Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Алесь Гарун
Алесь Гарун — адзін з найвыдатнейшых беларускіх пісьменнікаў пачатку XX стагоддзя. Па таленту ён не ўступае тым, каго мы па праву называем заснавальнікамі сучаснай беларускай літаратуры — Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу, Максіму Гарэцкаму. Толькі жыццёвы лёс яго склаўся надзвычай трагічна: сам ён на працягу цэлых дзесяці гадоў быў адарваны ад свайго асяроддзя, ад роднай зямлі. Займацца літаратурнай творчасцю мог толькі ў няволі, а пад канец жыцця — ва ўмовах разбуральнай вайны, іншаземных нашэсцяў, пад уладай акупацыйных рэжымаў.
Імя Алеся Гаруна — выдатнага паэта, празаіка, драматурга, публіцыста на працягу амаль цэлага стагоддзя з-за ідэалагічных прычын было фактычна пад забаронай, а яго творчасць — штучна адчужаная ад літаратурнай спадчыны, выведзеная з культурнага ўжытку. Сёння яго імя становіцца адным з сімвалаў адраджэння, жыццё і літаратурная спадчына пераасэнсоўваюцца і выступаюць як матывацыйны фактар для мастацкай творчасці новых пакаленняў.
Алесь Гарун — найбольш вядомы псеўданім пісьменніка, сапраўднае прозвішча — Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч. Нарадзіўся Алесь Гарун 11 сакавіка 1887 года. Што тычыцца месца яго нараджэння, то называецца як Мінск, так і фальварак Новы Двор Мінскага павета (сёння вёска Новы Двор Мінскага раёна) ў беднай сям'і чорнарабочага, выхадца з вёскі Падстарынь Стваловіцкай воласці Навагрудскага павета (сёння гэта Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці).
Малы Алесь змалку вызначаўся здольнасцямі і ўжо ў пяцігадовым узросце чытаў па-руску і па-польску. У дзяцінстве шмат часу праводзіў на вёсцы ў сваякоў, дзе не цураўся сялянскай працы. Хлопчык на працягу трох гадоў вучыўся ў Мінску ў царкоўна-прыходскай школе. Скончыў яе ў 1897 годзе. Два гады чакаў, каб мець права паступіць на дрэваапрацоўчае аддзяленне рамесніцкага вучылішча. Там, на дрэваапрацоўчым аддзяленні, ён правучыўся тры гады. Такой адукацыі было дастаткова, каб пачаць самастойнае працоўнае жыццё. У шаснаццаць гадоў юнак стаў кваліфікаваным столярам і, пачынаючы з 1902 года, працаваў у розных майстэрнях і на мэблевай фабрыцы ў Мінску. Ён меў працавітыя рукі і добры талент чырвонадрэўшчыка, а яшчэ настойліва і сістэматычна ўзбагачаў свае веды шляхам самаадукацыі.
Юнацтва і сталасць Алеся Гаруна прыпалі на гады, якія пакінулі ў гісторыі народа небывала яркі след: рэвалюцыя 1905 года, Першая сусветная вайна, нямецкая акупацыя, Лютаўская і Кастрычніцкая рэвалюцыі, грамадзянская вайна, іншаземныя інтэрвенцыі. На фоне ўсяго гэтага набірала сілы беларускае нацыянальнае адраджэнне, змаганне за права народам звацца, разгортванне вызваленчага руху. Алесь Гарун не застаўся ў баку ад усіх гэтых падзей.
Ён з маладых гадоў ступіў на шлях рэвалюцыйнай барацьбы. Яшчэ ў 1904, калі яму было толькі семнаццаць гадоў, ён звязаў свой лёс з партыяй эсэраў, разгортваў шырокую прапагандысцкую дзейнасць. Гэта мела для яго драматычныя вынікі. 4 сакавіка 1907 года, на дваццаць першым годзе жыцця, таленавіты юнак за актыўную рэвалюцыйную дзейнасць быў арыштаваны царскімі ўладамі, сядзеў у турме ў Мінску і на Лукішках у Вільні. У 1908 годзе Алесь Гарун быў сасланы ў Сібір, якая на доўгія гады стала яго домам, жыццёвым і творчым "універсітэтам". Дзесяць гадоў выгнання Алесь Гарун адбываў у Кірэнскім павеце Іркуцкай губерні — спачатку ў сяле Макараўскім каля ракі Лены, затым у вёсцы Крывая Лука. Займаўся там сталярскімі і цяслярскімі работамі. У 1914 годзе пачаў працаваць на Лене вадалівам, а ў наступным, 1915 годзе, перабраўся на прыіскі ў Бадайбо. Тут ён сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю. У адным з лістоў на волю Алесь Гарун паведамляў: "У гэтым годзе ў Кірэнскі павет Іркуцкай губ. прыйшло 4 партыі, а ў іх многа "палітыкаў". Калі гэта перастануць пхаць сюды народ?! I так тутака людзі галадаюць, бо для ўсіх няма работы, дык і не ўсе ўмеюць што рабіць". Самога Алеся Гаруна ратавала тое, што ён да фізічнай работы ўцягнуўся змалку. А яшчэ ж была ў яго і спецыяльнасць столяра, патрэбная ўсюды. Таму ён меў надзейную магчымасць пракарміць сябе, знаходзіў у сабе сілы і волю для барацьбы – за жыццё, за захаванне чалавечай годнасці. А яшчэ шмат пісаў:
Часамі праца ўдзень кіпіць,—
Цярплю і я прыгон,—
Аж косць аб косць ў плячу рыпіць...
"Людзям"
Вось у такіх умовах у душы пасяленца нараджаліся "радкі звінючых слоў", пакідалі свой след на паперы і ляцелі з далёкай Сібіры на Радзіму. Яго вершы сведчылі аб тым, што Алесь Гарун не пaў духам, не зламаўся маральна. Ён падтрымліваў цесную сувязь са знешнім светам, жыў яго клопатамі, займаўся літаратурнай творчасцю і знаходзіў магчымасць перадаваць вершы на волю. Нават змог падрыхтаваць паэтычны зборнік "Матчын дар" і ў 1914 пераслаў яго ў Вільню, але вайна перашкодзіла публікацыі. Зборнік пабачыў свет толькі ў 1918 годзе.
У верасні 1917 года Алесь Гарун, хворы на сухоты, вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Мінску. У 1918 годзе ён аддае пахвалу рускаму пралетарыяту і рэвалюцыі ў Расіі. Потым прымае актыўны ўдзел у беларускім нацыянальна-вызваленчым руху. У гэты час шырока разгарнулася яго ідэйна-палітычная барацьба, літаратурная і публіцыстычная творчасць. Алесь Гарун рэдагаваў газету "Беларускі шлях". У жніўні 1919 года ён узначаліў Часовы беларускі нацыянальны камітэт. Восенню 1919 года стаў членам так званай Беларускай вайсковай камісіі. Алесь Гарун друкуе мастацкія і публіцыстычныя творы ў розных перыядычных выданнях і калектыўных зборніках, змагаецца за права беларусаў народам звацца. I ўсё гэта нягледзячы на хваробу і на асабліва неспрыяльныя сямейныя і бытавыя ўмовы.
У 1920 годзе здароўе Алеся Гаруна пагаршаецца: да сухотаў дабаўляецца тыф. У ліпені 1920 года, калі белапалякі адступалі, цяжкахворага паэта на насілках унеслі ў санітарны цягнік, які вывез яго ў Кракаў. У гэтым жа месяцы ён і памёр, пражыўшы ўсяго толькі 33 гады. Пахаваны на вайсковых Ракавіцкіх могілках у Кракаве. I толькі амаль праз 70 гадоў пасля смерці, 24 верасня 1988 года, на яго магіле быў адкрыты помнік стараннямі актывістаў Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Пачалі выдавацца яго творы, пачалі гаварыць пра пісьменніка Алеся Гаруна. У 1991 годзе пра яго быў зняты дакументальна-публіцыстычны фільм "Праз сваю хату ўбачыць бацькаву".
Пісаць вершы Алесь Гарун пачаў змалку, але ніводнага твора гэтага перыяду не захавалася. З найбольш ранніх твораў да нас дайшла паэма "Мае Коляды", датаваная 1905 годам, якая пабачыла свет у Вільні толькі ў 1920 годзе пад псеўданімам А. Сумны. Гэта – гісторыя нечаканага абуджэння нацыянальнай свядомасці ў беларускага вясковага хлопчыка, які прыехаў да свайго школьнага сябра і правёў свята ў асяроддзі паноў. Тэма нацыянальнага ўсведамлення, нацыянальнай годнасці беларуса ў далейшым становіцца адной з галоўных ва ўсёй творчасці Алеся Гаруна.
У 1907 годзе ў газеце "Наша ніва" Алесь Гарун дэбютаваў з вершам "Маці-Беларусі":
Родная, мілая старонка ты маці!
Моцна цябе я і шчыра люблю,
Бедныя нівы твае, сенажаці
І нешчаслівую долю тваю…
У 1908 годзе з'явіліся яшчэ два вершы: "Януку Купале" (паэтычны водгук на зборнік "Жалейка") і "Начныя думкі".
Больш стала літаратурнай творчасцю Алесь Гарун заняўся ў Сібіры, дзе, па сутнасці, склалася яго творчая індывідуальнасць, выявіўся шматгранны пісьменніцкі талент, прыйшла мастацкая сталасць. Аб гэтым сведчаць яго вершы: "У выгнанні", "Журба", "Навокал", "Мае думкі", "Як надарыцца мінута", "Мілая, родная старонка-маці!", "З песняў няволі", "Прывітанне", "Малітва" і інш. Вершы паэта, напісаныя ў Сібіры, — гэта водгулле пакуты і сімвал веры, споведзь і скарга выгнанніка, а таксама сведчанне нязломнай, непахіснай вытрымкі. I разам з тым — шчымлівае, неадольнае пачуццё духоўнае сувязі з роднаю зямлёю, з усім тым, што на ёй адбываецца, а галоўнае — з тымі пераменамі, якія там наспяваюць, набіраюць сілы, з'яўляюцца вестунамі адраджэння дарагой сэрцу Беларусі:
… Што мне багацтва? Без грошы, без золата
Быў бы магнат я, кароль, багатыр
Там, дзе пад націскам роднага молата
Жыцце куецца углыб і ушыр.
Жыцце куецца, і сонца ўздымаецца,
Свету праменні льець з гарыні,
3 доўгага сну дзе народ прачыхаецца,
Побыту шчаснага свецяць агні.
"Думы ў чужыне"
Творы Алеся Гаруна – жывое сведчанне цеснай духоўнай сувязі з родным краем, Радзімай, якая ажывае ў яго паэтычных радках. Усё тое, чым жыла родная зямля, адразу ж адбівалася ў яго творчасці.
Рашучасці паэту надае і покліч роднага звона – жывой беларускай мовы, якой Алесь Гарун надаваў асаблівае значэнне ў нацыянальным адраджэнні. У якой бачыў адну з галоўных прыкмет самастойнасці і цывілізацыі нацыі і пісаў аб гэтым:
О, мова родная мая!
Вяскова, проста, а святая…
Хвала табе! О, дарагая!
О, беларуска проста мова!
"Гімн роднай мове"
Паэтычнымі радкамі вершаў Алесь Гарун сцвярджае, што не можа бясследна загінуць той народ, які змог зберагчы родную мову – скарб, што захаваўся ад дзядоў і прадзедаў, і з натхненнем заклікаў беларусаў шанаваць, берагчы, не цурацца роднай мовы.
Крыніцай творчасці Алеся Гаруна быў і сам беларускі народ, у жыцці якога паэт бачыў вытокі сваёй творчасці і дзеля якога пісаў свае вершы ("Народ", "Брацця, к агульнаму шчасцю…", "Людзям", "Хто сказаў: "І я з народам", "Пажар" і інш). У вершах гучыць жаданне лепшай долі для народа, паэт гатовы ахвяраваць сабой дзеля шчасця роднага краю. Пачуццё адказнасці перад часам і перад народам не слабела, не змяншалася ў Алеся Гаруна да канца яго дзён. У вершы "Думкі — дыяменты, краскі жыцця..." паэт уявіў сябе ў апошнюю хвіліну жыцця, з якім ён хацеў бы развітацца толькі песняй аб шчасці людзей:
… Хай заспяваю, як лебедзь, калі
Прыйдзе гадзіна яму,
Ўзнёсшыся ў неба ад маці-зямлі,
Рыне ў адвечную цьму;
Хай заспяваю аб сне залатым
Веку людскога радства,
Роўнасці, вольнасці, брацтва — аб тым
Веку красы хараства.
Аб такой лебядзінай песні ён марыў для сябе. Такую песню ён і праспяваў. А называлася яна "Кліч":
Гэй, народзе, трэба ўстаць,
Дух свой з рабства распрастаць, —
"Вызваль дух свой, рабскі люд!"
Сам паэт ужо, як той лебедзь, бачыў пад сабою бяздонне, але ў апошняй песні ўслаўляў "волі зычны звон", што будзіць народы "ўсіх старон" на штурм "крыўды трона".
Для Алеся Гаруна, як і для кожнага пісьменніка, важна было акрэсліць сваё станаўленне да ролі паэта і яго творчасці ў грамадстве. У сваіх вершах Алесь Гарун акрэсліваў сваю паэтычную праграму і тыя тэмы, што знайшлі далейшае ўвасабленне ў творчасці. Місіі паэта Алесь Гарун прыдаваў вялікае значэнне і аб гэтым шмат пісаў:
… Прашу цябе, мой брат, спявай аб нашым горы,
Аб тым, што ёсць цяпер і што даўней было,
І што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры,
І што ў мільёнах душ разоры правяло…
"Паэту"
Сваю місію паэт выканаў. Творчасць Алеся Гаруна – яркая старонка ў гісторыі беларускай літаратуры. Аб гэтым сведчыць яго адзіны прыжыццёвы паэтычны зборнік "Матчын дар" (выдаваўся ў 1918, 1929, 1988). Матчын дар – гэта, найперш, родны край, мова, дадзеная ад маці, гордае імя Беларуса, якое паэт піша з вялікай літары. Зборнік вылучае асноўныя матывы творчасці Алеся Гаруна: любоў да Радзімы, роля паэта і паэзіі ў жыцці грамадства, непарыўнасць сувязі паэта са сваім народам, інтымныя, пейзажныя творы. "Матчын дар" — цэласная кніга, са сваім паэтычным светам, дзе кожны верш яркі і цікавы сам па сабе, а ўзятыя разам і аб'яднаныя ў цыклы ("Роднаму краю", "На чужыне", "Праявы роднага") яны складаюць "Думы і песні", атрыманыя ў спадчыну як запаветны матчын дар. Зборнік Алеся Гаруна "Матчын дар" з'яўляецца адным з найвыдатнейшых паэтычных дасягненняў пачатку XX стагоддзя. Крытыкі ставяць гэты зборнік побач з такімі кнігамі, як "Шляхам жыцця" Янкі Купалы і "Вянок" Максіма Багдановіча.
Паэтычная спадчына Алеся Гаруна ўключае шмат іншых вершаў ("Край няволі", "Песня-звон", "Праводзіны", "Жыццё", "Вецер", "Восень", "Начлег", "Хрыстос нарадзіўся"!..", "Самсон", "Дзяўчыначка – сэрца, сябе не трывож…", "Два каханні", "Сын", "Асенні спеў" і інш.), апублікаваных паасобку ў розных выданнях пад псеўданімамі І. Жывіца, А. Сумны, А. Навадворскі, Сальвэсь.
Алесь Гарун увайшоў у беларускую літаратуру і як выдатны празаік. На працягу 1912-1915 гадоў у "Нашай ніве" з'явіліся чатыры яго празаічныя творы: кароценькая алегарычная легенда "Першы снег" і апавяданні "Пан Шабуневіч", "Маладое", "Чалавек без крыві". Пасля вяртання з Сібіры ў "Вольнай Беларусі" пісьменнік апублікаваў яшчэ тры апавяданні: "Свята", "П'ера і Каламбіна" і "У Панасавым сяле". Празаічныя творы, як правіла, падпісваў псеўданімам І. Жывіца (дзявочае прозвішча маці).
Алесь Гарун пісаў пра нацыянальнае бяспраўе беларусаў, нацыянальную самасвядомасць ("Пан Шабуневіч", 1912). У творы паказваецца складаны, вельмі і вельмі няпросты лёс тых людзей, якія спрабуюць абараняць права роднай мовы на існаванне ў штодзённым жыцці.
Блізкай Алесю Гаруну была астрожная тэматыка. Са зместу апавяданняў "Чалавек без крыві" і "Маладое" відаць, як астрожнае жыццё калечыць лёс чалавека, разбуральна ўздзейнічае на яго псіхалогію.
У шэрагу апавяданняў пісьменніка асобна стаіць "П'ера і Каламбіна". Гэта — своеасаблівы празаічны трыпціх, паасобныя часткі якога сюжэтна паміж сабою не звязаны. Яны аб'ядноўваюцца толькі агульнай тэмай кахання, мастацкім роздумам аб загадкавай сіле гэтага пачуцця і аб тых тайнах, якія то збліжаюць двух чужых людзей, то зноў утвараюць паміж імі непераадольную бездань.
Апошнім празаічным творам пісьменніка з'яўляецца фантастычнае апавяданне "У Панасавым сяле", якое дае магчымасць прасачыць, як пісьменнік у сваёй творчасці быў звязаны з самымі разнастайнымі традыцыямі і як узбагачаў іх, творча пераасэнсоўваючы.
У асобе Алеся Гаруна беларуская літаратура атрымала і цудоўнага дзіцячага пісьменніка, аб чым сведчыць зборнік п'ес "Жывыя казкі" (1920) для дзіцячага тэатра, які перад самай смерцю, у 1920 годзе, выдаў пісьменнік. У яго ўвайшлі п'есы "Хлопчык у лесе", "Шчаслівы чырвонец" і "Дзіўны лапаць, або Не ўсё тое порах, што ў пораху ляжыць". Двойчы таксама публікавалася пераробленая з польскай мовы дзіцячая п'еса "Датрымаў характар". Пішучы гэтыя п'есы, Алесь Гарун быў прыкаваны цяжкай хваробай да ложка. Аднак, нягледзячы на гэта, у творах пануе светлая атмасфера жыццесцвярджэння, аптымізму, непрымірымасці да махлярства, фальшу, няпраўды, да любых заганных з'яў у жыцці, ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі.
Творчасць Алеся Гаруна адлюстроўвае ў сабе праўду жыцця і імкненняў таго далёкага пакалення, якое бясконца самаахвярна працярэблівала шлях да свабоды і роўнасці, справядлівасці і ўсеагульнага шчасця. Пракладваючы ўласныя шляхі ў літаратуру, Алесь Гарун вельмі істотна дапаўняе Янку Купалу і Якуба Коласа і ў філасофскім асэнсаванні заканамернасцей гісторыі, і ў пазнанні таямніц і глыбіняў чалавечай псіхалогіі.
Сваёй мастацкай творчасцю, паводзінамі, усім жыццём пісьменнік дае новым пакаленням урокі мужнасці, вернасці, самаахвярнасці, міласэрнасці, годнасці. Сваім мастацкім словам Алесь Гарун паказвае новым пакаленням, як трэба берагчы і славіць Радзіму, бацькоўскую зямлю і матчыну мову. Ён выносіць няшчадны прысуд здрадлівасці, няпраўдзе і фальшу. Сваім мастацкім словам ён заўсёды будзіў і будзіць чалавечае сумленне і праведны гнеў супраць любых форм прыгнёту, любых форм здзеку над чалавекам.
Алесь Гарун гонар нашай беларускай літаратуры, гонар нацыі. Бо створаныя ім творы арганічна ўпісаліся ў сённяшнюю літаратурную плынь, зрабіліся часткай нашай рэальнасці.
Похожие статьи:
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Ветру
Алесь Гарун → Алесь Гарун - У чатырохлецце "Нашае Нівы"
Алесь Гарун → Алесь Гарун - Брацця! Досыць цярпець нам і гнуцца...