Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Фатаграфія Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча (1808-1884)

   У першай палове XIX ст., як бачым, усе без выключэння беларускія пісьменнікі змушаны былі пісаць на польскай, зрэдку на рускай і толькі ў выключных выпадках у асноўным дзеля асветы народа пераходзілі на беларускую мову, карэнную мову роднай зямлі, фактычна забароненую і пагарджаную. Інакш кажучы, беларускамоўная творчасць з прычыны адсутнасці беларускага друку была ў іх другараднай, амаль пазазаконнай. Першы, хто зрабіў яе асноўнай, хто, мужна пераадольваючы ўсе перашкоды, не зважаючы на вялікія матэрыяльныя страты, паставіў яе ў цэнтр сваёй увагі, быў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Так, ён таксама пісаў па-польску, калі хацеў давесці свае думкі да адукаванага грамадства. Тут ён не мог быць выключэннем. Але ён з настойлівасцю ўзяўся ўздымаць цаліну беларускага слова і стаў першым буйным беларускамоўным пісьменнікам.
   Нарадзіўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч 23 студзеня (4 лютага па новым стылі) 1808 г. у фальварку Панюшкавічы Бабруйскага павета Мінскай губерні ў сям’і маламаёмаснай беларускай шляхты гербу Лебедзь. Хлопчык рана асірацеў. Прабіцца ў жыццёвую дарогу дапамог яму ўплывовы дзядзька па мацерынай лініі, вядомы ў свой час гісторык і літаратар, магілёўскі архіепіскап Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, які ў 1798 г. стаў мітрапалітам рымска-каталіцкай царквы ў Расіі. Ён уладкаваў пляменніка ў Biленскую базыльянскую бурсу, а потым, як мяркуецца, у Пецярбургскі ўніверсітэт. Праўда, з-за невядомых прычын Вінцэнт хутка пакінуў вучобу. 3 1828 г. пайшоў на чыноўніцкую службу ў Мінску. Нейкі час служыў аканомам ў маёнтку Шчаўры Сенненскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці).
   У 1840 г. Дунін-Марцінкевіч набыў невялікі фальварак Люцынка (Люцінка) у Пяршайскай воласці Мінскага павета, дзе вырашыў заняцца гаспадаркай. Тут беларускі дудар пражыў да канца сваіх дзён. Як і многія іншыя беларускія патрыёты, ён быў «замешаны ў «мецяжы» 1863-1864 гадоў., за што больш за год сядзеў у турме ў Мінску, а потым знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Вялікую актыўнасць у паўстанні праявіла яго дачка Каміла, якая была саслана ў Сібір.
   Асеўшы ў Люцынцы, Дунін-Марцінкевіч займеў магчымасць заняцца літаратурнай творчасцю. Першымі яго мастацкімі творамі, напісанымі ў пачатку 40-х гадоў XIX ст., былі п’есы на польскай мове «Рэкруцкі яўрэйскі набор», «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада». Музыку да гэтых твораў напісаў малады Станіслаў Манюшка з дапамогай мінскага музыканта К. Кржыжаноўскага.
   У 1846 г. з-пад пяра пісьменніка з’явілася лібрэта камічнай оперы «Ідылія» («Сялянка»), накіраванай супраць франкаманіі. Гэта быў двухмоўны твор — паны гаварылі ў ім па-польску, сяляне па-беларуску: так, як і ў жыцці. Музыку да яе зноў стварылі Манюшка і Кржыжаноўскі. Опера з поспехам ставілася ў Мінску. Ролю Навума Прыгаворкі іграў сам аўтар лібрэта, за што і быў празваны імем свайго героя.
   У 50-х гадах XIX ст. Дунін-Марцінкевіч пачаў асвойваць новыя літаратурныя жанры — вершаваныя аповесці і апавяданні, прытым большасць з іх ён пачаў пісаць цалкам па-беларуску. Гэта «Вечарніцы», «Гапон», «Купала», «Шчароўскія дажынкі», «Травіца брат-сястрыца», «Быліцы, расказы Навума», а таксама вершы. У гэтых творах паэт шырока выкарыстоўвае беларускі фальклор, вераванні, звычаі, абрады свайго народа. У прысвячэнні аповесці «Купала» маршалку Бабруйскага павета Аляксандру Лапе аўтар, растлумачваючы, чаму ён складае свае творы на беларускай мове, даводзіць, што «праз іх наш селянін, будучы заахвочаны да навукі чытання, памалу разаўе свой розум, ахоплены дагэтуль цемрай...». Дзеля гэтага ж узяўся Дунін-Марцінкевіч і за пераклад паэмы-эпапеі Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», у прадмове да якой зноў падкрэслівае, што яго творы «маюць на мэце заахвочванне нашага селяніна, а таксама беднай літоўскай і беларускай шляхты да навучання...». Далей ён выказвае шкадаванне, што яны «не знайшлі дасюль, апрача некалькіх асоб, прыхільнікаў у гэтых заможных колах грамадства, якія паводле Бога і сумлення найбольш павінны былі б далучыцца да асветы непісьменных суайчыннікаў».
   Адным з найбольш значных твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча лічыцца фарс-вадэвіль «Пінская шляхта», напісаны на пінска-палескім дыялекце беларускай мовы. Напісаны ў 1866 г., твор гэты быў апублікаваны толькі пасля смерці аўтара — у 1918 г. У 1870 г. з-пад пяра пісьменніка з’явілася другая яго камедыя — «Залёты». Як і ў «Ідыліі», паны гаварылі ў ёй па-польску, а сяляне — па-беларуску.
   Сярод польскамоўных твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча варта адзначыць такія п’есы, вершаваныя аповесці і апавяданні, як «Неспадзяванка для майстрыц» (1855), «Апантаны» (1855), «Блаславёная сям’я» (1856), «Славяне ў XIX стагоддзі» (1856), «Люцынка, альбо Шведы на Літве» (1857), «З-пад Іслачы, альбо Лекі на сон» (1868), а таксама вершы.

К. Цвірка

 

Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.

Похожие статьи:

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічВінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пінская шляхта

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічТворчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічВінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Ідылія

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічВінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Прыпяць

Вінцэнт Дунін-МарцінкевічВінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пінская шляхта