Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Дудар

Фатаграфія Алеся Дудара   Паэт, празаік, крытык, перакладчык Алесь Дудар (сапраўднае прозвішча Дайлідовіч) нарадзіўся 24 снежня 1904 года ў вёсцы Навасёлкі Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Петрыкаўкага раёна Гомельскай вобласці) у сялянскай сям’і. Пазней Дайлідовічы пераехалі ў Мінск, дзе бацька працаваў чыгуначнікам. У Першую сусветную вайну, сям’я выехала ў бежанства. Жылі ў г. Казлове (Мічурынск) Тамбоўскай губерні. У 1917 годзе вярнуліся ў Мінск.
   Алесь Дудар вучыўся ў школе другой ступені, якую скончыў у 1920 годзе. Захапляўся тэатрам, прымаў удзел у «Трупе беларускіх артыстаў пад загадам У. Галубка». У гэты ж час пачаў пісаць вершы. Першы верш «Прэч з дарогі» быў апублікаваны ў 1921 годзе ў газеце «Савецкая Беларусь» пад псеўданімам А. Дудар. 3 гэтага часу ён рэгулярна друкуецца ў перыёдыцы, выдае кнігі паэзіі «Беларусь бунтарская» (1925), «Сонечнымі сцежкамі» (1925), «I залацісцей, і сталёвей» (1926), «Вежа» (1928), піша паэмы «Паланянка», «Шанхайскі шоўк», «Байкал», кнігу апавяданняў «Марсельеза» (1927), зборнік артыкулаў «Пра нашы літаратурныя справы» і інш. У крытыцы выступаў пад псеўданімам Тодар Глыбоцкі, нярэдка разглядаў творы беларускіх пісьменнікаў з вульгарна-сацыялагізатарскіх пазіцый. Алесь Дудар станавіўся адным з самых папулярных беларускіх паэтаў таго часу. Ён быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», ездзіў па Беларусі, арганізоўваў яго філіі ў Віцебску, Магілёве, Полацку, спрыяў тым самым станаўленню і развіццю беларускай літаратуры. Дарэчы, сябрам «Маладняка» была і таленавітая паэтэса Наталля Вішнеўская, з якой Алесь Дудар ажаніўся ў 1927 годзе.
   Для ранняга перыяду творчасці Алеся Дудара, як адзначаў крытык Варлен Бечык, было характэрна «рамантычнае светаўспрыманне. Ён захапляўся рамантыкай паўстанняў, подзвігамі рэвалюцыянераў яго грамадзянская лірыка — гэта паэтызацыя Беларусі «ў фабрычных трубах», апяванне вёскі, якая «рушыць у новы век».
   Але малады паэт не хацеў мірыцца і з тым адмоўным, што сустракалася ў жыцці. Паступіўшы ў 1927 годзе на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта, ён праз два гады дэманстратыўна пакінуў яго ў знак пратэсту супраць нападак там на студэнтаў-літаратараў за іх нібыта «беларускі шавінізм». У «Савецкай Беларусі» Алесь Дудар разам з Міхасём Зарэцкім і А. Александровічам апублікаваў адкрыты ліст супраць антыбеларускай пазіцыі універсітэцкага кіраўніцтва. Не пагаджаючыся са спрошчаным поглядам сяброў на ролю мастацкай літаратуры, на аслабленне яе крытэрыяў А. Дудар у 1928 годзе пакідае «Маладняк» і ўступае ў літаратурнае аб’яднанне «Полымя».
   Прынцыповасць і смеласць паэта праяўляліся і ў яго творах, пра што сведчыць верш «Пасеклі Край наш», які бальшавіцкія ўлады расцанілі як «контррэвалюцыйную і нацыяналістычную вылазку класавага ворага на літаратурным фронце». За гэты верш Алесь Дудар у 1928 годзе быў арыштаваны і высланы на тры гады за межы Беларусі.
   Сярод канфіскаваных вершаў паэта ў антысавецкія, «нацдэмаўскія» былі залічаны таксама вершы «Цені блудзяць па твары», «Я радзіўся за хатай пад плотам». Абвінавачваўся Алесь Дудар і за знойдзены ў паперах паэта верш яго ўкраінскага сябра, паэта У. Сасюры «Навколо...»

 

Навколо радости так мало!
Який у чорта днів бадьор,
коли ми крила поламали
у леті марному до зор.
I гнів і муку неозору
співаю я в ці дні журби,
коли лакеі йдуть у гору,
й мовчать раби!...


   У высылцы Алесь Дудар быў паўторна арыштаваны і прывезены на допыты ў Мінск. На гэты раз яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «Саюзе вызвалення Беларусі» (ЗВБ), па справе якога праходзіла больш за трыццаць беларускіх пісьменнікаў. Седзячы ў следчым ізалятары турмы, А. Дудар напісаў падрабязныя паказанні па сваёй творчасці, асуджаючы сябе, па патрабаванні катаў-следчых, ва ўсіх «контррэвалюцыйных» грахах. Са следчага ізалятара ў Мінску яго зноў адправілі ў Смаленск.
   У 1931 годзе яму было дазволена вярнуцца на радзіму. Імкнучыся ўвайсці ў літаратурна-грамадскае жыццё, Алесь Дудар больш пачаў займацца перакладамі з еўрапейскай, рускай, украінскай літаратур (Ф. Шылер, П. Бамаршэ, Ж.-П. Беранжэ, А. Мюсэ, Ё. В. Гётэ, Г. Гейнэ, С. Ясенін, А. Блок, Б. Пастарнак, А. Безыменскі, В. Інбер, П. Тычына, У Сасюра, М. Рыльскі, В. Палішчук і інш.). Напісаў некалькі паэм, якія ўвайшлі ў зборнік «Слуцак» (1935). Распачаў пераклад на беларускую мову лібрэта оперы «Яўгеній Анегін» для Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, які адкрыўся ў Мінску (1933). Опера рыхтавалася да 100-гадовага юбілею А. С. Пушкіна (1937). Але наспяваў пік сталінскіх рэпрэсій. У кастрычніку 1936 года Алесь Дудар быў зноў арыштаваны. А праз год здзекаў і катаванняў 29 кастрычніка 1937 года ён быў расстраляны, як мяркуюць, ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Было яму тады 32 гады.
 


Крыніца: Расстраляная літаратура: творы беларускіх пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады / уклад. Л. Савік, М. Скоблы, К. Цвіркі, прадм. А. Сідарэвіча, камент. М. Скоблы, К. Цвіркі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 696 с. [8] с.: іл. – («Беларускі кнігазбор»: Серыя 1. Мастацкая літаратура).

Похожие статьи:

ДДудар

Казкі ЖыццяЯкуб Колас - Дудар

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Дудар

ПераказыМісіянер беларускай культуры