Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Перыфраза

   Перыфраза (перыфраз) (грэч. periphrasis, ад peri – навокал і phradzo – гавару), – адзін з тропаў, у якім назва з'яў або прадметаў падаецца праз апісанне іх асобных вызначальных прымет. Перыфразы не толькі называюць з'явы рэчаіснасці, але і характарызуюць іх.
   Вось некаторыя перыфразы беларусіх паэтаў: «кроў сіняя любай краіны» (Нёман; Ларыса Геніюш), «чырвоныя сны Дэлакруа» (карціны Дэлакруа; Максім Танк), «бязвоблачная званіца» (неба; Ю. Гаўрук), «пасвіць між моху вочы» (шукаць грыбы; Пімен Панчанка), «ластаўка роднага слова» (Леся Украінка; Яўгенія Янішчыц), «кароль звяроў, цар джунгляў і гаспадар тайгі» (леў, тыгр, мядзведзь; Анатоль Вярцінскі)...
   Многія народныя ідыёмы маюць перыфрастычны характар (класці баразну – араць, заглядаць у бутэльку – піць гарэлку, пусціць агнём – спаліць, сысці ў магілу – памерці).
   Перыфразы даволі шырока ўжываюцца ў фальклоры, у прыватнасці ў народных песнях:

 

Не пайду за такога,
Што барада коле
,
А пайду за такога,
Што сеюцца вусы
.


   У паэзіі сустракаюцца як фальклорныя, так і арыгінальныя аўтарскія перыфразы:

 

Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам –
Канапляную возьмеш заплату.

(Янка Купала. «Курган»)


Га! Знаем вас, атручання найміты;
Вы – служкі чорныя Яснейшага Мамона,
Вы – мора бруд ля берагоў намыты,
Без дум і без мазгоў, вы – золата без звона.

(Алесь Гарун. «Юдам»)


Цяжкую шапаткую пазалоту
Кляны ў ваду раняюць пакрысе...

(М. Федзюковіч)
 

   У вершы Васіля Зуёнка «Андрэй, Андрэй...» ужыта надзвычай рэдкая разгорнутая перыфраза, якая дазволіла аўтару, не ўжываючы слова могілкі, выразна намаляваць іх:

Не сыдуцца жалобныя пагоркі,
І толькі неба – юнае заўжды –
Нахіліцца над намі адвячоркам,
Каб ціха мы ўглядаліся туды,


Дзе сейбіты агоралі палетак
І вечны хлеб свой сеюць,

ды не жнуць,

Дзе пад вятрамі соцень зім і летаў
Гадуюць лес,

ды зрубы не кладуць.


   Перыфраза часам ляжыць у аснове эўфемізма і антанамазіі. Многія народныя і літаратурныя перыфрастычныя выразы сабраны ў кнізе Галіны Малажай «Беларуская перыфраза» (Мн., 1974).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.