Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Пошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

   I гэты твор, так любімы і самім Купалам, вызначаецца, як усё ім створанае, самай галоўнай, самай запаветнай і палымянай ідэяй усяго жыцця песняра — ідэяй нацыянальнага вызвалення і адраджэння, якую ён нястомна і настойліва рэалізаваў і ў паэзіі, і ў драматургіі, і ў публіцыстыцы.
   Некаторыя крытыкі лічаць заслугай Купалы тое, што ён на прыкладзе трагедыі адной сям'і паказаў трагедыю ўсяго беларускага сялянства, якое з развіццём капіталізму перажывала трагізм абеззямельвання і галечы. Раскіданае гняздо сям'і Зяблікаў — бясспрэчна, сімвал трагічнага лесу Беларусі ў пачатку XX ст., напярэдадні першай рускай рэвалюцыі. Уся Беларусь была раскіданым гняздом, бо яе народ, ствараючы ўсе зямныя багацці, задыхаўся ад беззямелля і не быў гаспадаром на сваёй зямлі. Аднак сваё прызначэнне як мастака Янка Купала бачыў не толькі ў канстатацыі зла і трагедыі і не толькі ў рэалістычным адлюстраванні рэчаіснасці.
   Нацыю, у якой вякамі фарміравалася агідная Купалу "пашана да пакут", выратаваць маглі не стогны, спачуванні і галашэнні. Заслуга Купалы ў тым, што ён "тварыў" нацыю: фарміраваў яе самабытны духоўны воблік, пашыраў нацыянальную самасвядомасць, надзяляў беларусаў скарбамі сусветнага ўзроўню, вызначаў духоўныя арыенціры народа. Нацыя і яе жыццястойкасць у многім вызначаюцца менавіта духоўнымі і каштоўнаснымі арыенцірамі.
   Што чалавек лічыць для сябе найважнейшым, да чаго імкнецца, у чым бачыць сваё шчасце, у многім вызначае яго сутнасць. Тое ж самае і з народам.
   Цэнтральнай філасофскай праблемай драмы "Раскіданае гняздо" з'яўляецца праблема шчасця. Усё ў творы: кампазіцыя, сюжэт, вобразы, насычанасць рамантычнымі сродкамі пры глыбокім рэалізме — падпарадкавана цэнтральнай філасофскай праблеме.
   З экспазіцыі мы даведваемся, што Лявон Зяблік аж пяць гадоў судзіўся з панам за зямлю, на якой жылі і працавалі яго продкі і "вечна думалі жыць. Чынш плацілі, талаку рабілі ў двор, як паншчыну якую; карчавалі, будаваліся". Прадалі "апошнюю кароўку!", каня, цялушку, што гадавалі Зосьцы на пасаг. Марыля са скрухай зазначае, што ў Лявона быў выбар: "служыць ісці ў чужую хату, на чужых людзей", а не судзіцца, "дык хоць гаспадарка засталася б". Страта зямлі для Лявона —страта Волі, як і для коласаўскага Міхала. Лявон бачыць у гэтай трагедыі наканаванне і на папрок Сымона, што апошняе аддаў двару на здзек, пярэчыць: "Не я аддаў, а зямля сама сябе аддала ім на здзек. Я, ты, пяты, дзесяты штосьці ёй не ўгадзіў, ну, дык і чураецца сваіх дзяцей".
   Знясілены бадзяннем па судах, пераканаўшыся, што з багатым беднаму не судзіцца, што "пакуль з багатага пух, то з беднага дух", даведзены да адчаю, ён не знаходзіць іншага выйсця са становішча, як пазбавіць сябе жыццём. Дорага заплаціў Лявон за тое, каб звесці рахункі з наіўнай верай у "дабрадзеяў", — жыццём заплаціў. Лявон наказвае Сымону "праўды шукаць не тапаром, а розумам", каб яго і дзяцей не ганялі гэтак, як сягоння. Шчасце для Лявона — жыць і працаваць на зямлі, быць на ёй гаспадаром, але абставіны аказаліся мацнейшымі за чалавека і яго мару. Вобразам Лявона пісьменнік не толькі паказвае трагедыю чалавека, крах яго мары, але і даводзіць, што шлях Лявона да шчасця, праўды і волі быў памылковы.
   Знешні і ўнутраны канфлікт раскрываецца драматургам праз сутыкненне розных думак, поглядаў на жыццё, лёс, шчасце. Усе героі п'есы прагнуць шчасця, але кожны разумее яго па-свойму і прапануе свой выхад са становішча, каб "бяды пазбыціся". Сапраўды, часам пазбавіцца бяды — гэта ўжо і ёсць шчасце.
   "Няшчасце на шчасце змяніць" марыць і Зоська, натура тонкая, уражлівая, сентыментальная. Яе душа рвецца да прыгожага. Але разлад мары з суровай рэчаіснасцю вызначае і яе асабістую трагедыю.
   Рамантычнымі сродкамі выпісаны гэты вобраз. Яе маналогі паэтычныя, мова багатая, вобразная: "Праз быстрыя рэчкі, праз шчырыя бары, праз сухія пяскі паплыву к яму..." Мройная, летуценная, яна жыве ў казачным свеце, ёй самой створаным, прыдуманым. Яна нікога не хоча слухаць, даводзячы, што ў іх свая праўда, а ў яе свая.
   Яна марыць пра свет, дзе ўсе будуць жыць у згодзе, "будуць усе паміж сабой браткі ды сёстры родныя!". Не пратэст і абурэнне выклікае ў яе зло, што прычыніў усёй сям'і паніч, а жаданне памірыць брата з ім.
   Зоська становіцца паміж імі і наіўна даводзіць: "Адна сякера пабудавала, а другая раскідала, — пры чым жа тут паніч?"
   У супярэчлівым вобразе Зоські Купала славіць паэтычнасць душы, улюбёнасць у прыроду, чуйнасць да яе, славіць імкненне да шчасця, святла, прыгажосці і адна часова адмаўляе ідэал шчасця Зоські, бо ён гуманны, але ўтапічны. Пасля перажытага ў яе абуджаецца пачуццё ўласнай годнасці, яна не дазваляе надзець на сябе торбы і з гордасцю гаворыць: "Сярпы мае сталёвыя дабро цэламу свету жнуць, а палотны мае шаўковыя цэлы свет адзяваюць, а яны ў торбы хочуць мяне прыбраць!" Праз эвалюцыю вобраза Зоські пісьменнік адмаўляе пакорлівасць лёсу і "пашану да пакут". У апошняй сцэне паказана, як Зоська разам з Сымонам ідзе "на Вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!".
   У вобразе Данілкі Купала паказаў таленавітасць народа, яго імкненне да духоўнага. Як асоба незвычайная, надзеленая дарам, ён верыць, што, калі змайструе скрыпку і зайграе — "цэлы свет дзіву дасца". А пакуль што гэты свет мала шануе свайго музыку: бацька ад злосці паламаў скрыпку, Сымон пагражае зламаць новую, але Данілка не ўяўляе свайго жыцця без скрыпкі. Яго нічога ў гэтым свеце, апроч музыкі, не цікавіць. Толькі некаторымі дэталямі драматург акрэслівае і праблему незвычайнай асобы ў грамадстве, прарочыць Данілку нялёгкі шлях служэння мастацтву: "Няхай сабе кажуць, што я дурнаваты, што я такі , што я гэтакі, але я ўсё бачу, усё разумею".
   Жыццястойкасць, вынослівасць, мудрасць, самаахвярнасць і бязмежную любоў да дзяцей, клопат пра іх долю ўвасобіў Купала ў вобразе Марылі. Яе пакорлівасць, цярпімасць і цярплівасць не асуджаецца драматургам, як утапічная і згодніцкая філасофія Зоські. Марыля — маці, яна ў адказе за сям'ю, дзяцей. У яе просьбе: "Пакарыся ты ім" — адвечная жыццёвая мудрасць і прага жыцця, а ў бесчалавечных абставінах і ўмова яго. Абраны ёю шлях жабрацтва ўсведамляецца намі не як прыніжэнне, а як сведчанне менавіта жыццястойкасці.
   Пісьменніцкае ўсведамленне адзіна правільнага шляху да праўды, волі, шчасця рэалізаваны ў вобразе Сымона. Пакарыцца ім, як таго просіць Марыля, азначае для Сымона "прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі вечныя — запрасіцца ў вечнае рабства, з якога выхаду ніколі не знойдзем ні мы, ні тыя, што пасля нас гэта рабства ў спадчыну атрымаюць". У гэтым маналогу чуецца голас аўтара. Уся драма прасякнута думкамі і пачуццямі аўтара. Вобраз Сымона паказаны ў эвалюцыі: расце яго свядомасць, мяняюцца погляды на жыццё, пад уздзеяннем Незнаёмага Сымон знаходзіць сваю сапраўдную мэту ў жыцці — ступае на шлях барацьбы.
   Сымон — натура моцная, асоба выключная і незвычайная. Рамантычнымі сродкамі выпісаны гэты вобраз. Ён раскрываецца і ў канфлікце з панічом, і ў дыялогах з Зоськай, Марыляй, Незнаёмым. "Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць", — гаворыць пра сына Марыля. "Птушкаю-арлом быць бы табе і лётаць па паднябессі, як лётае вецер гэты вольны!" — гаворыць пра брата Зоська. I Незнаёмы параўноўвае Сымона з вольнай птушкай, з арлом магутным.
   У вобразе Сымона ўвасоблены аўтарскі ідэал чалавека-змагара. Пачуццём уласнай годнасці і свабодалюбствам надзяліў свайго героя Купала. Сымон лічыць, што прымірэнне героя з панам было б здрадай, адступніцтвам, прыніжэннем чалавечай годнасці. Жыццёвы арыенцір у яго той жа, што і ў бацькі: "Без зямлі, без свае хаты чалавек, што шалёны сабака, адна цана: ні яму прыстання, ні яму скарынкі хлеба, ні яму добрага слова". Арыенціры адны — шляхі да іх розныя ў бацькі і сына. Спачатку, як і Лявон, Сымон збіраецца судзіцца з панам: "Вось такім проці хачу ісці!" Пад уздзеяннем Незнаёмага ён прыходзіць да высновы, што шчасця і праўды шукаць сапраўды, як і бацька наказваў, трэба розумам. Маналогі Незнаёмага носяць алегарычны, іншасказальны характар: "Час не спіць! Там чакаюць цябе сотні, тысячы, мільёны такіх, як ты... Час прачнуцца, Сымоне! Час!"
   Сход склікаецца для таго, каб выгнаць смока-ўпыра, які "ад даўняга часу пасяліўся на нашай зямлі..." і "пошасці ўсялякія сее жменяй сваёй каршуновай". Разам з Незнаёмым Сымон ідзе "на Вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!"
   Канцэптуальным у драме з'яўляецца вобраз Старца. Ён — увасабленне адвечнай мудрасці і духоўнай сілы народа, народнага аптымізму: "Ніколі не трэба здавацца. Ганьба таму, хто, радзіўшыся ў ярме, валочыць яго пакорна, як вол стары, не парываючыся нават хоць на час выпрагчыся з гэтага ярма, паганячага яго пачуццё чалавечае! Ганьба таму!"
   Вобраз Старца — самы парадаксальны і філасофскі вобраз у драме. Здавалася б, ненатуральна, нават алагічна надзяліць жабрака такім светаўспрыманнем, а нам, чытачам і гледачам, пачуць такія словы ад таго, хто апынуўся за мяжой дапушчальнага. Аднак жабрацтва і Старца, і Марылі — таксама сімвал у драме. Наогул, твор адметны спалучэннем у ім глыбока рэалістычнага і ўмоўнага, сімвалічнага, што з'яўляецца сведчаннем яго адпаведнасці высокай мастацкасці, бо спалучэнне рэальнага і ўмоўнага — адзін з крытэрыяў яе.
   Жабрацтва Старца і Марылі — філасофскае ўсведамленне паэтам і яго настойлівае сцвярджэнне, што ў сітуацыі, калі разбурана ўсё: гняздо, нават мара — чалавек павінен скарыстаць любую магчымасць, каб выжыць. Найвялікшай яго мужнасцю і мудрасцю будзе выснова: жыць! проста жыць! Нагадаем, што гісторыя трагедыі Старца тоесная Лявонавай, але яна аптымістычная. Старац не пазбавіў сябе магчымасці калі-небудзь дайсці да Вялікага сходу. Калі на Сходзе павінен быць кожны, калі Сход не адбудзецца без кожнага, то ўсе, хто пайшоў рознымі шляхамі, усё роўна прыйдуць на Сход, дойдуць да Беларусі, толькі абавязкова трэба ісці. Вобразам Старца паэт-філосаф дакляруе нам мудрасць, што ўсё змяняецца; што цемра ночы абавязкова развеецца; што сілы ва ўсіх, хто чакае раніцы, розныя: адны і ноччу ў дарозе, другім трэба прысесці адпачыць, каб набрацца новых сіл, але абавязкова— жыць! Каб аднавіць разбуранае гняздо, першая ўмова— жыць!
   У драме "Раскіданае гняздо" ўвасоблена і душа Песняра, і самая галоўная ідэя яго жыцця — ідэя нацыянальнага адраджэння, і вялікая мудрасць. Увасоблена і нам дакляравана.

Похожие статьи:

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаЭстэтычныя погляды Янкі Купалы

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці