Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Петруся Броўкі

   Без творчасці Петруся Броўкі (1905-1980) немагчыма ўявіць шляхі і тэндэнцыі развіцця беларускай паэзіі, увогуле гісторыю ўсёй нашай нацыянальнай літаратуры ХХ стагоддзя. У савецкі час Пятрусь Броўка быў шырокапрызнаны пісьменнік: яму былі нададзены званні народнага паэта Беларусі (1962), заслужанага дзеяча навукі Беларускай ССР (1975), прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы, ён стаў акадэмікам Акадэміі навук БССР, лаўрэатам самай высокай у былым СССР Ленінскай прэміі, а таксама неаднаразова адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР. Пятрусь Броўка займаў адказныя пасады ў пісьменніцкіх саюзах — у СП БССР быў старшынёй праўлення, а СП СССР — сакратаром праўлення. Шмат гадоў Пятрусь Броўка ўзначальваў выдавецтва Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (БелСЭ), якое стваралася пры яго непасрэдным удзеле і з’явілася значнай падзеяй у духоўна-культурным жыцці рэспублікі (цяпер "Беларуская Энцыклапедыя" носіць імя паэта).
   Нарадзіўся Пятрусь Броўка 25 чэрвеня 1905 г. у вёсцы Пуцілкавічы, што на Ушаччыне, якая таксама дала беларускай літаратуры такіх вядомых мастакоў слова, як Васіль Быкаў, Еўдакія Лось, Рыгор Барадулін. Лёс яго ў многім тыповы для нашых пісьменнікаў — сялянскіх сыноў, дзяцей беларускай вёскі. З маленства зведаў, што такое сялянская праца, хараство роднай прыроды, няпростае чалавечае жыццё. Калі будучы паэт авалодаў граматай, то дапамагаў складаць і пісаў лісты аднавяскоўцам, якія апынуліся на франтах Першай сусветнай вайны. У дзіцячыя гады ён пазнаёміўся з першымі беларускімі творамі Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама з тагачаснымі беларускімі часопісамі "Саха" і "Лучынка". Нядоўга вучыўся ў Лепельскім вышэйшым пачатковым вучылішчы, бо на яго навучанне ў сям’і не хапала сродкаў. З трынаццаці гадоў пачаў працаваць: быў перапісчыкам у валасным ваенным камісарыяце, справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасе, а затым — старшынёй сельсавета. Пасля Пятрусь Броўка трапіў на камсамольскую работу: працаваў загадчыкам аддзела ў Полацкім акруговым камітэце камсамола. З 1927 па 1928 г. — адказны сакратар газеты "Чырвоная Полаччына", куды раней ён дасылаў свае першыя допісы і вершаваныя творы. У гэтай газеце 18 жніўня 1926 г. быў змешчаны яго першы верш "Ой, не шапчы, мая бярозка...". З гэтага часу і пачынаецца творчая сцежка Петруся Броўкі ў вялікую літаратуру. Паваротным момантам у жыццёвай і творчай біяграфіі маладога тады паэта стаў прыезд у Мінск і паступленне на вучобу ў Беларускі дзяржаўны універсітэт на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта (скончыў БДУ ў 1931 г.). У сталіцы Пятрусь Броўка стаў актыўным удзельнікам літаратурнага жыцця, увайшоў у творчае аб’яднанне "Маладняк".
   На пачатку 30-х гг. ён выдаў кніжкі паэзіі "Гады, як шторм" і "Прамова фактамі" (абедзве — 1930), "Цэхавыя будні" (1931). Многія вершы з гэтых зборнікаў увасабляюць тыповую манеру і стыль паэтычнага выказвання, характэрны для паэтаў-маладнякоўцаў. Тут шмат гучных агульных выказванняў і заклікаў, бадзёрай аптымістычнай рыторыкі, абстрактнай планетарна-касмічнай вобразатворчасці: "Гэй, камсамол! // Дазорамі станем // На барыкадах сусвету змагацца"; "Мы — маладыя, як рэвалюцыя, // Поўны агню, як гартоўныя домны" (верш "Камсамольцам"). Малады аўтар паэтызаваў "цэхавыя будні", канстатаваў факты і падзеі, заклікаў "машыну любіць як сябе", услаўляў сацыялістычнае будаўніцтва. Крытык В. Бечык, пішучы пра творчае станаўленне паэта, справядліва адзначаў, што "не ўсё з ранніх твораў Броўкі вытрымала выпрабаванне часам. Не ўсё было арганічным, надараліся і публіцыстычныя перакосы, і рытарычныя спрашчэнні, беднаватая на паэтычны змест агульшчына". Бяда маладога тады Петруся Броўкі была ў тым, што як паэт ён вельмі моцна падпаў пад афіцыйны ідэалагічны ўплыў, быў летапісцам жыцця грамадства, паспешліва адгукаўся на павярхоўна зразуметыя патрэбы дня і заклікі партыі, выказваўся дэкларацыйна, мысліў схемамі і лозунгамі. I, вядома, не адзін Пятрусь Броўка пайшоў па такім шляху, шчодра аддаючы даніну часу, ідэалогіі, палітыцы (можна згадаць, як стараліся ісці "ў нагу з часам", радасна-ўзнёсла апявалі савецкую яву Міхась Чарот, Алесь Дудар, А. Александровіч, Пятрусь Глебка, Аркадзь Куляшоў і інш.). Вось даволі характэрны ўзор агульшчыны, ідэалагічнай рыторыкі: "Імчыць цягнік, яснеюць нашы далі, // Вядома ўсім — не спынімся мы тут. // Мы шчыра ўсе і горача віталі // Вялікім Леніным паказаны маршрут. // Хто на дарозе стаў? Дык ведай — сцеражыся!.." (верш "Гады, як шторм"). Лірыка Петруся Броўкі 30-х гг., развіваючыся ў рэчышчы грамадзянска-публіцыстычнай паэзіі, ва ўмовах даваеннага часу была шчырым выяўленнем веры маладога пакалення ў Леніна, камуністычную партыю і ідэі сацыялізму. Аднак як паэт ён не ўздымаўся над кан’юнктурай падзей і лозунгаў, не пазбегнуў паспешлівай апісальнасці. Актуальнасць, надзённасць радка, пафаснасць і агітацыйнасць голасу — вось да чаго імкнуўся паэт. Пра гэтае сваё імкненне ён прызнаваўся ў вершы "Тады пачынаю з пачуццямі спрэчку..." (1930):

Мне трэба, каб слова

падносіла цэглу,

а вершы ў альбом

і другія напішуць.

   Паэт адмаўляў інтымную лірыку — той жанр, у якім пазней выявіў сябе найбольш таленавіта і ярка. "Няхай і верш чарнарабочы ідзе да горнаў", — вось у гэтым бачыў практычную карысць і прызначэнне паэзіі малады Пятрусь Броўка. Ён далучыўся да тых паэтаў, для каго рыфма стала, кажучы словамі У. Маякоўскага, "лозунгам, штыком і бізуном". З "пачуццямі спрэчкі" пайшлі не на карысць паэтычнаму мысленню Петруся Броўкі.    Верш 30-х гг. "Вясновая размова", калі меркаваць па назве, павінен быць пейзажным. Аднак паэта не цікавіць прыгожае і вечнае, ён складае гімн "савецкай вясне": "Прымай, савецкая вясна, загады ад ЦК". Такой вобразатворчасці, памножанай на патэтыку, нямала і ў сталага Броўкі-паэта. Адзін з яскравых прыкладаў таму — лірычны верш пра радзіму "На родных месцах" (1957), у якім аўтар не змог абысціся без "ідэйнай" падсветкі: "Зыркім бляскам святла, // Думкай мудрага Леніна // На абшарах тваіх // Усё як ёсць апраменена".
   Шматлікія вершы, пачынаючы ад яго першага зборніка "Гады, як шторм" да апошняга "Савецкі чалавек’ (1982), нясуць у сабе дух партыйна-камуністычнай ідэалогіі. Асабліва багата ідэйна-палітычнай вершатворчасці, надзённа-рытарычных "прамоў фактамі" ў кнігах другой паловы 30-х гг. і канца 40—50-х гг. — "Так пачыналася маладосць" (1934), "Прыход героя" (1935), "Вясна Радзімы" (1937), "У роднай хаце" (1946), "Сонечнымі днямі" (1950), "Цвёрдымі крокамі" (1954) і інш. Адмоўна адбілася на яго творчасці так званая тэорыя бесканфліктнасці, і гэты негатыўны ўплыў яскрава выявіўся ў ідэалізацыі, спрошчаным паказе даваеннай і пасляваеннай рэчаіснасці, калгаснага жыцця, услаўленні культу асобы Сталіна (паэма "Хлеб", вершы "Падарунак’, "Думы аб правадыру", "Палессе", "Спеў новых дзён" і шмат інш.). Ідэалагічныя ўстаноўкі паўплывалі на змест аповесці "Каландры" (1931) і рамана "Калі зліваюцца рэкі" (1957). Цэнтральнымі ў многіх творах сталі вобразы камуністаў, Леніна, матывы ўслаўлення камуністычнай партыі, сацыялістычнага жыцця, Кастрычніцкай рэвалюцыі, ленінскіх спраў і г. д. Пералік назваў вершаў і паэм, а тым больш цытаванне характэрных, тыповых радкоў, якія сведчылі б пра "камуністычную высокаідэйнасць" Броўкавай паэзіі, можа заняць нямала месца: "Быць камуністам", "Смела, таварышы, ў ногу!", "Мая Савецкая Улада", "Светлы час", "Заўсёды з Леніным", "Дума аб бессмяротнасці" і шмат інш. Не дзіўна, што нямала Броўкавых твораў, якія нарадзіліся на патрэбу дня, сёння беззваротна састарэлі, але яны з’яўляюцца па-свойму красамоўнымі фактамі гісторыі беларускай савецкай літаратуры.
   Дык дзе ж па-сапраўднаму неўвядальны, найбольш па-мастацку глыбокі і непаўторны Пятрусь Броўка як паэт? Там, дзе ён апявае крыніцу і бор, дзявочую прыгажосць і сустрэчу закаханых, дзе дасягае інтымнасці, спавядальнасці і філасафічнасці. Бо эстэтычнае, духоўнае — штосьці генетычна невынішчальнае і першаснае, у адрозненне ад ідэалагічнага, наноснага. Пейзажная і любоўная лірыка ў 30-50-я гг. як бы ратавала паэзію, не давала ёй канчаткова забыцца на прыгожыя і вечныя пачуцці на зямлі, хоць на пэўны момант ці міг у тагачасных умовах выбавіцца ад нейкага наддухоўнага, надчалавечага існавання. Той жа Пятрусь Броўка, як бы ні крочыў "у нагу з часам", як бы ні палітызаваўся, добра бачыў і іншыя ўзоры мастацкай творчасці, не мог абсалютна заглушыць у сабе адчуванне прыгожага, пачуццё роднай прыроды. Хоць паэзія на вечныя тэмы ў даваенны час не віталася крытыкай, успрымалася як адыход ад надзённых праблем часу, Пятрусь Броўка узяў за арыенцір лірыку прыроды Якуба Коласа, традыцыі рэалістычна-канкрэтнага і вобразнага жывапісання. На гэты конт ёсць красамоўнае прызнанне самога паэта ў вершы "Якубу Коласу": "Я да зямлі прыпаў. // Твае гучалі словы. // Яны праўдзівымі, прыгожымі былі, — // Я ў іх вясну пачуў, напеў бароў сасновых // I сілу рэк Бярозы і Сулы". Асабліва значным крокам у паглыбленні эстэтыка-выяўленчага пачатку, лірычнага "я" аўтара стала кніга "Шляхамі баравымі" (1940). Пейзажныя вершы "Канец лета", "Дождж", "'Мяцеліца", "Бор" і некаторыя іншыя вылучаюцца ў даваеннай паэзіі сваёй вобразнай маляўнічасцю, прачулай рытміка-меладычнай інструментоўкай, іх радкі прасякнуты жывым чалавечым настроем:

Прабіўшы плыні духаты,
Пайшлі расліны ў рост...
I птушак жоўтыя, раты
Лавілі неба з гнёзд.

Маланкі стрэламі ўстаюць,
У бубен сыпле гром...
I я, захоплены, стаю
Абдожджаны кругом.
("Дождж")

   Асобныя строфы вершаў "Крыніца" і "Бор" набываюць філасафічнасць гучання, даносяць да нас важны духоўны сэнс.
   Вобразнай узнёсласцю, адухоўленай музыкай пачуццяў напоўнены вершы пра каханне. Словы паэта глыбока прапушчаны праз сэрца, якое выспеўвае самыя таемныя, прыгожыя і светлыя пачуцці:

Там ліпоўнік густы, светлавокі язмін,
Будземразам збіраць мёд з пахучых далін...
Сядзем потым спачыць пад лістом пад

        адным.

Згодна ты?.. Ты маўчыш...

Паляцім?! Паляцім!

("Гэты, кветкамі-пухам абсыпаны сад...")

   Каларытны жывапіс словам, тонкі лірызм пісьма якраз і сведчаць пра тое, што ў асобе Петруся Броўкі даваенная паэзія займела несумненна таленавітага паэта-мастака.
   Прыкметна ўзмужнеў талент Петруся Броўкі ў гады змагання з нямецка-фашысцкай агрэсіяй. "I выйдзе Беларусь з палону!" — рэфрэнам праходзіць патрыятычна-вызваленчая думка праз выдатны лірыка-публіцыстычны верш "Маці" (1941). Традыцыйным нацыянальна-фальклорным матывам сяўбы ў творы "Будзем сеяць, беларусы!" (1942) паэт сцвярджаў няскоранасць беларускага народа, веру ў вечнае красаванне жыцця на роднай зямлі. З лірычнай заглыбленасцю ў свет чалавечых перажыванняў напісаны вершы "Рана", "Спатканне", у якіх уражальна гаворыцца, што значылі для салдата-франтавіка радзіма, яе краявіды, вобразы блізкіх і родных людзей. Расстанне з роднай зямлёй і ўсведамленне чалавечай бяды, гора прынесла пакуты герою Петруся Броўкі.
   Трагедыйным зместам напоўнена балада "Надзя-Надзейка" (1943). Тужліва-журботная мелодыя жалейкі праходзіць праз увесь твор, які ўспрымаецца як песня-плач па загубленай ворагам беларускай дзяўчыне: "...Травы абсыплем чыстай слязою, // Чыстай слязою, // Быццам расою. // — Надзя-Надзейка!.. — кліча жалейка". Балада заснавана на фальклорных вобразах і паралелях: белая бяроза, горачка-гора, песні-вяснянкі, горкія слёзы і інш. У заключных радках верша чуецца пратэст супраць жудаснай вайны, якая ўчыніла гвалт і глум, растаптала каханне, а таксама гучыць матыў помсты ворагу.
   Невыпадкова ў ваенныя гады беларуская паэзія звярнулася да вобраза Кастуся Каліноўскага. У цяжкія, лёсавызначальныя моманты народ павінен адчуваць гістарычны грунт пад нагамі, мацаваць свой дух, звяртаючыся да гераічнай славы мінулага. У легендарным ключы напісаны верш-балада "Кастусь Каліноўскі" (1943). Герой гэтага верша — "сілай магутны, душою агністы" беларускі хлопец-партызан Каліна, якога за мужнасць і адвагу празвалі Кастусём Каліноўскім. Ён паўстае як народны заступнік, самаахвярны змагар з ворагам, і таму ўвесь беларускі край, яго людзі і прырода славяць героя:

Чакаюць крыніцы яго ледзяныя,
Лясы, паўзнімаўшы смыкі смаляныя,
Каб разам з вятрамі наладзіць вяселле,
Ударыць па струнах,
Па хвалях дняпроўскіх —
Што з вечнаю воляй
Прыйшоў Каліноўскі.

   Балада "Кастусь Каліноўскі" прасякнута свабодалюбным пафасам.
   У ваенны час Пятрусь Броўка стварыў некалькі эпічных твораў, сярод якіх лепшай лічыцца паэма "Беларусь" (1943). Самыя яркія мясціны твора напісаны з эмацыянальнай пранікнёнасцю слова, героіка-змагарніцкім і патрыятычным пафасам. Вельмі адметным з’яўляецца ў творы зварот да тых падзей гістарычнага мінулага, калі вырашаўся лёс нашага народа, яго свабоды і будучыні. Разам з тым у паэме прамаўляюцца словы ў духу таго часу, калі ў савецкіх людзей была вялікая вера ў ідэалы Кастрычніка.
   Асабліва ярка паэтычны талент Петруся Броўкі разгарнуўся ў 60-70-я гг., якія сталі надзвычай важным і плённым этапам у яго творчасці. Гэты час аказаўся ўраджайным на кнігі паэзіі — выйшлі ў свет зборнікі "Пахне чабор" (1959), "Далёка ад дому" (1960), "Між чырвоных рабін" (1969), "Калі ласка" (1972) і інш. Прыкметна пашырыліся абсягі творчага выяўлення паэта, узмацніўся гуманістычны пафас яго паэзіі. У 60-я гг. паэтаў голас пацішэў, зрабіўся задушэўна-цёплым, мяккім, сапраўды прывабным. Хоць паэт працягваў сплочваць даніну грамадска-палітычным тэмам, тым не менш верх у яго творчасці ўзяў лірызм ці, інакш кажучы, тэма душы, тэма лірычных настрояў і перажыванняў.
   Прыкладам самай высокай паэзіі ў творчасці Петруся Броўкі могуць служыць вершы "Пахне чабор...", "Як ліст дубовы...", "Ты, мая пчолка", "Калі надыдзе час спачыну..." і многія іншыя, у якіх ён паказвае сябе як выдатны майстар лірычнага слова. Цудоўна гучыць пейзажна-любоўная саната "Пахне чабор...". Верш прасякнуты элегічным пачуццём, у ім праз драматызацыю лірычнай інтанацыі раскрываецца туга чалавечай душы па былым каханні: "...Клікнуць хацелася — голас замёр. // Пахне чабор, // Пахне чабор...". Паўтор спалучэння слоў "пахне чабор" з кожнай новай страфой узмацняе эмацыянальна-медытатыўнае гучанне твора.
   Мілагучнасцю, шчымлівай пяшчотай напоўнены верш "Александрына", які, як і "Пахне чабор...", стаў цудоўнай песняй (непаўторна гэтыя вершы-песні загучалі ў выкананні знакамітага ансамбля "Песняры"). У памяці паэта ажыў вобраз дзяўчыны, якую ён пакахаў у юнацтве. Яна цвіла незвычайным хараством, запаланіла сэрца, але не здолеў тады хлопец адкрыта выказаць свае пачуцці. Праз гады каханне не згасла, уваскрэсла з мінулага як светлы і дарагі сэрцу ўспамін:

Цяпер магу прызнацца, тады пачаў кахаць,
Цябе з ніякай кветкай не мог я параўнаць.

Сказаць, што васілёчак, дык фарба ў ім адна,
Сказаць, што ты лілея, — сцюдзёная ж яна.!

Сказаць, што ты званочак... Ды ўсіх жа мала іх!..
Такою ты здалася ў семнаццаць год маіх

   "Пахне чабор..." і "Александрына" — лірычна-камерныя песні кахання, тыя адметныя ўзоры інтымнай лірыкі, якія створаны на хвалі спавядальнай шчырасці і пяшчоты.
   З душэўнай прачуласцю радка напісаны таксама вершы пра каханне ‘Ты мне здавалася адзінай...", "Памылка", "Калі руку на развітанне..." і інш.
   У сваіх паэтычных пейзажах Пятрусь Броўка з яркай асабовасцю светаўспрымання, вельмі вобразна і маляўніча раскрывае непаўторны воблік роднай зямлі. Мастак слова вядзе даверлівую, прачулую размову з лесам, дрэвам, пчалою, ён натхнёна і адухоўлена паэтызуе неба і раку, спевы птушак, поры года (вершы "Мая Ушачка", "Зімовыя малюнкі", "Восенню", "Раніцу люблю...", "Вясновы дождж", "Ты, мая пчолка", "Здаецца, дуб са мной гаворыць..."). Узнёсла-ўрачыстая музыка лесу гучыць у вершы Петруся Броўкі "Лясныя музыканты". Паэту чуецца цэлае сугучча галасоў, зыкаў, песень, і ён зачараваны гэтай сімфоніяй: "Паслухаеш — аж храм гудзе...". А спяваюць тут сасна і неба, рабіна і салавей, "усё як ёсць спявае". Паэт успрымае лес як храм, святыню, а такое ўзвышанае шанаванне прыроды было ўласціва заўсёды творцам-гуманістам, улюбёным у родны край (згадайма Міколу Гусоўскага, Якуба Коласа...). Пятрусь Броўка тонка, адухоўлена ўзіраецца і ўслухоўваецца ў прыроднае наваколле, складае хваласпеў красе і жыццю. Ён нязмушана запрашае ўсіх нас адчуць чароўную музыку навакольнага свету. Запытальныя інтанацыі верша будзяць жывы водгук у сэрцы:

Наш лес. Унікнуць толькі трэба —
Спяваючы, сасна расце.
А чулі вы — спявае неба?
А так, што месяц аж цвіце.

   Пейзаж у творы "Лясныя музыканты" палоніць адухоўленай паэтычнасцю і вобразнасцю.
   Музычны рытміка-гукавы лад вызначае і танальнасць верша "Белы барабаншчык" (1958). Тут выяўляецца парывістасць і ўздымнасць рытму, прычым паўтор аднолькавых гукаў, гука- і словазлучэнняў яскрава перадае суровасць зімовых стыхій — завірухі і марозу: "...Злосная мятлюга, // Злосная мятлюга // кружыцца, гудзе...". Музыка прыроды дае ўзлёт паэтавай душы, прыносіць вялікую радасць, паўнату адчування красы свету і жыцця (верш "Музыка"). Увогуле, напеўнасць, музычнасць — вызначальная рыса Броўкавай лірычнай паэзіі. I яшчэ. П. Броўка не толькі пясняр зямнога хараства, але і заступнік прыроды: "А быў бы рады я без меры, // Каб кожны верш у адрас твой // Мог супыніць змяю-сякеру..." ("Зварот да бярозы"). Крытык У. Гніламёдаў у сваіх успамінах сведчыць пра паэтаву любоў да прыроды ў рэальным жыцці:
"Пётр Усцінавіч... шчыра любіў беларускую прыроду, асабліва лес. Неяк пры сустрэчы, помніцца, Пётр Усцінавіч надта абураўся паводзінамі нейкіх турыстаў, якіх ён сустрэў каля Ждановіч. Здаравенныя хлопцы глуміліся над прыродай, псавалі лес.
   — Выйшлі з аўтобуса, ссеклі, разумеееш, чатыры маладзенькія сасонкі касцёр паліць. Я пачаў іх сароміць — дзе там! Доўга давялося ім тлумачыць...
   Нехта іншы, напэўна, абышоў бы бокам, не стаў бы звязвацца з гэтымі "турыстамі", а вось Пётр Усцінавіч палічыў сваім абавязкам умяшацца, каб заступіцца за безабаронную прыроду".
   Прырода на ўсё жыццё стала шчырай сяброўкай і лекаркай паэта, таму ён і прызнаваўся, што не бывае адзінокім, бо спяшае да лесу і адчувае сябе сваім у лясной сям’і (верш "Я адзінокім не бываю...").
   Значнае месца ў лірыцы паэта займае роздум пра маральны воблік чалавека, яго прызначэнне ў жыцці. Вельмі важны для Петруся Броўкі народны маральна-этычны кодэкс жыцця, згодна якому на нашай зямлі заўсёды шанавалася працавітасць, сумленнасць, асуджаліся хлусня і хцівасць, несправядлівасць і чалавечая подласць. Народны ідэал — гэта глыбока гуманістычная выверанасць поглядаў і ацэнак, і менавіта імі кіруецца ў сваім разуменні і асэнсаванні жыцця Броўка-паэт. У вершы "Аб сумленні" (1965) ён гаворыць пра неабходнасць унутранай чысціні асобы, яе сціпласць і высакароднасць:

Аб праўдзе не крычы бясконца
I выхваленне прэч адкінь,
А будзь такім... ну, як пад сонцам
Празрыстая нябёсаў сінь.

   Самаахвярна і без рэкламавання рабіць людзям дабро заклікае Пятрусь Броўка ў вершы "Дабро" — (1972). У сваёй маральна-этычнай скіраванасці думка паэта перагукаецца з біблейскімі запаветамі, адвечнай агульначалавечай мудрасцю. "Будь добрым к людям, и всегда добро к тебе вернётся", — пісаў паэт сярэдневяковага Усходу Джамі. У іншых вершах Пятрусь Броўка папярэджваў пра ненадзейнасць лёгка здабытай славы, нагадваў пра вечныя каштоўнасці, пра тое, што чалавек павінен бачыць свае недахопы і ўмець дараваць чужыя памылкі (вершы "Слава", "З нас кожны памыляцца можа...", "Даруй!"). Паэт не прымаў дэфармацыі чалавечых асноў жыцця. А яшчэ ён даводзіў, што, каб дайсці да мэты, трэба ісці па жыцці, пераадольваючы цяжкасці і нягоды, і мець пры гэтым моцную веру:

Няхай, абы ты верыў прагна,
Няхай жуда, няхай адзін,
Няхай каменне, твань і багна...
А ты ідзі,
А ты ідзі!..
("А ты ідзі")

   Многія з’явы жыцця ў творах Петруся Броўкі набываюць маральна-філасофскае асэнсаванне. Паэт спазнаў цану чалавечнасці і людской дабрыні, ён цудоўна ведаў, што такое душэўныя раны, слёзы радасці і гора, як саграе чулае, спагадлівае слова і як востра раніць абыякавы, раўнадушны позірк. У людской слязе яму бачыўся ўвесь чалавек, яго сутнасць:

Хто ў слёзах плача, хто смяецца,
Ды ў кожнае характар свой...
Ну, а прытворная здаецца
Пустою кропляй дажджавой!
("Слёзы")

   Пафасам маральна-духоўных шуканняў прасякнуты вершы "Хмарнеюць мае напевы...", "Ну што ж, бывае і заплачаш...", "Слёзы", "Раны" і многія іншыя з паэтычных кніг другой паловы 60—70-х гг. Яны напісаны з паглыбленай роздумнасцю пра сэнс чалавечага існавання, у іх — адбітак жыццёвага вопыту паэта. Пятрусь Броўка гаворыць, што зямны шлях поўны няпростых выпрабаванняў, і таму, нягледзячы на "пякучыя раны", галоўнае — гэта захаваць маральную трываласць і годнасць. Грамадзянскі абавязак паэт ставіць вышэй за ўсё, бо родная зямля і народ — тыя святыні, дзеля якіх варта пакутаваць і змагацца, трывожыцца і жыць:

Ды раны залечацца

часам гаючым —

І зноўку ад ран супакоіцца сэрца,
Няма ж больш трывожнай,

няма больш балючай,

Калі —

ўся радзім.а твая ў небяспецы.

("Раны")

   Для лепшых вершаў П. Броўкі маральна-этычнага зместу ўласціва натуральнасць і разважлівасць паэтычнай гаворкі, імкненне да абагульнена-ёмістых і афарыстычных высноў. Многім яго вершам характэрна лірыка-медытатыўная заглыбленасць, роздум пра перажытае і выпакутаванае, зямное і вечнае. Паэт умее стварыць малюнак філасофскага зместу, як, да прыкладу, у вершы "Журавы" (1957):

Адлятаеце часта чаго?
Валасы мае ўсе абмарозілі.
Колькі год вы з дзяцінства майго,
Колькі год
Вы з сабой паадвозілі?

   Матывы філасафічнасці гучаць таксама ў вершах "Усё жыццё — адно імгненне...", "Зялёны клён лістотай гушкаў...", "Гады, як часовыя госці..." і інш.
    "Голас сэрца" — адзін з лепшых эпічных твораў П. Броўкі і ўсёй беларускай паэзіі 60-х гг. Гэтая паэма прысвечана памяці маці паэта — Алены Сцяпанаўны. У гады мінулай вайны яе напаткаў трагічны лёс — разам з іншымі ахвярамі яна была вывезена ў фашысцкі лагер смерці Асвенцім (Польшча) і спалена ў печы крэматорыя (між іншым, гэткая ж жудасная фабрыка смерці існавала каля Мінска, у раёне вёскі Трасцянец, дзе гітлераўцы знішчылі больш за пяцьсот тысяч чалавек). Асвенцім стаў для ўсяго цывілізаванага чалавецтва сімвалам бяды і гора.
   Сюды, дзе людзей ператваралі ў попел, Пятрусь Броўка прыехаў у хуткім часе пасля вайны, у 1947 г. З паэтам Аляксандрам Твардоўскім ён пабачыў тое, што скаланула сэрца. "Мы хадзілі, — згадваў Пятрусь Броўка, — па змрочных бараках, дзе гінулі тысячы і тысячы, стаялі, апусціўшы галовы, ля печаў крэматорыя, праз якія прайшлі дымам сотні тысяч, схілялі галовы ля сцяны, дзе расстрэльвалі ахвяры, з нянавісцю глядзелі на вокны дома, дзе ў час пакарання іграў аркестр і весяліліся эсэсаўцы". Твор пра маці нарадзіўся не адразу, хоць балючыя ўражанні не давалі спакою. Паэма "Голас сэрца" была напісана толькі ў 1960 г.
   Пятрусь Броўка стварыў літаратурны помнік вялікай людской трагедыі. Радкі паэмы вырастаюць з глыбока асабістага болю, пакут чалавека, які назаўсёды страціў маці. Яе схапілі за сувязь з партызанамі, адправілі ў фашысцкае пекла (паланянцы выпалілі на руцэ нумар 61580), яна прайшла праз нечалавечыя здзекі і пакуты. Твор пранізвае журботны матыў сыноўняй бяды і невымернага гора.
   Паэту цяжка было паверыць у гібель маці, убачанае ў Асвенціме здавалася жахлівым сном:

Досыць мне ростані, родная, досыць,
Што ты загінула, — можа здалося.
Сенцы адчыніш, паклічаш у хату.
Можа, й не быў я ў тым месцы

праклятым...

   Паэт гаворыць з маці як з жывой, уваскрашае яе воблік у памяці: "Як пахлі рукі твае лебядою, // І хлебам жытнёвым, і сырадоем..." Ён вядзе нас на месца спаленай фашыстамі хаты, дзе квітнее "сінім аблокам бэзавы куст высокі, шырокі", які пасадзіла маці. Бэз паўстае як сведка матчынага жыцця:

Мне бэзавы куст як быццам гаворыць,
Як ты тут жыла ў бядоце, у горы,

Як на світанні ўранку ўставала,
На ўсход паглядала, нас ты чакала,

А мы былі дзесьці ў полымі бою.
Ты ж заставалася ў хаце адною.

   Вобраз маці паказаны ва ўсёй трагедыйнасці: яна — жанчына-пакутніца, адна са шматмільённых ахвяраў фашызму: "Маці! Адна ты!.. А вас жа — мільёны..."; "Там жа плач матак сабраны са свету...". Пятрусь Броўка знітоўвае свой уласны боль з трывогай за лёс жыцця і чалавецтва. Паэт заклікае абараніць свет, будучыню ад паўтарэння падобнай бяды, усім сэрцам жадае, "каб болей пакутаў людзі не зналі". Невыпадкова ён згадвае словы пісьменніка-антыфашыста Юліуса Фучыка: "Пільнымі будзьце!" "Голас сэрца" — паэма-рэквіем, напоўненая балючымі чалавечымі пачуццямі і прасякнутая антываенным пафасам.
   Пятрусь Броўка быў паэтам няўрымслівага творчага характару. "А верш, ён не дае спакою, // З грудзей ірвецца і крычыць", — такое прызнанне чуем у вершы "Вось узялі, падсумавалі..." (1965). Ён як бы і не меў сумневу наконт таго, што канчатковым суддзёй напісанаму з’яўляюцца яе вялікасць Паэзія і Час. З вышыні нашых дзён добра бачыцца, што дзякуючы сваёй маральна-гуманістычнай змястоўнасці, высокай эстэтыцы і мастацкасці слова лепшыя творы Петруся Броўкі маюць пад сабой надзейны і трывалы грунт, належаць як нашай сучаснасці, так і будучыні.

 

Крыніца: Бельскі А. І. Класікі і сучаснікі ў школе: Дапам. для настаўнікаў. – Мн., 2005.

 

Похожие статьи:

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака