Тэрцына (італ. terzina, ад terza — трэцяя) — від верша, напісанага трохрадкоўямі з ланцужковай кампазіцыяй. Звычайна памер тэрцыны — пяцістопны ямб. Усе трохрадкоўі ў такім вершы звязваюцца арыгінальнай рыфмоўкай: сярэдні радок кожнай папярэдняй страфы рыфмуецца з двума крайнімі наступнай (аба бвб вгв...). Тэрцына заканчваецца асобным радком, што рыфмуецца з сярэднім радком апошняга трохрадкоўя.
Тэрцыну ўвёў у паэзію вялікі італьянскі паэт Дантэ, які напісаў імі сусветнавядомую «Боскую камедыю» (1307-1321). Спарадычна да тэрцыны звярталіся А. Пушкін («...В начале жизни школу помню я»), А. Блок («Песнь Ада»), Іван Франко (пралог да паэмы «Майсей»).
У беларускай паэзіі першы ўзор тэрцыны належыць Максіму Багдановічу (1913):
Ёсць чары у забытым, старадаўным;
Прыемна нам сталеццяў пыл страхнуць
І жыць мінулым — гэткім мудрым, слаўным, —
Мы любім час далёкі ўспамянуць,
Мы сквапна цягнемся к старым паэтам,
Каб хоць душой у прошлым патануць.
Таму вярнуўся я к рандо, санетам,
І бліснуў ярка верш пануры мой:
Як месяц зіхаціць адбітым светам, —
Так вершы ззяюць даўняю красой!
Украінскі паэт Паўло Тычына напісаў тэрцынай тры вершы, прысвечаныя М. Кацюбінскаму.
Сучасная ўсходнеславянская, у тым ліку беларуская, паэзія да тэрцыны звяртаецца рэдка. Прыкладам тэрцыны (праўда, без заключнага радка) з'яўляецца верш К. Кірэенкі «Пасля навальніцы». Ёсць тэрцыны ў Алеся Салаўя («Восеньскія тэрцыны», «О не, ня цёмным воблакам шпакі...», «Мала»), Рыгора Крушыны («Тэрцыны»), Максіма Танка («Ля гэтых сосен»), Уладзіміра Караткевіча («Апошняя песня Дантэ»), Янкі Сіпакова («Тэрцыны пра наручнікі»), А. Грачанікава («Нам свецяць»), Эдуарда Акуліна («Тэрцыны») і некаторых інш.
Похожие статьи:
Алесь Салавей → Алесь Салавей - О не, ня цёмным воблакам шпакі...
Рыгор Крушына → Рыгор Крушына - Тэрцыны
Янка Сіпакоў → Янка Сіпакоў - Тэрцыны пра наручнікі
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Восеньскія тэрцыны
Алесь Салавей → Алесь Салавей - Мала