Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Пысін - Дзяўчынка Марыям

Адыход
Красавіка,
А на дрэвах –
Ні лістка.
Гэта ў нас. А вось па поўдні
Зелені і кветак поўна.
Быццам дываны пасланы –
Ярка ўспыхнулі цюльпаны.

Можа, трэба вам букет?
Прыязджайце у Ташкент:
Тут дзяўчынка Марыям
Кветкі паднясе
Сябрам.

Вочкі чорныя і бровы,
Тварык смугленькі. здаровы,
Цюбецейка на касічках,
У палосачку спаднічка.

* * *
Шмат людзей сабрала плошча,
Залаты фантан плюскоча;
Можа, горача, спякотна? –
То астудзіць ён ахвотна.

А па кругу – гляньце толькі –
Едуць тройкі, тройкі, тройкі.
Ззяюць дугі распісныя,
Мчацца коні выязныя.
Выязныя коні,
Беленькія поні.
Лейцы Марыям трымае,
Тройку, тройку падганяе.
Цюбецейка на касічках,
У палосачку спаднічка.

Паспяшалася дамоў,
Накарміла галубоў.
Дзе арык цурчыць пад тынам, –
Паспрачалася з паўлінам.

* * *
Прытаміла ножкі днём
І заснула моцным сном.
Па сцяжынцы між палёў
Сон павёў яе,

павёў.


Пад гарою, на паляне,
Водзяць карагод цюльпаны,
Чаравічкі ў іх – зялёныя,
Самі – вогненна-чырвоныя.

Б’юць паклоны:
– Марыям,
Спадабалася ты нам,
Будзь, смуглянка, нам сястрою,
Пойдзем мы гуляць з табою.

Сонца свеціць, сонца грэе,
Халадок з цясніны вее.
А захочам мы напіцца –
Ўнізе рэчанька бруіцца.
На світанні мы спяваем,
Сонейка вітаем,
Як узыдзе, – мы танцуем,
Сонейка віншуем.

Раззлавалася гара:
– Прэч усе з майго двара!
Вы не сонцу – мне павінны
Урачыстыя пець гімны.
Захадзіла хадуном,
Дыша дымам і агнём.
Узняла скалу гранітную –
Пацямнела высь блакітная.
Кінула скалу здаля –
Пахіснулася зямля.
Хваляй падняло дзяўчынку,
Панясло, нібы пясчынку,
Аж за свет занесці можа...
Хоча крыкнуць – ды не можа,
І прачнулася ў знямозе,
У няведанай трывозе.

Гул і тупат,
Гул і тупат.
Трэск і грукат,
Трэск і грукат.
Ні пасцелі, ні падушкі,
Чорныя над садам птушкі.

* * *
На пасту
У час світання
Дзед Садык на скрыжаванні
Са свістком і строгім жэзлам
У пагонах старшыны
Дыхаў свежасцю і бэзам,
Добрым водарам вясны.

А чаму, як па сігналу,
Дрэвы птушак пасагналі?
Што пачулі вы, чынары?
Што вы знаеце, сады?
Можа, страшнага пажару
Ці другой чакаць бяды?
Пракаціўся гул нясцерпны,
Скалыхнуўся дол зямны,
Скрыгнулі каменнем сцены,
Апаўзаюць каміны.

Грымнулі ўжо рыштаванні,
Друз і шкло – на скрыжаванні.
Гмах насупраць разгайданы,
Асыпаецца карніз.
Цягнуць людзі чамаданы,
Ўсе спяшаюцца уніз.
Ходзіць глеба пад нагамі.
Адзываецца штуршкамі.

Дзед не бачыў век такога:
На душы ў яго трывога –
Як жа дом?
Што

дома там.

Як унучка Марыям?
Ясна без паведамлення:
Ў горадзе землетрасенне.

Санітарныя машыны
Мчацца, аж дымяцца шыны,
Трубяць, трубяць трывогу:
Дайце,

дайце дарогу.

Не спыняецца напор,
З жэзлам дзед, як дырыжор;
Да абвалаў і руін
Скіраваў ён шмат машын.

* * *
Каля доміка былога –
«Хуткая

дапамога».

Устрывожаны ўрачы:
Каму трэба памагчы?
Аварыйныя брыгады
Узялі з сабой лапаты:
Тут абвал нядаўна быў,
Мусіць, шкоды нарабіў.

Марыям стаіць – смуглянка
Просіць:

– Доктар дарагі,

Паглядзіце вы па ляльку –
Засталася без нагі.
Стол пачуў, сцярпець не мог:
– Нават дзвюх не маю ног.
Стогнуць крэслы:

– Мы калекі,

Тэрмінова дайце лекі!
Лямантуе дзесь будзільнік:
– А чаму не пабудзілі?
Енчыць дзядзька Файзула:
– Ці не бачылі казла?
І пачулі ад Гафура:
– Збегла са двара скульптура.
У смуглянкі цяжкі ўздых:
Не вярнуўся дзед Садык...

Стаў аўтобус на прыпынку,
І чакае ён дзяўчынку.
Падступілася к дзвярам.
– Куды едзеш, Марыям?
– Да гасцініцы «Ташкент», –
На пасту застаўся дзед.

Смела Марыям ступае,
Свайго дзеда адшукае:
Як стаіць ён на пасту –
Вусы бачны за вярсту.
Дзеда па такой прыкмеце
Кожны ведае ў Ташкенце.

Вось гасцініца «Ташкент»,
А тут дзед

ці не дзед?

Вусы быццам бы не тыя,
Ўжо не чорныя –
Рудыя;
І фуражка не такая,
Ўжо не белая –
Рудая.
Дзед угледзеў Марыям,
Дзед гукае ўнучку сам:
– Марыям, Марыям!
Зараз змену перадам!
Дзед запылены, мурзаты,
Нібы ў чымсьці вінаваты;
Так старанна, так сумленна
Цішыню ўначы бярог,
Толькі вось землетрасення
Папярэдзіць ён не мог.
Як грымела, як гуло,
Дзеда пылам абдало.
Сціхлі ў горадзе сірэны,
Дзед вяртаецца са змены.
– Ну расказвай, што там дома?
– Ужо няма, дзядуля, дома.
Калі толькі стала трэсці
І пасыпаліся трэскі,
Мы ў садок тады са страху,
Паглядзім – ні сцен, ні даху.
Гэта мама так сказала,
А сама тады я спала...
Дзед Садык на дрэва глянуў, –
Дзед Садык усхваляваны.
– Дзед, што бачыш на платане? –
Ціха Марыям пытае.
– Страсянуліся лісткі,
Зараз будуць зноў штуршкі.
Вестку аб землетрасенні
Дрэву

падаюць

карэнні.

І прадказванне збылося:
Загрымела,

затраслося.


* * *
Хай сабе расстросся дом, –
Можна спаць і пад кустом.
А пакуль дзеля парадку
Дзед Садык прынёс палатку,
А другую – сын Імам,
Трэцюю – унук Хаям.
Ад сцяны і да сцяны
У палатцы дываны.
Ёсць насценны каляндар,
Есць сямейны самавар.

У палатку свеціць зорка –
Тут сямейная гаворка.
Тата кажа:

– Наш завод

Не спалохаўся грымот.
Усяе бяды і толькі –
Столь і сцены без тынкоўкі.
Потым мама гаварыла:
– Школа ў стане аварыйным;
Заўтра школа будзе ў парку,
Там паставілі мы парты.

* * *
Шмат бядот. І шмат нягод.
Марыям ідзе ў абход.
І спыталася найперш:
– Як ты, яблынька, жывеш?
– Так трымцела, так баялася,
Моцна за зямлю трымалася.
Непакоюся і зараз:
Можа, абляцела завязь,
Чым тады цябе, малую,
Я увосень пачастую?

На ўзгрэве каля дрэва
Раптам яшчарку сустрэла.

– У трывожную пару
Я пакінула пару:
Я раней усіх пачула
Тое набліжэнне гулу.

А чаго паўлін журботны,
Гэткі сумны і маркотны?

– У мяне урон няпросты,
Бачыш – я зусім бясхвосты:
Калі тросся –
Не ўбярогся,
Мала пер’я
Засталося.
– Падыдзі хоць на хвілінку, –
Папрасіў арык дзяўчынку, –
Глянь – дарожка прада мною
Ўся засыпана жарствою;
Не прайсці і не пралезці,
Не магу

ваду

я несці.

А чакаюць жа вады
І гароды і сады.
Марыям ступіла крок:
Тут лапату б ці савок.
Ды ў дзяўчынкі дзве рукі:
Падымае камякі,
Смецце, друз –
На два бакі.
І ачысціла яна
Арычок зямны да дна.
І пабег струмень вады
У гароды і сады.

* * *
Школьную ўсю гаспадарку
Можна бачыць добра ў парку.
Тут прасторы вельмі многа:
Неба – столь,
Зямля – падлога.
На траве пасталі парты,
На суках павіслі карты.
На заняткі без замінкі
Ходзяць хлопчыкі, дзяўчынкі.
З малышамі – бо не цесна –
Дрэвы вучацца сумесна.
Лічыць кіпарыс за ласку
Белую трымаць указку.
Ды не знае кіпарыс,
Дзе ён, горад той Парыж?
Не даецца ўрок платану:
Цяжкі прыклад па складанню.
Дрэвам кажа Марыям:
– Памагла б ахвотна вам,
Ды баюся памыліцца,
Бо яшчэ не вучаніца.
Я ішла сцяжынкай прама
І пазнала – вучыць мама.
А Каміл чаго вунь плача,
Можа, хітрая задача?
І пачулі ад Каміла:
– Мне суседка гаварыла,
Лопне на зямлі кара
І тут вырасце гара.

* * *
Зранку Марыям адна –
Гаспадыняю яна.
Перш за ўсё – па распарадку –
У садочак на зарадку.
Падмяла
Сама
Палатку.
Чысціня – усё прыбрана,
Ўсё дагледжана старанна.
І навіны для яе
Радыё перадае.
Слова мае Ленінград:
– Я з табой, Ташкент,
Мой брат!

Кіеў кажа з Украіны:
– У бядзе я не пакіну!

Мінск свой голас падае:
– Вось бяры
Дары
Мае!

Далучаецца Баку:
– Не застануся ўбаку...

Марыям гарадам
Адказала:
– Дзякуй вам!
У Ташкента шмат братоў –
Нашых слаўных гарадоў.
І, вядома, кожны брат
Памагчы Ташкенту рад.
Па цагліне
Падалі –
Дом высокі
Узвялі.
Па адной
Яшчэ паклалі –
Побач
Два дамы
Ўжо сталі...
Марыям дамы лічыла –
Неўзабаве лік згубіла.
І ніколечкі яна
Тут не вінавата:
Дзесяць пальцаў па руках,
А дамоў багата:
І ўсё новыя,
Шматпавярховыя.

* * *
Хутка лета прамільгнула,
Пад зямлёй не чутна гулу,
І руін няма нідзе.
Ў школу Марыям ідзе
Ў добры час
У першы клас.

Дзед Садык яе вітае,
Ўсе машыны прыпыняе:
– Тармазі, вадзіцель, колы,
Бачыш – дзеці каля школы!
Тут сяброўкі, тут равесніцы,
Марыям ад шчасця свеціцца.
Вочкі чорныя і бровы,
Тварык смугленькі, здаровы,
Цюбецейка на касічках,
У палосачку спаднічка.
А цюльпаны, а цюльпаны –
Пад гарой
З расой
Сабраны.

І дзівуецца
Ташкент
На дзяўчынку,
На букет.

1967 г.



Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с.

 

Похожие статьи:

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Пісьмо птушак

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Туман

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Домскі арган

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Забыта многае ў жыцці...