Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Аляксей Пысін - Жураўліны бераг

Зноў жураўлі вяртаюцца ў свой край
З міжкантынентальнага палёту.
Прымай цыбатых, Поліпень-балота,
Прымай чубатых, жураўліны рай!
Яны ў нас не бяздомныя прыблуды,
Яны... ну проста нашы жураўлі;
Яны прынеслі не зазімак люты,
Яны нам назвы, прозвішчы далі.
Па ўсёй зямлі вядомы Жураўлёвы,
Над студняю таксама – журавель.
Бяжы хутчэй туды, дзе лес яловы,
Дзе пахне дзераза і прэлы хмель;
I, можа, там пяро з адлівам шызым
Рукою нецярплівай схопіш ты.
А шнур парваны нізам,

нізам,

нізам, –

I блізка ўжо назяблыя кусты.
Унучцы дзед: «Праспалі мы, Наташа!»
Унучцы дзед: «А можа, пабяжым?
Ды не, калі пяро на выган ляжа,
То сілы чарадзейнай менш у ім.
Ты не сумуй, яшчэ сваё мы возьмем,
Яшчэ сустрэнем вырай не адзін».
Наташы – пяць, а дзеду – сорак восем.
Які ён дзед? Ні белых валасін,
Ні барады, ні горбу за плячыма,
Які ён дзед?

«Скажы, ты праўда дзед?»

Духоўскі усміхаецца: «Магчыма».
Шкада, дзядам не выдаюць білет,
Каб патрыярху роду – чэсць і слава...
Яшчэ ў армейскім званні, запасны,
I член кааперацыі, ДТСААФа,
I член дружыны, бо – без сівізны;
I ёсць білет аматара прыроды,
З Чырвоным Крыжам даўні пабрацім.
А хто засведчыць, што ён, безбароды,
Таксама дзед, а гэта – ўнучка з ім?

Унізе пад абрывам вапняковым
Плыла, бурліла вольная рака,
Нібы навечна з грузам ледніковым
Развітвалася. Гладзь – ні астраўка –
Да самага паўкружжа гарызонта,
Дзе ледзь сінее макаўкамі лес,
Дзе небасхіл уздыбіўся высотна,
Калі пад ім пад воблака палез
Старчма

знішчальнік з гулам рэактыўным,

З разрэджанай бялявай паласой.
Здавалася, што ў небе неабдымным
Плыве свой Сож над пенаю густой.

Вада на лузе выспы намывае,
Варочае глухія валуны.
А сом вусаты, рыбіна нямая,
Ў дрымоце бачыць зваблівыя сны.
Тугі струмень штурхае ўпарта сома,
Пасоўвае уперад па жарстве,
I ён, глыбінны ўласнік крутаёма,
Як з кабінета вечнага плыве.
Святло зялёнае даходзіць скупа,
Зацішша – бы ў саборы векавым.
А злева, справа – абстаноўка з дуба,
Дуб мораны, не рушаны нікім.
Ляжаць дубы ў вадзе, пяску і гліне,
Ляжаць дубы на якарах сукоў;
Пасля, пасля, як гул паводкі схлыне,
Дуб дачакае строгіх леснікоў.
I седуны ў пыхлівасці нямой
На ўзняты скарб зайздросна пазіраюць.
А бачылі, як цяжка паміраюць
Дубы з галлём,

   карэннем

і зямлёй?

Дол уздыхне над вадзяным вулканам,
I ледзьве адчувальныя штуршкі
Перадаюцца чуйным веліканам,
Дрыжаць мінулагоднія лісткі.
Павольна бераг мёрзлы асядае,
Падмыты амялелаю ракой;
I хіліцца няўмольна вось крутая,
Дубы хапаюць воблака рукой.
Цяпер увесь цяжар на верхавінах,
Хоць зябка, не згінаюцца яны,
I цягне груз пакутнікаў нявінных
Усё хутчэй у вырай ледзяны.
Спачатку толькі гул і шалясценне,
А грымне паднябесная сцяна
I спыніць Сож на нейкае імгненне,
Ваду наўзбоч расплёснуўшы да дна.
Канікулы на вуліцы вясковай,
Дарогі, сцежкі нізавыя – ўброд.
I дзед, загадчык школы пачатковай,
Наташу ўзяў з сабой па крыгаход
З адной умоваю катэгарычнай:
Каб самавольнай не было хады
Ні да паводкавай, ні да крынічнай
Прастуднай непадцепленай вады.
Для ўсіх у вёсцы ён – Алесь Пятровіч,
А ўнучцы – ну вядома – проста дзед.
Вялікі след і след маленькі поруч,
А там, дзе гразь, – адзін вялікі след.
Бы з вышыні птушынага палёту,
Увесь Журавель да канцавых сяліб.
Тут лепш ісці, трымаючыся плоту,
Пад блізкім позіркам відушчых шыб.
Грузавікі, як з добрай палівачкі,
I пешага, і конных абдадуць.
У ботах гумавых, нібы рыбачкі,
Даяркі хлюпкай вуліцай брыдуць.
Вады хапае і ў пустым карыце,
I капяжы адлічваюць да ста
Ў адну мінуту, а пявун, зірніце,
П’е з каляін, і ўжо ён без хваста.
Няма яму ні сораму, ні страху,
Ну хоць бы з вуліцы далей сышоў;
А можа, самы першы ён стыляга
Сярод курыных бойкіх жаніхоў?
Усмешкі сцёрлі: трэба пакланіцца
I добры дзень Духоўскаму аддаць;
Яны ж яго былыя вучаніцы,
Настаўніка умеюць паважаць.

А хтось Духоўскага чакаў на ганку
Пад правадамі ў бэзавым галлі.
Адкуль з’явіўся незнаёмы ўранку,
Бы жураўлі на крылах прыняслі?
Пагрэўся рана чаем у сталоўцы,
З аўтобусам найпершым – да ляску,
Налева – і па ельніку, ядлоўцу,
Па маладым лядку і халадку.
I не пытаўся, блізка ці далёка,
I не ўглядаўся, мокра ці лядок, –
Ступаў пружыніста і неяк лёгка
Былой армейскай вывучкі хадок.
Даваў нястомна здымкі для газеты,
Хоць дакаралі часта за шаблон,
Што аднатыпныя ў яго партрэты,
Стэрэатыпны вельмі фон і тон:
Усе даяркі над бітонам пенным,
Механізатар гнецца над рулём,
А птушніца абавязкова з пеўнем,
Мілуецца свінарка... з парасём.
Ён мужна адбіваў напад лятучак,
Вісеў над сівізной сакратара:
– Каго здымаць, скажыце, – беларучак,
Красунь на пляжы млявага Дняпра? –
Душой любіў вясковы фон няроўны,
Палёў і пералескаў плаўны тон,
I ведаў лепей ён у Прыдняпроўі
Любы раён, чым свой мікрараён.

Сышоў з прыступак мокрых. Прывітаўся.
– На Сож з дачкой хадзілі? Гулка там...
Духоўскі цёплай шчырасці паддаўся:
– Патрэбны ўсё ж пасведчанні дзядам!
Каб паказаў, і... – шчодра усміхнуўся. –
Відзён ты сам, засведчан гонар твой... –
Не зразумеў прыезджы, папярхнуўся:
– Я... фотакор... з газеты абласной. –
Знаёмства адбылося; разумеюць
Адзін другога раннія дзяды.
Яны дымком па цёплым ганку веюць,
I той дымок гайдае правады.
У доме госць. Сустрэла гаспадыня:
– Давайце чамаданчык, я прыму,
I распранайцеся: сняданак стыне. –
Госць дзякуе, не хочацца яму.
– Падлечым апетыт, – сказаў Духоўскі,
Дастаў бутэльку зыркага віна,
Усім наліў: без гэтай боскай роскі
Няхай не пачынаецца вясна.
Сышліся чаркі ў круг і разышліся,
Нібы ў балеце, – лёгка паплылі.
Нясі, вясна, расу, траву і лісце,
Рунь густапёрую

дай на палі;

Пусці вясёлых жаўранкаў у высі,
А белых лебедзяў – на сіні плёс,
Каб госці добрыя часцей вяліся
I каб ніхто не бачыў нашых слёз!

I крыху пацішэлая гаворка
Жвавей, жвавей, бы з горкі ручаёк.
– Наташа дзе?

Яна, нібы вавёрка,

За комінам схавалася ў куток.
– Наташа?

   Комін абняла, як ступу.

– Цябе здыму я!

Поглядам вачэй

Прасіла ў госця літасці:

   – Не буду,

Не хочу! – паўтарала ўсё гучней.
Бабулька скеміла, у чым прычына,
Што павяло такі перапалох.
– Яна за доктара вас палічыла,
Калі ступіла толькі на парог, –
Баіцца ўколаў.

Домна праз часіну

Унучку пасмялеўшую вяла;
Прыбрала ў белае, як балерыну,
I прычасала, стужкі запляла.
Стаіць дзяўчынка перад аб’ектывам.
Скуласты тварык. Зубкі – хоць лічы.
Прымерыўся фатограф хапатліва:
Усмешку б на партрэце зберагчы.
I вокліч захаплення: «Ёсць, парадак!»
Госць рад: «Такое фота – ў «Огонек».
Наташы захацелася аладак,
I пакацілася, нібы званок.
Хвала і слава фотаапарату:
Адбіў навечна зоркі аб’ектыў
I першы штурм, і звонкі марш параду
I паказаў усіх, якім хто быў.
Хіба віна яго, што ён цвярозы,
Паказваў часам нам уяўны бок:
Святую велічнасць раздзьмутай позы
I ўсе дэталі – люльку і дымок –
Навошчаных герояў балаганных
(Прасоўвалі у дзюрку галаву)
Пры шаблях, шпорах вострых і наганах,
З вачамі, ўзнятымі у сіняву?
Запомнім мы не іх, не вус кінжальны,
А тых, хто вёў на штурм

праз дым і гром;

Байцоў пад ручніком святой пашаны;
Даярку над напоўненым вядром;
Усмешку непадкупную Наташы
(Здымалася дзяўчынка першы раз);
Не ведаць ёй перажыванні нашы,
Бо над калыскай веяў іншы час.
А Домна думала: яна уласных
Не мела фотаздымкаў на ўспамін;
Ні школьных выпускных, ні нават класных,
З дзявочых вёснаў, хмельных, як язмін.
Хоць ведала, што многіх чаравала,
Трывожыла, пякла яе краса.
А твар – крыніца, рэчка адбівала
Ды яравая золкая раса.
Так паўстае вясною першы люцік
Адбіткам сонца

   з лугавых нізін.


На тэму вечную: зямля і людзі –
Дыскусія звычайная ў мужчын.
Да з’яў жыццёвых падыход цвярозы,
Кіраўнікам няўцямлівым дакор.
I – спадзяванні, смелыя прагнозы.
Духоўскага пытае фотакор:
– Чый дом насупраць вас? Нібы васковы,
Бярвенні гладка выскаблены шклом.
Веранда. Вежа. Цацкі-надбудовы,
Вяртлявы флюгер, бы над ветраком,
Узоры ўсцяж карніза распіснога
I аканіцы – крылы матыля.
– Дом старшыні апошняга, былога,
Які сказаў: тут бедная зямля!
Былыя доўга не былі ў зямляцтве
З калгасам журавельскім: быў і сплыў.
I людзі помнілі найбольш дзівацтвы,
Якімі хоць няўдала весяліў.
Апошні... нуль-абруч каціў з падскокам
Па полі,

па гародах,

па лугах.

Аж спадабалася гульня сарокам:
Якая рысь, зайздросны крок, размах!
Сарокі так натхнёна шчабяталі,
Вітаючы спартыўны марш-парад...
Былі сарокі сыты, бо дзяўбалі
Ужо зазімкам скабы парасят.
– А дом пад флюгерам?
– Дом не кабыла,
Не павядзеш туды, дзе корм далі;
Яго Мар’яна Рудкіна купіла,
Як стаў саўгас у нашым Жураўлі.
З-за Сожа пасля нейкага ўрагана,
Што без партфеля выкінуў на мель,
У аддзяленне прыбыла Мар’яна,
Прыдбала дом і скураны партфель...
Адно ўтаіў Духоўскі перад госцем:
Той старшыня яму... за сваяка.
Пад флюгерам раздвоеным, двуххвостым
Жыла й Галіна – родная дачка.
Не хоча ўспамінаць зяцька-жанглёра,
Што скокнуў некуды на цаліну.
...Якія справы тут у фотакора?
Зняць новы клуб, даярак і вясну.

Сям’я Духоўскага. У грозным лесе
Збіралася, ядналася яна.
Прыйшла з сялібы Домна

да Алеся,

Калі жывых раскідвала вайна.
Студэнт нядаўні, камандзір узвода,
Ён ваяваў ужо з тае пары,
Як абстралялі немцы з кулямёта
Асенніх журавоў. Тады ў бары
Неадляцеўшыя рыдалі птахі,
Крычалі над палянаю пустой.
У Жураўлі дымкі сівухай пахлі:
У вёсцы паліцэйскі быў пастой,
Быў гарнізон. Да Домны прыліпалі,
Хацеў за жонку ўзяць яе сілком
Заборскі-паліцай. З дубровы перадалі,
Каб рушыла «да цёткі» з вузялком.
Так стала партызанскаю сястрою;
Прызнаўся у каханні ёй Алесь.
Быў загс у ягадніку пад сасною,
А сведкай шлюбу – Поліпеньскі лес.
Прасілася на ўсе заданні Домна,
Ішла ў разведку... А праз нейкі час
Лясны гушчар ёй стаў радзільным домам,
Кумамі – мудры дуб і ціхі вяз.
Свой вольны голас падала дзяўчынка,
У зялёным загсе Галяй нараклі;
Імя лясное пругкае – Галінка,
Галінка ў вечным трапяткім галлі.
Сваю Галінку пушча калыхала,
Спявалі партызанскія вятры;
Сваю Галінку неба умывала
Расой пад шорсткім ручніком зары.

Будынак фермы часам здасца школай,
Прыспешваюць даяркі часты крок,
Каб зліцца хуценька з гурмой вясёлай
I за спіной ужо... адчуць званок.
Хоць не заўсёды быў тады дастатак,
Рублю старому ведалі цану,
Але не беглі ў белы свет ад матак,
Ад паху дзеразы і палыну.
Сябе артысткамі не уяўлялі,
Пасагам не лічылі атэстат
I часам не для слухачоў спявалі
Пра маці, ночку і вішнёвы сад.
Прасілі песню: завядзі ў садочак,
А прывяла ў «жаночы манастыр»...
Не нарадзіла ні сыноў, ні дочак
Пад сорак год Мар’яна-брыгадзір.
Была жанчына у бясплоднай сіле,
Пражылкі шчок пад колер бурака;
Яна на ферму свой партфель насіла,
Як вымя поснае

   без малака.

Заўжды дзяўчаты ў чымсьці вінаваты,
Наклала вета на бяскрыўдны смех.
Калі б даяркам чорныя халаты, –
Манашкі, што пакутуюць за грэх.
Галіна ў вочы выказала тое,
Што ўсім карцела і язык пякло:
– Ад вашага характару, настрою
Ў кароў зімою кісне малако. –
Не даравала ёй Мар’яна гэта.
Загад з’явіўся і вымова за
Абразу і падрыў аўтарытэта.
(Ёсць самалюбства нават у казла;
Паверне порстка ў агарод з дарогі,
I чара да туды, на той жа след;
Саб’юць яму ў разбойнай шкодзе рогі –
Прапаў казёл, бо ўпаў аўтарытэт.)

Мар’яна да ўслаўлення вельмі ласа,
Умее паказаць свой твар усім,
А твар, як Месяц, –

   у святле чужым,

Занадта лёгка слава ёй далася.
Даяркі першынство заваявалі,
Брыгада лепшая з усіх брыгад.
Мар’яну некалі з пастоў здымалі,
Цяпер здымае фотаапарат.
Даяркам паслухмяным загадала:
– К фатографу! Сюды, сюды бітон! –
I велічна па-над бітонам стала,
Дзяўчаты веерам – патрэбен фон.
Славута пушча дубам, вёска – клубам.
Пад буслам, над сасною новы дом
Аддалі моладзі, – быў проста зрубам,
I зруб напоўніўся цяплом, святлом
Абжытым. Зіхатлівая пабелка
Шпітальнай белізны і чысціні.
Са сцэны вее фіміямам елка,
А сцэна

ад сцяны і да сцяны

З духмяных светлых дошак, як калыска
Пад белым полагам – на два бакі;
Калыска дрэмле, ды ўжо вечар блізка,
I ён рассуне полаг трапяткі.
Дзявочая уцеха – спеў баяна,
А хлопцы трызняць ракатаннем труб.
О, як размашыста намалявана
Над ганкам шыльда: «Журавельскі клуб».
Прыціх пад новай шыльдай Папялеўцаў;
Касыя літары, як журавы,
Падскокваюць, выкідваюць каленцы
I пачынаюць танец баравы.
Кругі расходзяцца і раздаюцца,
Кругі сплываюць. Літары ва ўпор,
У вочы Папялеўцаву смяюцца.
I вочы ён, збянтэжаны, працёр.
Калісь быў здатны сам да малявання:
Пісаў плакаты ў клубе палкавым.
Там навучыўся рыпаць на баяне,
Знаёмы быў з аркестрам духавым.
Дамоў вярнуўся ён

і культармейцам

Прадставіўся ў пагонах старшыны.
Іграў на вечарынках. Потым месца
Знайшлося напярэдадні вясны.
Ужо дванаццаць год у Міраволлі,
Сяле суседнім, носіць цёплы ключ
Ад клуба сельскага.
I ў гэтай ролі
Не ведае калдобінаў і круч.
Ёсць зона абслугоўвання,

ёсць карта:

Сем вёсак, тысяча і два двары.
У клубе зелянее луг більярда,
На ім пасуцца белыя шары.
Замерлі побач шахматныя коні,
Пад капытамі клетачны паркет.
Не, іх не возьмеш лютасцю пагоні,
Патрэбны воля, мудрасць і імпэт.
А Папялеўцаў без такіх паводдзяў,
І, каб не ведаць горычы няўдач,
Ахвотней да більярда падыходзіў,
I кій у бой пускаў, –

шары

наўскач

Ляцелі, быццам перакаці-поле,
Луналі, як дзіцячыя мячы.
Прыйшло прызнанне: на більярдным полі
Яго нікому

не перамагчы!

Палаюць граматы у клубнай зале
Ў сасновых рамачках пад дзеразой;
Даўно яму Духоўскі за васала
I плоціць самадзейнасцю сваёй.
Любая урачыстасць: дзе Духоўскі?
Любы агляд: вядзе даярак ён,
З канцэртам папулярным – на ўсе вёскі, –
I сельскі клуб звініць на ўвесь раён...

Сустрэў Духоўскага з журбой і крыўдай:
– Алесь Пятровіч, дарагі, павер,
Нам трэба заадно...

– Пад гэтай шыльдай

Усюды выступаем мы цяпер.
Такога не чакаў: васал адбіўся.
Служыў слухмяна ён і стаў чужы.
З настаўнікам заходліва схапіўся,
Нібы на непадзеленай мяжы.
– З кім узгадняў і хто табе дазволіў
Такую шыльду дзёрзка маляваць?
Твая на школе шыльда. Насваволіў.
Ёсць клуб адзіны – сельскі, ў ім спяваць!
А хто пяе не з намі – той жа супраць,
За самазванства ты б адказваць мог...

Сказаў Духоўскі: – Не паказвай дурасць.
Яшчэ сказаў Духоўскі: – Дэмагог!
Наш клуб законнароджаны, грамадскі;
Добраахвотна я прыняў ключы

Загадчыка

і клопат, абавязкі,

Зарплаты лішняе не беручы,
За справу сам вазьміся – дапаможам,
Не хочаш – то відаць адно – гультай.
I Папялеўцаў з выклікам варожым:
– Ты слоў такіх, Духоўскі, не кідай!
Адгаманіў суцішны час вячэры,
Над Сожам пацямнела сінява.
Заззяў святлом высокім клуб. На дзверы
Глядзіць з маўклівай просьбаю дзятва.
А ў зале ўжо не знойдзецца услона,
I хто вароніў, – стой бясплатна так.
Паехала па два бакі заслона.
Увага, пачынаецца спектакль.
На сцэне муж. Схуднелы. Нездаровы.
Відаць, што ён пакутуе даўно.
Перамяпіў, як кажа, тры каровы,
А малако – ўсё кіслае яно.
Якое ліха?

   Раіўся з суседзьмі,

Ну проста насланнё: ганьба і здзек.
Магчыма, тут пракудства злое ведзьмы?
Рагочуць бабкі: ў наш касмічны век?
I, мусіць, не знайшоў бы ён заганы,
Ды падказаў прайдошны нейкі дзед:
Прычына тут адна – характар Ганны,
Ніколі не смяецца – ў тым сакрэт.
Турботная сямейная задача:
Ну як жа бабу смеху навучыць?
– Паслухай Райкіна, вось гэта перадача! –
Смяецца сам да слёз, яна – маўчыць.
Успомніў Штэпселя і Тарапуньку:
На добры жарт, браткі, вы мастакі.
Стараліся. Ніякага ратунку.
– Зусім не смешна мне, – адказ такі.
Да жонкі з ласкай: – Мілая Гануся,
Усміхніся, сонейка, хоць раз суцеш. –
Пачаў злавацца: – Сёння развядуся,
Такая ты да язвы давядзеш!
Усё рабіў, сто лекаў перабрана,
А што далей?

Развод,

развод, развод!

Аж нехта здзіўлена гукнуў: – Мар’яна!
I падхапіў раскаціста народ.
Тугія воплескі хадзілі ў зале,
Трымцела у падвойных рамах шкло.
Што гледачы далонямі сказалі,
Што даспадобы выбухной было?
Улёгся Сож пасля свайго разгулу
Ў крывое рэчышча пад вапнякі.
Бы не ачуўшыся ад шуму, гулу,
Падрыгвалі ў азнобе лазнякі.
Паводка лугу аддала плацдармы,
Адваяваныя ў глухой зімы.
Звон лотаці янтарны, уладарны
Над травамі, што ў рост пайшлі прамы.
Запунсавелі сарамліва смолкі,
Вільготныя ад блізкае вады.
У птушак з промняў і ліствы свісцёлкі,
Таму й пяюць на розныя лады.
А чаіца з кугіканнем тужлівым
Узмые ўвысь і кумільгна ўпадзе,
Галосіць у нізоўі над абрывам,
Усё бліжэй, бліжэй кагось вядзе.
Хто напалохаў, ад чаго трывога
I прадчуванне нейкае бяды?
З-пад Гронава, ад руму баравога
Ішлі па згону першыя плыты.
Нясе вада, і толькі адварочвай
Шастом непаслухмяную раку,
Усю глыбіню

ад выспачкі сірочай,

Ад жорсткага наждачнага пяску.
У хлопцаў смела мускулы іграюць.
Яшчэ не блізка гучны той «Го! – мель!».
З плытоў на стромкі бераг пазіраюць:
– Дай кісялю нам, вёска Журавель!
– А кісялю мы сёння не варылі,
Мы не чакалі гэткае куцці.
– То б на ўспамін што-небудзь падарылі,
Каб весялей да Гомеля плысці.
– Лавіце пацалункі нашы ў рэчцы
I не расплёскайце сваю любоў.
– Ля вашых ног мы пакідаем сэрцы.
– Дык вось чаму тут многа валуноў! –
Смяяліся дзяўчаты незласліва.
А плытагонам не было калі
Ў дасціпнасці спаборнічаць.

Шчасліва

Плыты далей ад берага плылі.
З сяброўкамі Галіна сустракала
Вясёлы караван. I з-пад рукі
Глядзела ўслед. Вось тут пускала
Купальскія нямятыя вянкі.
Вясна дзявочая. О, як багата
I фарбаў і святла пад сінявой!
Любая кветка – радаснае свята,
Любая кветка – радугай жывой.
З расою чыстай кветкі прыгарні ты
У зіхатлівы трапяткі букет, –
Засвецяцца сузор’і і блакіты,
У пералівах радуг цэлы свет:
Напевы і няўлоўнае дыханне
Красы, ўсяму жывому не чужой,
Усплёскі водару і адчуванне
Таго, што нельга выказаць душой.
Любі! – жадае белая лілея,
Любі! – смяецца шчодры васілёк,
Любі! – рамонка-варажбітка млее,
Любі! – кранае музыкай званок,
Любі! – чабор залівіста палае,
Любі! – сухі падбел перагарэў,
Любі! – аб гэтым медуніца дбае,
Травінка кожная

і лісце дрэў.

Сцяжынка лугавая. Лес і поле.
Празрыстасць Сожа. Хваля на пяску.
I халадок сыпучы пад ступою.
След пад вадой. Маляўка ў тым слядку.
Малая рыбка.

Вось яна ў далонях

З вадою, несагрэтаю яшчэ.
Давер дзіцячы ў плаўніках павольных.
Няма трывогі, што вада цячэ
Струменьчыкам нязвонкім, безупынным,
Што абмялеў далоняў жалабок.
Не ведае, куды яе мы кінем:
На быстрыню ці на сухі пясок?
Плыві, маляўка, мы не ўскаламуцім
Тваю ваду ля рэдкай асакі,
Калі кашулю белую мыць будзем,
Каб весялей сінелі васількі.
Была любоў. Падсіненую яснасць
Нёс у вачах задумны Васілёк,
Наталін сын. Дзіцячая прыязнасць.
У школу разам клікаў іх

   званок.

Адна сцяжынка, і адны урокі.
I снегіры – жар-птушкі – на вярбе.
Снягір – маўчун. Дражніліся сарокі:
«Жаніх з нявестаю». Няхай сабе...
«Жаніх з нявестаю», – гадоў праз дзесяць
Сцвярджалі ўсе. Вяселлю б загрымець.
Васіль не ведаў, дзе бяду аб’ехаць,
Канём у лузе

ўз’ехаў ён на смерць.

Пярун зямны! Вайна ў нямецкай міне
Пятнаццаць год чакала жаніха.
I не вясельны стол, а дамавіну
Галіна ўбачыла. Боль і туга
Нясцерпныя

дзяўчыну спалатнілі,

У забыцці гукала Васілька.
Ёй сніўся дуб у жоўтым пілавінні
I жоўты твар суседа-лесніка.
Зноў
Старшыня другі. Прыехаў з Горак.
Яго

   Галіна ўразіла красой;

Паабяцаў ёй залатыя горы,
Прывабліваў: «Будзь жонкаю маёй».
Казалі людзі: выскачыла з гора,
Дуду прыдбае на сваю бяду.
I зразумела маладуха скора:
Шукала броду – скочыла ў ваду.
Кірэйчык бляск любіў ва ўсякай справе:
Без аксаміткі не ступаў нідзе,
Заўважыць парушынку на халяве,
Прыгнецца – тут жа глянец навядзе.
Падчас дзяліўся з жонкаю даверам:
Галоўнае – пасада і аклад.
Узяўся будаваць князёўскі церам:
Дармовы лес

і цесляры з брыгад.

Сасновы церам, быццам дамавіна,
Вачам, грудзям дыхання не стае.
Свайго імя не чула ўжо Галіна,
Празвалі старшыніхаю яе.
– Скажы, як будзем жыць мы,

старшыніха,

Нулі пустыя ў торбу забяром? –
I чулася ёй: ліха,

   ліха,

ліха,

А новае імя пякло таўром.
Сустрэў яе без позіркаў суровых
Бацькоўскі дом, дзе ў любасці расла.
Пайшла на ферму да былых сябровак,
Сваю віну і сорам прынясла.

Мар’яна неўзлюбіла. І карала
Усё часцей Галіну. Да яе
Зноў падступала: – Расцвіла ты, краля,
Ды справы незайздросныя твае.
Дарэмна мужа кінула так хутка:
Расце Наташа – і патрэбен ён...

Заняты рукі, і далёка хустка,
Слязінка пакацілася

ў бітон.

Мар’яна быццам бы не заўважала,
Нібыта ёй няведама зусім,
Чаго вядро бляшанае дрыжала,
Мо сапраўды цяжар вялізны ў ім?
Галіна ўвачавідкі зразумела
Удар Мар’яны – ўбачыла руку,
Што ў сэрца ёй здаля пускала стрэлы
З пяром спагады. Ўспомніла дачку.
I наплыло – як першы раз адчула
Тугое нецярплівае біццё.
Пад самым сэрцам. Так да слёз кранула
Мар’яна.

– Не, вымову мне дасцё,

Калі скажу я вам чыстасардэчна,
Якая вы. Не білі б хоць знарок.
Пакіньце ж турбавацца недарэчна
За лёс дачкі маёй і ўсіх дачок.

Знадворку падужэўшыя праменні
Ўгіналі шыбу пругкасцю святла.
Галіна ў незвычайным выпрамленні,
Бы ў аднаўленні, строгая была.

Духоўскаму пісьмо ад фотакора:
«Пара гарачая, і мноства спраў.
Даруй, Алесь Пятровіч, што не скора
Я фотаздымкі гэтыя даслаў.
Партрэт Наташы – рэдкая удача,
Ў часопісе ён будзе без прыкрас.
Наташа хай за комінам не плача,
Калі прыеду я ў наступны раз».
Духоўскі са сцяны здымае рамку
Сямейную – сярэбраны багет;
Стаўляе ўнучкі дарагі партрэт
Пад звонкасць шкла.

Смяшлівую бялянку

Род даўгавечны

   ў цесны круг прымае,

Ўступаюць месца ёй франтавікі.
Наташа тут наследніца прамая;
На здымках побач юныя дзядзькі,
Сыны Духоўскага. Адзін салдатам
На пагранічнай строгай паласе,
Другі сягоння там, дзе свойскі атам
Святло высакавольтнае нясе.
– Чакай, не вешай – вытру я пылінкі. –
Стаяла Домна з тонкім ручніком;
Але к вачам паднесла – мо слязінкі
У маці навярнуліся тайком?
...Пісаў Алесь Пятровіч дзелавіта
Пра ўсё, чым вёска дыша і жыве,
Як луг цвіце, як гоніць трубку жыта,
Як плешча Сож разгульна па жарстве.
Кругі гайдаюцца на плёсах сініх,
Гадуе рыбу шчодрая рака;
Не зробіць тут паклонаў лішніх спінінг,
Каб выхапіць на бераг шчупака.
Малюе ўдачу вобразна і ярка
I просіць фотакора пагасціць.
З навін: Галіна – старшая даярка,
Мар’яна вучыцца кароў даіць.

Ляціць цыстэрна па пяску і гліне
I пудрыць пылам чэзлы вербалоз.
Звініць цыстэрна. Двое у кабіне.
Куды спяшаецца так бензавоз?
Шафёр бязвусы ў вопратцы вайсковай,
Відаць, нядаўна з арміі. Прад ім
Аздоблены букетам палявым
Партрэцік Валянціны Церашковай.
А побач спадарожнік нецярплівы,
Паголены, святочны, не стары.
Ён адганяе парушынкі пылу,
Бы парушынкі тыя – камары.
Не спавядаўся Папялеўцаў прама,
Як разбурыў сямейны свой ачаг.
Але з людзьмі жывеш, і тая драма
Бы адбывалася пры гледачах.
Хадзіць па госцях меў ён завядзёнку,
Не шкадаваў капейкі на банкет,
Да чаркі прывучаў красуню-жонку,
I быў абед без чаркі не абед.
Мужчына п’е – пажар яшчэ над дахам,
Жанчына п’е – гараць ужо вуглы.
Не адвучыў ні ласкаю, ні страхам,
Лячылі дактары – не памаглі.
Цяпер Галіну меў ён на прыкмеце,
Хацеў не бабылём сустрэць зіму;
Хоць удава – раўня любой нявесце.
I канчаткова вырашыў – вазьму!
Пражыты век спіны яму не горбіць.
Старэй па год пятнаццаць? Ёсць рэзон:
Няхай лепш застанецца, чым не хопіць,
Аднойчы ўжо адчуў нястачу ён.
Грыміць цыстэрна. Ёмкая канаўка
Падкінула.

   – Не растрасі, шафёр! –

Ўсміхнулася з партрэта касманаўтка:
Маўляў, намнога спакайней ля зор.
З-пад колаў певень спуджана ўзлятае,
З пясчаным шлейфам коціць бензавоз.
З кабіны Папялеўцаў выглядае,
Шафёру:

– От сюды, да дзвюх бяроз. –

Пераступіў парог Духоўскіх,

дома,

Дзе ён ніякі госць і не сваяк.
Удачы пажадаў сабе самому
I падбадзёрвае сябе ўсяляк.
Вось Папялеўцаў прывітаўся звонка
I папяросы порстка дастае
Духоўскаму, бо важная гамонка:
– Закурвайце, мы людзі ўсё ж свае.
Забудзем тую спрэчку, а не сварку.
Ідэі, справе служым мы адной.
Магчыма, і падымем разам чарку,
I будзем паважанаю раднёй.
Акрылены надзеяй і жаданнем,
Ён пачынае з ходу, напрамкі:
– Галіну не прынізіў заляцаннем,
Прашу ў яе павагі

      і рукі,

Ўпусціла гаспадыня несвядома
Руплівае жаночае шыццё,
Перабірае, складвае тканіну,
Не стукае машына.

А біццё

Ў грудзях мацней, мацней,

нібы у птушкі,

Калі над ёй каршук
Звужае круг.
Аднойчы ўжо

пасажныя падушкі

Былі ў слязах дачкі,
Быў мулкі пух.
Тры позіркі нямыя
Скіраваны,
Нібы адзін праніклівы пагляд,
Тры позіркі прамыя
Скрыжаваны
На тым, хто сам жаніх і смелы сват.
Глядзіць Духоўскі ў вочы: што ён меле,
Сказаць такое – хіба ў забыцці.
Ты часам, чалавеча, не з пахмелля,
А можа, й праўда просішся ў зяці?
Адчула боль даўнейшы той

Галіна.

Ён не ўтаіцца ў зманлівай цішы,
I нельга ёй маўчаць, сказаць павінна,
Што думае, што мае на душы.
Жаніх наперад падаецца троху,
Чакае ён адказу, каб трубіць
Адбой паспешлівы ці перамогу,
I чуе словы:

– Гэтаму не быць!

Як час ляціць, няўтольны час Галіны, –
Ці так даўно віталася з вясной?
Часцей бываюць гэткія часіны,
Калі адна са споведдзю сваёй,
Калі не ўтоіш дум, трывог сардэчных,
Таго, што ў падсвядомасці, як сон.
Ужо чарнее на градзе сланечнік,
У дзень святочны ўдоў суцешыць ён.
Чакаюць нечага (краса старэе)
I лушчаць семкі пад галлём густым.
Жаноцкае чаканне – латарэя,
Што шчасце абяцае не усім...
Рыпіць паром сасновы над вазамі,
I тыя кветкі, што вясной цвілі,
Павіслі на лазе (лаза з вусамі),
З вадою быстрацечнай паплылі.
Цямнее гулкі Сож пад берагамі,
Раскалыханы жорнамі віроў.
Шпакі ўзнімаюць сетку над лугамі,
Лысее лес пад подыхам вятроў;
Бярэмамі – сухая пазалота,
Звініць блакіт у зрэджаным галлі.
I паднялося

Поліпень-балота

На пругкіх крылах.

   – Мама, жураўлі! –

Пусцілася Наташа ўсцяж абрыву,
Пад цень, пад свіст птушынага крыла.
– Ты не ўпадзі, – Галіна гаварыла,
Дагнала і на рукі узяла
Сваю дзяўчынку – вырай шчабятлівы,
Сваю дачку – малое птушаня.
У бераг білі хваляў пералівы,
Курлыкала скразная вышыня.

1964 г.

 

 

Крыніца: Пысін А. Збор твораў. У 2 т. Т.2. Паэмы, творы для дзяцей, пераклады. – Мн.: Маст. літ., 1989. – 254 с.

 

Похожие статьи:

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Пісьмо птушак

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Туман

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Забыта многае ў жыцці...

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Аляксей ПысінАляксей Пысін - Домскі арган