Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Генрых Далідовіч - Гаспадар-камень
Раман «Гаспадар-камень» узнаўляе жыццё беларускай вёскі і горада да пярэдадня першай сусветнай вайны. Праўда, большую ўвагу пісьменнік адводзіць даследаванню тагачаснай вясковай рэчаіснасці, побыту, народнага жыцця. Г. Далідовіч услед за нашымі класікамі Я. Коласам, К. Чорным, І. Мележам яшчэ раз здолеў ярка намаляваць, апаэтызаваць адвечныя асновы нацыянальнага свету, быцця сялянства — зямлю, працу, традыцыі духоўнасці і маральнасці. Тыповым увасабленнем народнага характару ў творы з'яўляецца Ясь Нямкевіч, гаспадарлівы і мудры селянін.
На прыкладзе вобраза Алеся Нямкевіча, аднаго з тагачасных выхадцаў з народа, пісьменнік асэнсоўвае значэнне, ролю інтэлігента і інтэлігенцыі на пуцявінах жыцця, у пошуках праўды і справядлівасці. Бальшавік Казлоў бачыць у Нямкевічу «душу нацыянальнага дэмакрата», не разумее ягонага патрыятызму, зводзіць сваю філасофію быцця да чыста матэрыяльных патрэбаў. На гэта Алесь пярэчыць, што «не ўсе захочуць жыць толькі дзеля жывата, хтосьці захоча жыць і дзеля душы. Скажам, зажадае мець сваю Бацькаўшчыну, дзяржаўнасць, гаварыць на роднай мове, спяваць любімыя песні, насіць сваё адзенне, спраўляць свае абрады. Не ўсе ж згодзяцца на нейкую адну мадэль мовы і культуры». Як свядомы нацыянальны інтэлігент і грамадзянін Нямкевіч фармуецца пад уплывам такіх грамадска-палітычных і культурных з'яў і варункаў, як занядбанне царскім урадам праблем сялянства, нацыянальнага пытання, духоўна-патрыятычнае абуджэнне інтэлігенцыі, пра што засведчыў настаўніцкі з'езд у Мікалаеўшчыне, выданне «Нашай нівы» і інш. За «шкоду веры, цару і Айчыне» Алеся асудзілі на тры гады турмы.
Раман «Гаспадар-камень» багаты на вобразы. Г. Далідовіч выявіў сябе майстрам стварэння паўнакроўных чалавечых вобразаў-тыпаў і малюнкаў народнага жыцця. Л. Ламека, якая стала адным з першых рэцэнзентаў гістарычных твораў пісьменніка, слушна адзначыла, што «калі ў архітэктоніцы рамана «Гаспадар-камень» галоўны мастацкі прынцып — даследаванне характараў, то ў «Пабуджаных» — даследаванне падзей».
Раманы «Пабуджаныя» і «Свой дом» — працяг трылогіі. Яны насычаны гістарычнымі падзеямі; Лютаўская рэвалюцыя на Беларусі, Усебеларускі з'езд 1917 г. і абвяшчэнне БНР, дзейнасць Беларускай сацыялістычнай грамады, утварэнне БССР, Трэці Усерасійскі з'езд, на якім па нацыянальным пытанні востра выступіў Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), нямецкая і белапольская акупацыі і лёс дзяржаўнасці, супрацьстаянне партый, рухаў, ідэй... Тагачасныя падзеі былі надзвычай складаныя, супярэчлівыя, поўныя драматызму, трывог і спадзяванняў. Г. Далідовіч добра падводзіць да высновы аб тым, што ў 1917-1919 гг. вырашаўся лёс Беларусі, нацыянальнага Адраджэння, праблема будучыні народа, яго свабоды і незалежнасці. Пісьменнік стварыў разнапланавыя вобразы, выразна, ярка акрэсленыя ў сваёй сацыяльнай і чалавечай сутнасці. Многія з іх — рэальныя гістарычныя асобы. Гэта носьбіты нацыянальна-патрыятычных ідэй і поглядаў (З. Жылуновіч, А. Чарвякоў, Я. Дыла і інш.) і прапаведнікі вялікадзяржаўнага шавінізму, якія адмаўляюць беларусам у тым, каб звацца народам і нацыяй (А. Мяснікоў, В. Кнорын, К. Ландар і інш.). Аўтарскай удачай сталі характары нацыянальных інтэлігентаў Лашковіча, Васілевіча, Нямковіча. Гэтыя людзі не пазбаўлены памылак, недахопаў, але нязменнай застаецца ў іхняй душы вера ў справядлівае, годнае ўладкаванне свайго дома, імя якому — Беларусь. Самаахвярнасць — галоўная рыса характару тых, хто гатовы ісці на крыж, каб выратаваць свой народ, у якім «жыве не толькі страх, але ўжо і абыякавасць да свайго лёсу, да сваёй годнасці, пакорлівасць». Твор Генрыха Далідовіча нагадвае ўсім нам пра адказнасць перад гісторыяй і будучыняй.
Похожие статьи:
Генрых Далідовіч → Жыццёвы і творчы шлях Генрыха Далідовіча
Генрых Далідовіч → Генрых Далідовіч - Заходнікі
Генрых Далідовіч → Генрых Далідовіч - Страта