Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адважныя падарожнікі

   Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянелі. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц. Яшчэ відаць былі сляды паводкі.
   У такі час і трапілі сюды гэтыя два хлопцы. Яны былі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд, а таксама і характары іх былі зусім адметныя. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, – прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам. Мірон быў больш разважлівы, спакойны, а Віктар – жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся між сабою, але былі найлепшымі сябрамі і Жыць не маглі адно без аднаго.
   Абодва вучыліся ў тэхнікуме ў адным з абласных цэнтраў Беларусі і былі самымі стараннымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Можа, яны таму так цікавіліся краязнаўствам, што нарадзіліся ў горадзе і ўвесь свой век пражылі ў ім. Прыроду, лес, вёску хлопцы ведалі толькі з тых экскурсій, якія наведвалі, калі вучыліся ў школе. Далей як за дзесяць кіламетраў ад горада ім ніколі не даводзілася быць.
   Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх – Жуля Верна, Майна Рыда, Купера і іншых. Цікавілі іх розныя дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся шмат гадоў таму. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была непадалёк ад горада. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера за дваццаць кіламетраў ад горада.
   У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што на Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых за заморскія. Ёсць пушчы не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца ў свеце, чым сланы і тыгры.
   Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар заалогіяй. З часам кожны з іх досыць сур’ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.
   Калі прыйшла вясна і пачаліся канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад на некалькі дзён, паглядзець на славутае палескае разводдзе. Гэта ім было больш цікава, чым арганізаваная экскурсія. «Там усё па раскладзе, як заняткі ў класе, – казалі яны. – Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгод і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!»
   Калі яны сказалі пра свой план некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:
   – Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?
   – Нічога вы не разумееце! – пакрыўдзіліся хлопцы і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.
   Але цвёрда вырашылі выканаць свой намер, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавейшае за звычайную экскурсію.
(440 слоў)

Паводле Я. Маўра

 

Похожие статьи:

Васіль ВіткаВасіль Вітка - Стасева падарожжа

Янка МаўрЯнка Маўр - Падарожжа вакол дома

Пераказы, дыктантыКругасветнае падарожжа

Ян БаршчэўскіЯн Баршчэўскі - Падарожжа

Сяргей ГрахоўскіСяргей Грахоўскі - Падарожжа