Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Паэма
Паэма (гр. poiema, ад poien - тварыць) — адзін з відаў ліра-эпічнай паэзіі; вялікі па свайму памеру вершаваны твор, у якім важныя праблемы рэчаіснасці раскрываюцца адначасова эпічнымі (наяўнасць у творы сюжэта, персанажаў) і лірычнымі (вобраз лірычнага героя, шматлікія лірычныя адступленні) сродкамі.
У паэме прысутнічаюць нярэдка і элементы драмы ў выглядзе скразнога напружана-канфліктнага дзеяння, маналогаў і дыялогаў. Падчас гэтыя элементы пераважаюць настолькі, што ўзнікае своеасаблівая разнавіднасць - драматычная паэма, якая будуецца, як і звычайная п'еса, у дыялагічнай форме ("Адвечная песня", "Сон на кургане" Янкі Купалы, "Святло з Усходу" Петруся Глебкі, "Xамуціус" Аркадзя Куляшова).
Разам з тым пэўная ліра-эпічная раўнавага ў паэме можа парушацца на карысць эпасу, і тады мы маем справу з эпічнымі паэмамі. Да іх належаць старажытнагрэцкія "Іліяда" і "Адысея", асобныя рускія быліны, украінскія думы, "Слова пра паход Ігаравы", "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча, "Новая зямля" Якуба Коласа.
У лірычных паэмах, наадварот, пераважае лірыка як характар светабачання і спосаб адлюстравання жыцця ("Патрыятычная песня" Пімена Панчанкі, "Штодзённы лістапад" С. Гаўрусёва, "Лясная песня" Алега Лойкі).
Аднак такое "парушэнне раўнавагі" - з'ява не асабліва частая. Звычайна мы заўважаем у паэме своеасаблівую гармонію лірычнага, эпічнага і драматычнага пачаткаў.
Беларуская паэма узнікла як паэма эпічная. Яскравым яе ўзорам з'яўляецца сярэдневяковая "Песня пра зубра" Міколы Гусоўскага (на лацінскай мове).
Новая беларуская літаратура распачыналася ананімнымі бурлескна-травесційнымі паэмамі "Энеіда навыварат" і "Тарас на Парнасе". Дзевятнаццатае стагоддзе нарадзіла рамантычную паэму ("Мачыха" Адэлі з Устроні, "Вечарніцы" і "Купалле" Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча), якую на пачатку XX ст. распрацоўвалі Янка Купала ("Магіла льва", "Бандароўна", "Яна і я") і Якуб Колас ("Сымон-музыка"). Аднак у гэты час пануючае становішча пачынае займаць паэма рэалістычная. для якой характэрна тыповасць характараў, абставін, праблем, што адлюстроўваюцца паэтамі.
Дасягненні беларускай літаратуры XX ст. у значнай ступені звязаны з актыўным развіццём рэалістычнай паэмы, яе разнастайных відаў і форм. Пашырэнне атрымалі наступныя жанравыя разнавіднасці паэмы: героіка-патрыятычная ("Безназоўнае" Янкі Купалы, "Сцяг брыгады" Аркадзя Куляшова), героіка-рэвалюцыйная ("Песня пра сухар" В. Таўлая, "Нарач" Максіма Танка), сацыяльна-палітычная ("Голас сэрца" Петруся Броўкі, "Балада Брэсцкай крэпасці" Рыгора Барадуліна), сацыяльна-бытавая ("Сто вузлоў памяці" Ніла Гілевіча, "Куфар" Ларысы Геніюш), гістарычная ("Каліноўскі" Максіма Танка, "Слова пра чалавечнасць" Уладзіміра Караткевіча), філасофская ("Яго вялікасць" А. Русецкага), сатырычная ("Xвядос - Чырвоны нос" Кандрата Крапівы, "Лявоніха" М. Лужаніна) і інш.
Моцны лірычны пачатак, павышаная эмацыянальнасць вершаванай мовы, характэрныя для паэмы, надаюць асаблівую важнасць аб'екту паэтычнага адлюстравання, пэўным чынам узвялічваюць яго. Менавіта таму паэмай зрэдку называюць нават празаічныя творы (раманы, аповесці), якія вылучаюцца асаблівым лірызмам, узнёслым пафасам, важкасцю і глыбінёй прадмета гаворкі. З такіх празаічных паэм можна назваць "Мёртвыя душы" М. Гогаля, "Педагагічную паэму" А. Макарэнкі, "Паэму пра мора" А. Даўжэнкі, "Чазенію" Уладзіміра Караткевіча, "Вандроўнае шчасце" К. Кірэенкі (падзагаловак: "Рыбацкая паэма") і інш.
Асобая разнавіднасць паэмы - творы, напісаныя верлібрам або празаічнай моваю, т. зв. паэмы ў прозе. Кнігу своеасаблівых паэм у прозе "Ахвярны двор"(1991) выдаў Янка Сіпакоў.