Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Этымалагізм паэтычны

   Этымалагізм паэтычны (ад гр. etymon – ісціна і logos – паняцце, вучэнне) – адзін з відаў тропа, у якім перанос значэння з аднаго слова на другое адбываецца на аснове гукавой іх блізкасці. Такія семантычна далёкія, але блізкія па гучанні словы звычайна стаяць у вершаваным радку побач, выяўляючы дадатковыя сэнсавыя і эмацыянальныя адценні. Напрыклад:


Я прынёс іх з ляснога дрымучага свету,
Дзе з брусніцамі ніцымі - жар верасоў.
Падасінавікаў у чырвоных барэтах
Пад старою асвінай асінай знайшоў.

(Максім Танк. "Грыбы")


Мяне пярун наводмаш перыў...

(У. Паўлаў)
 

Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам.

(Пімен Панчанка)
 

Поле,
У тваім замкнёным коле
Нашы душы, думы і дамы.

(Пятрусь Макаль. "... Поле, поле")

 

   Часам паэтычны этымалагізм ўтвараецца з дапамогай амафонаў – слоў, якія гучаць аднолькава ці прыблізна аднолькава пры розным іх марфалагічным складзе:

... I прыгадаю пачуццё, якое
Абразай падсякалі, як з абрэза.

(Ніна Мацяш. "Бязладная размова")


Кастрамі думкі гараць, не стынуць,
Трапечуць думкі, як зор праменні,
Давайце ж думаць не прымітыўна,
Давайце думаць праметэйна!

(Леанід Дайнека)
 

   Паэтычны этымалагізм – асноўны троп "вершаказаў" Алеся Разанава:
   "Барана – з бору: забраная адтуль, яна ўсё роўна не згаджаецца са сваёй абранай роляй і абараняецца рукамі і начамі ад прымусовага абранніцтва'' ("Барана");
   "На беларускі гарох рохкаюць свінні, што ён у агародзе найгоршы, я ён у адказ рагоча!' ("Гарох").

   Своеасаблівая паэтычная этымалогія, як відаць з прыкладаў, адрозніваецца ад рэальнай этымалогіі – навукова дакладнага выяўлення паходжання слова і яго роднасных адносін да іншых слоў мовы. Няўмелае карыстанне паэтычным этымалагізмам або злоўжыванне імі шкодзіць сэнсавай выразнасці твора. Часам паэтычныя этымалагізмы стаяць у рыфме. Некаторыя літаратуразнаўцы называюць паэтычны этымалагізм гукавой метафарай.

Похожие статьи:

ВВольнасць паэтычная

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.