Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сяргей Грахоўскі

Фатаграфія Сяргея Грахоўскага1913-2002 гг.

   Сяргей Іванавіч Грахоўскі – паэт, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык – адзін з тых, чый жыццёвы шлях быў азмрочаны дзесяцігоддзямі сталінскага ГУЛагу. Творчасць гэтага таленавітага паэта, а быў ён найперш паэт, вызначаецца ў беларускай літаратуры незвычайна плённымі і важкімі мастацкімі дасягненнямі ў самых розных жанрах, прыцягвае ўвагу гуманістычнай скіраванасцю, шчырым лірызмам і моцным публіцыстычным пафасам.
   Нарадзіўся будучы пісьменнік 25 верасня 1913 года ў мястэчку Нобель Пінскага павету Мінскай губерні (цяпер Зарэчнянскі раён Ровенскай вобласці, Украіна) у сялянскай сям'і. У 1914 г. разам з бацькамі пераехаў у мястэчка Глуск на Магілеўшчыне. У 1930 г. пачаў працаваць рабочым на Бабруйскім дрэваапрацоўчым камбінаце. У 1931-1932 гг. працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газеце "Чырвоная змена". Скончыў газетна-выдавецкае аддзяленне літаратурнага факультэту Мінскага педагагічнага інстытута (1935), працаваў рэдактарам на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ.
   Амаль дваццаць гадоў Грахоўскі быў пазбаўлены свабоды і права займацца любімай творчай працай. Яго беспадстаўна арыштавалі 19 кастрычніка 1936 года, асудзілі на дзесяць гадоў і саслалі на лесанарыхтоўкі. Пасля вызвалення выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна (1946-1949). У 1947 годзе з Сяргея Грахоўскага знята судзімасць. Аднак праз тры гады пасля вызвалення, у 1949 годзе, Грахоўскага арыштавалі зноў за прыналежнасць да "антысавецкай нацыяналістычнай групы" і выслалі на вечнае пасяленне ў Новасібірскую вобласць. У Беларусь пісьменнік змог вярнуцца толькі пасля рэабілітацыі (19 кастрычніка 1955 года).
   Пасля рэабілітацыі з 1956 па 1973 гг. працаваў на радыё, у часопісах "Бярозка" загадчыкам аддзела рэдакцыі (1957-1959), "Вясёлка" (1960-1973); літкансультантам Саюза пісьменнікаў БССР (1959-1960). У 1973-1974 гг. працаваў адказным сакратаром Камітэта па дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. З 1956 г. з'яўляўся членам СП СССР. У гэты ж перыяд Сяргей Грахоўскі аддаў усе свае творчыя сілы літаратурнай справе, кампенсуючы страчанае, ненапісанае за гады зняволення, выдаў адзін за другім паэтычныя зборнікі. Толькі ў гады "адлігі" і застою выйшлі: "Дзень нараджэння" (1958), "Чаканне" (1960), "Табе зайздросціць сонца" (1963), "Памяць" (1965), "Тры вымярэнні" (1967), "Паэма дарог" (1970), "Зазімак" (1976), "Зачараванасць" (1978), "Асеннія гнёзды" (1982).
   Больш за паўвека пісьменнік актыўна супрацоўнічаў з радыё і тэлебачаннем. У 80-х гадах вёў рэгулярную літаратурна-адукацыйную тэлеперадачу "Літаратурная Беларусь".
   Творчую біяграфію Сяргея Грахоўскага можна назваць драматычнай. Першы яго верш быў надрукаваны ў часопісе "Беларускі піянер" (1926), калі аўтару споўнілася 13 год. Першы ж вершаваны зборнік "Дзень нараджэння" (1968) пабачыў свет толькі праз 32 гады. А паміж гэтымі датамі — страчаная маладосць, абарваныя юнацкія мары і надзеі, пакутніцкі шлях, раздзелены з мільёнамі нявольнікаў, "заплямленых страшэнным таўром 58-й пробы".
   Многія вершы першага зборніка пазначаны пякучым болем душы, нагадваюць пра жыццёвыя страты, з'яўляюцца ўспамінамі пра маладосць, маці, каханую ("Белыя ліпы", "Я цябе прыгадаў", "Ноч над Мінскам", "Мама", "Ты помніш чэрвеньскія ночы").
   Пасля вяртання з лагераў і ссылак прыходзіць "другое дыханне". Асабліва моцна адчуваецца ў творах пісьменніка повязь з роднай зямлёй, прыпадаючы да якой ён прагна ўдыхаў яе гаючы водар. Як пасля вайны, аглухлая ад грымотаў, літаратура пэўны час пазбягала ваеннай тэматыкі, залечваючы раны, так і былыя лагернікі гаілі боль душы, праходзілі адаптацыю ў новых умовах, набіраліся вопыту. Вось чаму асноўныя тэмы вершаў і паэм Сяргея Грахоўскага – "вечныя" і менш небяспечныя: пейзажныя замалёўкі, вершы пра маладосць і каханне, багацце чалавечай душы. Яны і сёння не страцілі свежасці ўспрымання.
   Сярод твораў Сяргея Грахоўскага нямала пейзажных замалёвак, якія яскрава перадаюць шматгалосы птушыны звон, стракатыя адценні фарбаў восені, снежную белізну зімовых дзён, веснавое абуджэнне зямлі (вершы "Колеры", "Вясной", "Прадвесне", "Подых лета", "Асенні дзень", "Снежань", "Завіруха"). Паэт, захапляючыся навакольнай прыгажосцю, перадае бясконцы рух і зменлівасць у прыродзе, ад якіх самому хочацца шукаць, гарэць, тварыць:

Я не стаю на раздарожжы,
Мне пэўны шлях даўно відзён:
Усё жыццё ў падарожжы —
Ад першых да апошніх дзён.

("Падарожжа")


   Сваімі вершамі паэт стварыў своеасаблівы гімн прыродзе, яе непераўзыдзенаму хараству, якое малюецца ўсімі колерамі, дзе пераліваюцца светлыя, залатыя, белыя, зялёныя фарбы розных пор года. Пейзажная лірыка адначасна прасякнута роздумам над жыццём чалавека, як часцінкі прыроднага свету. Паэт падкрэслівае арганічную злітнасць чалавека і прыроды, раскрывае глыбіню пачуццяў свайго лірычнага героя ад судакранання з ёю, сцвярджаючы, што чалавек павінен існаваць у гарманічным суладдзі з прыродай. ("Пралескі", "Хмель", "Вясна", "Сунічны сок", "Казка" і інш.)

Я з маленства чытаю зялёную кнігу,
Як старонкі, гартаю лугі і палі.
Што шумяць, шапацяць і гамоняць паціху
І складаюць адвечную песню зямлі…

("Зялёная кніга")


   Паэт сцвярджае, што чалавеку і прыродзе патрэбна не толькі спагада, але найперш дабрата, людская ўвага і ласка. Ён выказвае глыбокую занепакоенасць станам прыроды, з болем і трывогай гаворыць пра неразумнае, неашчаднае карыстанне яе дабротамі. Яму невыносна  бачыць мечаныя шрамамі, базадказнай вырубкай пушчы, спрамленыя рэкі, асушаныя без меры балоты, атамныя грыбы.
   Бязлітаснае XX стагоддзе знішчыла прыроду так, як не здолелі яе скалечыць за мільёны гадоў. І ўжо не мы просім міласці ў прыроды, "прырода моліць літасці ў нас" (верш "Папярэджанне", паэма "Трывожны маналог зямлі").
   Многія творы Сяргея Грахоўскага маюць гуманістычную скіраванасць, прапаведуюць дабро, справядлівасць, услаўляюць любоў, каханне, шчасце і, па вызначэнні Алега Лойкі, спрыяюць "выхаванню пачуццяў добрых і прыгожых" (вершы "Патрэбен чалавеку чалавек", "Давер", "Любоў", "Як я жыў без цябе?").
   Паэт разумее не абстрактна, а канкрэтна, як актыўную дзейнасць, неабходнасць "тварыць дабро, як дыхаць і любіць" ("Калі прыходзіць неспадзеўкі сталасць...", "Баліць душа за кожнага калеку...", "Нельга ні забыцца, ні адкласці...", "Сэрца", "Свята душы", "Прага душы"). Уменне тварыць дабро разглядаецца паэтам як найвышэйшая праява духоўнасці, як своеасаблівы талент ("Дабрата"):

 

Усё праходзіць, быццам дождж няроўны, —
І боль, і злосць, і дробная брыда,
А застаецца важны і галоўны
I самы светлы талент — дабрата.

("Дабрата")


   Дабрата, любоў, каханне, шчасце — гэтыя філасофскія катэгорыі з'яўляюцца асноўнымі ў лірычным роздуме С. Грахоўскага. Здольнасць праяўляць любоў да людзей, да зямлі, да кожнай маленькай істоты з'яўляецца неабходнай умовай для шчасця ("Патрэбен чалавеку чалавек", "Любоў", "Давер").
   Вершы пра каханне, як і пейзажны жывапіс, складаюць лепшыя старонкі паэтавых кніг і сведчаць пра сапраўдную эстэтычную годнасць аўтарскага майстэрства, рэалізаванага перш за ўсё ў шчырасці і натуральнасці пачуццяў.
   Каханне для паэта – шчаслівы дар лёсу, праяўленне шчодрасці душы і гуманнасці. Паэт гаворыць пра каханне з высокім эстэтычным майстэрствам, натуральнымі шчырымі інтанацыямі, што дае магчымасць адчуць, з якой вялікай павагай, пакланеннем ставіцца аўтар да жанчыны, адкрывае таямніцы душы, непадкупную чысціню і дабрату – каханай, жонкі, маці – за якімі часта згадваюцца рэальныя прататыпы ("Як я жыў без цябе?..", "Будзь музаю маёй...", "Нас разлучалі вёрсты і гады...", "Шлюб"):

 

Мабыць, трэба было
Праваліцца у пекла.
Траціць блізкіх,
Пакутаваць, мерзнуць, гарэць,
Ратавацца,
Каб лютая сцюжа не ссекла,
Каб цябе пад Палярнаю зоркай
Сустрэць і пазнаць.

("Прызнанне")


   Шмат сваіх твораў паэт прысвяціў маці. У вершах розных гадоў не раз прыгадаецца дарагі вобраз: "Пачатак дарогі" (1959), "Разам з маці" (1969). Маці бачыцца заўсёды ў працы: "То жне, то сцеле лён у непагоду, то месіць хлеб на досвітку ў дзяжы". Прысутнасць маці ў сынавым лёсе адчуваецца нязменна: то зрокава асязальна, то псіхалагічна. Як анёл-ахоўнік, яна аберагае сына ад няшчасцяў і бедаў.
   У кнізе "Кругі надзеі" (1985) ёсць верш "Сніцца і сніцца маці", у якім уяўнае спалучаецца з рэальным. Маці прыходзіць у сны сына, "глядзіць журботнымі вачыма", кажучы, што пакутавала разам з ім у трывожныя гады, аберагаючы, хадзіла па яго слядах:

 

Яна ў трывожныя гады
Маім пакутавала горам
I ледзь прыкметныя сляды
Шукала за сцюдзёным морам,
Прайшла са мной святло і змрок,
Балела мне і ёй балела …

("Сніцца і сніцца маці")


   На жаль, пасля вайны паэту не ўдалося адшукаць нават магілу маці ("Размова з маці").
   У лірыцы Сяргея Грахоўскага ёсць нямала вершаў, дзе дэкларуецца вернасць Радзіме, гатоўнасць аддаць за яе жыццё: "Вера" (з прысвячэннем У. Мяжэвічу, разам з якім пакутаваў на этапных дарогах), "Беларусь", "Радзіма", "Бацькаўшчыне".
   Усведамленне нацыянальнай годнасці падмацоўваецца наступным вершам, у якім засведчана далучанасць да вытокаў:

 

І тым заўсёды ганаруся,
Што ў шчаслівейшую пару
Я нарадзіўся ў Беларусі
І так, як маці, гавару.

("Мая радаслоўная")


   Нельга не адзначыць, што любоў да бацькоўскай зямлі, да Беларусі нязменная, шчырая, вывераная жыццёвымі выпрабаваннямі паэта. Праз творчасць Сяргея Грахоўскага праходзіць лейтматыў далучанасці асабістага лёсу паэта да лёсу Бацькаўшчыны, Беларусі.
   За незалежную Беларусь, за родную мову Сяргей Іванавіч змагаўся нястомна, рашуча і сваім палымяным публіцыстычным словам. Нарысы, крытычныя артыкулы, публіцыстыку ён пісаў на працягу ўсёй творчасці, адгукаючыся на самыя разнастайныя, надзённыя праблемы сучаснасці. Але сёння дастаткова прыгадаць такія яго артыкулы, як "Людзьмі звацца? Многага захацелі" і "Эхо двойного залпа", каб адчуць, на вялікі жаль, іх вострую актуальнасць і адпаведнасць сённяшняй сітуацыі.
   Сяргей Грахоўскі плённа працаваў і ў прозе – нарыс "Горад маладосці" (1960), зборнік апавяданняў "Які вялікі дзень" (1966), дакументальная аповесць "Рудабельская рэспубліка" (1968), аповесці "Ранні снег" (1975), "Гарачае лета" (1974) і інш. У 1988 годзе выдаў зборнік вершаў і паэм "І радасць і боль". Гэта самая прыкметная і важкая кніга ў творчай біяграфіі паэта. У ёй шмат новых звестак пра ранейшае жыццё самога аўтара і яго таварышаў, незаконна пакараных у 1930-я гады.
   Асобнае месца ў яго творчасці займаюць дакументальна-мемуарныя творы, прысвечаныя асэнсаванню трагічнага мінулага. Гэта кніга паэзіі "Споведзь" (1990), аповесці "Такія сінія снягі" (1988), "Зона маўчання" (1990), "З воўчым білетам" (1991), паэма "Балючая памяць". У гэтых творах узнаўляюцца карціны, эпізоды, дэталі нечалавечага лагернага жыцця, якое растаптала маладосць і сілы, але не змагло вынішчыць памяць, веру, надзею. Пісьменнік у падрабязнасцях апісвае ўмовы лагернага быту і непасільнай рабскай працы, жыццё ў ачапленні лагерных дратоў, аўчарак і вартавых, атмасферу чалавечых адносін. Ён расказвае пра трагічны лёс без віны вінаватых "ворагаў народа", якія ўзняліся над суцэльным страхам і подласцю, не заплямілі свайго сумлення. Разам з тым пісьменнік, як сведка тых падзей, даносіць праўду і пра тых, хто зрабіўся ўдзельнікам крывавых злачынстваў (следчых, суддзяў, канвойных, розных бюракратаў і чыноўнікаў). Сяргей Грахоўскі ўздымае пытанне безабароннасці чалавека перад дзяржаўным беззаконнем, спрабуе выкрыць яго прычыны, даследуе дыялектыку дабра і зла. Творы вызначаюцца не толькі болем ад незагоеных ран, але і чалавечым клопатам за родную зямлю, за лёс новых пакаленняў, за заўтрашні дзень.
   Успаміны пра вядомых і дачасна загінуўшых літаратараў змясціліся ў кнізе "Так і было" (1986). Па дакументальнай аповесці "Рудабельская рэспубліка" пастаўлены спектаклі тэатрамі імя Янкі Купалы і Гомельскім абласным драматычным у 1968 годзе; у 1972 г. створаны аднайменны кінафільм. Выдадзена кніга "Мінск" (1971) і нарыс на маральна-этычную тэму "Бацькі і дзеці" (1972).
   Пісьменнік шмат стварыў і для дзяцей. Выйшлі кнігі вершаў "Ад вясны да вясны (1959), "Сёння і заўтра" (1961), "Гарыць касцёр" (1966), "Сонечная сцежка" (1980), "Знаходка" (1985), зборнік апавяданняў "Агеньчык у акне" (1972). Нямала цікавых вершаў, казак, легендаў адрасавана дзецям: "Дзяцел", "Ласяня", "Ходзіць сон", "Вася Вясёлкін ляціць на Месяц", "Слон" і іншыя.
   Сяргей Грахоўскі вядомы і як перакладчык. На беларускай мове ў яго перакладах хораша прагучалі многія творы латышскіх (Яна Райніса, Яна Судрабкална, Андрэя Балодзіса), літоўскіх (С. Нерыс, А. Жукаўскаса, Ю. Марцінкявічуса), рускіх (А. Пушкіна, А. Блока, С. Ясеніна, Я. Смелякова, С. Арлова), украінскіх (Тараса Шаўчэнкі, Лесі Украінкі, М. Рыльскага, У. Сасюры, М. Нагнібеды) паэтаў. Ён пераклаў таксама аповесць А. Гайдара "Ваенная тайна", раманы Ж. Верна "80000 лье пад вадой" і Р. Тагора "Крушэнне". А вершы самога пісьменніка перакладаліся на англійскую, французскую, польскую, балгарскую, рускую, украінскую і іншыя мовы.
   Музыку на яго вершы пісалі кампазітары С. Альхімовіч, Г. Вагнер, Д. Камінскі, Д. Лукас, Р. Пукст, Л. Свердзель, Ю. Семяняка, Д. Смольскі, К. Цесакоў, В. Іваноў і інш. Яго імя ўведзена ў гістарычную, ўніверсальную, літаратурную энцыклапедыі, ў новую гісторыю беларускай літаратуры, пра яго творчасць напісана шмат артыкулаў і рэцэнзій. Сваім талентам, грамадска-літаратурнай дзейнасцю, сумленна і творча пражытым жыццём Сяргей Грахоўскі стаяў далёка наперадзе большасці сваіх сучаснікаў.
   Таленавіты пісьменнік прайшоў доўгі, хоць і складаны жыццёвы шлях, пакінуў сваім нашчадкам вялікую колькасць твораў, напоўненых шчырасцю і дабрынёй. Сяргей Грахоўскі – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі за зборнік "Споведзь" (1992), Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова за зборнік "Асеннія гнёзды"(1983), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры, актыўную грамадскую дзейнасць (1994), ганаровы грамадзянін Глуска (1995). Спадчына Сяргея Грахоўскага сёння захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Похожие статьи:

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Стары млын

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Чалавеку патрэбна не слава...

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Казкі жыцця

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Мама

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Прызнанне