Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Метафара

   Метафара (ад гр. metafora— перанясенне) - адзін з асноўных відаў тропа, ужыванне слова ці выразу ў пераносным значэнні праз супастаўленне пэўнай з'явы ці прадмета з іншай з'явай ці прадметам на аснове іх падабенства або кантрасту.
   У метафары, у адрозненне ад параўнання, прысутнічае толькі адзін член супастаўлення - тое, з чым супастаўляецца, і не называецца (а толькі падразумяваецца) тое, што супастаўляецца. Метафара звычайна перафразуецца ў параўнанне пры дапамозе слоў "нібы", "як", "быццам" і г. д. Метафары сустракаюцца ў бытавой мове (ідзе дождж,, садзіцца сонца), але асноўная сфера іх бытавання - паэзія.
   Вылучаюць простую метафару, якая складаецца з аднаго слова ці выразу ("Замоўкнуў жураўліны скрып калысак// І калаўротаў гул чмяліны змоўк"— Пімен Панчанка), і разгорнутую. якая ахоплівае вялікі адрэзак твора або ўвесь твор (бітва - жніво ў "Слове пра паход Ігаравы", жыццё - акіян у паэме Аркадзя Куляшова "Цунамі").
   Разнавіднасцямі метафары з'яўляюцца адухаўленне і ўвасабленне (персаніфікацыя) - перанясенне ўласцівасцей жывых істот на якія-небудзь прадметы, абстрактныя паняцці, з'явы прыроды, рэчы. У аснове адухаўлення ляжаць старажытныя анімічныя ўяўленні чалавека, які надзяляў усе прадметы навакольнага свету здольнасцю адчуваць і мысліць. Адухаўленне часта ўжываецца не толькі ў вуснай народнай творчасці (казках, песнях і інш.), але і ў пісьмовай паэзіі ("Бачу я дарогу тую,// Па якой юнацтва йшло. // Песня, я тваё цалую// Галубінае крыло" — А. Александровіч). Увасабленне (персаніфікацыя) - гэта наданне чалавечых уласцівасцей асобным рэчам, прадметам, з'явам прыроды. Да персаніфікацыі блізкая апастрофа - зварот да памерлай ці адсутнай асобы, як да прысутнай, або да нейкага прадмета ці з'явы, як да чалавека ("Песня, будзь беларускаю // І пад вясельнай хусткаю // І ў баявым шынялі" — М. Лужанін).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.