Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Драма

   Драма (ад гр. drama - дзеянне) -
   1. Род літаратуры, у аснове якога - паказ напружанага, скразнога дзеяння, вырашэнне канфліктнай сітуацыі.
Яшчэ Арыстоцель падкрэсліваў, што ў драме адбываецца "перайманне дзеяння...праз дзеянне, а не праз аповед..." У адрозненне ад лірыкі і эпасу ў драме аўтар не выяўляе сябе, калі не лічыць некаторых рэмарак (франц. remarque - заўвага) — аўтарскіх тлумачэнняў адносна месца і ўмоў дзеяння, знешняга выгляду і паводзін дзейных асоб, разлічаных найперш на стваральнікаў тэатральнай пастаноўкі па драматычным творы - п'есе.
   П'еса пішацца ў форме размовы двух (дыялог) ці некалькіх (палілог) персанажаў - дзейных асоб. Часам выказваецца адзін персанаж (маналог), прычым гэта выказванне можа выяўляць ход яго ўнутраных разваг (так званы унутраны маналог). Свае думкі і пачуцці, адносіны да пэўных падзей аўтар цалкам перадавярае дзейным асобам. Характары выяўляюцца толькі праз мову і ўчынкі, дзеянні (адсюль назва асобнай часткі драматычнага твора — дзея). Менавіта таму драма слушна лічыцца адным з самых цяжкіх родаў літаратуры.
   Важнай асаблівасцю драмы з'яўляецца і тое, што яна, як правіла, прызначаецца для пастаноўкі на сцэне, служыць літаратурнай асновай спектакля з яго спецыфічнымі сродкамі мастацкага выяўлення (ігра акцёраў, дэкарацыі, музыка, асвятленне і г. д.).
   Узнікла драма у Старажытнай Грэцыі, свайго росквіту дасягнула ў творчасці Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, Арыстафана і інш. Вялікі ўклад у развіццё драматургіі ўнеслі Шэкспір, Мальер, Пушкін, Гогаль, А. Астроўскі, Ібсен, Шоў, Брэхт і іншыя выдатныя еўрапейскія драматургі. Яны выкарысталі мажлівасці ўсіх відаў драмы - камедыі, трагедыі, драмы (у вузкім значэнні).
   Беларуская літаратурная драма бярэ свой выток з народнай драмы ("Цар Максімілян"), пастановак батлейкі - народнага лялечнага тэатра, у якіх рэлігійны змест нярэдка раствараўся ў сцэнах з сялянскага жыцця. Як правіла, другая палова батлейкі з яе традыцыйнымі дзейнымі асобамі (селянін Мацей і яго жонка, шляхціц, цыган, яўрэй, доктар і інш.) цалкам вытрымліваліся ў сатырычна-парадыйнай манеры.
   Бытавала драма і ў сярэдневяковай беларускай літаратуры ("Камедыя" Каятана Марашэўскага, "Доктар па прымусу" М. Цяцерскага і інш.). Прычым у п'есы паміж іх асобнымі дзеямі, а часам і ўнутры дзеяў устаўляліся інтэрмедыі (ад лац. intermedius - той, што знаходзіцца пасярэдзіне) - невялікія сцэнкі ці п'ескі, звычайна камічнага характару, напісаныя размоўнай мовай ("Селянін і студэнт", "Чорт Асмалейка", "Іван і царкоўны вартаўнік" і інш.). Росквіт драмы у пазнейшы час звязаны з Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам ("Залёты", "Ідылія"), Янкам Купалам ("Паўлінка", "Прымакі", "Тутэйшыя"), К. Каганцом ("Модны шляхцюк"), Уладзіславам Галубком ("Пісаравы імяніны"), Францішкам Аляхновічам ("На Антокалі", "Цені", "Няскончаная драма"), да якіх затым далучыліся Кандрат Крапіва, К. Губарэвіч, А. Маўзон, Андрэй Макаёнак, Мікола Матукоўскі, Аляксей Дудараў, Алесь Петрашкевіч, А. Дзялендзік і іншыя беларускія драматургі.
   2. Драма - адзін з відаў драматычнага роду літаратуры (побач з камедыяй і трагедыяй), твор, у аснове якога - востры канфлікт, што не канчаецца, аднак, трагічнай развязкай ("Раскіданае гняздо" Янкі Купалы, "Партызаны" Кандрата Крапівы, "Радавыя" Аляксея Дударава і інш.).

Похожие статьи:

Іван ШамякінІван Шамякін - Драма

ДДрама абсурду