Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Кастусь Каліноўскі
(1838—1864)
Рэвалюцыянер-дэмакрат, публіцыст і паэт Канстанцін Вікенцій Сямёнавіч Каліноўскі нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны пад Беластокам. Паходзіў са шляхецкага роду Каліноўскіх герба «Калінава», які паводле пісьмовых крыніц вядомы з XVII ст. Продкі Каліноўскага амаль сто гадоў валодалі маёнткам Калінава. Пасля продажу маёнтка ў 1836 г. бацька будучага кіраўніка паўстання заснаваў у Мастаўлянах ткацкую фабрыку, у 1849 г. набыў фальварак Якушоўка паблізу мястэчка Свіслач Ваўкавыскага павета. Там прайшло дзяцінства Кастуся.
Першапачатковую адукацыю будучы рэвалюцыянер атрымаў у Свіслацкай павятовай навучальні. Вялікі ўплыў на яго меў старэйшы брат Віктар, які вучыўся ў Маскоўскім універсітэце, вывучаў па даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі старадаўнія беларускія рукапісы.
У 1856 г. Кастусь паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўніверсітэта, які скончыў праз чатыры гады з навуковай ступенню кандыдата права. Ужо ў студэнцтве ён рашуча ступіў на сцяжыну палітычнай барацьбы з самаўладдзем, разам з братам належаў да рэвалюцыйнага гуртка Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага. На Бацькаўшчыну Каліноўскі вярнуўся ў 1861 г. перакананым змагаром супраць царызму.
Кастусь стаў стваральнікам і душой нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі ў Гародні, разам з паплечнікамі ездзіў па навакольных вёснах і мястэчках, дзе вёў прапаганду сярод сялян, рыхтуючы іх да паўстання. Гэтай мэце служыла і нелегальная беларуская газета «Мужыцкая праўда», якую надзелены яскравым публіцыстычным і літаратурным талентам Каліноўскі пачаў выдаваць у 1862 г. супольна з Феліксам Ражанскім, Станіславам Сангіным і Валерыем Урублеўскім.
Аўтар і рэдактар большасці нумароў «Мужыцкай праўды», Каліноўскі сам браў удзел у яе пашырэнні: развозіў па вёсках, раскідваў на дарогах. Ён імкнуўся развеяць ілюзіі сялянаў, паказаць, што царскі маніфест аб скасаванні прыгоннага права — гэта чарговае ашуканства працоўнага люду. Кастусь заклікаў змагацца за тое, каб прыйшоў час, калі «ніколі ніякай нікому мужыкі паншчыны служыць ня будуць і ніякага ў казну аброку плаціць, і народ наш будзе вольны і шчаслівы». Да канца 1862 г. значным накладам выйшла шэсць нумароў «Мужыцкай праўды».
Апошні сёмы нумар «Мужыцкае праўды» пабачыў свет ужо ў час нацыянальна-вызваленчага паўстання. Тут гучыць адкрыты заклік да змагання з расійскімі каланізатарамі: «А пакуль яшчэ пара, трэба нашым хлопцам спяшаць з віламі да з косамі там, гдзе дабіваюцца волі да праўды, а мы, іх бацькі да жонкі нашы, сцерагчы будзем да ўведамляць, адкуль на іх сягне нячыстая маскоўская сіла, да ад душы памагаць усялякімі спосабамі дзецюкам нашым, што за нас пойдуць біцца. А будзе ў нас вольнасць, якой не было нашым дзядам ды бацькам».
Пасля загаду аб арышце Каліноўскага той дзейнічаў пад канспірацыйнымі прозвішчамі Макарэвіч, Чарнецкі, Хамовіч, Хамуціус... Увосень 1862 г. ён узначаліў Літоўскі правінцыйны камітэт, што рыхтаваў паўстанне ў Беларусі. Кастусь стаяў на чале найбольш паслядоўных рэвалюцыянераў, якіх у адрозненне ад лібералаў («белых») называлі «чырвонымі». Яны выступалі супраць саслоўнай няроўнасці, за дэмакратычную рэспубліку, за перадачу зямлі сялянам. Каліноўскі лічыў, што народы Беларусі, Літвы ды Украіны павінны самі развязаць пытанне пра сваю незалежнасць. «Белыя» ж лічылі галоўнай задачай аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.
К. Аляксандраў
Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.
Похожие статьи:
Пераказы → Нявеста Каліноўскага
Міхась Кавыль → Міхась Кавыль - Кастусь Каліноўскі
Іншае → Кастусь Каліноўскі - Мужыцкая праўда
Станіслаў Шушкевіч → Станіслаў Шушкевіч - Хай Літва і Беларусь яму прысняцца