкай глытаючы іхнія, пакутамі столькіх начэй аплочаныя кіламетры, вёз палонных зноў да Бамбавоза ў штрафкампані.  

Похожие статьи:

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Пераказы, дыктантыСойка