Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Увасабленне

   Увасабленне, або персаніфікацыя (ад лац. persona — асоба і facio — раблю), — разнавіднасць метафары, якая заключаецца ў наданні рэчам, прадметам, з'явам прыроды ўласцівасцей жывых істотаў.
   Такое «ачалавечванне» навакольнай рэчаіснасці было ўласціва людзям старажытнасці на пачатковых стадыях іх развіцця. Гэта знайшло адлюстраванне ў фальклорных творах — казках, легендах, байках і г. д.
   У сённяшняй паэзіі увасабленне — адзін з самых распаўсюджаных тропаў. Напрыклад:

 

Як жнівень мэндлі звозіў,
Уцёршы пот з пакош,
Па садзе несла восень
Буйных антонаў кош.
(М. Лужанін. «Лявоніха»)

Першы гром быў сёння ўночы.
Дождж да дня шумеў вясёла.
Ранак вытарашчыў вочы,
Як дзіця, глядзіць наўкола.
(Ніл Гілевіч. «Свята зямлі»)


   Сучасныя беларускія паэты ў выкарыстанні ўвасаблення ў значнай ступені засноўваюцца на традыцыях Янкі Купалы, многія вершы якога цалкам пабудаваны на разгорнутым увасабленні («Хлеб», «Роднае слова», «Да сваіх думак», «Вясна», «Голад», «Восень» і інш.). Персаніфікаваны ў паэта і вобраз Беларусі, якой ён надаў чалавечыя рысы («Безназоўнае»). У драматычнай паэме «Адвечная песня» ўласцівасці чалавека нададзены такім абстрактным паняццям і з'явам, як жыццё, доля, бяда, голад, холад, асобным порам года (вясна, лета, восень, зіма).