Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Браніслаў Залескі
(1820-1880)
Пісьменнік-дакументаліст, самабытны мастак, вучоны, актыўны грамадскі дзеяч Браніслаў Залескі пакінуў свой адметны след у гісторыі і культуры Беларусі XIX ст. Перыпетыі яго багатага на падзеі жыцця вартыя пяра пісьменніка-раманіста, а творчая спадчына — спецыяльнага даследавання.
Паходзіў Браніслаў Залескі з дваранскай сям’і. Нарадзіўся ён у 1820 г. у родавым маёнтку Рачкавічы на Случчыне. Першапачатковую адукацыю атрымаў у Лецешыне — недалёкім маёнтку дзядзькі Кароля Чарноцкага, блізкага сваяка Адама Чарноцкага, вядомага пад імем З. Даленгі-Хадакоўскага, які, дарэчы, таксама выхоўваўся ў гэтым жа доме, толькі значна раней. Кароль Чарноцкі апекаваўся яшчэ і над вядомым у свой час грамадскім і культурным дзеячам, членам віленскага таварыства філарэтаў Д. Ходзькам.
У 1836 г. едзе ў эстонскі горад Дэрпт (сёння — Тарту), дзе паступае на юрыдычнае аддзяленне мясцовага ўніверсітэта. А неўзабаве запісваецца ў антыцарскую арганізацыю, створаную вядомым рэвалюцыянерам Сымонам Канарскім, з выкрыццём якой Браніслаў Залескі разам з паплечнікамі быў арыштаваны і высланы ва Украіну. Дзякуючы хадайніцтву маці, яму дазволілі закончыць навучанне ў Харкаўскім універсітэце. Адтуль ён вяртаецца на радзіму, у сталічную Вільню, дзе зноў звязваецца з дзеячамі рэвалюцыйнага руху. У 1846 г. быў арыштаваны, пазбаўлены дваранства і адпраўлены салдатам у Арэнбурскую крэпасць, потым — у Хіву, у Туркменістан.
У час салдацкай службы Браніслаў Залескі сышоўся з такім жа, як ён сам, ссыльным салдатам Тарасам Шаўчэнкам, вялікім украінскім паэтам і самабытным мастаком. Звяло іх агульнае захапленне выяўленчым мастацтвам. Доўгі час жылі яны ў адной палатцы і разам хадзілі маляваць тутэйшыя краявіды. На цэлых пяць месяцаў абодвум салдатам-мастакам пашанцавала прыняць удзел у экспедыцыі штабс-капітана Анціпава ў горы Кара-Тац. Народжанае ў ссылцы шчырае сяброўства беларуса Залескага і ўкраінца Шаўчэнкі не перапынялася да канца іх жыцця. Калі абставіны іх разлучылі, сябры падтрымлівалі адносіны з дапамогай пошты. Да нас дайшло 16 пісем Шаўчэнкі да Залескага і 10 Залескага да Шаўчэнкі. З гэтых лістоў відаць, наколькі глыбокім было іх сяброўства.
Калі Браніславу Залескаму дазволілі вярнуцца на радзіму, у яго Рачкавічы, ён піша адтуль Тарасу Шаўчэнку 18 верасня 1856 г.: «Я шэсць тыдняў жыву сярод сваіх, дыхаю родным паветрам, гляджу на родныя лугі і лясочкі, на ўсё дарагое і маіх сяброў і блізкіх... Ах, дружа мой! Як жа мне хацелася даць і табе гэтага хлеба! Бачыць цябе на мілай радзіме, сярод сваіх, якіх ты так шчыра любіш». У гэтым жа лісце Браніслаў Залескі запрашае Тараса Шаўчэнку да сябе ў Рачкавічы.
Украінскі кабзар, чакаючы дазволу вярнуцца з ссылкі дадому, у пісьме да свайго беларускага сябра складае такі маршрут паездкі на радзіму праз Беларусь. «Замест пецярбургскай чыгункі я выбіраю простую паштовую дарогу смаленскую ці Biленскую — прыязджаю проста ў Рачкавічы. Сустракаюся з табой, плачу, цалую рукі тваёй шчаслівай маці, цалую твайго бацьку, сясцёр, чарнавокіх і блакітнавокіх siostrzencow тваіх, і ў абдымках поўнага шчасця адпачываю, паўтараючы радок вялікага паэта (А. Міцкевіча. — К. Ц.): “Мала паветра ўсёй Аравіі напоўніць мае вольныя грудзі”. Замест Аравіі я буду гаварыць Літва». Праўда, мара Т. Шаўчэнкі пагасціць у свайго сябра на Случчыне, як і жаданне прыехаць з ім разам на вучобу ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў, не спраўдзілася... Украінскі Кабзар прысвяціў беларускаму сябру верш «Як мы былі яшчэ казакамі».
У 1860 г. пісьменнік змушаны пакінуць родны край і выехаць у эміграцыю. Жыў у Дрэздэне, Рыме, Парыжы. Калі ў 1863 г. у Беларусі выбухнула паўстанне, дапамагаў паўстанцам у куплі зброі. У Парыжы ўдзельнічаў у створаным землякамі-эмігрантамі Гісторыка-літаратурным таварыстве, быў яго сакратаром і рэдактарам «Штогоднікаў».
Браніслаў Залескі — аўтар ілюстраванага (22 афорты) выдання «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (1865), кніг «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (1866), «Адмена прыгонніцтва ў Літве», «З жыцця літвінкі» (пра беларускую мастачку Гэлену Скірмунт, 1876). Акрамя таго, ён пакінуў цікавыя ўспаміны пра перажытае і сваіх сучаснікаў, цікавыя творы выяўленчага мастацтва, у тым ліку шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863-1864 гг. у Беларусі. Сябраваў з Ц. Норвідам, перапісваўся з А. Герцэным.
Кастусь Цвірка