Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Птушкі i гнёзды. Гнёзды за дымам. Аповесць другая

Зацішша ў чэрвені 

   Гер Адольф Грубэр, гаспадар дзесяцікватэрнай камяніцы з мясным магазінам на першым паверсе, надзвычай усхваляваны і злосны. 
   Праклятыя беларускія свінні! Яшчэ з зімы іх пачалі выпускаць са шталага пад нагляд паліцыі. Немцы далі ім працу і хлеб, дапусцілі ў свае культурныя памяшканні, дазволілі скінуць вашывыя польскія транты, надзець цывільны касцюм. І як жа хутка яны паказалі сваю дзікую няўдзячнасць. 
   Зімой прыйшлі такія два, і Грубэр толькі за дваццаць сем марак у месяц здаў ім адзін з двух пакойчыкаў у флігелі. Цярпеў многае. Чаго толькі вартыя зборышчы па дваццаць чалавек у адзін пакой! А сягоння гэтыя двое ўзялі ды ўзбунтаваліся, нагаварылі яму, гаспадару, непрыстойнасцей, забралі сваё барахло і пайшлі. A ўсё праз тое, што ён падсяліў ім трэцяга, працавітага работніка Тшарэня, таксама беларуса. 
   І вось прыйшлі новыя. З іх Грубэр запатрабаваў па трыццаць марак за пакойчык з вячэрняй кавай. Загадаў работніцы Марыхен напаіць... паноў кавай і заслаць ім пасцелі. 
   Палоннью пілі ў кухні каву, і высокі гутарыў з Марыхен. Марыхен пацікавілася: "А чаму беларус? Ёсць яшчэ хіба і чарнарусы?" — "Няўжо ж, — спакойна адказаў высокі. — Нас многа: і белыя, і чырвоныя, і вялікія русы". Марыхен сказала, што ёй усё роўна якія, добра ўжо тое, што не палякі, бо палякі наогул не людзі: "Яны выпорвалі нашым вочы, адрэзвалі языкі... О, праклятыя!.. Нам у школе пра гэта расказалі. Калі была вайна з палякамі, калі яны не хацелі аддаць нам нашага калідора і напалі на нас". 
   Высокі зморшчыўся, крутнуў галавою і горка ўсміхнуўся: "Ах, Марыхен, Марыхен!.. А ты не думала, што ўсё гэта проста мана? Брыдкая, шкодная мана. Гэта ўсё выдумалі тыя, каму выгадна, каб мы — я, значыцца, мой сябар, твой бацька і многа іншых людзей, — каб мы забівалі, калечылі, бралі ў няволю і мучылі адзін аднаго. А за што? А мяне летась галоднага накарміла адна добрая, разумная маці. Мяне і майго сябра, не гэтага, другога. І гаварыла нам, плачучы, што вайна — гэта страшнае зло, што ўвесь свет — адзін дом. Ёсць жа такая нямецкая прыказка? Вельмі разумная прыказка". 
   Марыхен, уздыхнуўшы, сказала, што і яе фаці гаворыць таксама, як гэты высокі беларус. Фаці ведае рускіх, ён быў там, калі яшчэ быў малады, у палоне. 
   Памяняла навалачкі на падушках, разаслала чысценькую, падзеленую канцікамі на квадраты прасціну і пажадала: "і спіце сабе тут кругленька, каб самі не былі кантовыя. Гэта — таксама прыказка. А як ты называешся?" — спытала раптам, паказаўшы пальцам на высокага. "Алесь" — "А ты?" і пальчык быў настаўлены перад другімі грудзьмі. "Я? Мазалёк", — сказаў меншы і дабрадушна ўсміхнуўся. Калі яна затупацела па ўсходах казінымі крокамі, меншы зноў усміхнуўся: "Дзяўчынка — цаны няма!" — "Пакута, браце Андрэй, а не Марыхен", — заплюшчыў вочы і крутануў галавой Руневіч.



Нам трэба воля

   Пачалося капанне бульбы — маёнткі і гросбаўэры, багатыя сяляне, стагналі без рабочых рук. Нятледзячы на гэтыя стогны, у шталагу тым часам пачалася вельмі дзіўная, загадкавая марока. Зноў з "ад'ездам дахаты", у СССР. З'явіліся нейкія людзі ў цывільным, зноў пачалі перапісваць, агітуючы, каб беларусы лепш запісваліся ўкраінцамі. "Я — беларус, — сказаў Алесь. — і вы пішыце так, як ёсць". 
   У шталагу, куды перавезлі палонных пасля перапіскі, Алесь сустрэў земляка — пана Самацэвіча, які да вайны гандляваў лёнам. "Душа, браток мой, ірвецца да нашай пракраснай бацькаўшчыны. Пакутуем вось тут, на чужыне, выгнанцамі. Навыраблялі там бальшавікі. 
   Якія цудоўныя людзі мусілі шукаць ад іх паратунку ў Вялікай нямеччыне!" — гаварыў Алесю Самацэвіч. 
    Сабраўшы натоўп, Самацэвіч даводзіў ужо не аднаму Алесю, а ўсім, хто прагнуў, як і ён, волі: "Трэба вам ведаць, браткі, і я растлумачу, як гэта будзе. Вяліканямеччына і фюрэр вельмі паважаюць наш беларускі народ, спрадвеку прыгнечаны, і хочуць даць вам, чалавеча, волю. Вы яшчэ ў гэту восень, браткі, будзеце звольнены з палону і пойдзеце на вольныя работы..." 
   Але натоўп загудзеў: "Ды што нам вольныя работы! Нам трэба воля! Дахаты чаму не пускаюць?" Самацэвіч даводзіў, што спачатку на волю, а пасля, дасць Бог, і дахаты, на бацькаўшчыну. 
   У тым натоўпе, што прагнуў волі, і сустрэў Алесь заходнебеларускага паэта Крушыну, з якім быў знаёмы яшчэ да вайны. Крушына і патлумачыў Алесю, што не такі ён, немец, дурны, каб адпусціць столькі рабочай сілы: "Волі, сапраўднай волі нам ад яго не чакай. Дык вось што кажа Масква. Каб вярнуцца, нам неабходна прыняць савецкае грамадзянства. Тады нас будуць адгэтуль патрабаваць. А як ты прымеш яго, калі пішаш у тое паўпрэдства дый не верыцца, што дойдзе. Мне і адрас напісалі сябры, і напісаў я ў Берлін, паўпрэду нашаму, з месяц ужо, а адказу няма..." 
   Пра Самацэвіча, якога палонныя празвалі Бязменам, Сяргей Крушына сказаў, што ён — адзін з тых, душа іх халуйская вон, "эмігрантаў", якія паўцякалі ўвосень трыццаць дзевятага сюды ды сабраліся ў Берліне ў нейкае там сваё "беларускае прадстаўніцтва". "Што там за прадстаўніцтва — ліха іх ведае. Самацэвіч назваў неяк два прозвішчы —Акінчыца і Астроўскага, — і нам з Мазальком прыпомнілася шмат чаго па Вільні. Фашысты нашыя, беларускія. Вось іх немцы цяпер і ўзялі памагатымі. Нас, брат, звальняць", — патлумачыў Крушына. 
   Алесь працаваў у другім гарадку за сем кіламетраў ад шталага на заводзе крышталю. І тут, як на ранейшых камандах, Алесь наладзіў вучобу. 
   Рэдка хто з хлопцаў скончыў сямігодку: каго бяда спыніла на пятым класе, каго на чацвёртым, хто з трэцяга хадзіў за чужымі хвастамі, хто, як той Бутрым ("Ах, Уладзік, Уладзік, дзе ты цяпер?!"), адзін-адзінюткі скончыў. Дый школа была чужая, польская. Тут, у няволі, жылі яны думкай пра тое, што ўсё-такі дахаты вернуцца, і таму прапанова Руневіча — вярнуцца туды пісьменнымі па-свойму — усім прыйшлася да душы. 
   Пісьмы з дому пайшлі часцей. Пачалі з'яўляцца нават пасылкі. Святое гэтае дабро, далёкую хатнюю ласку спажывалі хлопцы камунай. 
   "Звальняць" іх прыехалі ў снежні. Пажылы унтэр-афіцэр на добрай рускай мове даводзіў, як гэта выгадна: работа тая самая, а плаціць будуць удвая, ніякіх вахманаў, можна наняць сабе кватэру, купіць цывільны касцюм... Робіцца гэта з высокіх меркаванняў гуманнасці, так уласцівай Вяліканямеччыне і фюрэру. 
   Аднак усе адмовіліся падпісваць дакумент. Рахманы пехацінец з Браслаўшчыны сказаў: "Якога вы мяне сюды ўзялі, такога і адпускайце дахаты, у Беларусь". На абяцанне афіцэра, што "придет время — поедешь в свою Беларусь", адказаў: "Я ўжо лепш пачакаю, калі яно прыйдзе, тое ўрэмя". 
   Руневіч успомніў тую сцэну з "Уваскрэсення", як Няхлюдаў прыехаў раздаць зямлю, а сяляне не захацелі нічога падпісваць. І ў нашых мужыкоў тое ж самае: чаго не ведаю — нават і крыжыкам не падпішу. І нямецкая вёска пра тое ж самае гаворыць: "Чаго баўэр не ведае, таго і не жарэ". 
   Унтэр расцаніў гэта як бунт, прыгразіў "учителю" Руневічу карай за падбухторванне да бунту, а напаследак сказаў: "Хамы вы, вот что я вам скажу. Хамы и дураки! Освободим мы вас и так, без вашей подписи. Никуда вы от нас не уйдете!.." 
   Алесю неабходна было параіцца з Крушынам, дабрацца ў шталаг. 
   Дзеля гэтага ён "захварэў" — хітрасць удалася. І на чацвёрты дзень Руневіч апынуўся ў шталагу. 
   З усяго, што тут адбылося за тры месяцы, Алеся найбольш уразіла... добраахвотнае звальненне Мазалька!.. 
   Крушына патлумачыў, што Андрэй зрабіў для ўсіх найважнейшую справу. Маўклівы Мазалёк пайшоў на "волю" — нібы ў разведку, цяжкую і небяспечную. Атрымаўшы "вольную", Андрэй на сабраныя з усіх самых надзейных хлопцаў грошы купіў цывільны касцюм і шмыгнуў цягніком у Берлін — у савецкае паўпрэдства. Расказаў, што і як, паказаў тыя дзве паперкі, што выдаюцца звольненым. 
   І таварышы з консульскага аддзела сказалі: не атрымаўшы савецкага грамадзянства, дахаты не вернешся; седзячы за дратамі, дамагацца грамадзянства вельмі цяжка, амаль немагчыма. Дык што ж, звальняйцеся, будзем прасіць грамадзянства, а атрымаўшы яго — паперкі гэтыя, якіх вы так баіцеся, можна будзе выкарыстаць... Ну, на што хто захоча..." 
    "Звальненне" палонных ішло поўным ходам, але, як даходзілі чуткі, і ўпіраліся таксама многія. Іх апрацоўкай займаліся унтэр Лёмаз і "настаяшчы беларус" Бязмен. На Бязмене была яшчэ і цэнзура пошты, дзеля чаго яму прыслалі з Берліна, з "беларускага прадстаўніцтва" двух памочнікаў — Карнача, які вучыўся раней у львоўскай політэхніцы, і сарамлівага Сароку, які закончыў агранамічны факультэт Віленскага універсітэта. 
   Як ні цяжка было, седзячы за кратамі або на камандзе, старацца атрымаць савецкае грамадзянства, работа гэтая вялася ўсё ж такі паспяхова. Кожны палонны павінен быў перш за ўсё напісаць у паўпрэдства заяву, атрымаць адтуль тры анкеты, запоўніць іх, прылажыць тры фотаздымкі, напісаць дахаты, каб адтуль у паўпрэдства выслалі дзве даведкі, завераныя сельсаветам: адну на тое, што такога-та сапраўды ёсць каму дома прыняць, а другую аб тым, што ён не належаў пры Польшчы ні да якіх антысавецкіх арганізацый. Справа з паперамі, як для нявольніка, — вельмі нялёгкая. 
   Цяжка было весці растлумачальную працу, яшчэ цяжэй атрымліваць анкеты і адсылаць іх назад у паўпрэдства праз лагерную пошту. Цэнзары рабілі сваё, і з імі трэба было змагацца. 
    Трайному Марціну (Трайным яго ахрысцілі па той простай прычыне, што называўся ён Марцін Марцінавіч Марціновіч) даручылі прыручаць, улагоджваць Бязмена. Дапамагаў яму гэта зрабіць Жан Папёлак, старшы кухар у французаў. Кемлівы і вясёлы дзядзька Марцін вельмі хутка выявіў даўнюю схільнасць "настаяшчага беларуса" да чаркі, даставаў яму гэту чарку і пры ўсякім выпадку запэўніваў, што ўсе шчырыя беларусы хутка пойдуць самі на волю, што яны між сабой называюць пана Самацэвіча Банькам, бо спадзяюцца на яго дапамогу. Так з лёгкай рукі Марціна да Бязмена прыліпла яшчэ адна мянушка — не менш з'едлівая. І Бацька пачаў на многае глядзець праз чарку, абыякава. Французскія сардзіны і іншыя прысмакі, што пастаўляў Жан Папёлак, толькі спрыялі справе. І вельмі хутка Трайному Марціну ўдалося ўгаварыць узяць на пошту ў дапамогу Крушыну Алеся Руневіча. 
   Чытанне пісем з волі напамінала Алесю той чорны дэтэктарны прыёмнічак, якім ён два-тры гады назад, вечарамі ды з асцярогай, лавіў Мінск і Маскву, настойліва і прагна настройваўся на высокую, родную хвалю. 
   A ў пісьмах — чаго-чаго там не было! Сотні людзей, сотні вёсак — наперабой, жывымі галасамі ў большасці малапісьменных радкоў — расказвалі пра новае жыццё, доўгачаканае шчасце ўз'яднання з радзімай, пра першыя радасці волі. 
   Праўда, былі і такія пісьмы, дзе за намёкамі, даволі празрыстымі, ныла нездавальненне новым ладам: "Жывём, сынок, як у нас жыла пры Польшчы Ганна Заморкава, а скора будзем, мусіць, жыць і яшчэ лепей... Калі табе, сынок, як ты пішаш, у бавара таго нядрэнна, дык і жыві, можа, здароў, не прыся ты сюды..." 
   Атрымліваў сяды-тады Алесь і пісьмы ад сваіх. Толя проста яму, па яго просьбе, прыслаў дзве даведкі. У адной сухімі словамі гаварылася, што ён, Алесь — сапраўдны сын і брат сваіх родных, жыхар свае вёскі, з якое не па сваёй ахвоце пайшоў у далёкі, суровы свет. А другая сведчыла, што ён чысты перад сваім народам і "ні да якіх антысавецкіх арганізацый не належаў". 
   Гэтыя даведкі — так і не нацешыўся імі ўдосталь — Руневіч далучыў да запоўненых анкет, дэкларацый і фотаздымкаў і паслаў у паўпрэдства. 
   Алёся хвалявала толькі адно — справа сапраўднай волі, савецкага грамадзянства! Адзін з французаў, сівы масье Пуатвэн, упадабаў чамусьці бялявага, дужага, інтэлігентнага з выгляду "рускага" і даволі часта гаварыў яму не ехаць у Савецкі Саюз, бо там толькі трэба шмат працаваць. "А галоўнае, малады чалавек, у нашым жыцці — гэта грошы. У Францыю паедзем — гэта край, малады чалавек!.." і здзіўляўся стары фінансіст, нават вельмі здзіўляўся, што гэты дзіўны юнак, гэты проста сялянскі сын (Алесь казаў яму) смяецца з яго прапановы — і сам, і разам з масье Крушына. 
   Аднойчы Алеся нечакана выклікаў у Бязменаву канцылярыю Карнач. "Ёсць прапазыка, браце Руневіч. Ідзі ты працаваць у "Раніцу". Работа лёгкая і грашаўная. Творчасць. Адно тваё, браце, слова, што згода, і заўтра будзеш у Берліне. Як?" 
   Ісці на працу ў рэдакцыю газеткі, якую выдае той зброд, што ўцёк з радзімы і па-фашысцку яе ненавідзіць, — гэта было ўжо куды больш канкрэтна, чым прапанова масье Пуатвэна. 
   "Вы ведаеце, пане Карнач, што я ўжо раз уцякаў. І я хачу, як і дагэтуль хацеў, аднаго — дадому", — сказаў палонны. Ён яшчэ ўчора ведаў, што падобная гутарка вялася перш за ўсё з Крушынам. Праз тыдзень Алесь, Крушына, Печка і Трайны Марцін выйшлі з-за лагерных дратоў — на заводы. На чужую, часовую, небяспечную "волю". 



Было гэта ці не?

   Крушыну паслалі на заводзік цэментавых труб; Печка і Трайны Марцін трапілі на фарфоравы завод, а Руневіча прызначылі на гуту, да Андрэя. Цяпер яны працуюць разам другі тыдзень, жывуць у адным пакойчыку пяты дзень. Алесь з Андрэем працавалі на гуце "майстрамі" — куды хто пашле. Усе тут працавалі, можна сказаць, па запаведзі: панскі дзень да вечара. Усе хапаліся за працу і, хто як мог, старанна рабілі выгляд, што вось так працуюць заўсёды, толькі калі з'яўляўся хто з начальства. Ад батракоў Алесь пачуў і яшчэ адну прыказку, народжаную, відаць, таксама на чужой і нялюбай рабоце: "Праца салодзіць жыццё, а лянота ўмацоўвае косці". 
    Былі, аднак, і такія рабочыя, што і без нагляду працавалі ад усёй душы. Але найбольш агідна, што ёсць такія не толькі сярод немцаў-батракоў, але і сярод палонных. Чужы дурань — смех, свой дурань — сорам. 
    Такім вось дурнем быў Букраба, які ляжаў зараз скрываўлены і раскрыжаваны на падлозе ў дзяжурцы. Прахадная была забіта людзьмі, апанаванымі жахам... 
    Як выявілася, справа была ў яго славутай працавітасці, сіле, азарце, чым ён вельмі любіў выхваляцца перад рабочымі і начальствам. І немцы яго хвалілі ці смехам, ці сур'ёзна, а ён не вельмі хацеў разбірацца: абы хвалілі, і пабольш. І на сённяшняй звышурочнай пагрузцы шкла Букраба, Штэфан, як называлі яго немцы, праявіў выключную шчырасць у працы і рупнасць пра казённае дабро... 
    Вялізная скрыня аконнага шкла пахіснулася — вось упадзе!.. Усе шыбанулі ў бакі, а Штэфан падскочыў адзін — падпёр яе плячыма. Яна, вядома, перамагла. Ён кінуўся ўбок, але позна... Андрэй злаваўся: "І чым толькі людзі не хваляцца! У нашых Глінішчах быў такі абармот Ванька Пуп. Заганарыўся неяк, што ніхто яго не адцягне за вушы ад сцяны. Ахвотнікі заўсёды знойдуцца. Цягалі яго на вячорках — колькі каму хацелася, другі яшчэ і каленам упрэцца ў жывот. Хваляць Пупаву сілу, а той і болю не чуе ад радасці. І не верыць, не знае, што дурань". 
    Слухаючы Мазалька, Алесь думаў пра другое: дзе быў гэты Штэфан, калі набіралі ў паліцыю, бо менавіта з такіх Букрабаў немцы набіралі добраахвотнікаў, каб было больш орднунгу. Далі такім больш бурды, па жоўценькай павязцы на рукаво, па інтэлігентнай палцы з пятлёй на руку — і пахаджалі такія Штэфаны ў натоўпе. Алесь у душы радаваўся, што з нашых ніхто не пайшоў у такія ахоўнікі нямецкага орднунгу. 
    Што да Букрабы, то ён быў душой іншай кампаніі. Той, якая кожны тыдзень у пятніцу, атрымаўшы зарплату, цэлую ноч не выключала святло ў "інтэрнаце". Там стаяла п'яная ад пітва і карцёжнага азарту лаянка. A ўранні вялыя гулякі выпаўзалі з накуранай, непрыбранай, поўнай мух адрыны да вагонаў вуголля і соды, што раз'ядала вочы і лёгкія, і дзень іх жыў успамінамі ночы. Таму тыя, каму на гэты раз не пайшла карта, прачыналіся з думкай, у каго б гэта перахапіць пару пфенігаў на снеданне. Каму ж пашанцавала, той або пра гэта толькі і балбатаў, або планаваў, дзе і з кім прагуляць удачу. Калі выйгрышу хапала, скажам, да панядзелка, дык ужо да пятніцы трэба было ўтрымацца на хвалях. Мазалёк спрабаваў, вядома, змагацца з бязладдзем, угаворваў і паказваў прыкладам, як сябе трэба паводзіць на людзях і дома. Аднак аднаго яго ці двух-трох не вельмі актыўных аднадумцаў было замала, каб перайначыць што-небудзь, завесці людскі парадак, як на лепшых камандах. Мазалёк ледзь не плакаў, калі глядзеў на ўсё гэта: "Завошта з сябе так глуміцца? Срамота, як той харват казаў". Людзі сваім ганарацца, даводзіў і Алесь. А Мазалёк расказаў, як адзін харват крычаў на сваіх суайчыннікаў, якія счапіліся біцца: "Тут французы, тут рускія, ты разумееш? Тут всі народы глядзяць! Ах срамота, срамота!.." 
    А наш Букраба любіў верхаводзіць нахабнай, дурною гаворкай: "Ого, немец! Ты з ім зраўняешся? Культура, парадак!.. Рабі вось, калі кормяць, і маўчы. Анкеты-шманкеты!.. Што ты мяне агіціруеш!.. Кончыцца вайна, тады і паедзем дахаты. Ін-ці-лі-ген-цы-я, маць вашу... пар-ніш-кі!.." 
    Вопыт падполля паказваў Андрэю, што такіх, як Букраба, лепш на ўсякі выпадак асцерагацца. І Мазалёк застаўся амаль зусім адзін са сваёй цвярозасцю, акуратнай вопраткай і пасцеллю, са сваёй гордай, непрымірымай культурнасцю і з прыкрым болем за землякоў. 
    Аднойчы на завод прыйшла стройная прыгожая брунетка і перадала даручэнне інжынера прыслаць чатырох рабочых, каб пераставіць раяль. Гэта была Іржынка, чэшка, якую ў вайну прывезлі сюды на работу, і яна служыць пакаёўкай у галоўнага інжынера. Усяго некалькі хвілін з Іржынкай, толькі адзін пацалунак, які Алесь успамінаў як нечаканы, неверагодны цуд. Было яно і сапраўды ці не было?.. Ну як жа не было, кал і на вуснах яшчэ — хоць закрывайся — гараць яе губы, пальцы яе — пад тваімі губамі. І вочы... 
    "Мілая слэчна, няўжо ж гэта ўсё — мімалётнае? Няўжо гэта было, а не ўявілася, калі я выйшаў?.." 
    І навошта яны ва ўсім свеце такія харошыя? Гарачая рознагалосіца пачуццяў — і няёмкасць, і гордасць, і патаемнае шчасце — зноў зашумела ў Алесевай галаве. 
    Прыгажосць Іржынкі ўсхвалявала не аднаго Алеся: і Мазалёк прыгадаў сваю каханую Агнешку, сваё нязбытнае каханне... На Алесева пытанне, ці прыгожая была яго Агнешка, Мазалёк адказаў: "Вельмі прыгожая. Як кожны... ну, сапраўдны чалавек... Такая... Ну, перш за ўсё... А можа, нават і на гэтую падобная... Як сабе хочаш, а справа не ў прыгажосці". 
    "У чым жа справа тады? — думаў Алесь. — Чаму яна ідзе са мной ледзь не ад самага нараджэння? Яна — ні з чым не параўнаная ў сваёй хвалюючай красе, непераможна вечная, хоць нібы часам і простая таямніца жыцця!" 
    Жанчына здавалася Алесю нечым амаль недасяжным у сваёй прыгажосці, яму не верылася, што ў адносінах з ёю, Жанчынай, усё выглядае так проста... 
    А недасяжнасць тая раптам абрынулася на яго душу вачыма, пацалункамі і шэптам пані Ванды, яго настаўніцы, яго прыгожай "другой мамы", у адносінах якой да яго адчуваў тое ненатуральнае, што было спачатку цьмяным, але з часам рабілася выразнейшым, чаго нават саромеўся, асабліва перад Толем. 
    Прыгадалася Ніна Чамірка, малодшая сястра Свіцязянкі-Лідачкі, што назвала яго калісьці сваім Светлячком, разлука з якой была для яго разлукай з родным светам. І ўсё ж свайго ён яшчэ ўсё чакаў — адзінага, сапраўднага і назаўсёды. 
    І навошта яны ва ўсім свеце такія харошыя?



Пасля аазіса

   Рыхтавалі Алеся ў дарогу трое — Крушына, Андрэй і Іван Непарэцкі. 
   Дома, на Гродзеншчыне, Іван быў Янкелем, сынам местачковага рымара Довіда — Ічэ, тры гады працаваў краўцом, а ў маленстве хадзіў у паўшэхную школу разам з Андрэем. Некалькі землякоў, якія ведалі яго, дружна ўвесь час гаварылі, што ён беларус. У выглядзе высокага бялявага маўчуна амаль зусім не было нічога семіцкага, і ён вось пратрываў два гады ў палоне, звыш агульнай нядолі носячы яшчэ і свой патаемны цяжар — горкі, балючы страх, што выкрыюць-такі, ну, а тады... 
     Пра страшную долю нямецкіх яўрэяў Янкель чуў яшчэ дома, да арміі. Першы масавы пагром у лістападзе трыццаць восьмага года, дыскрымінацыя, гета, раз'юшаная антысеміцкая прапаганда... Не давала спакою пытанне: куды падзеліся ўсе хлопцы-яўрэі, што як салдаты польскай арміі таксама трапілі ў палон? Фатальнае пытанне: "Дзе нашы?" — магнітам цягнула на бераг бяздоннай прорвы яго адзінапляменніка баранавіцкага цырульніка, які жыў пад іменем Ігната Богуша. Той не стрываў і прызнаўся, хто ён. Праз месяц хлопца пагналі з лагера, каб і за ім зачынілася жудасна-таямнічая брама з двух слоў: "Дзе нашы?" Непарэцкі трымаўся. На заводзе сваім, як ні цяжка было без прывычкі да грубай работы, Іван завіхаўся, і яго хвалілі. І нідзе не паказваў, што мову нямецкую ён разумее добра. 
    Узяўшы даведку — вызваленне ад работ у прыватнага ўрача, адзеўшыся ў касцюм Івана, Алесь рушыў у дарогу, адкуль пачнецца нарэшце ягоны шлях на Радзіму!.. 
    Страхам працінала сэрца, калі затрымаюць і заглянуць у партфель, дзе ў яго столькі анкет з нейкімі дзіўнымі, напалавіну салдацкімі фотаздымкамі. Мазальку некалі было прасцей, бо ў яго быў у запасе козыр, калі б затрымалі: іду ў "беларускае прадстаўніцтва". Ён быў без анкет, яму яшчэ можна было... 
    Нарэшце Алесь трапіў ва ўтульны закутак, частку вялікага роднага свету — аазіс у горкай пустыні няволі. Пра гэта гаварыў і партрэт Леніна на сцяне. 
    Перадаўшы пачак новых анкет і дэкларацый, Алесь расказвае таварышу Зяблікаву пра голад, холад, здзекі, тугу, штафкампані, уцёкі, паднявольную працу і прымусовую "волю" — пра ўсё, з чаго складваецца палон, чым жылося тут, чым жывецца... Ён дарваўся, нарэшце, ён дачакаўся, што ёсць каму слухаць суровую аповесць Іх маладосці, што ёсць каму паскардзіцца і пахваліцца, праверыць: добра ці не мы зрабілі, таварыш?.. Бо мы ж хацелі, каб добра, найлепш!.. 
    Алесь нібыта забыўся, што паўгода таму, можа, нават на гэтым самым месцы седзячы, тое самае і гэтаму ж чалавеку расказваў Мазалёк. 
     У суседнім пакоі, куды перайшлі Алесь з Зяблікавым, каб зверыць анкеты, вісеў партрэт Сталіна. Прыгадалася шмат супярэчлівага, незразумелага і невытлумачальнага, што было звязана з імем Сталіна. Нават Крушына — падкаваны, вопытны — уздыхнуў аднойчы адносна дагавора не нападаць: "Верую, Господи, помоги моему неверию!.." 
    Гадоў з чатыры пасля таго, як пайшоў у СССР адзіны пасынкаўскі камуніст Цімох, адтуль прыйшло неяк пісьмо на імя яго маці. Міхаль, старэйшы сын сляпое цёткі Ганулі, які застаўся ў Маскве з грамадзянскай вайны, пісаў без лішніх намёкаў, што Цімоха забралі як польскага шпіёна і ворага народа. Міхаль пісаў: "Не першы ён і не апошні, дарагі наш брат і ваш, мамаша, сын Цімафей. У нас тут робіцца такое..." і больш ад Міхаля пісьмаў таксама не было. Рэпрэсаваны быў і старэйшы брат Алеся Сяргей. Няўжо і ён таксама "польскі шпіён", "вораг народа"? Той Сярожа, які вучыўся, каб стань савецкім інжынерам, пісаў такія харошыя пісьмы, так хваліўся савецкім жыццём?.. 
    Бясследна знік і Павел Сурага, найбольш аўтарытэтны ў моладзі змагар і пакутнік. Пайшоў "за кардон" і прапаў. Як жа ён адчуваў сябе на допытах, у судзе, у турме, а можа, і перад расстрэлам?.. Туды, куды ён імкнуўся ўсім сэрцам і дзе яго, Паўла, сустрэлі як ворага?.. 
    Таварыш Зяблікаў паводзіць сябе вельмі стрымана, слухае ўважліва, але і не абнадзейвае. Сказаў, што праз пару месяцаў, калі што не перашкодзіць, зноў пабачыцца тут з Руневічам. Параіў скарыстаць час да цягніка і наведаць славуты берлінскі заапарк. І ўсё ж узрушанасць дня, расчуленасць, хмельная радасць успамінаў пра аазіс, у якім ён пабываў гадзіну і сорак мінут, змяшалася з незадавальненнем, трывогай, няўпэўненасцю, нават злосцю на таго самага Зяблікава... 
     Вярнуўшыся з рызыкоўнай паездкі, стомлены бяссоннай ноччу і трывогамі, шчымлівымі ўспамінамі зноў свайго, роднага, Алесь заснуў. Разбудзіў яго Крушына: "Алеська, голубе, — вайна! Масква нарэшце ўдарыла!!"


Роднае гора

   Да Грубэра, дзе кватаруюць Алесь з Андрэем, прыйшоў Ота Шмітке, бацька Марыхен. Прыйшоў праведаць дачку, а заадно папрасіць Алекса не чапаць яго дзяўчынку, бо ён ведае іх, рускіх: "Рускі — гут, але рускі таксама бывае пляць. Бальшой пляць з жанчынай і дзеўкай". 
    Алекс стараўся як мог супакоіць старога. Паміж імі завязалася шчырая размова, настолькі шчырая, што работніца Эрна думае: "Чаму бо ён такі дурны, гэты Шмітке? Ён у гестапа захацеў? Сам галаву пад сякеру? Другія думаюць, але ж маўчаць..." Але Шмітке ("Кузнец — па-нашаму шмідт. А я Ота Шмітке, амаль тое самае") маўчаць не мог: яму хутка на фронт: "Я ўжо раз ваяваў. Я ўжо раз зарабіў. І я ведаю рускіх. Я ў першы ж дзень — рукі ўгару. 
    Дэзерцір? Напляваць! Золата, золата ўсё, камэрадэн!.. А мы... ну, так, я — рускага, а ён — мяне... За што? Гітлер нам абяцае кожнаму аўтамабіль. Мой сын, мой Вальтэр — салдат. Я таксама салдат. Два Шмітке — два аўтамабілі. Ха, ха, ха! Нашы вашых далёка загналі. І я вось плачу. Ад радасці? Я буду рад, камэрадэн, калі мы з Вальтэрам хоць ракам, але вернемся дахаты, калі я зноў убачу сваю сям'ю, хату, свае коні... А я ведаю толькі адно: за ўсё на свеце нашы з вамі, камэрадэн, кроў і пот. Нашы! Бо мы з вамі — армэ". 
    Некалькі першых дзён нямецкае радыё пра падзеі на Усходзе маўчала. Былі толькі заклікі, маршы. І ні слова пра поспехі... 
    Жах на душы палонных абрынуўся нечакана. Пасля некалькіх дзён маўчання радыё грымнула страшным трыумфам: "Усе атакі рускіх адбіты! Нямецкія войскі пайшлі ў наступленне!.." У доказ — назвы захопленых гарадоў. Неверагодна! Брэст, Беласток, Мінск, Львоў, Каўнас... У доказ — чорныя стрэлкі на картах, якія б'юць у вочы з кожнай сцяны, стрэлкі, што лезуць у сэрца ржавым жалезам — з кожным днём, з кожнай зводкай — глыбей і глыбей... У доказ — кадры кінахронікі. Па родным блакіце паўзлі белыя воблакі з папялістымі донцамі, а пад імі — сіва-зялёнай сталлю хваляваліся жытнія нівы. Так іх бачыў Алесь, хоць хроніка была не каляровая. 
    У летнім пыле гасцінцаў бясконца, нахабна, як на вясёлых манеўрах, ідуць, ідуць, зубаскаляць і тупаюць падкутымі ботамі вахманы... Гараць нявінныя хаты. Галосяць маці, плача дзятва. Гіне праца і хлеб... 
    A ў рэдкім сасонніку, каля пакінутых ці перавернутых гармат, ляжаць... валяюцца трупамі хлопцы, уткнуўшыся хто тварамі, хто астрыжанай патыліцай у стаптаную квяцістую траву... 
    Такія хлопцы, як Толя, як Косця Вярбіцкі, як Павел Сурага... І русыя, і чарначубыя, рыжыя калісьці дома — цяпер аднолькава спачвараныя вайной, яны ляжаць, уткнуўшыся ў траву, на радасць кінааператарам — спакойна... 
    І трэба было моўчкі, глытаючы горкую злосць і крывавыя слёзы, самотна думаць: што ж усё-такі зрабілася і што там робіцца — на Усходзе?! Няўжо нашы і праўда ўдарылі першыя? і так няўдала... Нас ашукалі, апярэдзілі?.. 
    Прыціхлі землякі, панылі душой ад зусім-такі незразумелых, страшных і ўсё новых ды новых поспехаў гітлераўскай саранчы, што ўжо дабралася аж да Смаленска... 
    Апроч агульнай бяды, аднаго для ўсіх роднага гора была ў Алеся свая бяда, свой адчай і свае прадчуванні... 
    "Мы пойдзем, Сярожа. Мы, браце, станем за сваё. Ды не хацеў бы я там, дзе мы пачнём з фашыстамі разлік, не хацеў бы сустрэцца з такім, скажам, Шмітке... А зрэшты — як ты пазнаеш такога? і як ён скажа пра гэта — салдат?.." — быў у Алеся і такі сумнеў. Крушына ж сказаў без іроніі: "Тваю гуманнасць прыйдзецца трохі адкласці. Кал і хочаш — у імя яе, за Чалавека мы будзем біцца насмерць!.. Мы будзем ваяваць з фашызмам, а не з немцамі..." 
    Рэзка змяніліся адносіны да палонных з боку немцаў. Германія радавалася, рагатала, гарлала тую самую "Гэгэн Руслянд", наладжвала фольксфэсты, на якіх рагатаў прыгажунчык Карнач, грымеў вантробным рогатам Бязмен. І нават свой браток-беларус Зданевіч, той, што летась Алесеву торбу выеў і рашыў здавацца, цяпер загаварыў адкрыта: "Так ім і трэба, бязбожнікам!.." Гэта ён — пра фронт, пра нашу бяду, бо бальшавікі ў яго млын вадзяны забралі. Расказваў пра Зданевіча Мазалёк са злосцю і агідай. 
    А на таварную станцыю пачалі прыбываць таварнякі. У вузкім, закратаваным акенцы таго, што спыніўся насупраць, Алесь убачыў вочы... Яшчэ... Яшчэ адны... Гэта былі вочы першых палонных чырвонаармейцаў. Хацелася змахнуць з таго акенца жалезную павуціну крат, зірнуць у вочы жывога, першага чалавека адтуль, абняць і спытацца: "Таварыш, браце, ды што ж гэта сталася? Як?.." 
    Некалькі дзён пасля таго, ідучы з работы, Алесь з Андрэем таксама зусім нечакана сустрэлі першую групу чырвонаармейцаў. Жах, недаўменне ў позірках. Толькі стомы яшчэ больш. Зноў хацелася крыкнуць ім роднае слова, заглянуць у родныя вочы і спытацца: "Дык што ж гэта, хлопцы?!" 
    У шталаг, вызвалены ад польскіх палонных, цяпер нагналі чырвонаармейцаў. Ясна стала толькі цяпер, чаму так, яшчэ з восені, немцы стараліся іх, беларусаў, "вызваляць"... 
 


Дзе твой народ?

   Як быў яшчэ хлапчуком, маці, прадучы кудзелю, расказвала Алесю, што смедюхі, якія на дварэ грабуцца разам з вераб'ямі, гэта жаўранкі. Тыя самыя жаўранкі, што вясною звіняць з паднябесся званочкамі. A ўзімку, халадамі ды завеямі, грабецца сабе ў конскім гноі ды толькі цвіркае. І нікуды ён не ляціць... Хлопчык не мог даць веры: "А дзе ж у жаўранка таго, што ў полі, чуб?" і мама патлумачыла: "А чуб твой як на зіму адрасце, так на вясну і аблезе. І смяцюх ператвараецца ў жаўранка!" 
    Шэрым смецюхом, што вось сядзіць ды толькі цвіркае, здаўся Алесю Змітрук Саладуха, зямляк з Навагрудчыны. Птушкай паляцеў бы ён туды, дзе авёс косяць, дзе бульбянішчы пахнуць, а каля градаў пройдзеш — есці захочацца. А як да справы — "я гэта ў кут". Хораша гаварыў Змітрук, што па ядзе ў няволі яшчэ можна пражыць, але ж нуда чалавека поедам есць. Але толькі гаварыў. Ад Алесевай прапановы рыхтавацца да палёту, а потым і ляцець разам — адмовіўся. Не пераканалі і Алесевы довады, што пакуль там гарыць, яны стаяць на гэтым беразе ды пазіраюць, як цяляты: "А маем мы права стаяць, чакаць, пакуль народу нашаму так цяжка?" — "А што ж ты зробіш, братко? Што мы з табою — адны тут сядзім? Сам бачыў у лагеры — людзей з усяго свету!.." — такім быў адказ Змітрука. 
    "Ляцець" вырашылі апоўначы. Ёсць такое рашэнне: Алесю і Андрэю рушыць у разведку. Прабяруцца — дадуць сігнал, што і як. 
    Як цяжка — чакаць, і як гэта радасна, трывожна — рыхтавацца да палёту! 
    Чамаданы ляжаць у парозе, адзін на адным. У іх па булцы хлеба ды па кавалку крывянкі. Там і рабочая вопратка: і пакідаць шкада, і хлеб з каўбасой не будуць так грымець. Цярэнь з яго прынцыпам "б'юць — уцякай, даюць — бяры, не даюць — пастарайся" вельмі скептычна ставіцца да намераў Алеся і Андрэя. Цярэню і тут добра, не толькі яда ёсць, але і жанчын удосталь, што для Цярэня немалаважна. Мазалёк стараўся ўбіць Цярэню ў галаву, што таму не пра жанчын трэба думаць, а пра дзяцей, якіх поўна хата, якія, можа, без кавалка хлеба сядзяць: "Пайдзі хоць лапцікі на зіму напляці"... Лаянка скончылася цынічным Цярэневым прызнаннем: "Мне таварышы твае трэба? Што я бачыў ад іх? Што бабу маю ў калгас загналі? Дзе мне добра — там і мае! Падумаеш — ён з немца смешачкі знайшоў, па-братаўся!.. А ты зраўняўся з Карначом? Ён хлопец абразованы. Жыве сабе, і ўсё. Ці з Самацэвічам, можа, зраўняўся, хоць ён, па-вашаму, Бязмен?.." 
    Тып гэты — з тых "землячкоў", якім пашанцавала натрапіць на цёплае месца, прыжыцца там і нават трохі распанець. Карты і п'янства Цярэню не падыходзілі. Культуру ён смакаваў у танным франтаўстве ("спраўнейшы, чым на ўсіх" касцюм, "зусім як залаты" ланцужок на гадзінніку — штампоўцы, туфлі жоўценькія, капялюш) і нерызыкоўным каханні. Карак і пуза, даволі грунтоўна нажытыя пры каўбасах. І фанабэрыстасць, якая проста чортведама адкуль узялася ў гэтага ціхага, як здавалася раней, непрыкметнага дзядзькі з-пад Ліды. 
    ...І вось яны спыніліся на момант, пераступіўшы, нарэшце, свой Рубікон, ужо Беларусь. "Немцы, я не пакіну вас там, за дратамі граніцы! У агонь нашых новых сустрэч я панясу і воблікі людзей, і вобразы пачвараў, паднятых або народжаных фашызмам!.." 
    "Як ты сустрэнеш нас, родная?" — падумаў Алесь. Нібы гэта была яшчэ не Беларусь. 
    "Што ж там з вамі, мае дарагія?" — неяк тупа, без болю. 
    "Як я знайду сваё месца, я — грамадзянін і чалавек? З братэрствам сваім, з вераю ў чалавека?.." 
    "Мы ідзём, радзіма. Туды, дзе ты — наша жыццё, журба і трывога..." 
 


Ноч напрадвесні

Эпілог 
    У той жнівеньскі дзень, кал і Алесь вярнуўся з Нямеччыны, яна сустрэла яго ля паpoга. Ён абняў яе, беражліва прыгарнуў да сябе. 
     Яна ж сказала яму першае, чаго не магла не сказаць: "А Толіка, сынок... няма..." Толя пайшоў на Усход у сорак першым. A весткі, хоць бы якой, няма. Алесь — у коннай разведцы партызанскай брыгады. З ім разам — Зміцер Саладуха, ужо наш Зміцер, не "энтлясан", не смяцюх! З двума другімі аднавяскоўцамі прыйшоў з-пад свае Любчы на Навагрудчыне ў атрад. "Там дык яны не ўсе, а некаторыя былі гітлеры. А тут — што ні немец, то гад. А з імі і нашы сабакі, каторыя ў паліцаях..." — гаварыў Саладуха. Ад яго даведаўся Алесь, што ўцяклі з палону Крушына, Печка і нехта яшчэ трэці: "Дальбог, браток, не памятаю хто..." 
    Крушына і Мазалёк у партызанах. Сяргей ужо і вершы друкуе ў газеце. Нядаўна сам Алесь убачыў. Усцешана і зайздросна... Бо сам ён толькі яшчэ ўсё "багацее", "набіраецца". А Мазалёк — цікава, хто ён цяпер: падрыўнік, пехацінец, разведчык?.. Пра трайнога Марціна і Непарэцкага не чутно нічога. Дзе яны? Як там Янкель — з яго няўцешнай трывогай?.. 
    Бутрым памёр у лагеры. Толькі такую вестку, без падрабязнасцей, прынёс яго жонцы зямляк, якому ўдалося ўцячы. Руневіч сам быў летась у той нясвіжскай вёсачцы, па якой тужыў калісьці Уладзік. 
    Убачыў Зосю яго, бачыў хлопчыка, сына Уладзіка. 
    Іхні камбрыг — кадравы афіцэр, капітан Івін. Яму таксама не пашанцавала: акружэнец. Арганізоўваў у вёсцы атрад, а потым быў арыштаваны. Уцёк з-пад расстрэлу. Ад самай ямы. Са звязанымі рукамі. Гэта здавалася б, можа, легендай, каб не было людзей, што самі бачылі, як ён бег пад кулямі да лесу, расказвалі, што самі развязвалі яго рукі... 
    Сёння брыгада ідзе нарэшце на тое мястэчка, на той "славуты", "непрыступны" гарнізон, на тых арыйскіх "фогеляў", гандляроў "бязменаў", што акапаліся, абгарадзіліся тут, на нашай зямлі... 
    "Праўду, народную праўду кажа, па-свойму проста, Змітрук: "Тут — што ні немец, то гад". І я ў Германіі бачыў нямецкі народ — і нелюдзяў, і людзей. Тут мы бачым фашыста-захопніка, забойцу, рабаўніка..." 
    "Спяшайся, Чорны, — мой новы, добры, яшчэ не заезджаны конь!.. Спяшайся, Чорны, — адстаём!.." 

Похожие статьи:

Янка БрыльУвесь свет — адзін дом (па раману Янкі Брыля "Птушкі i гнёзды")

Янка БрыльПтушкі i гнёзды. Сцюдзёны вырай. Аповесць першая

Пераказы, дыктантыСойка

Янка БрыльРаман Янкі Брыля "Птушкі і гнёзды". Вобраз Алеся Руневіча

Пераказы, дыктантыПтушкі шчасця