Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Віктар Карамазаў

Фатаграфія Віктара Карамазава   Карамазаў Віктар Філімонавіч нарадзіўся 27 чэрвеня 1934 года у горадзе Чэрыкаў Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Бацька, Філімон Сяргеевіч, больш за 50 гадоў вучыў дзяцей беларускай і рускай мове і літаратуры. Маці, Ганна Анісімаўна, была выкладчыцай пачатковых класаў. У першыя дні Айчыннай вайны сям’я Карамазавых пайшла ў бежанства на ўсход (бацька па ўзросту ў армію не прызываўся), дабралася да Волгі. Ва Ульянаўскай вобласці, у вёсцы Тургенева, бацька загадваў сямігадовай школай, маці настаўнічала, а Віктар Карамазаў з сястрой вучыліся. Калі Магілёўшчына была вызвалена, сям’я вярнулася ў родныя мясціны, пасялілася ў г. Крычаве. Бацька памёр у 1964, маці – пенсіянерка. У 1953 В. Карамазаў паступіў на аддзяленне журналістыкі БДУ, якое скончыў у 1958. Пасля вучобы працаваў адказным сакратаром у рэдакцыі чэрыкаўскай раённай газеты «Сацыялістычная перамога». У 1959-1961 адказны сакратар крычаўскай раённай газеты «Шлях сацыялізма», у 1961-1962 загадчык аддзела прамысловасці і транспарту міжраённай газеты «Новае жыццё» (Крычаў). З 1962 уласны карэспандэнт абласной газеты «Магілёўская праўда» па Крычаўскаму, Клімавіцкаму і Мсціслаўскаму раёнах. З 1964 ў рэспубліканскай газеце «Звязда», дзе спачатку быў літсупрацоўнікам, пасля загадчыкам аддзела навукі, ВНУ і школ, аддзела літаратуры і мастацтва. У 1969-1971 літсупрацоўнік, загадчык аддзела культуры газеты «Літаратура і мастацтва». У 1971-1981 загадваў аддзелам мастацкіх фільмаў, быў членам рэдакцыйна-сцэнарнай калегіі Белдзяржкамітэта па тэлебачанню і радыёвяшчанню. У 1982 загадчык аддзела нарыса часопіса «Полымя», з лістапада таго ж года літкансультант СП БССР. З 1986 на творчай рабоце. Як член дэлегацыі БССР прымаў удзел у рабоце 22-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. Член СП Беларусі з 1969. Сябра рады СП Беларусі з 1990. Узнагароджаны ордэнам «Знак пашаны», ганаровымі граматамі і Граматай Вярхоўнага Савета БССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя К. Каліноўскага (1990, за, кнігу публіцыстыкі «Проста ўспомніў я цябе...»).
   Першае апавяданне Віктара Карамазава «Сыны» апублікавана ў 1957 у часопісе «Советская Отчизна». Першы зборнік апавяданняў «Падранак» выйшаў у 1968. У полі зроку В. Карамазава – паўсядзённыя справы і клопаты вясковага чалавека, праблемы неперспектыўных вёсак і адзінокай старасці, міграцыі сельскага насельніцтва і вяртання да вытокаў («Бярозавыя венікі», «Галуба», «Дзяльба кабанчыка», «Дзень Барыса і Глеба» і інш.). Скразным матывам праз яго творы праходзяць праблемы адносін чалавека да прыроды, іх псіхалагічнага, сацыяльнага ўзаемадзеяння. З асаблівай вастрынёй яны пастаўлены ў рамане «Пушча», дзе праз адносіны да навакольнага асяроддзя вымяраецца ідэйна-маральная сутнасць чалавека, яго духоўнасць або бездухоўнасць. Паспяхова працуе ў жанры падарожнага нарыса («Вясёлка сярод зімы», «Глядзіце ў вочы лемуру» і інш.). Аўтар рамана «Бежанцы» («Полымя». 1990. № 6, 7); аповесці «Краскі белага шляху» (Там жа. 1992. № 8, 9). Па сцэнарыю В. Карамазава зняты дакументальны тэлефільм «Ад родных ніў»(1969). У 1993 была экранізавана яго аповесць «Крыж на зямлі і поўня ў небе».

А. С. Гурская


Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 3. Івашын – Кучар / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Беларуская Энцыклапедыя; Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1994. – 585 с.