Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Троп

   Троп (ад гр. tropos - паварот; зварот, вобраз) — слова або моўны выраз, ужытыя ў пераносным значэнні.
   У тропах супастаўляюцца з'явы на аснове нейкіх агульных рыс, адна з іх характарызуецца праз прыкметы другой.
   Сустракаюцца тропы ў маўленні, літаратурнай мове ўвогуле, але найчасцей - у мове мастацкай літаратуры, асабліва ў паэзіі, дзе назіраецца своеасаблівая іх канцэнтрацыя. Дапамагаюць у вобразнай і лаканічнай форме выявіць сутнасць з'явы, індывідуалізаваць яе, даць ёй ацэнку. Так, у тропах з "Тараса на Парнасе" "Як тараканы каля хлеба,// Багі паселі ўкруг стала", — і зрокава наглядны, псіхалагічна дакладны малюнак, і яскрава выражаная аўтарская пазіцыя (выразна адмоўныя адносіны невядомага паэта да парнаскіх багоў, жаданне высмеяць іх, звесці з неба на зямлю).
   Тропы — не "акраса", а адзін са спосабаў вобразнага пазнання жыцця, ён узбагачае літаратурную мову новымі сэнсавымі адценнямі. Таму не дзіўна, што паэты адчуваюць арганічную патрэбу ў тропах.
   Адрозніваюць два тыпы тропаў: простыя — эпітэт, параўнанне, і складаныя — метафара, адухаўленне, увасабленне, сінестазія, аксімаран, метанімія, сінекдаха, гіпербала, літота, іронія, алегорыя, сімвал, гратэск, перыфраза, антанамазія, эўфемізм, апастрофа, ідыёма, зваротная метафарызацыя, паэтычны этымалагізм.
   Пры відавочным, часам нават значным адрозненні розных відаў тропаў, для ўсіх іх характэрна адна агульная рыса: арыентаванасць у словах не на першаснае, прамое значэнне, я на пераноснае. Гэта, у прыватнасці, вылучае эпітэт - адзін з найбольш распаўсюджаных тропаў - з мноства звычайных граматычных азначэнняў. Эпітэты выражаюцца найчасцей прыметнікам (ярасны век, асмуглыя сады, светлавокая радасць), а таксама назоўнікам (мароз-мастак), прыслоўем (піў чаёк упрыглядку), дзеепрыметнікам ці дзеепрыслоўем (здзічэлы голас, жыў прыпяваючы).
   Калі ў эпітэце суіснуюць паняцці і адчуванні аднапланавыя, то ў сінестазіі яднаюцца розныя асацыяцыі: зрокавыя і слыхавыя, зрокавыя і дотыкавыя і гэтак далей.
   Часам у тропе азначэнне і тое, што яно азначае, супрацьпастаўляюцца, нібыта ўзаемна выключаюць адно другое (разумны дурань, жывы труп, звонкая цішыня, аптымістычная трагедыя і гэтак далей). На самай жа справе ў аксюмаране (так называецца гэты від тропа) узнікае новае паэтычнае ўяўленне, выкрасаецца дадатковы сэнс. Аксюмаран сустракаецца не толькі ў паэтычнай мове ("І шапчу я з самотнай радасцю"— К. Кірэенка; "Пакінула ты, дзяўчына, // Смутную радасць і светлы боль" —  Максім Лужанін), ён часам ляжыць у аснове назвы твора ("Смутная радасць" Максіма Лужаніна) ці нават усёй кнігі ("Гарачы снег" А. Наўроцкага).
   У параўнанні супрацьпастаўляюцца два прадметы, з'явы або паняцці, у выніку чаго адно з іх мастацка праясняецца за кошт другога. Да параўнання блізка метафара, у якой пэўная з'ява ці прадмет супастаўляюцца з іншай з'явай ці прадметам ня аснове агульных для іх адзнак і ўласцівасцей.
   У той час як у метафары пэўныя з'явы проста супастаўляюцца, у іроніі паняццю, заключанаму ў слове, надаецца супрацьлеглы сэнс. У выніку за знешняй пачцівасцю выказвання хаваецца самая звычайная насмешка. Вось прыклад іроніі з байкі Кандрата Крапівы "Махальнік Іваноў":

 

А ваенком дык Іванова нават пахваліў:
— Ты, — кажа, — Іваноў, сапраўдны падхалім.

 

   Іронія сустракаецца ў многіх жанрах вуснай народнай творчасці - прыказках і прымаўках, загадках, анекдотах, устойлівых вобразных параўнаннях і інш. ("На чужой старане і рак рыба", "Весела, як рыбцы на кручку", "Прыйшоўся, як вол да карэты").
   Метафару вельмі нагадвае алегорыя, у аснове якой тое ж перанясенне значэнняў у выніку пэўнага падабенства. Да алегорыі блізка стаіць сімвал - умоўнае абазначэнне сутнасці якой-небудзь з'явы пэўным прадметам ці слоўна-вобразным знакам.
   У літаратурнай мове досыць часта ўжываецца метанімія - перанясенне назвы адных разуменняў на другія на аснове іх знешняй ці ўнутранай сувязі.
   У паэзіі як асобны від тропа выступае так званая зваротная метафарызацыя - вяртанне словам ці фразеалагічным словазлучэнням (ідыёмам) іх пачатковай вобразнай сутнасці.
   У паэтычным этымалагізме (гл. этымалагізм паэтычны) перанос значэння з аднаго слова на другое адбываецца ўжо не на аснове сэнсавага падабенства, а толькі дзякуючы гукавой блізкасці слоў.
   З іншых тропаў у літаратуры сустракаюцца выпадкі рэзкага перабольшання якіх-небудзь уласцівасцей, прыкмет з'яў ці прадметаў (гіпербала) або рэзкага змяншэння гэтых уласцівасцей і прыкмет (літота). І гіпербала, і літота выяўляюць эмацыянальныя адносіны пісьменніка да аб'екта адлюстравання, завастраюць ня ім увагу. Арыгінальны прыклад адначасовага суіснавання ў вершаванай страфе гіпербалы і літоты знаходзім у Францішка Багушэвіча:

З камарыны нос сякеру
Сцісне, крэкне, замахае -
Зробе пушчу, як талерку,
Свет дрывамі закідае.
 

   Не толькі асобным відам тропа, але і своеасаблівы мастацкім прыёмам адлюстравання рэчаіснасці з'яўляецца гратэск, які парушае форму і памеры рэчаў і прадметаў, рэальнае спалучае з фантастычным, трагічнае са смешным.
   Часам усе тропы раздзяляюцца ня два тыпы - канкрэтна-пачуццёвыя і ўмоўна-асацыятыўныя. Першы тып улічвае канкрэтнасць і рэальнасць адзнак з'яў ці прадметаў, што ўспрымаюцца намі з дапамогай асацыятыўных магчымасцей органаў пачуццяў - зроку, слыху, дотыку, абаняння і асязання (серп месяца; зялёнае полымя дрэў; эпохі бас густы). Другі тып вызначаецца вялікай доляй умоўнасці, апелюе да здольнасцяў лагічнага мыслення чалавека, ведаў, жыццёвай дасведчанасці (парог, вычасаны з успамінаў; карціны, намалёваныя. сціснутымі кулакамі, вачамі беспрацоўных, камянямі барыкад; страха тваіх шорсткіх далоняў). Часам другі тып вобразнасці (тропікі) звязваюць толькі з сучаснай паэзіяй. Аднак умоўна-асацыятыўныя тропы, у аснове якіх найчасцей метанімічныя суадносіны паміж з'явамі і прадметамі рэчаіснасці, у значнай ступені характэрны яшчэ для самых старадаўніх фальклорных твораў.
   Не варта абсалютызаваць той ці другі тып вобразнасці, той ці іншы від тропаў. Наяўнасць іх у мастацкай літаратуры залежыць ад характару таленту пісьменніка, стылёвага кірунку творчасці, канкрэтнай ідэйна-мастацкай задумы, зместу твора. Багацце тропікі прадвызначае метафарычны стыль у паэзіі, поўная ж або частковая адсутнасць яе - аўталагічны (так званы бязвобразны). У творчасці нават аднаго і таго ж паэта могуць быць вершы, вытрыманыя, з аднаго боку, у метафарычным духу і, з другога боку, - у аўталагічным. Паэт у сваёй творчасці можа эвалюцыяніраваць ад аднаго вобразна-стылёвага кірунку дя другога. Так, Максім Танк, які ў свае маладыя гады не без гордасці заяўляў: "У мяне кожны радок - гэта метафара", — у сталыя гады часцей звяртаўся да аўталогіі.
   У значэнні тэрміна "троп" у літаратуры нярэдка ўжываецца слова "вобраз".