Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Пысін

Фатаграфія Аляксея ПысінаПысін Аляксей Васілевіч (22.03.1920, в. Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці – 27.08.1981, Магілёў; пахаваны на Цэнтральных могілках па вул. Лазарэнкі) – паэт, перакладчык. Член СП Беларусі з 1950. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1980). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1968; за кнігу паэзіі «Твае далоні»).

   Нарадзіўся А. Пысін у сялянскай сям’і. У 1880-1886 прадзед будучага паэта і яго сыны пераехалі з Браншчыны ў Магілёўскую губерню, на «купчыя землі». За грошы, узятыя ў пазыку ў зямельным банку, купілі ў пана зямлю. Дзед, Пётр Арцёмавіч, пасяліўся ў заснаванай перасяленцамі вёсцы Высокі Барок. Бацька, Васіль Пятровіч, і маці, Хрысціна Рыгораўна (у дзявоцтве Вяржбіцкая, з суседняй вёскі Мануйлы), займаліся сельскай гаспадаркай. У роднай вёсцы прайшлі дзіцячыя і школьныя гады Аляксея Пысіна. Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы (1938) А. Пысіна, як актыўнага селькора, райком камсамола накіраваў на вучобу ў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі. У верасні 1939, пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, яго, тады студэнта другога курса, накіравалі на працу ў бельскую (г. Бельск на Беласточчыне) павятовую, пасля раённую газету, дзе ён быў літсупрацоўнікам да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля адступлення да Гомеля была эвакуацыя на Урал, у запасны полк, была палкавая школа і дарога на пярэдні край. Вайну прайшоў сувязістам, удзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх франтах, двойчы быў паранены. Дэмабілізаваўся Аляксей Пысін на пачатку 1946. Працаваў адказным сакратаром краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг» (1946-1948), уласным карэспандэнтам магілёўскай абласной газеты «За Радзіму» (1949-1950). З мая 1950 працаваў у палітаддзеле Свержанскай МТС Стаўбцоўскага раёна Баранавіцкай вобл. З 1954 рэдактар чэрыкаўскай раённай газеты. У 1956-1958 вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Пасля заканчэння курсаў з 1958 працаваў у рэдакцыі абласной газеты «Магілёўская праўда». З 1974 да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Як журналіст і публіцыст выступаў супраць застойных з’яў у грамадстве, бяздумнай меліярацыі зямель. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалямі.
   Першыя спробы пяра А. Пысін зрабіў яшчэ будучы вучнем Высокаборскай сямігодкі. Тады ж у друку пачалі з’яўляцца яго невялікія селькораўскія допісы. Першыя вершы ён, выпускнік сярэдняй школы, прынёс на суд земляку-паэту П. Бядуліну, які працаваў тады ў рэдакцыі краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». Адзін з іх, «Ураджай», быў надрукаваны ў 1938 у газеце «Чырвоная змена». Пасля былі публікацыі ў армейскім друку. Першы зборнік «Наш дзень» выйшаў толькі ў 1951, у 1959 з’явіўся наступны – «Сіні ранак». У ранніх вершах адчуваліся настойлівыя пошукі ўласнай тэмы, свайго голасу, якога тады яшчэ не было, хоць раннія вершы і прасякнуты грамадзянскім пафасам, пачуццямі патрыятызму, трывогай за мір на зямлі. У зборніку «Сонечная паводка» ўжо адчуваецца «прырастанне» паэта да сваёй тэмы – зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх стаў адной з істотных рыс яго сталай лірыкі. Кніга «Мае мерыдыяны» засведчыла «другое нараджэнне» паэта. У ёй, як і ў наступных («Твае далоні», «Пойма», «Да людзей ідучы», «Ёсць на свеце мой алень», «Палёт»), разгортваецца суровы летапіс памяці. Лірычная споведзь паэта, былога франтавіка, драматычна-напружаная, пазначаная глыбокім смуткам, абумоўленым стратамі баявых сяброў. Крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы А. Пысіна, становіцца найважнейшай адзнакай эстэтычнай вартасці яго паэзіі, дзе, як і ў жыцці, «даўняе з сягонняшнім сплялося». У разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі праблемамі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог («часоў былых і новых сувязь»), у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека адчуваецца высокая мастацкая культура, маштабнасць мыслення паэта. Лірыцы А. Пысіна ўласцівы жыццесцвярджальнасць, спавядальная шчырасць, унутраная засяроджанасць, традыцыйная манера пісьма. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі», «Вясёлка над плёсам», «Колькі сонцаў». Дзецям адрасаваны таксама паэмы «Кавылёк» і «Дзяўчынка Марыям». Выдаў кнігу нарысаў «Бярозка ля кожных варот». А. Пысін пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (разам з С. Гаўрусёвым), зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам». Творы А. Пысіна перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы. На яго вершы кампазітарамі Л. Курачком, І. Пятровым-Кумінскім і Ю. Федуненкам напісаны песні.
   Імя А. Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе створаны прысвечаны яму музей. У Магілёве на праспекце Міру, на доме 35а, дзе жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка.   

Л. М. Гарэлік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. Пестрак – Сяўрук / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: І. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. – 480 с.

 

Похожие статьи:

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Туман

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Домскі арган

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Пісьмо птушак

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Забыта многае ў жыцці...