Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ідыёма

   Ідыёма (грэч. idioma – своеасаблівы выраз) – уласцівае пэўнай мове непадзельнае словазлучэнне, значэнне якога не супадае са значэннем асобных слоў, што складаюць яго (даць лататы, пагрэць рукі, выскаляць зубы, гнуцца ў крук).
   Для паэзіі характэрна шырокае выкарыстанне ідыяматычных выразаў з рознымі стылістычнымі мэтамі. Па сваёй якасці да тропаў набліжаецца такі стылістычны прыём, калі ідыёмам вяртаецца іх прамое значэнне, т. зв. рэалізацыя метафары. Напрыклад:

 

Мая хата з краю.
Таму ў яе першыя грукаюць
Вятры, збіўшыся з дарогі,
Хмары, снежныя і дажджлівыя.
(Максім Танк. «Хата з краю»)


Сняданне позніцца трошку.
Садзіцца поплеч развага...
Да капусты –
«бульба ў панчошках».
Не спяшаючыся разуваю.

(Рыгор Барадулін. «Вяртанне ў першы снег»)


   Магчыма, што заключны вобраз «Чую ў цішы, як расце трава» верша Максіма Багдановіча «Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог...» – гэта не што іншае, як «ажыўленне» польскага фразеалагізма Słysze jak trawa rośnie – быць вельмі асвядомленым, дасведчаным у чым-небудзь.
   Прыём рэалізацыі метафары ляжыць у аснове ўсяго верша Уладзіміра Караткевіча «Заяц варыць піва», дзе даецца паэтычнае вытлумачэнне гэтай ідыёме.
   Нярэдка яскравы вобраз узнікае ў выніку замены аднаго са слоў-кампанентаў ідыёмы другім, парушэння звычайнага парадку слоў ці дапаўнення ідыёмы новым словам: «А там і да рыфмы – пяром падаць...», «Певень... махнуў крылом на слепату курыную» (Васіль Зуёнак), «Ніхто ніколі тут ад раўнадушша // Не апускаў ні сэрца, ні вачэй» (Яўгенія Янішчыц), «Неяк вадзяных спраў майстар // На кватэру завітаў», «Праз час каторы, вельмі хутка Машына-спец прыйшла па іх» (I. Курбека).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.