Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эўфемізм

   Эўфемізм (ад грэч. euphmeo – кажу ветліва) – замена непрыемнага ці непрыстойнага слова (словазлучэння) больш далікатным або прыгожым словам ці выразам.
   Чытач (слухач) твора, ведаючы тое слова, якое замяняецца, успрымае эўфемізм як пэўны мастацкі прыём, што вядзе да таго ці іншага мастацкага эфекту. У якасці эўфемізмаў могуць выступаць асобныя выразы метанімічнага, метафарычнага і перыфрастычнага характару. Напрыклад: недалёкі чалавек – замест дурань, ухіляцца ад ісціны – замест ілгаць і г. д.
   У вершы Кандрата Крапівы «Фрыцавы трафеі» ёсць наступны эўфемізм: «Фрыц плячысты на жывот». Тут быццам бы больш«далікатны» выраз плячысты на жывот, які замяняе слова абжора, дапамагае стварыць камічны эфект.
   Словы і выразы, супрацьлеглыя эўфемізмам па стылістычнай афарбоўцы, – вульгарызмы. Так, слова памерці можа быць заменена, з аднаго боку, эўфемізмам (заснуць назаўсёды, развітацца з жыццём і г. д.), а з другога – вульгарызмамі (даць дуба, аддаць канцы і г. д.).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.