Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сінекдаха

   Сінекдаха (грэч. synekdoch – суаднясенне) – разнавіднасць метаніміі, у якой адны паняцці замяняюцца другімі на аснове іх колькасных суадносін.
   Найбольш распаўсюджаны від сінекдахі – ужыванне часткі з'явы ці прадмета ў значэнні цэлага:

 

З той пары Масква, Варшава,
Рыга, Вільня, Бак, Лібава,
Беларусь, Літва, Расея

Гоняць вон цара-зладзея!
(Цётка. «Хрэст на свабоду»)

Ты, мой брат, каго зваць Беларусам,
Роднай мовы сваёй не цурайся;
Як не зрокся яе пад прымусам,
Так і вольны цяпер не зракайся.
(Алесь Гарун. «Ты, мой брат, каго зваць Беларусам»)

Часам цэлае ўжываецца ў значэнні часткі:
Ён зменлівы, наш час,
Такі гарачы!
Не слухае драздоў,
Не ходзіць па расе.
(Пімен Панчанка. «...Шумяць планавікі і прагназісты»)


   Сінекдахай з'яўляецца таксама ўжыванне адзіночнага ліку ў значэнні множнага (Свет трымаўся на ўдаве) або множнага – у значэнні адзіночнага («Толькі мне не да казак – пачуцці не тыя: // Зданню вязні майданекаў ходзяць жывыя» – Алесь Бачыла), замена родавага паняцця відавым (вучыся шанаваць капейку), відавога – родавым (Сонца перайшло з канапы на сцяну).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.