Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Трагікамедыя
Трагікамедыя — своеасаблівае міжвідавае утварэнне, у якім спалучаны элементы трагедыі і камедыі, трагічнае са смешным.
Тэрмін "трагікамедыя" з'явіўся яшчэ ў Старажытнай Грэцыі, і абазначаў ён любое парушэнне відавой чысціні трагедыі або камедыі ("Кіклоп" Эўрыпіда). Аднак распаўсюджанне і тэрмін і само паняцце гэтага жанру атрымалі ўжо ў шэкспіраўскі перыяд эпохі Адраджэння, калі адбылася выразная дыферэнцыяцыя камедыі і трагедыі як відаў драмы. У трагікамедыі і выявілася дыялектыка светаадчування: трагічныя супярэчнасці рэчаіснасці, якая знаходзіцца на мяжы фізічнага і духоўнага знішчэння, і выратавальнага, іранічнага погляду на свет, што дае надзею пазітыўных адносінаў да гэтай рэчаіснасці. У трагікамедыі мы сустракаем трагізм смешнага і камізм трагічнага: камічны герой трапляе ў трагічныя абставіны або трагічны герой – у камічныя абставіны.
Вялікі англійскі драматург Шэкспір пакінуў яскравы ўзор трагікамедыі ("Венецыянскі купец"), але тыя ці іншыя камічныя моманты прысутнічаюць, бадай, ва ўсіх яго знакамітых трагедыях. Пасля Шэкспіра трагікамедыя як жанр амаль знікае, сустракаецца тады-сяды толькі ў творах Карнэля, Гальдоні, Лесінга, Мальера… У канцы ж ХІХ – пачатку ХХ стст. назіраецца яе "другое дыханне" – у творчасці Ібсена ("Дзікая качка", "Геда Габлер"), Чэхава ("Чайка", "Вішнёвы сад", "Дзядзька Ваня"), А. Стрындберга ("Крэдыторы", "Саната прывідаў"), Г. Гаўптмана ("Крысы", "Перад захадам сонца"), Л. Пірандэла ("Шасцёра персанажаў у пошуках аўтара", "Генрых ІV"), М.Куліша ("Так загінуў Гуска", "Народны Малахій")… Трагікамедыі пішуць у ХХ ст. Шоў, Брэхт, Дзюрэнмат, Іянеска, Ж. Ануй, Ж. Жырарду, Вампілаў, Я. Стэльмах і інш.
Вытокі беларускай трагікамедыі – тыя ж, што і камедыі. Трагічныя матывы прысутнічаюць ужо ў першай Купалавай камедыі "Паўлінка" (фінал п'есы). Народны пясняр напісаў і першую класічную беларускую трагікамедыю – "Тутэйшыя" (1922). У ёй арганічна спалучыліся трагічныя характары (Янка Здольнік, Алёнка) у камічных абставінах бясконцых перамен улад у Мінску і камічны характар (Мікіта Зносак) у трагічных абставінах прыходу бальшавікоў. Калісьці Чэхаў гаварыў: "У жыцці няма чыстых сюжэтаў, у ім усё перамешана – глыбокае з плыткім, вялікае з мізэрным, трагічнае са смешным". Гэтая "перамешанасць" назіраецца і ў "Тутэйшых". Як, дарэчы, і ў трагікамедыях другога выдатнага беларускага драматурга – Андрэя Макаёнка. У яго "Трыбунале", "прыватнай трагікамічнай гісторыі" (аўтарскае вызначэнне) "Пагарэльцы", у трагіфарсе "Дыхайце эканомна!.."