Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вершаказ

   Вершаказ – напісаная ў форме версэта паэтычная медытацыя, у аснове якой – роздум пра сутнасць нейкай рэчы, прадмета, з’явы. Галоўны мастацкі сродак, што арганізуе вершаказ, – паэтычная этымалогія.
   Па сутнасці, вершаказ уяўляе сабой разгорнуты этымалагізм паэтычны, у якім выяўляюцца падчас самыя нечаканыя асацыятыўныя сувязі паміж асобнымі словамі-паняццямі на аснове іх гукавога падабенства.
   Тэрмін уведзены ў літаратурную практыку Алесем Разанавым, які напісаў некалькі цыклаў вершаказаў. Вось адзін з яго вершаказаў – «Кудзеля»:


   Кудзеля кудлатая, нібы завея-кудаса.
   Яна існуе не сама па сабе, не сама для сябе, а – куды і дзеля: дзеля наступных радзюжак, дзяружак, абрусоў, ручнікоў, перацякаючы з прасніц на верацёны і матавілы, дзелячыся на ручаі прадзіва.
   Кудзеля – работа пасля работы, дзень пасля дня, яна не нядзеля і не панядзелак, а «паслядзелак», і на яе збіраюцца, як на пасядзелкі.
   Калі дзіда – удзел мужчыны, то кудзеля – жанчыны, і, прадучы кудзелю, жанчына, услухоўваючыся ў гудзенне верацяна, перажывае ўсе згібы, змены, падзеі,«цудзеі» свайго жыцця і прадзе сваю «дзелю» – долю. 

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.