Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сінестазія

   Сінестазія (ад грэч. sinesthesis — агульная радасць) — паэтычны троп, заснаваны на паяднанні розных асацыяцый: зрокавых і слыхавых, зрокавых і дотыкавых і г. д.
   Так, у кнізе Максіма Танка «На этапах» сустракаліся «чорны шум мяцелі», «кудлаты белы ветру шум», «у жоўтым шуме каласоў», «ветру сіні перасвіст» і інш. Там жа ёсць тропы, у якіх паяднаны адчуванні дотыкавыя, зрокавыя і асязальныя:

Напеў забыты вецер свішча
І гоніць мокрую зару
На медна-горкае і ржышча.


   Вось арыгінальная сінестазія з твораў іншых паэтаў: «ім боязна паху твайго салаўінага», «між зялёнай густой цішыні», «кароў салодкае мычанне» (Пімен Панчанка), «гоман зялёны» (Аркадзь Куляшоў), «у шуме жытняга святла» (Яўгенія Янішчыц), «мокрае сонца» (У. Някляеў), «п'ю маўклівасць белую» (С. Законнікаў), «лісцяў жоўтых жоўты звон» (Мікола Мятліцкі), «гучалі зоркі» (Б. Беліжэнка), «сонцам духмяным бераг прагрэты» (Вольга Іпатава), «клянуся Прыпяццю — зялёнай цішай» (У. Верамейчык)...
   Найбольш часта спалучаюцца нейкія дзве асацыяцыі, перш за ўсё — зрокавыя і слыхавыя:

І ў гарачым святле плылі
Сінія песенькі жаўрука
Над карычневай песняй раллі.
(Уладзімір Караткевіч. «Чорная балада Гаркушы»)