Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.
Я буду маліцца да яснага сонейка,
Няшчасных зімой саграваць сірацін,
Прыветна па збожных гуляючы гонейках,
Часцей заглядаці да цёмных хацін.
Я буду маліцца да хмараў з грымотамі,
Што дзіка над намі гуляюць не раз,
Каб жаль над гаротнымі мелі бяднотамі,
Градоў, перуноў не ссылалі падчас.
Я буду маліцца да зорак і жаліцца,
Што гасяць сябе надта часта яны,
Бо чуў, як якая з неба з іх зваліцца,
З жыцця хтось сыходзе на вечныя сны.
Я буду маліцца да нівы ўсёй сілаю,
Каб лепшаю ўродай плаціла за труд,
Збагаціла сельскую хату пахілую,
Надзеі збытымі убачыў наш люд.
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.
1906
1. Запаветнае жаданне паэта выказана ў наступных радках:
Я буду маліцца і сэрцам, і думамі,
Распетаю буду маліцца душой.
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.
2. У сваёй малітве Янка Купала просіць аб лепшай долі свайму народу, Бацькаўшчыне: «каб чорныя долі ...не шалелі над роднай зямлёй...», каб прырода давала болей ясных і цёплых дзён «няшчасных зімой саграваць сірацін», каб не было грымот і перуноў, каб менш памірала людзей, каб ураджаі былі вялікімі і давалі народу жыць бязбедна.
3. Паэт ажыўляе старажытную язычніцкую традыцыю беларускага народа пакланяцца прыродзе, стыхіям.
4. Ніва – сімвал ураджаю, урадліваеці зямлі, ад яе цалкам залежыць жыццё селяніна.
Похожие статьи:
Янка Золак → Янка Золак - Божа Ўсяўладны
М → Малітва
Ларыса Геніюш → Ларыса Геніюш - Малітва
Генадзь Бураўкін → Генадзь Бураўкін - Малітва
Сяргей Грахоўскі → Сяргей Грахоўскі - Вячэрняя малітва