Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Вульгарызм
Вульгарызм (ад лац. vulgaris — простанародны) — грубае, лаянкавае слова ці выраз, якія ўжываюцца ў размове, тэкстах СМІ, мастацкай літаратуры, публіцыстыцы і г. д.
Звычайна выкарыстоўваюцца для сацыяльна-палітычнай або маральнай характарыстыкі пэўнай асобы.
Вульгарызмы вельмі блізкія да жарганізмаў перш за ўсё сваёй рэзкай ацэначнасцю, экспрэсіўнасцю. Як правіла, гэта стылістычна зніжаныя сінонімы слоў і выразаў літаратурнай мовы: падхалімы — халуі;дрэнны чалавек — гад, свалата.
Вось як з дапамогай вульгарызмаў малюе Пімен Панчанка сатырычны партрэт прадстаўніка буржуазнага свету ў паэме «Беластоцкія вітрыны»:
Вітае ўсмешкай мяне з-за акна
Мясцовы кароль гнілога сукна.
Сачу за светам глухім заваконным,
За каркам бычыным і рылам суконным.
У вершы «Пахаванне Гейдрыха» Якуба Коласа вульгарызмы ужываюцца для выяўлення рэзка негатыўных адносін паэта да Гітлера:
Унурыўся фюрэр, як слуп,
Слязу выціскаў, кракадзіл.
Аб чым жа гадаў казалуп
У зборышчы катаўскіх рыл?
Часам паэт звяртаецца нават да нецэнзурнага слова, якое на пісьме замяняецца шматкроп'ем, але даволі лёгка ўгадваецца чытачамі:
Выграбаем конскія яблыкі з дому
Шуфлямі і качэргамі...
Сацыялізм — не догма.
Сацыялізм — энергія!
Плюс (!)
электрыфікацыя ўсёй дзяржавы,
Каб зводдаль было відно:
Хто служыць і робіць
дзяржаўную справу,
А хто вырабляе...
(У. Някляеў. «Наскрозь»)
Ужыванне вульгарызмаў без стылістычнай мэты з'яўляецца парушэннем моўнага этыкету, нормаў літаратурнай мовы і паказчыкам нізкай агульнай культуры чалавека.
Вульгарызмы знаходзяцца па-за межамі літаратурнай мовы, але могуць выкарыстоўвацца ў мастацкай і публіцыстычнай літаратуры як выяўленчыя ці выразныя сродкі.
Напрыклад:
— Ну, дзе ты там ужэ, жаніх? Два часы ўбіраешся! Саўсім умеркне.
— Выкураць цябе, качарга старая, з гэтае варты!
— Хто мяне выпра? Які ім дурань за гэтыя грошы гэтулькі цехнікі вартаваць адважыцца?
— А ты ўратуеш? Для прыклёпу цябе там дзяржаць, можа, каб якія пажарнікі не чапляліся ці начальства...
— Для прыклёпу, для прыклёпу! Сама ты прыклёп бесталковы! Падавай валёнак!
Дзед Ляксей злосна вышморгваў з жончыных рук валёнак, і яна брала напагатове другі.
— А то ж бо не? Які ж бы гэта дурань плаціў табе за тое, што пераспіш ноч у апілках...
— Тваю маць!.. Дурань нейкі ляпнуў, а ты і паўтараеш! (Алесь Жук. «Летнія прыгоды ў сучасным духу»).