Памфлет (ад франц. pame feuillet — лятучы лісток) — празаічны або вершаваны твор сатырычнага, выкрывальнага зместу, які мае на мэце вострае высмейвание пэўнай адмоўнай грамадскай з’явы. Часцей за ўсё гэта выкрыццё непрыймальнага, варожага пісьменніку палітычнага ладу або канкрэтных яго прадстаўнікоў.
У беларускай літаратуры гэты жанр знаходзім у Кандрата Крапівы («Кат у няміласці», «Майстры крывавага джазу»), Кузьмы Чорнага («Кат у белай манішцы», «Далікацтва каля вісельні»).
Памфлет — жанр публіцыстычны. Ён па асаблівасцях будовы, спосабу тыпізацыі жыццёвых з’яў блізкі да нарыса. Памфлет — гэта па сутнасці сатырычны нарыс. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што памфлет можа выступаць і ў форме іншых жанраў, напрыклад асаблівасцямі памфлета можа валодаць сатырычная камедыя. Памфлетны характар могуць мець асобныя замалёўкі грамадскага жыцця ці вобразы ў рамане, паэме і г. д.