Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Жыццёвы і творчы шлях Генрыха Далідовіча

   Генрых Далідовіч належыць да таго пісьменніцкага пакалення, актыўнае творчае станаўленне якога прыпала на 70-я гг. і якое на сучасным этапе, скажам без перабольшання, нясе галоўную службу ў літаратуры. Сярод яркіх прадстаўнікоў «сямідзесятнікаў» добра вядомыя імёны Яўгеніі Янішчыц, Алеся Разанава, Вольгі Іпатавай, Алеся Жука, Васіля Гігевіча, Сяргея Законнікава, Таісы Бондар, Казіміра Камейшы, Валянціны Коўтун... Генрых Далідовіч сёння адзін з самых актыўных празаікаў, прызнаны мастак-псіхолаг, нястомны даследчык чалавечага жыцця і нашага беларускага мінулага. Ім створаны сапраўды значныя і адметныя творы, і напісаны яны з мастацкай грунтоўнасцю, усхвалявана і смела. Дыяпазон выяўлення творчай асобы пісьменніка шматгранны: яму падуладныя навелістычны жанр і раманны эпас, ён — выдатны стыліст, майстар літаратурнага пейзажу.
   Радзіма Генрыха Далідовіча — вёска Янкавічы, што ў Стаўбцоўскім раёне. Нарадзіўся ён у коласаўскім краі, на слыннай зямлі пісьменніцкіх талентаў. Рос Генрых Далідовіч у звычайнай вясковай сям'і, у якой культывавалася павага да працы, зямлі, бацькоў, шанаваліся духоўна-верніцкія традыцыі. На выхаванне будучага пісьменніка адчувальна, асабліва ў плане беларускасці, уплывала школа. З роднай вёскі пасля заканчэння Дзераўнянскай дзесяцігодкі юнак падаўся па веды ў свет вялікі. Дарога прывяла ў сцены Белдзяржуніверсітэта, на філалагічны факультэт, які ён закончыў у 1968 г. Затым Генрых Далідовіч пайшоў па жыцці настаўніцкай сцежкай: выкладаў родную мову і літаратуру ў Шабыньскай васьмігодцы на Барысаўшчыне, некаторы час быў завучам гэтай школы. Настаўніцкую працу, праўда, давялося на год перапыніць, бо прызвалі на вайсковую службу. Лёс Генрыха Далідовіча, як бачым, складваўся даволі тыпова.
   У 1968 г. часопіс «Маладосць» змясціў апавяданне «Ліст да Олі», якое стала важкай заяўкай маладога празаіка, засведчыла пра несумненны псіхалагічна-даследчыцкі патэнцыял яго таленту. Жыццёвы выбар, можна сказаць, быў прадвызначаны: апантанасць мастацкім словам не давала спакою, клікала да актыўнай творчай працы і таму Генрых Далідовіч развітаўся са школай, настаўніцтвам і пераехаў у Мінск. Тут, у літаратурным цэнтры Беларусі, ён знайшоў сябе, у далейшым нямала зрабіў і працягвае рабіць для развіцця беларускай літаратуры. Не адзін год    Генрых Далідовіч шчыраваў у аддзеле прозы часопіса «Полымя». Аднак асабліва багата часу і сіл аддадзена часопісу «Маладосць», у якім ён з 1979 г. спачатку працаваў намеснікам галоўнага рэдактара, а пазней, у 1991 г., пісьменнік узначаліў рэдакцыйны калектыў гэтага часопіса. У гады ідэалагічнай апекі даводзілася часам нялёгка і няпроста бараніцца ад звышпільных літаратурных наглядчыкаў, пад страх і рызыку друкаваць такія творы, як «Споведзь» Ларысы Геніюш, «Старажытная Беларусь» Міколы Ермаловіча і інш. Генрых Далідовіч па-ранейшаму прычыняеце да ўсяго яркага, самабытнага, таленавітага, што друкуе часопіс. Не без яго падтрымкі загараецца зялёнае святло многім маладым літаратарам. Зрэшты, як публіцыст ён нярэдка дае моладзі выдатныя прыклады грамадзянскай смеласці і бескампраміснасці. І гэта вельмі важна ў нашы дні, калі той-сёй дбае толькі пра ўласныя выгоды, паспеў пахаваць у сабе ўнутраны голас сумлення.
   На працягу больш чым двух дзесяцігоддзяў Генрых Далідовіч працуе на ніве прозы плённа, па-сапраўднаму апантана. Адзін за адным пабачылі свет зборнікі яго апавяданняў і аповесцяў «Дажджы над вёскай» (1974), «Цяпло на першацвет» (1976), «Маладыя гады» (1979), «Міланькі»(1980), «На новы парог» (1983), «Станаўленне» (1985). Амаль дзесяць гадоў было аддадзена стварэнню цыкла гістарычных раманаў «Гаспадар-камень» (1986), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1992). Заходнебеларускай рэчаіснасці празаік прысвяціў раман «Заходнікі» (1994). Генрых Далідовіч напісаў досыць неардынарную кнігу «Жар кахання» (1996). Сёння празаік зноў скіраваў свой позірк у гісторыю — і ў выніку пад яго пяром нарадзіўся маштабны эпічны твор «Кліч роднага звона» (1995-1998). Пэўным падсумаваннем зробленага ў 70-80-я гг. сталі кнігі выбраных твораў Генрыха Далідовіча «Міг маладосці» (1987) і «Жывы покліч» (1995). Пасля прачытання іх можна асабліва добра пераканацца ў тым, што так званыя застойныя гады не аказаліся для нашага прыгожага пісьменства марнымі і бясплённымі. І гэта дзякуючы перадусім такім мастакам слова, як Генрых Далідовіч. Яго пісьменніцкае майстэрства заслужана адзначана Літаратурнай прэміяй імя Іван Мележа (1988) і Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь (1997).
   Для Генрыха Далідовіча ад самага пачатку творчасці галоўным аб'ектам мастацкага даследавання стала псіхалогія чалавека, свет яго думак і пачуццяў. А ў 70-я, між іншым, лёгка было паддацца ідэалагічным устаноўкам, спакусіцца моднымі павевамі часу і стаць на шлях стварэння вобразаў-схем, павярхоўных ілюстрацый. Але Генрых Далідовіч добра ўсвядоміў прыярытэтнасць чалавеказнаўства ў літаратурнай творчасці. Ад чалавека, яго ўнутранага свету адштурхоўваліся Максім Гарэцкі, Кузьма Чорны, Іван Мележ. Невыпадкова ў прыхільнасці да творчага вопыту гэтых майстроў слова прызнаецца сам Генрых Далідовіч. Асаблівыя літаратурныя сімпатыі ў пісьменніка — і гэта слушна заўважыла крытыка — да А. Чэхава і І. Буніна. Генрыху Далідовічу менш за ўсё была ўласціва творчая другаснасць, вучнёўскае перайманне чужога стылю. Эмацыянальна-псіхалагічная заглыбленасць і непаўторнасць жывапісання словам ярка выяўляюцца ў апавяданнях «Дажджы над вёскай», «Чуйнае неба», «Ліст да Олі», «Ласяня», «Жнівеньскія ліўні», «Асенняе лета», трыпціху «Цяпло на першацвет», што ўвайшлі ў зборнікі «Дажджы над вёскай» і «Цяпло на першацвет».
   Эстэтычнае крэда Генрыха Далідовіча бачыцца ў імкненні паказваць чалавечае жыццё, маляваць вобразы сваіх герояў псіхалагічна дакладна, паўнакроўна і змястоўна. Таму заканамерным бачыцца той факт, што празаік шэраг сваіх ранейшых твораў істотна перагледзеў, дапрацаваў. Майстар на тое і майстар, каб адчуваць адказнасць за ўсё створанае раней, імкнуцца да яго дасканаласці.

   Генрых Далідовіч выявіў сябе як пісьменнік гісторыка-эпічнага мыслення. На пачатку 80-х гг. ён прыступіў да стварэння цыкла раманаў, у якім галоўнай стала нацыянальная ідэя. Задача гэтая была смелай і няпростай, патрабавала глыбокай падрыхтаванасці, таму матэрыял збіраўся з цяжкасцю, літаральна па крупінках. Так нараджалася мастацка-гістарычная трылогія «Гаспадар-камень», «Пабуджаныя», «Свой дом», якая прысвечана аднаму з самых складаных, драматычных момантаў нашага мінулага — станаўленню беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1919 гг. Твор мае грунтоўную дакументальнасць: напісаны з прыцягненнем шматлікіх матэрыялаў. У аснове трылогіі — паказ абуджэння і гартавання нацыянальнай свядомасці, думка-ідэя пра пабудову свайго беларускага дома. Не ўсё, аднак, удалося паказаць, як задумвалася і хацелася. Гэтаму не спрыяў час, ідэалагічны ўціск, але Г. Далідовіч імкнуўся быць верным гістарычнай праўдзе. На гэты конт ёсць сведчанні самога пісьменніка: «Пішучы «Пабуджаныя», урываючыся ў бурны і супярэчлівы на Беларусі 1917 год, дзе кульмінацыяй быў гвалтоўны разгон бальшавікамі законнага снежаньскага Усебеларускага кангрэса (а гэта ўжо і разгон дэмакратыі), я ведаў: не ўдасца мне не толькі сказаць тое, што хачу, пра Луцкевіча, Лёсіка і іншых, хто тады ўзваліў на сябе асноўны клопат пра наш народ, але і ўвогуле назваць іхнія прозвішчы ў станоўчым кантэксце. Хлусіць, паклёпнічаць не хацеў. Адпаведна мусіў выбраць адмысловы шлях: тое-сёе апускаць у падтэкст, многіх асоб не называць іхнімі сапраўднымі імёнамі, мяняць іхнюю біяграфію, але мець іх на ўвазе. У наступным рамане, у «Сваім доме», дзе спроба паказаць, як і кім утвараліся БНР і БССР, я мог ужо ўжываць сапраўдныя прозвішчы, але, на жаль, трэба было ўлічваць той прыём, што быў закладзены ў папярэдніх творах».

 

Крыніца: Бельскі Алесь. Краса і смутак: Дапаможнік для настаўнікаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 2000. – 237 с.

 

Похожие статьи:

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Заходнікі

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Страта

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Цыганскія песні

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Гаспадар-камень

Генрых ДалідовічГенрых Далідовіч - Аплявуха