Я не стаю на раздарожжы,
Мне пэўны шлях даўно відзён.
Усё жыццё я ў падарожжы –
Ад першых да апошніх дзён.
Бо мой рубеж яшчэ не блізка,
Хоць б'юць часамі перуны,
А я вандрую ад калыскі
I правандрую да труны.
Але шкада, што век кароткі,
А свету не відаць канца,
Што пехатою ад Находкі
Ужо не дайсці да Камянца,
Што легкадумныя раманы
Больш не паўторацца ў жыцці,
Што непраходныя урманы
Наўрад ці прыйдзецца прайсці.
Шкада. А каб усё спачатку
Зноў паўтарыць за кругам круг,
Хадзіць праз вузенькую кладку
Вясной з дзяўчатамі на луг.
I зноў навыперадкі лётаць
Цераз купальскія кастры,
Таптаць задымленую лотаць
I цалавацца да зары.
Шкада, што не з усімі стрэўся,
Каго калісьці мог сустрэць,
Што каля тых агнёў не грэўся,
Дзе мог і я душу сагрэць
Жывым, гарачым хваляваннем,
Любоўю, светлым пачуццём.
Таму цяпер усё дазвання
Хачу зрабіць сваім жыццём:
Паветрам дыхаць навальнічным,
Таптаць і лотаць, і мурог,
З акрайцам і з вадой крынічнай
Прайсці яшчэ мільён дарог,
Не ўслед, а поплеч з маладымі,
Каб смела марыць, прагна жыць,
Узняцца сцежкамі крутымі,
Дзе зорка ў бездані дрыжыць,
Дзе за ліловым небасхілам
Арбіты зорныя прайшлі,
Дзе самі вырастаюць крылы,
Каб зноў вярнуцца да Зямлі,
Дзе пахнуць першыя рамонкі,
Дрыжаць пад месяцам гаі
I свішчуць на світанні звонка
I традыцыйна салаўі.
Таму хвалюе і трывожыць
Усё, што стрэнецца ў жыцці,
Таму, прыйшоўшы з падарожжа,
Ізноў збіраюся ісці.
1964 г.
Похожие статьи:
Янка Маўр → Янка Маўр - Падарожжа вакол дома
Пераказы → Кругасветнае падарожжа
Васіль Вітка → Васіль Вітка - Стасева падарожжа
Ян Баршчэўскі → Ян Баршчэўскі - Падарожжа
Пераказы → Адважныя падарожнікі