Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Алесь Гарун - Пан Шабуневіч

Увага! Поўны змест

I

   ...З панам Шабуневічам са старапапельскіх Шабуняў пазнаёміўся я тады, як «усё на галаве пайшло хадзіць». Вялізная пекная зала ў будынку гарадской думы была паўнюсенька людзей. Здавалася, знекуль укаціўся сюды магутны ручэй і ніяк не можа супакоіцца, і гарачыя, спацелыя хвалі чалавечага цела налазяць адна на адну, пнуцца ўперад, адліваюцца ўзад, перакочваюцца ў бакі, шукаючы выхаду з гэтых чатырох мураваных, у пекныя абразы маляваных сценаў.
   Пасярод гэтага мора маленькай выспачкай падвышалася амбона, а на ёй па чародзе прамаўлялі лепшыя красамоўцы нашага горада. Кожны з іх ганіў чужую «веру», хваліў сваю і, запрашаючы «пана абываталя» пад свае параты, дакляраваў, што, толькі гасцюючы ў яго хаце, знойдзе «пан абываталь» і патрэбную абарону, і патрэбную апеку над яго інтарэсамі.
   Вось гэтта стаялі мы з панам Шабуневічам поплеч і слухалі. Лепей сказаць, слухаў, аб чым гукалася, пан Шабуневіч, бо я, заняты сваімі думкамі, і не прымеціў, калі на амбоне стануў невысокі, маладога веку, светлавалосы, са светлай бародкай чалавек у шэрым адзенні і пачаў гаварыць. Нешта незвычайнае ў яго мове адразу здзівіла мяне і зацікавіла; ад першых слоў прыемна заказытала ў грудзях, на момант перахапіўся дух, і спуджаныя думкі, змяняючыся адна па адной, праляталі, як бліскаўкі, каб у цемнях памяці знайсці сабе вечны прыпынак. «Што ж гэта і хто гэта?! — Мужык? Просты вясковы мужык, араты, прыйшоў, адарваўшыся ад працы, прыйшоў да гэтых, у чорныя сурдуты ўбраных паноў і сам праз сябе і ад сябе загукаў сваёй "простай мовай"? Ці ж гэта можа быць?» I вочы, звярнуўшыся да амбоны, шукалі зрэбнай кашулі, шэрай сярмягі.
   Але той, хто гаварыў, саўсім не паходзіў на мужыка. Барзджэй можна было прызнаць у ім чалавека з лічбы «панскага роду». Гэта, аднак, не шкодзіла мне слухаць яго далей і далей, не выпушчаючы з вушэй ніводнага слова. Ён журыўся на чорную нядолю, якая агарнула бацькаўшчыну, на глуз і здзек, што запанавалі над ёю, на атрутнае занядбанне роднай мовы. Запрашаў усіх, у каго ёсць «крышачку сэрца і кропелька міласці, даць у іх месца выгнанай стуль Бацькаўшчыне». Словы гэтыя былі мне — ой, ці мне толькі — сякучы меч і гаючая вада адразу. Калі праўдзівым дакорам расцінаў ён сэрца, то і добрым словам гаіў яго, бо даваў надзею, што ёсць мага хоць што, калі ўжо не ўсё паправіць. Моцай іх падняў ён мяне па-над гэтай заляй, па-над гэтымі людзьмі і памчаў за горад, за лес, за поле, у бясконцы цёмнай ночы. Шумелі курганы, быццам прыціснутыя цемняй, ляжалі палеткі, пачарнеўшыя з нядолі, раскідаліся вёскі. Маўчала зямля, і адзін вецер толькі трывожыў гэту цішу. Калыхаючы старыя крыжы на курганах, блукаючыся пад саламянымі стрэхамі, блудзіў ён — ціхі стогн. Ціхі, ціхі. Як слабыя шэпты стэпавага сухабыльніку.
   «Божа мой, Божа мой!»
   Блізкасць і праўдзівасць гэтага стогну-шэпту зноў звярнулі мяне да тэй залі і людзей, сярод якіх я стаяў. Азірнуўшыся навакол, я ўбачыў, што мой сусед з левага боку, чалавек ужо сталага веку, з невялікай лысінай на макоўцы, з доўгімі спадзістымі вусамі на круглым і строгім твары, чырвонай хустачкай гаротліва выціраў дзве рыскі, што глыбока ўрэзаліся ў твар ад пераносся аж да вусоў, ля краю вуснаў. Вочы яго чырванелі, як хустачка, і блішчэлі.
   Відаць, нейкая цягасць у сэрцы расчуліла чалавека.
   З усёй прыязню і спагадай, якія я толькі здолеў паказаць на сваім твары і ў голасе, я адважыўся запытацца: «Аб чым васан?» Маё неспадзяванае запытанне засароміла ці перапудзіла суседа; мо яму здалося, што яго ніхто не бачыў, ці што.
   Адхіснуўшыся крыху, быстра зірнуў мне ў вочы, потым памкнуўся, як бы шукаючы дапамогі, туды, да амбоны, дзе ўжо стануў другі, яшчэ раз даўжэй паглядзеў мне ў твар і ў вочы і, відаць, не паверыўшы мне, мармытнуў: «Так сабе! Проста ў галаву ўлезла». I, адвярнуўшыся ад мяне, зрабіўся, як каменны, уляпіўшыся вачамі ў амбону. Але праз хвілінку парухаўся і набраўся адвагі ці ўжо пачуцці не давалі маўчаць, звярнуўся да мяне і, паказаўшы галавой на амбону, высмаліў:
   «От гэта аб чым казалі!.. Ці ж я не казаў?! Га? Усё праўда! Далібог, праўда! Я казаў!..»
   Пасля, панізіўшы голас, пэўны ўжо ў маёй асобе, бурчлівым, як бы каму вымаўляў, на некага гневаючыся, голасам цягнуў далей: 
   «Здаецца другому дурню, што змяніў ліповыя падэшвы на раменныя, дык ужо і сам не сам зрабіўся. I лапці ганіць, і з сярмягі смяецца, а над сваёй гутаркай, якой маці пеставала, кпіць, ажно слухаць прыкра. А хай жа, бязглузды, прыйшоў бы сюды ды паслухаў, як людзі кажуць!..»
   I, кінуўшы яшчэ раз вокам у бок амбоны, сусед мой пакіраваўся да дзвярэй. Мне самому не хацелася болей стаяць і слухаць, бо лічыў, што нічога цікаўнага не пачуеш ужо гэтта, і дзеля таго я паспяшыў таксама выйсці разам з ім. На вуліцы быў позні вечар, калі мы, хлюпаючы галёшамі, ішлі і зюкалі сабе, як даўнейшыя прыяцелі. Ён расказаў мне невялічкую гісторыю свайго жыцця, з тымі крыўдамі, якія ён цярпеў у сваёй сям'і, і, калі мы расставаліся, каб разысціся кожнаму ў свой бок, папрасіў мяне заходзіць да яго часамі: «Як будзе вольны час, бо мне дык не надта можна ад варстату».
   Пан Шабуневіч паходзіць ад бацькі католіка, а матка-нябожчыца была праваслаўнай. У метрыках пішацца «каталіцкай веры», але нічога не меў ён і да праваслаўя. Бацькі, хай іхнім душачкам у Бога вечны спакой будзе, пакінулі яму ў спадчыну кавалак зямлі, так што добры агарод выходзіць, ды хатку. Навучылі майстэркі — праз пяць год тэрмінаваў у суседа пана Бэркавіча і навучыўся шавецтву. I ажанілі, узяўшы яму ў жонкі дачку пана Німартовіча, шляхцянку з Старога Папеля. Дык цяперака, маючы з чаго жыць, маючы жонку, сынка, мог бы пан Шабуневіч, здаецца, жыць і Богу дзякаваць, але каб усё так было, як здаецца.
   Уся бяда з жонкі ідзець. Паня Шабуневічыха лічыць сябе і мужа «польскай веры» і дзеля таго не спушчае свайму гаспадару ані рэлігійнай бесстароннасці, ані яго «простай», «мужыцкай» мовы. Каталічка аж з «дзесятага калена» заўсягды выракала і вытыкала яму: «А ты грэх робіш, а ты ў царкву ходзіш, а ты не саромішся, а ты людзей не ўважаеш, а ты сам сябе і мяне не шануеш, бо гаварыць, як у тваім стане след, не хочаш», — і пачне і пачне. Што ты ёй на гэта скажаш?! Кажы не кажы, што і Бог адзін, што і Матка боская, і пан Езус адны на ўвесь свет, яна ўсё сваё. Ты ёй слова, яна табе два, ты ёй два, яна табе тры. Дык пан Шабуневіч ніколі доўга не спрачаўся, калі жонка пачынала аб веры.
   Але калі Янова прычэпіцца да яго за «простую» гутарку, тутака пан Ян, не ўважаючы на свой спакойны, па бацьку-нябожчыку, характар, ніколі не ўступіць. Тутака жонка з ім нічога не зробіць. Упрэцца, як вол каля стайні, і ні туды, ні сюды. Яшчэ пашкелівае часамі з яе «польскай» мовы: «Я в огродзе полем грэнды, а мой Янка, сюды, тэнды, ах, Ясенчко муй коханы, дам паясэк прэтыканы...» Ды яшчэ гэтак усміхаецца, што ў пані Яновай вочы выскачыць гатовы са злосці. Колькі разоў быў я сам сведкам гэтых спрэчак. Нават заслужыў няміласць у Яновай. Бо калі здаралася мне папасці да іх за суддзю, дык і асцерагаючыся, і ўсё, але заўсёды судзіў у карысць мужа. Прызнаціся, тады мне нясоладка было пад яе вокам. З'есці гатова.
 

II

   Ну, але і на вайне ёсць замірэнні, і на моры пагода. Пануюць яны і ў гэтай сямейцы часамі. Тады, Божа мой, не трэба лепшай пары на свеце. Проста радасць бярэць, як убачыш, якую пару Бог злучыў. Адно аднаго слухае і паважае, адно другому стараецца дагадзіць, гукаюць паміж сабой лагодненька, міленька — галубкі, дый годзе! Пан Шабуневіч, седзячы ля ваконца, што ў агарод выходзіць, пры сваім варштаціку і муркаючы, як кот, пад нос сабе якую-небудзь песню, падшывае дратвай перады ці падбівае падноскі на чаравікі. Пані Янова, як тая курка, ту ж пад ваконцам у гародчыку полець грады і, выбіраючы па каліўку зяло, не-не ды адвернецца да чалавека: «А падзівіся, Ясечка, як бурачкі ўзышлі, ніводнае зернетка не прапала; ці бачыш, як цыбулька ў нас у цыбучкі ідзець, а расада якая зялёненькая, пэўна, ужо саўсім абмацавалася». I пан Шабуневіч, высунуўшы галаву з ваконца, з радасцю бачыць, як спраўдзе бурачкі ўзышлі, і цыбулька паперылася, і расада, абмацаваўшыся, зелянее.
   — А ведаеш, Каруся, здаецца, бурачкі гэтта крыху густавата сядзяць.
   — Але! Заўтра я бацвінкі згатую на абед.
   — Добра. Люблю я зеляніну! Гм... а як жа ў нас абед сягоння? 
   — Абед гатовы. Віця прыбяжыць, і зараз есці будзем.
   — Час, час — у жываце ўжо нешта пабурківаець.
   Праз паўгадзіны прыходзіць са школкі Віцька — едынак і ўлюбенец панства Шабуневічаў, пястунчык матчын і гордасць бацькі, і ўсе сядаюць за стол. I пры стале дух згоды чуецца як найлепей. Бацька з сынам аж пачырванеюць ад натугі, стараючыся дагадзіць матцы, а яна, як тая ластавачка, увіхаецца каля стала. Падлівае ў талерку гарачай стравы то аднаму, то другому, падсоўвае хлеба, просіць есці, каб сыты былі. Віця апавядае, аб чым казалася ў школцы, як вучыцель пакараў каго-небудзь з вучняў, што спаткаў, ідучы ў школку і адтуль.
   У Віці разумная галоўка. Сам бацька часам, як роўнага сабе, плясне яго па плячы і кажа: «Ты, сынку, пойдзеш далёка! Хай ужо мы з маткай без жаднай адукацыі, а ты будзеш мець. Выўчым цябе на доктара або на інжынера...» Гэтта Янова заўсёды ўстрэнчыцца: «Не, лепей на ксяндза»...
   А бацька на гэта: «Не хачу, каб ён ксяндзом быў. Памятай ты, маці, што пад старасць і нам дапамагаць трэба будзе. А ад ксяндза дапамога кепская; дый якая табе ахвота сваё дзіця ад сябе адлучыць? Я хацеў бы, каб сын на маіх вачах быў, а яна ўсё не!» Ну, Янова адпіраецца: «Я хіба кажу?! Хай сабе доктарам будзе. Як лепей...»
   — От жа ж! А ты, сынку, як кажаш?
   — Я, татачка, хачу ў чужыя краі паехаць. Вельмі цікава, як тамака людзі жывуць.
   — От табе і маеш! Маці з хаты выпраўляець, і сам уцячы хоча. Эх вы!..
   — Калі я казала, каб ішоў з хаты?
   — А не...
   Але спрэчка гэта ніколі далёка пры добрым гумары не зойдзець. I згода пануець дзень у дзень, аж пакуль ізноў як-небудзь не падкусіць яе чым адвечны наш вораг-бес.
 

III

   Прайшло з паўгода, як я пазнаёміўся з панам Шабуневічам, і ў адну пекную ноч, калі з саду праз расчыненае вакно майго пакоіка ліўся прыемны пах кветак, а ад далёкага возера пачуваліся пералівы песні маленькага песняра кахання, а я меў моцнае перакананне, што Зося Альбэртаўна — прыстайнейшая дзяўчына на цэлы свет, — у гэткую ноч да мяне прыйшоў адзін даўны знаёмы з двума сваімі сябрукамі і гэтак шчыра запрасіў да сябе ў госці, што, не адкладаючы на другі раз, пазбіраў я, што было трэба, і пайшоў з імі. А потым... потым я ўжо не прыходзіў дадому цэлыя пяць год. Пазнаў я за гэты час, як добра мандраваць па чужых краёх і як цяжка тужыці па сваім куточку. Пазнаў багата чаго і іншага. А нарэшце ізноў апынуўся дома. За пяць год многа чаго можа змяніцца. Змяніўся крыху родны горад, змяніўся я сам душою і целам, змяніліся тыя, каго я ведаў. Некаторых нават і не знайшоў на месцы. От аднаго дня пайшоў я да свайго старога прыяцеля, некалі бабыля, як і я цяперака, а цяпер ужо чалавека жанатага і бацькі. Якраз дзень быў святковы, калі «адны святкуюць, а другія смуткуюць». Свята было і навокал. Святла і сонца, колькі чалавеку трэба на вясёлы дух і яснасць уваччу. Чыстага паветра і зелені — таксама. Здаецца, радуючыся цёпламу свету, ціўкалі ў гушчары тапалёвых прысадаў па абодвух бакох вуліцы вераб'і, і ад таго ж усміхаліся твары сустрэчаных людзей. I хаця свята адчувалася ўва мне, недзе ў сэрцы скробся сум, і нехта, крыху глузуючы, шаптаў: «А спрабуй, спрабуй, павесяліся, як яны, гэ-гэ! З'елі, браце, твой смех! Гэ-гэ!» Гэтак ішоў я, адзін сам-насам з сваімі думкамі, аж пакуль на рагу аднэй вуліцы не спаткаў пана Шабуневіча. Ён бадай што не змяніўся саўсім, такі самы спакойны ў хадзе, такі самы пахмуры твар. Толькі ў вусы ўплялося колькі срэбных нітачак, і больш нічога. Тая самая статэчнасць ва ўсёй постаці. Угледзеўшы мяне, ён дужа абрадаваўся, першы падскочыў і, па свойму старому звычаю, сціскаючы ў сваіх моцных руках мае, што яны аж захрусцелі, адразу загаманіў:
   — А! Пан зноў дома! А чаму ж да мяне не заходзіш? Ці забыліся, дзе жыву? Гэ-гэ! Час немалы, можна было і забыцца. Хадзем, хадзем! — I пацягнуў мяне ў той бок, куды сам ішоў і куды мне было якраз па дарозе.
   Абрадаваўся і я, спаткаўшы дарагога прыяцеля. Распытваўся аб усім; цікавы быў — ці не пераканала пана Шабуневіча жонка на сваю старану. Але не! Жонка сваёй грызнёй зрабіла толькі, што пан Шабуневіч цяперака яшчэ большы патрыёт. Заахвоціўся ён да чытання, а злашча гэткіх кніжак, скуль мог больш узяць доказаў сваёй справядлівасці; зрабіўся найшчырэйшым чытачом беларускай газеты і, пазнаўшы багата чаго новага, яшчэ і другіх навучае. Кінуўся ў палітыку, стараецца, бегае, палавіну сваёй вуліцы цягнець за сабою і, здаецца, знайшоў, чаго ўсё жыццё шукаў.
   Але ў апошніх часах спаткала пана Шабуневіча колькі цяжкіх няўдач. Як не плакаў чалавек, апавядаючы аб гэтым!
   — Ведаеце, былі гэтыя выбары ў земства. Падзялілі нас, тутэйшых жыхароў, на курыі. Як яшчэ ў петухі не прыдзялілі, а толькі ў куры. Ну, я проста не ведаю, што рабіць. Маю права выбіраць, цэнз у мяне ёсць, а да каго кінешся? Запісалі мяне ў польскую курыю, а я кажу: «Дзякуй вам, я ўжо лепей у жыдоўскую пайду». У жыдоўскую, ведама, мне не можна, але гэта я ўжо са злосці, ведаеце. А жонцы гэтая крыўда, як лазанка з макам: от, кажа, табе і вучоныя твае, і беларушчына! А вот жа вучоныя знайшліся, га?!. Я ўжо спрачацца пакінуў, маўчу... Потым ізноў выбары ў думу. Ну, гэтта, думаю, не папушчуся. Узяў я кніжку, ёсць у мяне гэткая добрая кніжка! Надта добрае аб нас у ёй пішацца, і пайшоў. Прыйшоў у гарадскую думу. Кажу: я такі і такі, ці мяне запісалі на выбары? Паглядзелі ў спіскі: «А вы якой веры?»
   «Каталіцкай»,—адказваю.
   «Ну, дык вы, гэтта, у польскую курыю запісаны».
   «Як, — кажу, — а чаму не ў беларускую?» Смяюцца, шэльмы: «Бо такой, — кажуць, — няма, а ёсць проста руская, калі хочаце туды, то яшчэ можна».
   «Дык я ж, дзякуй вам, не расеец, не паляк і не жыд! Як жа беларускай курыі няма?»
   «А вы каталік?»
   «А ўжо ж!»
   «А мы ўсіх каталікоў у палякі...»
   «Дык гэта, — крычу, — жонка не разумней судзіць! — і паказваю ім кніжку. — От паглядзіце, як гэтта пішацца!»
   Папрасілі не крычаць у прысуцтвіі, а кажуць, што вы кніжку паказваеце, дык у нас у паперах саўсім іначай пішуць, але! Бывайце здаровы, бо не маем часу! Каб вас, думаю! Хіба мяне маці дзеля вашых папераў радзіла?
   А жонка і зноў рада: хай цябе, проста сам сабе не рад, ані свайму жыццю. Тутка няўдача, у хаце адна згрызота, эт! Можа, вы ведаеце, калі гэта ўсё зменіцца?
   I ўпёрся ў мяне вачамі, чакаючы, ці не дам я часамі якой рады, якой пацехі.
— А я што ведаю? Будзем чакаць, а пакуль што будзем рупіцца, каб больш нашых «тутэйшых» не хацелі пісацца ў гэтыя курыі. Як пачнем дакучаць кожны раз, як будзем прыходзіць штораз усё большай грамадою з кніжкай, у якой надта добра пішацца аб беларусах, тады, можа, ды, пэўна, нешта будзе.
   — Праўда, праўда ваша. Яшчэ дачакаемся свята. Зробім сабе свята. Калі мяне скранула, што, як хлопец які, бегаю, то і з усімі тое будзе. А ведаеце што?— і пан Шабуневіч азірнуўся, ці хто не падслухвае. — Ведаеце, у мяне ёсціка думка, і хацеў бы яе з'існіць. Добра было б зрабіць у нас нешта кшталтам школкі беларускай. Чытаць, пісаць і крыху гісторыі. Га? Як на вашу думку? Хата ў мяне знойдзецца, а вы мо б былі настаўнікам. Гадзіны дзве ў дзень. Га? Заходзьце да мяне, пагамонім лепей.
   Але мы якраз падышлі да таго двара, дзе жыў мой прыяцель, і я, паабяцаўшыся зайсці да пана Шабуневіча і пагаварыць як след аб гэтай важнай справе, падаў яму на развітанне руку. Ён зноў сціснуў яе, што аж захрусцела, сказаўшы яшчэ раз: «Прыхадзі ж, пан», — пайшоў сабе дахаты, весела ступаючы моцнымі абцасамі па тратуары.
   Прайшло колькі дзён, і я, яшчэ не сабраўшыся пайсці да пана Шабуневіча, зноў спатыкаю яго на вуліцы.
   Ён налятае на мяне, як каршун на голуба:
   — Ага! Чулі?
   — Што?
   — Дык не чулі?
   — Аб чым?
   — А вот, — і, выцягнуўшы з кішэні апошні нумар газеты, пальцам паказвае на першай старонцы, — чытайце!
   Пішуць, што цяперака ў пачатковых школах веры дзяцей будуць навучаць у тэй мове, якою гукаюць бацькі. А значыцца, павінны будуць вучыць чытаць і пісаць у роднай мове.
   — Ну, як вам падабаецца?
   — Што ж — мне гэта надта да смаку, бо я хацеў бы, каб мае дзеці (а я ж некалі ажанюся яшчэ!) разумелі крыху, «якіх бацькоў, чые сыны яны».
   — Праўда! Ну, мой Віцька, ведаеце, той добра чытае па-беларуску! Як рэпу рэжа. Вот, пачуеце, калі прыйдзеце да нас. А я жонцы от цяперака гэтым самым у нос тыцну. «Чытай», — скажу. Я дзеля яе раней і газету лацінкай выпісваў. Хоць крывілася, а часам і чытала, бо «па-польску друкавана». Ха, ха! Заходзьце ж. — I весялейшы, як у першы раз, пайшоў сабе ў свой бок.
 

***

   Да пана Шабуневіча я яшчэ ніяк не ўлаўчыўся схадзіць. Нядаўна даведаўся, што нашая з ім радасць крыху паспяшылася. Беларускую мову яшчэ раз выкасавалі з ліку родных моў: напісалі, што роднай мовай маіх дзяцей (бо я не пакідаю надзеі жаніцца) павінна быць ці польская, ці расейская, ці жыдоўская, ці літоўская, ці іншая. Чаму ж яшчэ не прылучылі французскай, нямецкай, японскай, не ведаю. Усё ж нічога сабе мовы. Гм, але досыць жартаў, я гэтага, панове, саўсім не хачу; і пан Шабуневіч не хоча! Трэба, мусіць, пайсці да яго і пільна пагаварыць аб школцы... «Беларускую школку. Пісаць, чытаць і крыху гісторыі». Ах, мілы пане Яне, пэўне, і ён невясёл, бо ў яго ж ёсць пані Янова. Яму, пэўне, яшчэ горш за мяне.
   Бедны пан Шабуневіч са старапапельскіх Шабуняў!

1913

Похожие статьи:

Алесь ГарунАлесь Гарун - У чатырохлецце "Нашае Нівы"

Алесь ГарунАлесь Гарун - Брацця! Досыць цярпець нам і гнуцца...

Алесь ГарунАлесь Гарун - Ветру

Алесь ГарунАлесь Гарун - Восень

Алесь ГарунАлесь Гарун - Мае думкі