Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Янка Скрыган

Фатаграфія Янкі Скрыгана   Янка (Іван Аляксеевіч) Скрыган нарадзіўся 16 лістапада 1905 года ў сяле Труханавічы Мінскай вобласці. Адсюль, літаральна з парога бацькоўскай хаты пачалі збірацца і назапашвацца жыццёвыя ўражанні, якія ў далейшым зрабіліся трывалым падмуркам яго творчасці. Дарэчы, раздзел аўтабіяграфічнай аповесці "Кругі", прысвечаны ўспамінам маленства, займеў менавіта такую назву — "Парог".
   ...Вучыўся ў парафіяльна-царкоўнай школе, далей — у Слуцкім духоўным вучылішчы, у школах першай і другой ступені, у рэальным вучылішчы, мяшанай гімназіі, у Слуцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме... Пазней Янка Скрыган адзначаў: "За навуку я дзякую бацьку. На сабе вельмі добра адчуўшы, як цяжка быць непісьменным, ён намысліў мяне вучыць". Вучоба давалася лёгка, найбольшае задавальненне атрымліваў ад гуманітырных дысцыплін. Чытанне кніг сталася любімым заняткам: свет, што расхінаўся на іх старонках, чараваў і вабіў, але ж — і вярэдзіў, і непакоіў... "Я чытаў. Многа чытаў, асабліва пасля таго, як на рынку, у будачнікаў, знайшоў кнігі Янкі Купалы, Якуба Коласа і Змітрака Бядулі. Я выменьваў іх на харчы, пра гэта ўжо гаварыў не раз. Праз іх я ўбачыў народ куды глыбей, і ў душы варушылася патрэба самому гаварыць. Я пачаў шукаць паэтычнага слова".
   Першыя вершы Янка Скрыган даслаў у газету "Вясковы будаўнік" і ў хуткім часе атрымаў запрашэнне з'явіцца ў рэдакцыю. Пасля кароткай гутаркі маладому паэту прапанавалі сталую працу ў ёй, і з 1924 года пачаўся яго "літаратурны круг". Гэта быў час своеасаблівых творчых эксперыментаў, пошукаў "свайго" слова. Небывалы духоўны ўздым грамадства, разуменне літаратуры як вызначальнага фактара "жыццебудаўніцтва", сама рэвалюцыйная атмасфера спрыялі выбару тэмы і героя. Янка Скрыган стаў актыўным членам Слуцкай філіі "Маладняка", свае творы (знаходзячыся на той час пад моцным уплывам творчасці Байрана) пачаў падпісваць грозным псеўданімам Пірат.

   Пазней Янка Скрыган працаваў загадчыкам Народнага дома ў Расонах, у рэдакцыі газеты "Чырвоная Полаччына". Бурапенная атмасфера 1920-х гадоў моцна ўплывала на светапогляд і характар маладога творцы, а ў пэўнай ступені нават загартоўвала яго. Так, напрыклад, цікавы ў біяграфіі пісьменніка эпізод "з выключэннем" яго са складу "Маладняка". Слуцкую маладнякоўскую філію ўзначальваў Паўлюк Шукайла. Шчыры прыхільнік футурызму, ён і таварышам па пяры "прывіваў" гэты творчы метад. Нізкай "футурыстычных" вершаў "адзначыўся" і Янка Скрыган. Гэтую падборку ён выслаў у часопіс "Маладняк", падпісаўшыся псеўданімам Я. Відук. Але вершы вярнулі, што, безумоўна, пакрыўдзіла маладога аўтара.  У адказ ён даслаў ліст на імя Алеся Дудара, дзе ў іранічна-жартоўнай форме выказаў нязгоду з ацэнкай сваіх твораў ды яшчэ на палях змясціў карыкатурныя малюнкі. Гэты допіс быў расцэнены як хуліганства, і аўтара пакаралі выключэннем з літаратурнага аб'яднання.
   Бунтарскі характар пісьменніка-пачаткоўца і яго аднадумцаў выявіўся і ў спробе стварэння сваёй "уласнай" літаратурнай суполкі —"Літаратурна-мастацкай камуны". "Арганізацыя гэта заснавалася не ад духу часу і творчай патрэбы, а ад зухаватасці і пратэсту: "Ах, вы нас у "Маладняку" не прызнаяце? Ну дык мы зробім сваё згуртаванне". А ў згуртаванні тым шмат хто нават яшчэ не спрабаваў пісаць", — успамінаў Янка Скрыган падзеі сваёй няўрымслівай і вольналюбівай маладосці.
   Далей пісьменнік працягваў адукацыю: вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта. З 1933-га да 1936 года працаваў у рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва". У гэтыя гады пабачылі свет яго кнігі апавяданняў і аповесцей "Затока ў бурах" (1929), "Каця Лапянкова" (1932), "Сустрэчы" (1935). У асабістым жыцці Янкі Скрыгана таксама адбыліся значныя падзеі, з'явілася ўласная сям'я — жонка Ліна, сын Усевалад. "Янка стаў шчаслівым сем'янінам, асабліва, калі на свет з'явіўся сынок Сева. Заўсёды з работы спяшаўся дадому: "Прабач, братачка, няма калі. Трэба хату дагледзець, платы паправіць і Ліначцы памагчы". А быў ён майстра на ўсе рукі — і цясляр, і сталяр, і слесар, і рабіў усё так акуратна і прыгожа, як пісаў", — засведчыў блізкі сябар пісьменніка Сяргей Грахоўскі. Усё складвалася як найлепш: жыццё радавала, было мноства творчых задум, але новы круг лёсу, змрочны і жорсткі, вывеў на іншы шлях. А пасля, канечне не па сваёй ахвоце, — з сумнай іроніяй заўважыў пісьменнік у "Сваёй аповесці", — мне прыйшлося аж на васемнаццаць з лішкам гадкоў перамяніць прафесію. Я працаваў землякопам, цесляром, конюхам, вадавозам, будаўніком, сплаўшчыкам, бухгалтарам, рэвізорам. Пабываў у Сібіры, Узбекістане, Эстоніі, зноў у Сібіры". У канцы 1936 года Янка Скрыган быў арыштаваны па абвінавачванні ў "беларускім контррэвалюцыйным нацыяналізме", следства па яго справе цягнулася амаль год, прысуд быў вынесены ў кастрычніку 1937-га — дзесяць год зняволення ў лагерах і гэтулькі ж год высылкі. Шматлікія этапы, перасылкі, згубілася сувязь з сям'ёй... Пасля дайшлі звесткі, што жонку з сынам звезлі ў час вайны ў Нямеччыну, дзе яны загінулі.
   У Фергане лёс звёў Янку Скрыгана з Ганнай Міхайлаўнай, масквічкай, якая апынулася ва Узбекістане падчас ваеннай эвакуацыі. Іх шляхі пайшлі па кругах жыцця побач.
   У лістападзе 1954 года Янка Скрыган быў рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР, вярнуўся ў Мінск. І гэты, чарговы круг лёсу пачынаўся вельмі няпроста. Ганна Міхайлаўна пазней згадвала: "Нарэшце прынялі Яна Аляксеевіча на працу ў Менску, хаця многія былыя знаёмыя баяліся аднаўляць з ім адносіны. Зняў ён і прыватную кватэру, а прыехаць нам да яго — няма за што. Грошы пазычыў стары сябар Яна Аляксеевіча Заір Азгур. Аж тысячу рублёў. У вёсцы, дзе мы жылі, моцна здзіўляліся, што даслалі нам такія вялікія грошы. На шчасце, сустракаліся ў нашым жыцці добрыя людзі. Напрыклад, Юрэвічы, якія, калі даведаліся, што Яну Аляксеевічу няма дзе жыць, аддалі яму ключ ад уласнай кватэры, і ён месяц жыў у іх, пакуль не зняў сваю кватэру. Удзячнасць да гэтых людзей мы захавалі назаўсёды. А калі мы прыйшлі да Азгураў вярнуць пазыку —тыя толькі здзівіліся.".
   У 1955 годзе Янка Скрыган пачаў працу рэдактара ў Дзяржаўным выдавецтве БССР, у 1959-м — прызначаны рэдактарам аддзела прозы, потым намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Полымя"... Праз дваццаць адзін год перапынку, у 1956-м выйшла з друку новая кніга пісьменніка "Апавяданні". Творчасць Янкі Скрыгана ў гэты час мела надзвычайны плён, душа мастака, нібыта набрынялая ўражаннямі, імкнулася да іх увасаблення ў слове і вобразе. У 1957 годзе пабачыла свет кніга "Наталя", у 1958-м — "Няпрошаная сляза", у 1961-м — "Скажы адно слова", у 1964-м — "Свая аповесць", у 1969-м — зборнік выбраных твораў "Кругі"...
   Творы Янкі Скрыгана заўважаліся чытачом заўсёды, ад тых першых апавяданняў, якім, дарэчы, сам аўтар з бескампраміснай самакрытычнасцю пазней даваў не самую высокую ацэнку: "У 1929 годзе занёс у Дзяржаўнае выдавецтва першую кнігу — "Затока ў бурах". Прачытаў сам Цішка Гартны, нешта за два дні, і адразу пусціў у друк, не зрабіўшы ні аднюсенькай заўвагі. Проста дзіва: на цяперашнія часы дык колькі там бездапаможнага глупства". Думаецца, аднак жа, кніга тая зусім не "глупства", бо поўніцца яна непадкупнай шчырасцю, на якую здольны адно сапраўдны талент, высокім накалам эмоцый і пачуцця, якія выклікалі вялікую прыязнасць і цікавасць у чытачоў як да твораў, так і да іх аўтара. Вядома, напрыклад, што апавяданне "Таіса" (1927), напісанае Скрыганам літаральна за адну ноч, сталася прадметам гарачага абмеркавання на настаўніцкай канферэнцыі ў Полацку. Настаўнікі пыталіся ў загадчыка акруговага аддзела народнай асветы Васіля Мухіна пра аўтара: "хто ён такі, стары ці малады, і ці праўда, што на твары ў яго стаўся шрам. Справа ў тым, што апавяданне пісалася ад першай асобы, шрам быў у героя апавядання, і ўсім думалася, што аўтар піша пра самога сябе".
   Вялікі рэзананс выклікала аповесць "Наталя" — гісторыя лёсу жанчыны, у які ўвайшла вайна. Вобраз Наталі выпісаны мастаком з такой спагадай, цеплынёй, разуменнем, што ледзь не фізічна адчуваюцца пакуты гераіні, яе боль і душэўныя згрызоты. Жанчына, якой цудам удалося выжыць у ваеннай віхуры, згубіла сваіх родных, дачку. Жыла з упэўненасцю, што яны загінулі, але кволы агеньчык надзеі ўсё ж цепліўся ў яе душы.    Наталі пашчасціла сустрэць добрага чалавека, яна зноў пакахала, выйшла замуж, нарадзіла дваіх дзяцей. Жыццё ў новай сям'і было напоўнена кожнадзённым шчасцем — ад узаемаразумення з мужам, ад замілавання дзецьмі. І толькі думка, што родныя, магчыма, уратаваліся ад ваеннай навалы і дзесьці жывуць, думаюць пра яе, чакаюць — не давала спакою... Талент Янкі Скрыгана — знаўца чалавечай душы, тонкага псіхолага, выдатнага мастака слова — выявіўся ў гэтым творы надзвычай выразна. З вялікім хваляваннем чытаюцца заключныя раздзелы аповесці, з натуральнай радасцю за жанчыну, якая праз пятнаццаць год знайшла дачку, з удзячнасцю за чуласць і мудрае разуменне яе мужа Казіміра. У сюжэце гэтага твора заўважна выявілася і яшчэ адна адметнасць творчай індывідуальнасці пісьменніка — ашчаднасць азначэнняў, лаканічнасць фразы, трапнасць слова. Характарызуючы масткоўскую манеру Янкі Скрыгана, Алесь Каўрус справядліва адзначыў: "Словы ў яго не спяшаюцца, не выпярэджваюць адно другое, а кладуцца на сваё месца. Слоўны запас літаратурнай (і часткова дыялектнай) мовы скарыстоўваецца раўнамерна, без прыкметнага вылучэння тых ці іншых лексічных і фразеалагічных адзінак". Спалучэнне ўнікальнай душэўнай чуласці, пачуццёвай вытанчанасці і дасканалага моўнага ўвасаблення сюжэта ствараюць рэалістычную карціну чалавечага быцця, з яго непрадказальнымі калізіямі. Тое, што праз шмат год пасля выхаду аповесці "Наталя" адбылося ў жыцці самога Янкі Скрыгана, яшчэ раз падкрэслівае аўтарскую відушчасць, амаль містычную прадбачлівасць... На Саюз пісьменнікаў прыйшоў ліст з ФРГ, пісала першая жонка пісьменніка —Ліна. Яна выпадкова натрапіла ў Заходняй Германіі на кніжку Янкі Скрыгана і вырашыла яго адшукаць. "Напісала, як іх вывезлі ў Нямеччыну, колькі напакутаваліся, жыла і чаплялася за жыццё дзеля сына. Ён вырас, стаў спецыялістам высокай кваліфікацыі, з мамінай дапамогай авалодаў рускаю моваю, маюць кватэру і ўсё неабходнае для жыцця. Вельмі радая, што Янка жывы, а сын шчаслівы, знайшоўшы бацьку". Але ўбачыцца ім не давялося... Янку Скрыгану, былому палітвязню, выезд за мяжу быў заказаны, нават гаварыць пра сувязь з ФРГ было небяспечна. Супакойвала адзінае — яны жывыя, у іх усё добра.
   Шчыльная знітаванасць сюжэтаў і жыццёвых падзей, рэальных фактаў і іх мастацкай "персаніфікацыі" — вызначальныя асаблівасці творчасці Янкі Скрыгана. Ледзь не ў кожным, нават самым лаканічным апавяданні пісьменніка занатаваныя арыгінальныя эпізоды быцця —мудрыя, павучальныя, па-філасофску неадназначныя. "Паваротак ля сасны", "Маці", "Абраза", "Месячная ноч", "Над гаем кружылі буслы"... —гісторыі, якія не забываюцца праз пэўны час пасля прачытання. Яны па-асабліваму кранаюць, узрушаюць, патрабуюць, часам, новага прачытання і пераасэнсавання — як, напрыклад, апавяданне "Пусты кошык", дзе на працягу сюжэта пачуцці неаднаразова змяняюцца на супрацьлеглыя. Галоўная гераіня выклікае то спагаду, то разуменне, то абурэнне. Прачытаўшы твор, ловіш сябе на думцы: як лёгка памыліцца ў ацэнцы чалавечых паводзінаў, як часта імпульсіўныя, павярхоўныя меркаванні прыводзяць да неадэкватных высноў...
   Мноства цікавых жыццёвых эпізодаў, гісторый, сюжэтаў склалі "аповесць з адступленнямі" Янкі Скрыгана "Кругі". Увогуле, думаецца, па гэтым творы можна спецыяльна вывучаць, спасцігаць прыроду чалавечага характару, найперш, безумоўна, беларускага. У апавяданнях, з якіх, бы з асобных цаглінак, складаецца аповесць "Кругі", дасканала ўвасоблены і народны вясковы побыт з працоўнымі буднямі і ўрачыстымі святамі, і традыцыйныя стасункі ў сялянскай сям'і, і ментальныя асаблівасці светапогляду беларусаў, і мастацкае асэнсаванне неардынарных сітуацый ды маральна-этычных праблем быцця, і, безумоўна, каларытная мова...
   Стаўленне пісьменніка да роднай мовы, яго ўнікальная чуйнасць да хараства слова заслугоўваюць асобнай увагі. Недарэмна пра моўнае майстэрства Янкі Скрыгана хадзілі сапраўдныя легенды — яго ўласныя творы дэманструюць бездакорнасць мастацкага густу, надзвычайную пільнасць да слова і яго шматлікіх сэнсавых адценняў, уважлівасць да традыцыйнага народнага маўлення. Як да аўтарытэтнага спецыяліста да Янкі Скрыгана часта звярталіся калегі па творчасці — прыносілі яму творы на своеасаблівую экспертызу. Так, напрыклад, Сяргей Грахоўскі згадвае: "Многія дзівіліся, што Міхась Лынькоў даверыў Скрыгану рэдагаваць яго шматтомныя "Векапомныя дні". Хіба ж магла падняцца рука ўчарашняга вязня правіць, скарачаць, рабіць заўвагі народнаму пісьменніку, акадэміку, дэпутату, жывому класіку? А Скрыган не толькі прапаноўваў праўкі, а скараціў эпапею на цэлы том. Другі аўтар, мабыць, раструшчыў бы такога рэдактара, а Міхась Ціханавіч з удзячнасцю прыняў не толькі заўвагі рэдактара, а і скараціў на чвэрць свой галоўны том". Праблемам культуры творчасці, мовы мастацкіх твораў, пісьменніцкага майстэрства Янка Скрыган прысвяціў мноства артыкулаў, якія сёння сталі класічнымі працамі. З гэтых артыкулаў склаліся кнігі "Ранішнія росы" (1965) і "Некалькі хвілін чужога жыцця" (1979, 1990). Несумненна, пісьменнік мэтанакіравана імкнуўся "занатаваць", захаваць у літаратурных творах, у паўсядзённым ужытку як мага больш "сакаўных", жывых, "натуральных" беларускіх слоў. Ці не яму дзякаваць, што ў нашай літаратуры пасяліліся і сёння не забытыя "любата" і смаката", "даткненне" і "пярэгалас", "свідравіна" і "радовішча".
   Плёнам пазначана праца Янкі Скрыгана на пасадзе загадчыка літаратурна-кантрольнай рэдакцыі Беларускай Савецкай Энцыклапедыі: "Ён упрогся сапраўды ў "егіпецкую работу" — вычытваў, правіў стыль, мову, тэрміналогію, а то і перапісваў некаторыя артыкулы 12 тамоў энцыклапедыі за мізэрную зарплату", — сведчыў Сяргей Грахоўскі. Невыпадкова за ўдзел у стварэнні Беларускай савецкай энцыклапедыі пісьменнік стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1976).
   Многа зроблена таленавітым майстрам і ў галіне мастацкага перакладу. Дзякуючы Янку Скрыгану, па-беларуску "загучалі" творы А. Астроўскага і М. Горкага, І. Буніна і І. Бабеля, шматлікіх пісьменнікаў з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі.
   ...Ён працаваў да апошняга дня, быў шчыра і горача захоплены сваёй справай... Сябры і калегі, якія наведвалі цяжка хворага пісьменніка, дзівіліся яго ўнікальнай працаздольнасці, жыццёваму аптымізму, уменню на ўсё глядзець разважліва і спакойна. 18 верасня 1992 года Янкі Скрыгана не стала, жыццёвы круг замкнуўся. На стале ў пакоі засталіся недапісаныя карткі з думкамі і развагамі, накідамі і замалёўкамі...
   Пахаваны пісьменнік у Мінску, на Паўночных могілках. Лепшым помнікам таленавітаму майстру сталіся яго кнігі — шчырыя, пранікнёныя, спавядальныя. Алена Васілевіч пісала: "Я перачытваю кнігі Яна Скрыгана — старонку за старонкай, — і мне не хочацца развітвацца з імі... Я чую жывую інтанацыю пісьменніка. <...> З асалодаю, як бярозавік у летнюю гарачыню, у смак п'ю мову скрыгановых старонак. І вучуся ў яго. Ён цікавы і патрэбны мне. Бо ён не толькі пісьменнік. Ён — асоба. І гэта такое даткненне, як піша. сам Скрыган — у літаратурным жыцці свята". Да гэтых слоў, несумненна, далучацца ўсе прыхільнікі айчыннага прыгожага пісьменства, усе, хто перагортваў старонкі кніг Янкі Скрыгана.

Похожие статьи:

ПераказыСлед даўніны

ПераказыРаніцою

ПераказыУсё нова і свежа

ПераказыВясновая раніца