Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Сучасная паэзія Беларусі
Сучасная беларуская паэзія — свет шматаблічны і шматколерны. У сваім развіцці яна дасягнула значных эстэтычных вышыняў. Пачынаючы з другой паловы 80-х гадоў, назіраецца асабліва актыўнае абнаўленне нашага паэтычнага мастацтва: як на шляху светапоглядным, так і ў плане жанрава-стылёвых пошукаў. У паэзіі ўсталёўвалася новае, крытычнае і праўдзівае ў сваёй аснове, успрыманне рэчаіснасці, набылі пераасэнсаванне ці вострае гучанне многія тэмы. Пашырылася кола мастацкіх кірункаў, жанравых форм, актыўна ішлі эксперыменты, звязаныя з наватарствам ў версіфікацыі (складанні вершаў), архітэктоніцы (пабудове твора), моўна-стылёвай арганізацыі верша. Паэзія ў значнай ступені стала выкарыстоўваць сістэму сродкаў і прыёмаў еўрапейскага і сусветнага мадэрнізму, і як вынік гэтага — створаныя неардынарныя мастацкія тэксты.
У паэзіі савецкага часу, якая стваралася ў закрытым таталітарным грамадстве, тыповай з'явай сталі агульшчына, гладкапіс, прамаўленне ад калектыўнага "мы", казённая рыторыка. 90-я гады прынеслі свабоду і раскрыленасць у мастацкай творчасці, а гэта паспрыяла паглыбленню асабовасці паэтычнага выказвання, раскрыццю свайго непаўторнага "я".
У другой палове 80-х — 90-я гады выйшлі кнігі паэзіі, якія сталі прыкметнай з'явай ва ўсёй сучаснай літаратуры. Гэта перадусім кнігі народных паэтаў Беларусі — Максіма Танка "Збор калосся" (1989), "Мой каўчэг" (1994), "Errata" (1996), Пімена Панчанкі "I вера, і вернасць, і вечнасць" (1986), "Горкі жолуд" (1989), "Высокі бераг" (1993), Рыгора Барадуліна "Самота паломніцтва" (1990), "Міласэрнасць плахі" (1992), "Евангелле ад Мамы" (1995), Ніла Гілевіча "Жыта, сосны і валуны" (1992), "На высокім алтары" (1994). Мастацкі ўзровень сучаснай паэзіі ў значнай ступені прадвызначаюць Зборнікі Анатоля Вялюгіна ("Заклён на скрутны вір", 1995), Уладзіміра Караткевіча ("Быў. Ёсць. Буду.", 1986), Петруся Макаля ("Асенняя пошта лістоты", 1987; "АЗбука любві", 1989; "Твар і душа", 1995), Яўгеніі Янішчыц ("Каліна зімы", 1987; "У шуме жытняга святла", 1988), Міхася Стральцова ("Мой свеце ясны", 1986), Сяргея Грахоўскага ("Верую", 1987; "I радасць, і боль", 1988; "На апошняй вярсце", 1993), Васіля Зуёнка ("Лета трывожных дажджоў", 1990; "Чорная лесвіца", 1992; "Пісьмы з гэтага свету", 1995), Генадзя Бураўкіна ("Гняздо для птушкі радасці", 1986; "Узмах крыла", 1995), Анатоля Вярцінскага ("Хлопчык глядзіць...", 1992), Алега Лойкі ("Грайна", 1986; "Талая вясна", 1990, "Трэці золак", 1993), Алеся Разанава ("Вастрыё стралы", 1988; "У горадзе валадарыць Рагвалод", 1992; "Паляванне ў райскай даліне", 1995), Юркі Голуба ("Сын небасхілу", 1989), Раісы Баравіковай ("Каханне", 1987; "Люстэрка для самотнай", 1992), Уладзіміра Някляева ("Наскрозь", 1985; "Галубіная пошта", 1987; "Прошча", 1996), Казіміра Камейшы ("Пярэймы дня", 1988; "Я з пушчы...", 1995; "Лінія лесу", 1996), Юрася Свіркі ("Паўшар'е блакіту", 1986; "Выбранае", 1993), Дануты Бічэль-Загнетавай ("Даўняе сонца", 1987; "А на Палессі", 1990), Ніны Мацяш ("Шчаслівай долю назаві", 1990; "Паміж усмешкай і слязой", 1993), Таісы Бондар ("Адна", 1989; "Хачу назваць цябе каханым", 1991; "Час душы, мой вячэрні...", 1995), Сяргея Законнікава ("Сутнасць", 1987; "Заклінанне", 1990), Леаніда Галубовіча ("Споведзь бяссоннай душы", 1989; "Заложнік цемры", 1994), Леаніда Дранько-Майсюка ("Тут", 1990; "Акропаль", 1994; "Стомленасць Парыжам", 1995), Анатоля Сыса ("Пан Лес", 1989) і іншых аўтараў. Самабытнай з'явай стала мастацкая творчасць паэтаў Алеся Наўроцкага і Міколы Купрэева, якія пасля 60-х гадоў друкаваліся рэдка, былі незаўважныя, заставаліся як бы ў ценю ад шматлікіх чытачоў. З выхадам кніг А. Наўроцкага "Пакаленні і папялішчы" (1990) і М. Купрэева "Правінцыйныя фантазіі" (1995) пра гэтых сучасных аўтараў загаварылі зноў, крытыка адзначыла іх па-філасофску паглыблены погляд на свет, глыбокую змястоўнасць у выяўленні ўнутранага "я", неардынарнасць паэтычнай мовы. У шматгалоссі сучаснай паэзіі адметна гучаць галасы мастакоў слова, якія актыўна сцвердзілі сябе на літаратурнай ніве ў другой палове 80-х — 90-я гады: Эдуарда Акуліна, Людмілы Рублеўскай, Міхася Скоблы, Алеся Бадака, Анатоля Дэбіша і інш. Сучасная беларуская паэзія — гэта цэлае суквецце яркіх творчых асоб, і талент кожнага з мастакоў слова ў 80-90-я гады зведаў пэўныя духоўныя і творчыя змены, эстэтычныя шуканні, знайшоў новыя рытмы і фарбы.
Прыкметна развіваецца сучасная лірыка. Для яе характэрна наяўнасць розных кірункаў светапазнання, жанравая разнастайнасць, багацце вобразаў і матываў.
Адметнае ў сучаснай паэзіі рэчышча філасофскай (медытатыўнай) лірыкі. Важную традыцыю філасофска-аналітычнага мыслення ў беларускай паэзіі другой паловы XX стагоддзя заклаў Аркадзь Куляшоў, які глыбока асэнсоўваў маштабнасць і складанасць судачыненняў чалавека з часам, сусветам, вечнасцю. Значных набыткаў у жанры медытатыўнай лірыкі дасягнулі такія сучасныя паэты, як Максім Танк, Аляксей Русецкі, Алесь Наўроцкі, Пятрусь Макаль, Анатоль Вярцінскі, Янка Сіпакоў і інш. Зборнікі паэзіі Максіма Танка "Збор калосся", "Мой каўчэг", "Errata", Міхася Стральцова "Мой свеце ясны", Петруся Макаля "АЗбука любві", "Твар і душа", А. Разанава "Вастрыё стралы", "У горадзе валадарыць Рагвалод", "Паляванне ў райскай даліне", "Рэчаіснасць", У. Някляева "Прошча", Л. Галубовіча "Заложнік цемры", У. Арлова "Фаўна сноў" (1995), Г. Булыкі "Сінтэз", "Турмалін" напоўнены глыбокім роздумам пра вечныя праблемы (жыццё і смерць, прызначэнне чалавека на зямлі, чалавек і прырода і інш.), у іх мастацкая думка скіравана да самапазнання, самапаглыблення. Сучасная паэзія на філасофскую тэматыку далучае нас да вечнага і мудрага на зямлі, адкрывае духоўнае і Боскае ў чалавеку, выяўляе "каардынаты быцця" ў часе і прасторы.
Пра Максіма Танка, здаецца, можна сказаць словамі Віктара Гюго, які выказаўся так: "Паэт — гэта філосаф канкрэтнага і жывапісец абстрактнага". У паэтычным свеце Максіма Танка па-філасофску цесна знітаваны візуальна ўспрымальнае з абстрактным, канкрэтна-пачуццёвае з асацыятыўным планам, зямное з касмічным ці агульначалавечым разуменнем з'яў. Прадметна-рэчыўная і вобразная канкрэтыка — зямля, баразна, дарога, камень, сад, хата, калодзеж, хлеб, вада і інш. — у вершах паэта набывае глыбокае ідэйна-сэнсавае напаўненне, нараджае асацыятыўна абстрагаваныя паралелі, якія выводзяць аўтарскую мастацкую думку ў сферу змястоўных інтэлектуальных назіранняў, роздумаў, высноў. У вершы "Усё мае працяг жыцця..." разгортваецца ланцужок асацыяцый, ход разважання пры гэтым набывае іншасказальнасць і прытчавасць. Паэт стварае філасофскую алегорыю-прытчу, вельмі афарыстычную па сваім гучанні:
Усё мае працяг жыцця:
Нітка — ў туга навітым клубку,
Дарога — ў імкненні за небасхіл,
Песня — ў водгаласах рэха,
Зерне — у хлебе надзённым,
Любоў — у сонечнай усмешцы дзіцяці.
Усё мае свой працяг жыцця,
Апроч няпраўды.
Максім Танк з'яўляецца майстрам інтэлектуальнай медытацыі, ёмістага філасофскага абагульнення. Думка яго вельмі часта пазначана неардынарнасцю, уражвае сваёй парадаксальнасцю. Ён — паэт абвостранага маральнага пошуку ісціны, адказу на вечныя пытанні чалавечага быцця.
Асаблівая роля ў развіцці філасофскай паэзіі належыць Алесю Разанаву. Паэт пашырыў яе жанравыя межы: вершаказы, версэты, квантэмы, пункціры, зномы. Кожная з жанравых форм нарадзілася ў выніку пошуку прыдатнай апраткі для думкі, з імкнення перадаць яе рухомасць, імпульсіўнасць, жывую складанасць, А. Разанаў прыкметна ўзняў інтэлектуальны і асацыятыўны ўзровень паэтычнага мыслення. У ягонай філасофіі прыродных вобразаў, з'яў і рэчаў (вершы "Атава", "Дуб", "Рунь", "Адліга", "Парог", "Камень", "Дрэвы" і інш.) удумліваму чытачу адкрыецца сэнсавая глыбіня, шматмернасць думкі, змест кнігі вечнасці. Пра што б ні пісаў Алесь Разанаў — пра траву ці сонца, завею ці лёд, камень ці дарогу, туман ці лес — ён найперш выяўляе філасофію чалавечага духу. Вершы Алеся Разанава, прысвечаныя жывой і нежывой прыродзе, перагукаюцца з вершамі пра рэчы вядомага аўстрыйскага паэта Райнера Марыя Рыльке, у якога прадметна-рэчыўная канкрэтыка стала аб'ектам мастацкага адлюстравання ў Зборніках "Кніга вобразаў", "Новыя вершы", "Новых вершаў другая частка" (вершы "Рымскія фантаны", "Ваза з ружамі" і інш.). Творы беларускага паэта няпростыя і нялёгкія для ўспрымання, бо ім уласціва складанасць думкі, зашыфраванасць вобраза, прытчавасць, нярэдка асацыяцыі паэта скіраваны ў глыб міфалогіі, сусветнай гісторыі і культуры. Ад гаворкі пра канкрэтнае ён уздымаецца да яркай філасофскай высновы, якая змяшчае ў сабе біблейскі матыў пра страшны суд.
Разанаўскі радок здольны ўлавіць рэха невытлумачальнага, невымоўнага. Паэт жадае далучыць нас не толькі да штодзённых праяў, часовага, але і да векавой мудрасці, гісторыі, да разумення складанасці свету, адчування сябе жывой часцінкай космасу.
Арыгінальным шляхам інтэлектуальна-філасофскага светапазнання ідзе Г. Булыка. У яе паэтычных кнігах ужо самі назвы твораў інтрыгуюць, падаюцца нязвычнымі: "Бурштын", "Серабро", "Гагат", "Гліна", "Свінец", "Лазурыт", "Турмалін", "Сыпучасцьі цякучасць", "Паралельнасць", "Статыка руху" і інш. Здавалася б, гэта паэтычныя тэксты пра рэчы, рэчывы, прадметы, толькі "навуковыя", "хімічныя" вершы. Але гэта не зусім так, бо ўспрымае паэтэса рэчыўную канкрэтыку з мерай філасофскай, эстэтычнай, гістарычнай, маральна-этычнай. Дарэчы, Г. Булыка па сваёй першай адукацыі — хімік, яна закончыла хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта. У яе творах выяўляецца паэтызацыя хімічных цудаў, вобразная апеляцыя да фізікі, геаметрыі, матэматыкі, імкненне "засвоіць незасвоенае, абстрактнае зрабіць канкрэтным, абжыць настылы космас навукі" (Рыгор Барадулін). Зрэшты, хімічныя з'явы ў прыродзе паэтычным словам жывапісаў рускі вершатворца і славуты навуковец Міхаіл Ламаносаў. У Г. Булыкі праз матэрыяльнае, як правіла, высвечваюцца пэўныя сэнсавыя паралелі, раскрываецца нейкая думка ці ідэя, як, напрыклад, у вершы пра гліну:
Ёй не было ні страшна, ні балюча,
Калі яна тушыла бляск ляза Рыдлёўкі
I агонь прыручвала,
А той удзячна твар лізаў.
Не стала глебай.
Засталася глінай.
Жыцця ніводнай кветцы не дала...
Гліняны глячык з роўнядзі стала
Глядзіць у свет
Вачамі кветак сініх.
("Гліна")
У аснове вобразатворчасці паэтэсы ляжыць асацыятыўнасць мыслення, шматзначнасць думкі.
На традыцыях еўрапейскай і сусветнай паэтычнай культуры ўзрастаў талент такіх сучасных паэтаў беларускага замежжа, як Я. Юхнавец і Н. Артымовіч. Хаця, зразумела, для кожнага з іх вызначальнай стала прысутнасць менавіта ў беларускай моўнай стыхіі. "Я наследак Максіма Багдановіча", — прызнаецца Я. Юхнавец і гаворыць, што яго "словы належаць беларускай мове". Мастацка-філасофская творчасць Я. Юхнаўца і Н. Артымовіч асабліва цесна лучыцца з паэзіяй А. Разанава, паколькі для ўсіх гэтых паэтаў характэрна іншасказальнасць, падтэкставасць думкі, імкненне раскрыць сэнсавую глыбіню слова. Зрэшты, у 1994 годзе ў Беластоку выйшла кніга Н. Артымовіч "Дзверы", дзе поруч з вершамі, складанымі па сваёй моўна-вобразнай структуры, змешчаны каментарыі А. Разанава, у якіх раскрываецца змястоўны сэнс аўтарскага самавыяўлення.
Я. Юхнавец — паэт лірыка-філасофскага складу. Нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Забродак непадалёку ад Бягомля (Докшыцкі раён). З прыходам на Беларусь нямецка-фашысцкіх захопнікаў быў арыштаваны і вывезены летам 1944 года ў Германію, затым эміграваў у ЗША. У замежжы выдаў паэтычныя кнігі "Шорах моўкнасці" (Нью-Ёрк, 1955), "Калюмбы" (Нью-Ёрк, 1961), "Новая элегія" (Баварыя, 1963) і інш. У Беларусі пабачыў свет Зборнік яго выбраных твораў "Сны на чужыне" (1994). Філасофская паэзія Я. Юхнаўца прасякнута паглыбленым роздумам пра суадносіны прыроднага і чалавечага, часовага і вечнага, імкненнем выявіць першародную мудрасць навакольнага свету, таямніцы быцця. Ён адзначае ўплыў на сваю мастацкую практыку "мудрасці беларускага фальклору", філасофскіх поглядаў Ж. П. Сартра, творчых набыткаў заходнееўрапейскіх паэтаў і французах пісьменнікаў. Яго паэзія — сінтэз нацыянальнага і сусветнага культурна-мастацкага досведу. Паэт робіць выхад у космас хвалюючых пытанняў агульначалавечай значнасці і спрабуе даць на іх адказ з пазіцый разумення свайго "я", яго судачыненняў з існым і вечным. У многіх медытатыўных замалёўках-імпрэсіях паэт усёй душой чуйна ўслухоўваецца ў прыроду, пранікнёна, засяроджана выказвае глыбінныя адчуванні і трывогі сэрца, нярэдка выгаворвае іх з думкай пра Бога, гармонію свету. Тыповы настрой паэтавага душэўнага пачування — сум і адзінота. Таму ў навакольнай рэчаіснасці яму найбольш імпануе цішыня, супакой, маўчанне, ён здольны адчуць "шорах моўкнасці".
Матывы цішы і маўчання сведчаць не пра душэўную бяздзейнасць, поўную адчужанасць ад свету, а, наадварот, становяцца ўвасабленнем філасофскага одуму, стану, калі "душа,— як прызнаецца паэт,— размаўляе са мной" ("Ноч летняя..."), калі адчуваецца, як "шмат балючага ў ціхім" ("У тую ноч"). Тут узнікае аналогія з "тэатрам маўчання" Морыса Метэрлінка, у якім сцэна маўчання выклікае роздум, нараджае асацыяцыі. З другога боку, адзін з самых галоўных мастацкіх вобразаў яго паэзіі — вобраз ветру. Вецер — той жывы рух, які напаўняе прыроду і пераўвасабляе свет. Гэтая прыродная стыхія — своеасаблівы спадарожнік і субяседнік паэтавай душы. Лісток "мовай ветру размаўляў" (верш "Лісток на дрэве"). "Ускрашальны спеў" ветру становіцца сімвалам ачышчэння, паратунку, надзеі. З вуснаў паэта гучыць просьба:
Я зноў прашу ўсяк:
ты, вецер, не міні
мой гнёт цяжкое
смутнасці ў спагадным дні.
("Вецер")
Вецер змяняе цішыня. У адзінстве з прыродай жыве паэтычная думка аўтара, які адчувае ўсю бясконцую шматстайнасць свету.
На пазнанне ўнутранага "я" скіраваны позірк паэтэсы Н. Артымовіч. Невыпадкова яна лічыць менавіта так: "Паэзія — гэта падарожжа. У глыб сябе". Нарадзілася на Беласточчыне ў 1946 годзе. Выдала Зборнікі паэзіі "Роздумы" (1981), "Сезон у белых пейзажах" (1990) і інш. Беластоцкая аўтарка адзначае ўздзеянне на яе творчасць мастацкай вобразнасці і складу верша такіх паэтаў, як Поль Элюар, Марко Рысціч, Рудольф Фабры. Радок яе рытмічна раскаваны, імпульсіўны, адчувальна Збліжаны з прозай, у ім складаная пабудова вобраза, схаваны філасофскі падтэкст. Паэтэса даводзіць, што свет чалавека супярэчлівы, зменлівы, у ім няма гармоніі, і таму імкнецца выявіць сябе ў нязмушанай, імпульсіўнай манеры выказвання і пісьма. Верш яе нагадвае мазаіку, дзе скрыжаваны розныя планы і ракурсы. Кожны яе твор — гэта своеасаблівая стыхія філасофскіх адчуванняў і асацыяцый:
гляну ў люстра
абніму восеньскае неба...
заслухаюся яшчэ раз
у жоўтай музыцы...
схаваю глыбока глыбока прыпеў...
На руінах хаты намалюю
усход і захад сонца...
раздзялю тры кроплі вады
на апошнія дні...
скіну з плячэй панцыр...
пайду за рэхам твайго маўчання...
("Распалю касцёр...")
Большасць вершаў Н. Артымовіч графічна аформлены без звыклых для нас знакаў прыпынку, што сведчыць пра мадэрнісцкую стылістыку яе пісьма. Дарэчы, падобны выгляд часта маюць і творы сучасных паэтаў Алеся Разанава, Віктара Шніпа, Валянціны Аксак і інш.
У сучаснай лірыцы, як мы пераканаліся, узмацняецца філасафізм, інтэлектуальнасць мыслення, адбываецца зліццё філасофскага і інтымна-псіхалагічнага пачаткаў.
Прыкметай сучаснага дня стаў зварот беларускіх паэтаў да рэлігійна-хрысціянскай і біблейска-філасофскай тэматыкі. У савецкім грамадстве доўгія гады панавала ваяўнічае адмаўленне Бога, рэлігіі, царквы, таму і літаратура выяўляла адэкватны атэістычны светапогляд. Зрэшты, вобраз Бога прысутнічаў у мастацкай свядомасці паэтаў "нашаніўскай" пары, калісьці ў заходнебеларускай літаратуры Андрэй Зязюля і Казімір Сваяк сцвярджалі рэлігійны кірунак творчасці, а ў паэзіі беларускай эміграцыі слова "Бог" заўсёды пісалася з вялікай літары. Пасля гадоў вераадступніцтва імя Бога вярнулася ў нашу паэзію як сімвал духоўнага выратавання і заступніцтва. Бог, пошук Боскага ў чалавечым існаванні, прага ачышчэння, чалавекалюбства, далучэнне душы да вечнага, хрысціянскага, усяго святога — вось тое кола матываў, якое вызначае змест твораў рэлігійна-духоўнай скіраванасці. У лірыцы падобнага складу паўстаюць вобразы Хрыста, Крыжа, Храма, Святла... Рэлігійна-хрысціянскія матывы гучаць у творчасці Рыгора Барадуліна, Зьніча (Алега Бембеля), Ірыны Багдановіч, Валянціны Аксак, Галіны Тварановіч-Сеўрук і інш.
Тэма Бога і веры — цэнтральная ў паэтычнай кнізе Рыгора Барадуліна "Евангелле ад Мамы" (1995). "Як у сцюдзёную раку, // Памалу ў Біблію заходжу", — прамаўляе паэт на пачатку гаворкі пра сваё далучэнне да мудрага зместу "вечнай кнігі". Р. Барадулін ідзе следам за біблейскімі прарокамі, спазнае сэнс быцця, паўтарае тыя вечныя хрысціянскія ісціны, на якіх адвеку трымаецца свет. Паэт кліча да спавядання любові, чалавечнасці, маральнасці ў жыцці на гэтай зямлі (вершы "Як Бог да цябе не аслеп...", "Не ўзірайся на свет варожа...", "Пажадай працы ворага — спору..." і інш.). Сучасны паэт, як некалі К. Тураўскі і Ф. Скарына, выступае хрысціянскім гуманістам, прапаведнікам агульначалавечых каштоўнасцяў:
Адна ў небыццё і ў быццё дарога.
Усе мы жывём пай прыглядам Божым.
Бо мы не прынеслі на свет нічога
I вынесці, значыць, нічога не можам.
Не ўсыціць чэрава ненажэрца.
Вачэй не засціць зайздросным совам.
Не срэбра шчырае — шчырае слова
Галоўны скарб наш у свеце часовым.
("Адна ў небыццё і ў быццё дарога...")
Дарога прыводзіць паэта ў вечны горад — Ерусалім, дзе той прамаўляе з пашанай і ўдзячнасцю да святога імені і вобліку Хрыста. "У горадзе, абраным панам Богам", ён не забывае пра сваю радзіму. Паэт гаворыць, што носіць "царкву... у душы" і спавядаецца "прачыстай Маме". Ён складае прачулыя малітвы, спавядальныя рэфлексіі, медытацыі, у якіх чуецца роздум пра жыццё і смерць, грахоўнае і святое, зямны побыт і вечнае.
Вобраз Бога, матывы веры, хрысціянскіх запаветаў у 90-я гады таксама знайшлі ўвасабленне ў творах Максіма Танка, Ніла Гілевіча, В. Зуёнка, А. Лойкі і інш. I гэта добры знак сучаснасці, бо, здаецца, наша паэзія згадала галоўныя запаветы Хрыста.
На схіле жыцця ў іншым святле ўбачыліся прычыны няшчасцяў Максіму Танку, які некалі называў сябе "безвызнанёўцам": "I сёння прызнацца / / Пакутліва мушу, / / Што ёсць Бог на свеце, / / Бо столькі напасцяў / / Не змог бы на наш народ / / Нехта абрушыць" ("Калі, праклінаючы лёс...").
Усё часцей чуюцца з вуснаў нашых паэтаў звароты ці малітвы да Бога з просьбай аб паратунку ад "вар'яцтва, нематы і засляпення", "нашых душ апусташэння" (МаксімТанк. "Здаўніх запаведзяў..."), аб заступніцтве і дараванні грахоў. Пранікнёна гучыць голас Генадзя Бураўкіна:
Смутнаю парою нелюдзімай,
Калі ўсё наўкол ідзе на злом,
Божа,
Зсхіні маю Радзіму
Мудрасцю,
Спакоем
I цяплом.
("Малітва")
"Госпадзе, душу маю крані // ласкаю світальнага пагляду..." — такая просьба чуецца ў Зборніку I. Багдановіч "Вялікдзень" (1993). Вельмі шмат месца займаюць творы з рэлігійнымі матывамі ў паэтычных кнігах В. Аксак "Цвінтар" (1992) і "Капліца" (1994). Многія яе вершы — гэта хвалюючая споведзь душы ("О, як холадна жыць, Божа мілы!..", "Паўз могілкі мая дарога..." і інш.). Тэма Бога паглыбляе духоўны свет сучаснай паэзіі, яе гуманістычную змястоўнасць.
Публіцыстычнасцю і грамадзянскасцю прамаўлення вызначаецца паэзія Пімена Панчанкі, Ніла Гілевіча, В. Зуёнка, Генадзя Бураўкіна, Петруся Макаля, А. Лойкі, Анатоля Вярцінскага, К. Цвіркі і іншых аўтараў. У сваіх творах паэты завастраюць пытанні сацыяльна-маральнага і духоўнага жыцця грамадства, турбуюцца пра годнае ўладкаванне нашай рэчаіснасці, узвышаюць агульналюдскія маральныя ідэалы чалавечага побыту.
Публіцыстычны характар прамаўлення выяўляецца ў зборніках Петруся Макаля "АЗбука любві" і "Твар і душа". Паэт у вершах "Мы, беларусы", "Табе, бацькоўская зямля" і інш. выказваецца з пачуццём патрыятызму, ён выступае як заступнік духоўнай спадчыны народа, яго роднай мовы, гісторыі, з вялікай маральнай адказнасцю турбуецца пра захаванне галоўных каштоўнасцяў нашага быцця. У адным з твораў ён гаворыць так:
Нацыянальнасць —
Мае аблічча,
А чалавечнасць —
Мая душа.
("Твар і душа")
Вершаваная публіцыстыка Петруся Макаля набывае філасофскую скіраванасць. Для вершаў "Скарга цвіка", "Тапор", "Роздум пастушыны", "Прас" і інш. уласціва іншасказальнасць гаворкі, праз якую раскрываецца жыццёва значная думка ці пэўная выснова, сутнасць важнай з'явы. У многіх Вершах рэчы і вобразы прыроды адухаўляюцца, ім надаецца уменне размаўляць, і ў гэтых маналогах, алегарычных выказваннях міжволі прачытваюцца аналогіі з сучаснай рэчаіснасцю.
Публіцыстычны пафас характэрны для паэтычнай творчасці Ніла Гілевіча. Вызначальнымі рысамі яго прамаўлення з'яўляюцца грамадзянская ўздымнасць і ўнутраная ўзважанасць слова, модная намагнічанасць пачуцця, роздумна-запытальная апеляцыя да чалавечай душы, якая выракаецца годнасці, святла, адвечных каранёў (Зборнікі паэзіі 90-х: "Жыта, сосны і валуны", "Незалежнасьць", "Навысокім алтары", "Талісман"). У спавяданні вечнага на зямлі Н. Гілевіч паслядоўны і бескампрамісны: "Душа мая і ў небе будзе трызніць Беларуссю" ("Мой кароткі адказ"). У вершах "Кажаш: годзе, годзе...", "Не крычы, беларускі паэт, не крычы!.." паэт абараняе права на палкае публіцыстычнае слова. У творах лірыка-публіцыстычнага гучання выяўляюцца яркая асабовасць думкі, маральная завостранасць гаворкі, нярэдка — палемічнасць і зварот да сатырычных фарбаў. Паэт мужна адстойвае нашу нацыянальную годнасць, ідэю незалежнасці, беларускага адраджэння, рашуча выступае супраць таго, што вядзе да гістарычнага бяспамяцтва, заняпаду духоўнасці і культуры, уціску роднай мовы. Н. Гілевіч — сучасны яркі прадаўжальнік адраджэнска-патрыятычнай традыцыі беларускай паэзіі, ля вытокаў якой знаходзяцца імёны Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы і іншых палымяных песняроў роднага слова. Радок паэта асвечаны адкрытым лірычным хваляваннем, пачуццём вялікай любові да Беларусі, з якой звязаны ўсе яго трывогі, мары і надзеі.
Ніл Гілевіч, адчуваючы магутнае заплечча выдатных сыноў і дачок Беларусі, такіх, як Ефрасіння Полацкая, Рагнеда, Францішак Скарына, Кастусь Каліноўскі, Янка Купала і інш., кліча, каб у душы кожнага з нас "быў запас агню трывалы" ("Пакуль..."), каб мы добра разважылі пра. лёс нашчадкаў і пра тое, з чым яны пойдуць у свет, нагадвае, што "нам яшчэ паслужыць наша памяць" ("Трывайма, браты!").
Шырока да мовы публіцыстыкі звяртаецца і Генадзь Бураўкін у кнігах "Гняздо для птушкі радасці" і "Узмах крыла". Хоць ён таксама і выдатны лірык, стварыў нямала таленавітых твораў інтымна-псіхалагічнага плана. У творах лірыка-публіцыстычнага зместу "Сон", "Што ж гэта такое...", "Малітва" і інш. сэрца паэта з хваляваннем, трывожна адгукаецца на праблемы часу, у іх майстар слова сцвярджае непераходнасць першапачатковых ісцін, турбуецца пра лёс Беларусі, яе святыняў. Такая скіраванасць паэтычнай гаворкі — вынік глыбокага ўнутранага самааналізу, высокай патрабавальнасці сумлення чалавека, які востра адчувае далучанасць да сучаснага жыцця. "Мой Бог — народ", — даводзіць паэт у час, калі "кожны Бога новага ўзнімае" (верш "Стаміўся ад бясконцай калатні..."). Ён не пагаджаецца, што народ жадае трываць знявагі, незаслужаныя кпіны, жыць без роднай мовы, таму верыць у яго духоўнае адраджэнне і неўміручасць, хаця не сакрэт, што сёй-той сёння гатовы гэты народ зневажаць і абвінавачваць ва ўсіх грахах.
Для лірычнай творчасці іншых паэтаў таксама характэрныя сацыяльная крытычнасць голасу, развярэджанасць грамадзянскага сумлення, удумнае, нярэдка вельмі пафаснае і палемічнае асэнсаванне праблем і пытанняў духоўнага існавання (Зборнікі Р. Барадуліна "Міласэрнасць плахі", Д. Бічэль-Загнетавай "А на Палессі", В. Зуёнка "Пісьмы з гэтага свету", А. Лойкі "Талая вясна" і "Трэці золак", В. Шніпа "Шляхам ветру" і "На рэштках Храма" і інш.). У творах на тэму сучаснасці цесна паядноўваюцца грамадскае і інтымна-асабістае, публіцыстычны і філасофскі пачатак.
Грамадзянскім і гуманістычным пафасам прасякнуты і творы на тэму гісторыі, зараджэнне якой у паэзіі, трэба згадаць, найперш звязана з імёнамі Яна Чачота і Максіма Багдановіча. Подступ да шырокага мастацкага асваення гістарычнай тэмы ў беларускай паэзіі 60-х толькі азначыўся. У значнай ступені гэтаму спрыяла творчасць У. Караткевіча. Гэты таленавіты мастак, вобразна кажучы, жыў і дыхаў гісторыяй. Ад першай паэтычнай кнігі "Матчына душа" (1958) да апошняй "Быў. Ёсць. Буду." (1986), выдадзенай пасмяротна, ён імкнуўся стварыць гісторыка-патрыятычны летапіс мінулага (вершы "Баявыя вазы", "Балада пра паўстанца ваўкалаку" і інш.). I з гэтай задачай паэт у цэлым справіўся, даў выдатны прыклад наступнікам. Ён ярка маляваў вобразы мужных і высакародных людзей Беларусі, паэтызаваў беларускую душу, услаўляў свабодалюбны нацыянальны дух, самаахвярную любоў да бацькаўшчыны. Падхопліваючы караткевічаўскую традыцыю, да гістарычнай тэмы ў сваёй паэтычнай творчасці звярнуліся Вольга Іпатава, Леанід Дайнека, Янка Сіпакоў, Рыгор Семашкевіч, пазней — Алесь Пісьмянкоў, Сяргей Сокалаў-Воюш, Ірына Багдановіч, Алесь Жамойцін, Люба Тарасюк, Людміла Рублеўская і інш. Доўгія гады абсалютная большасць насельнікаў Беларусі лічыла, што гісторыя нашай радзімы пачынаецца ледзь не з 1917 года, што мы, беларусы, не мелі сваёй дзяржаўнасці, мовы, старажытнай даўніны з героікай і трагізмам многіх падзей. Адзін са сваіх вершаў Вольга Іпатава пачынае наступнымі радкамі:
Адмаўлялі маю радзіму,
Ганьбавалі з усіх бакоў
Краем лапцяў і курадыму,
Краем невукаў і жабракоў.
("Адмаўлялі маю радзіму...")
Сапраўды, шмат каму хацелася, каб "на гісторыю назаўжды забыўся народ". Сёння стэрэатыпы і занядбанне гістарычнай памяці пакрысе адыходзяць у нябыт, аксіёмай для культурнага чалавека становіцца неабходнасць спазнання свайго "я" ў кантэксце мінулага і сучаснасці. Аднымі з першых, хто востра адчуў патрэбу ў абуджэнні нацыянальнай і гістарычнай свядомасці нашага народа, сталі беларускія паэты і пісьменнікі.
Унікальнай, сапраўды значнай з'явай ва ўзнаўленні і асэнсаванні гісторыі стала кніга Я. Сіпакова "Веча славянскіх балад" (1973, больш поўнае выданне — 1988). Гэтая кніга — "гісторыя пакуты Чалавека, імя якому Славянін" (У. Караткевіч). Паэт стварыў шырокае і цэласнае лірыка-эпічнае палатно мінуўшчыны, паказаў гістарычныя перыпетыі лёсу славян, апаэтызаваў выдатных сыноў розных народаў, пры гэтым высока сцвердзіў ідэю браталюбства, чалавечай свабоды і ўзаемаразумення:
А ты не чакай дабрадзеяў, народзе,
Ніхто табе волі не дасць самахоць.
Пасейся ў свабодзе, радзіся ў свабодзе
I здзейсні сваю векапомную хоць!
("Шыбеніца")
Гістарычныя балады Янкі Сіпакова маюць сінтэтычны жанрава-стылёвы характар, гэта значыць, нясуць у сабе рысы элегіі, оды, прытчы, драмы.
Асаблівая ўвага ў сучаснай паэзіі назіраецца да гістарычных постацяў мінулага: Ефрасінні Полацкай, Рагнеды, Вітаўта, Скарыны, Багрыма, Каліноўскага, Багушэвіча... У гэтых вобразах мінуўшчыны — увасабленне нашага нацыянальнага гонару і славы, духоўнай трываласці і апірышча перад рознымі наступствамі часу (вершы Вольгі Іпатавай "Усяслаў", "Рагнеда", Леаніда Дайнекі "Вячка. 1224 год", Ніны Мацяш "Маналог каханай Кастуся Каліноўскага", "Песня касінераў", Алеся Пісьмянкова "Дума Вітаўта", "Якаў Палачанін", паэмы Т. Бондар "Рагнеда", "Доля", "Белая літара", I. Багдановіч "Палачанка", А. Жамойціна "Дудка між кайданаў" і інш.). Духоўны вопыт продкаў дапамагае больш упэўнена ісці Ў будучыню.
Адно з галоўных месцаў у сучаснай паэзіі належыць лірыцы кахання. Наогул, тэма кахання — неўвядальная і хвалюючая песня паэзіі. Любоўная лірыка, ля вытокаў якой стаяць імёны такіх антычных аўтараў, як Сапфо, Катул і іншыя, і ў беларускай паэзіі другой паловы XX стагоддзя стала той вялікай кнігай душы, якая надзвычай багатая на матывы, глыбокія эмоцыі. Для таленавітых паэтаў заўсёды было важна выявіць самыя патаемныя перажыванні, інтымныя згрызоты, свой стан душы. Вершы пра каханне склалі кнігі Генадзя Бураўкіна "Пяшчота" (1985) і Раісы Баравіковай "Каханне" (1987). У гэтых Зборніках выяўляецца шматстайнасць інтымных пачуццяў, хвалюючая музыка чалавечага сэрца, поўная непаўторных і складаных перажыванняў.
Эстэтычна тонка, вельмі прачула перадае любоўныя пачуцці Л. Дранько-Майсюк (кнігі "Акропаль", "Стомленасць Парыжам"). Гэты мастак слова, які лічыць сваім настаўнікам Поля Верлена, захапляецца паэзіяй Арцюра Рэмбо, Сэсара Вальехі, такі ж гукажывапісны, меладычны паэт. У яго любоўных радках валадарыць імпрэсія лёгкіх, светлых фарбаў, магія хараства чалавечых пачуццяў:
Расказваць пацалункамі гатовы
Табе да раніцы пра хараство,
Бо пацалункі — гэта тыя словы,
Дзе літары складаюцца ў святло.
("Калі агонь у горле ці ангіна...")
Музыка кахання — гэта музыка паэтавага сэрца. У нізцы вершаў "Маёй цудоўнай А." Д. Дранько-Майсюк узнёсла паэтызуе вобраз каханай, тут, як і некалі ў антычным мастацтве Грэцыі, высока ўздымаецца культ прыгажосці жанчыны.
Без лірыкі кахання немагчыма ўявіць творчасць Максіма Танка, У. Караткевіча, Н. Гілевіча, Р. Барадуліна і іншых сучасных аўтараў. У паэзіі кахання галоўнае — гэта даверлівасць тону, глыбіня адчуванняў, усхваляваны рух душы. Адметна гучыць інтымна-любоўная лірыка беларускіх жанчын-паэтэс — Яўгеніі Янішчыц, Таісы Бондар, Веры Вярбы, Ніны Мацяш, Дануты Бічэль-Загнетавай, Галіны Каржанеўскай, Раісы Баравіковай і інш. Іхняя любоўная паэзія вызначаецца глыбокай спавядальнасцю і багатая на эмацыянальна-псіхалагічныя адценні пачуцця. Я. Янішчыц выпявае інтымныя пачуцці з жаночай сардэчнай прачуласцю і светлай тугой, свет кахання ў Т. Бондар афарбаваны смуткам, у ім шмат пакутных перажыванняў, у Н. Мацяш пачуццё кахання — гэта высокі і таемны дар, філасофія духоўнай неўвядальнасці і прыгажосці быцця, Р. Баравікова — уся ў эмацыянальнай парывістасці, трапяткіх прадчуваннях і пошуку ўнутранай лагоды...
Прырода — вялікая тэма паэзіі, і таму без пейзажнай лірыкі немагчыма ўявіць, мусіць, любога сучаснага вершатворцу. Прыродаапісальная паэзія — гэта апяванне красы родных краявідаў, глыбока эстэтычнае стаўленне да навакольнага свету. Праз пейзаж творца здольны выказаць многае: і свой настрой, і хвалюючую думку-пачуццё, і нават канцэпцыю быцця. Вельмі часта пейзажныя творы прасякнуты філасафічнасцю аўтарскіх назіранняў і адчуванняў, як, напрыклад, верш Ю. Голуба "Змрок у лесе" са Зборніка "Сын небасхілу" (1989):
Зноў пасталі агні далёка.
У выібоінах след намок.
Спрацавана ляглі на мох
Карані —
вякоў далакопы.
Дубу ў чуб уплялася знічка.
Сон-трава.
Сон-дарога.
Сон.
Змрок раскрыліў свой парасон,
Шлях да вечнасці невялічкі.
Сучасная беларуская паэзія захапляецца мудрасцю прыроды, прапаведуе глыбока духоўныя і маральныя адносіны да яе, бо сёння родны пейзаж — гэта свет экалагічных кантрастаў і анамалій: "Адступаюць лясы. / / Высыхаюць балоты. / / Усё меней красы — / / Усё больш адзіноты" (Леанід Галубовіч). Многія з паэтаў вельмі асабіста, балюча ўспрымаюць занядбанне роднага прыроднага асяроддзя: "А ўсё ж вінаваты і я: // Суладдзе ў прыродзе парушана..." (Ю. Свірка). Зрэшты, беларускія паэты палка абаранялі родную прыроду, уздымалі свой голас супраць бяздумнай меліярацыі, браканьерства, рознага роду варварства. Можна згадаць хаця б радкі Н. Гілевіча са Зборніка "Повязь" (1987):
Вясна гудзе, і свішча, і шчабеча, —
На доле, у паветры, на вадзе, —
I ўсюды тая ж просьба:
"Чалавеча! Пачуй сябе ў нас!
А то — быць бядзе!.."
("Вясна пяе, і свішча, і шчабеча...")
Пачуццё прыроды ў Рыгора Барадуліна прасякнута адухоўленым адчуваннем і паэтычным бачаннем свету. Яшчэ ў 60-я гады паэту жадалася, каб людзі не разбуралі першародства зямной красы, каб захавалі ў сваіх сэрцах дабрыню і любоў да прыроды, спрадвечную веру ў казку, у тое, што ў нетрах лесу і балота жывуць дзіўныя істоты (верш "У лес прыціхлы..."). Сучасны чалавек, на жаль, у многім зруйнаваў у сабе "прапрадзедаў наіўную дабрыню", стаў прагматычна-карыслівым і бяздушным у адносінах да маці-прыроды. Пры канцы XX стагоддзя асабліва відавочна, што экалагічныя асновы і сувязі на нашай зямлі парушаны. Таму з вялікай трывогай рэагуе Рыгор Барадулін на разбурэнне гармоніі ў навакольным свеце, успрымае знішчэнне і рабаванне прыроды як патаптанне жывой душы, найвялікшую катастрофу.
"Прырода давярае чалавеку", — так назваў адзін са сваіх вершаў Ю. Свірка. Гэты паэт, які нарадзіўся ў лясным краі, у вёсцы Маргавіца, што паміж Бягомлем і Докшыцамі, стварыў у сучаснай паэзіі сапраўдную "паэму лесу". "Зялёнаму брату" ён прысвяціў шмат вершаў: "Лес прачынаецца на досвітку...", "Лес", "Лес, маўклівы ты мой субяседнік..." і інш. Сучасны паэт, як і некалі Якуб Колас, абагаўляе лес, бачыць у ім шчырага субяседніка і мудрага дарадцу. Ён запалонены ціхай музыкай лесу, раскрывае нам шчырасць, даверлівасць адносінаў да прыроды, кліча да душэўнай чысціні і хараства. Натуральна, таму лесу "пагляд балючы для душы", і паэт проста не можа не заступіцца і не бараніць тое, што любіць, што стала крэўнай часцінкай ягонай чалавечай існасці.
Пасля Чарнобыля ўзмацніўся экалагічны змест і публіцыстычнае гучанне прыродаапісальнай лірыкі. У паэзіі азначылася асобная чарнобыльская тэма. Сучасныя паэты ахоплены гуманістычным неспакоем і трывогай за жыццё, чалавека, прыроду, родную зямлю. У беларускай паэзіі створана вельмі шмат змрочных, безжыццёвых пейзажаў. Уражальны трагедыйны малюнак стварае Пімен Панчанка ў кнізе "Горкі жолуд" (1988):
Тут пахне Хірасімай.
Няма слядоў бусліных
I ласіных:
Над Прыпяццю —
Нябачнай смерці след.
Палескі край,
Як пазмрачнеў твой свет.
("Аб самым смачным...")
Змрочныя вобразы і фарбы вызначаюць свет чарнобыльскіх пейзажаў паэтаў Беларусі і хірасімскіх пейзажаў Японіі. I далёкая краіна Акіяніі, і наша Бацькаўшчына перажылі атамную трагедыю, толькі мы — яшчэ больш жудасную. Асабліва шмат "мёртвых", панура-змрочных малюнкаў у паэзіі японскіх паэтаў Тамікі Хара (цыкл "Атамныя пейзажы") і Мунэтосі Фукагава (цыклы "Агонь", "Помнік міру" і інш.).
Радыяцыйная катастрофа пасяліла ў сэрцах паэтаў мінорна-драматычнае светаадчуванне, боль і крык душы. З трывогай гавораць яны пра паслячарнобыльскую яву. У кнігах "Самота паломніцтва" і "Міласэрнасць плахі" Рыгор Барадуліна, апрача іншага, моцна загучалі матывы смутку, жалобы, смяротнай пагрозы:
На нашай зямлі
Ці паўторыцца наш працяг?
Ці ў жарстве захаваецца след?
Як стронцый трашчыць
У нашых касцях,
Ці чуе свет?
("Жалоба")
У вершы Р. Барадуліна "Дазвол" выяўляецца глыбокі трагізм светаадчування: "Ад радыяцыі / / Беларусь гарыць. // Ці будзе, наогул, / / Каму гаварыць? ". Падобныя драматычна-трагедыйныя запытанні гучаць і ў вершах "Новыя святцы", "Лямант". Паэт жахаецца, што чалавек пад страхам радыяцыі баіцца зямлі, вады, "зіхоткай хмурыны". I, разам з тым, ён хоча верыць, што чалавек будзе вяртацца да казкі па загубленыя каштоўнасці (верш "А казкі ведалі раней за нас...").
Паэт, як і некалі Аляксандр Блок, Валерый Брусаў, Янка Купала, адчувае сусветную тугу, перажывае вялікую самоту: "Адзін ЯК і Сусвет — // Мой сусед. / / I мне і суседу сцюдзёна" ("Жыву я ці толькі шукаю свой след..."). I гэтую расчараванасць можна зразумець хаця б ужо таму, што канец стагоддзя не прынёс нашаму грамадству і народу вялікай радасці. У кнізе "Евангелле ад Мамы" паэт скіроўвае нас да Бога, з яго Імем кліча шукаць суцяшэнне, паратунак, трываць і верыць у лепшае (вершы "Суцяшэнне" , "Самоту ўзаруць домыслу лемяшы...", "Адна ў небыццё і быццё дарога..." і інш.).
З вуснаў нашых паэтаў гучаць плачы па роднай зямлі, шчымлівыя рэквіемы, пранікнёныя грамадзянска-публіцыстычныя маналогі ў абарону жыцця, малітвы да Бога, філасофскія роздумы пра чалавечы і наш агульны лёс.
Гаворка пра чарнобыльскую бяду стала балючай, вярэдлівай тэмай для паэта Міколы Мятліцкага. Яго родная вёска Бабчын на сённяшні дзень — мёртвая, адзічэлая зона, дзе сярод пустых хат і двароў галоўныя гаспадары — вецер або цішыня. Развітанне з роднымі мясцінамі выклікала ў душы паэта невымерную горыч пакуты. Ён не жадае мірыцца з няўдзячным, суровым прысудам лёсу: "Кут мой забыты, безабаронна / / Зорыш пагаслых крыніц вачыма. / / Некаму ты — Ачужэлая зона, / / Сэрцу майму ты да скону — // Радзіма!" ("Кут мой забыты, безабаронна..."). Кнігі М. Мятліцкага "Горкі вырай" (1989), "Шлях чалавечы" (1989), "Палескі смутак" (1991), "Бабчын" (1996) — балючы летапіс паэтавага сэрца, пазтычная хроніка чарнобыльскай трагедыі.
Адным з самых значных эпічных твараў пра Чарнобыль стала паэма С. Законнікава "Чорная быль". Паэма складаецца з трынаццаці міні-частак. Іх колькасць у творы, як думаецца, мае сімвалічны сэнс: 13 — лічба ракавая, д'ябальская, яна нібы сама навіслая хмара-бяда над народам, прадвяшчэнне пакутаў. Паэт уражліва паказвае злавесны воблік Чарнобыля, які атруціў усё жывое, кінуў у выгнанне людзей, адабраў у іх радасную будучыню. I ў той жа час Чарнобыль высвеціў язвы і хваробы нашага грамадства, і паэт выкрывае згубную сілу злых і чорных інстынктаў (раздзелы паэмы "Марадзёры", "Страх"). С. Законнікаў перасцерагае ўсіх нас ад духоўнага і маральнага Чарнобыля, новых цяжкіх і суровых выпрабаванняў.
Пра Чарнобыль таксама напісаны паэмы У. Някляева "Зона", Янкі Сіпакова "Одзіум", А. Хатэнкі "Здзічэлае рэха вясны" і інш.
У сучаснай беларускай паэзіі заўважная міфалагізацыя мастацкага мыслення. Зварот да міфалагічных вытокаў таксама стаўся невыпадковым. Міфалогія для сучасных паэтаў Максіма Танка, Р. Барадуліна, А. Разанава, А. Мінкіна, А. Сыса, В. Шніпа, А. Дэбіша і іншых, як і некалі для беларускіх паэтаў XIX — пачатку XX стагоддзяў, зрабілася крыніцай духоўна значнай вобразатворчасці, асновай для выяўлення народнага духу, роздуму пра лёс чалавека, праблемы дабра і зла, жыцця і смерці, іншыя адвечныя пытанні і хвалюючыя праблемы сучаснасці. Нізка "міфалагічных" вершаў А. Мінкіна мае красамоўны загаловак "Наследаванне народнаму". У творах "Агнявік", "Дамавік", "Пугач", "Хохлік" і інш. нібы ажываюць вобразы беларускага фальклору і гукаюць нас у свет чараў, першароднай наіўнай веры ў казку. Творы міфапаэтычнага складу — яркае пераасэнсаванне свету, вельмі часта ўяўляюць драматычна-складанае пазнанне светлага і змрочнага, святога і грахоўнага, зямнога і нябеснага. Яскравы прыклад гэтаму — паэтычны Зборнік А. Сыса "Пан Лес" (1989). Мастацкае пераламленне міфалогіі — адметная з'ява сучаснай паэзіі, пра што красамоўна гавораць многія фальклорныя і біблейскія вобразы, якія паўстаюць у творах на чарнобыльскую тэму, — вобразы Чорнага Бога, зоркі Палын, Крыжа, Апакаліпсісу і інш.
Калі ў беларускай літаратуры 70-х і ранейшых гадоў дамінавала тэма вёскі, то ў другой палове 80-х ракурс светаадлюстравання пашырыўся, і найперш дзякуючы паэзіі, якая нібы ўзгадала вопыт паэта-урбаніста М. Багдановіча і павярнулася тварам да горада, яго побыту, краявідаў. Услед за нашым сучаснікам Міхасём Стральцовым горад прыцягнуў паэтычную ўвагу Ірыны Багдановіч, Галіны Булыкі, Адама Глобуса, Алега Мінкіна, Людмілы Рублеўскай і некаторых іншых паэтаў, якія прыйшлі ў літаратуру ў 80-я гады. Распрацоўка гарадской тэмы ўжо была прадвызначана самім паходжаннем аўтараў-урбаністаў, бо амаль усе яны нарадзіліся або выраслі пасярод камяніц і асфальту. Паэты, дзеці горада, зрабілі звыклы з дзяцінства асяродак аб'ектам паэтызацыі:
Мне падабаецца: мікрараён —
Жалезны дух у канструктыўным целе,
Дзіцячы пляц і школьны стадыён...
Мне падабаюцца шурпатыя панелі.
Гэта радкі Адама Глобуса з верша "Сталіца", што ўвайшоў у яго Зборнік "Парк" (1988). Паэт любіць маляваць гарадскія краявіды, ён імкнецца да лаканічных, яркіх фарбаў. Яго вершы пра горад напоўнены адметнымі вобразамі і дэталямі.
Традыцыі урбаністычнай паэзіі ў еўрапейскай літаратуры багатыя (Э. Верхарн, В. Брусаў і інш.). Сёння ў беларускай паэзіі творы на гарадскую тэму — ужо даволі прыкметны пласт, яны паўнавартасна ўводзяць нас у космас горада, пакрысе разбураюць стэрэатып пра абсалютную вясковасць нашай паэзіі XX стагоддзя і погляд на беларусаў як на выключна сялянскую цывілізацыю.
Традыцыйныя і па сутнасці вечныя ў беларускай паэзіі тэмы вёскі, бацькоўскага кутка, роднай зямлі. Абсалютная большасць сучасных паэтаў — гэта выхадцы з вёскі, і таму натуральна тое, што з іхніх вуснаў гучаць песні пра сваё вясковае маленства, родныя сцежкі і дрэвы, лугі і дарогі. У сучаснай паэзіі мы сустрэнем багата твораў, напоўненых сардэчнымі пачуццямі любові і пакланення Радзіме. Вёска — той мацярык, які неадольна прыцягвае да сябе, дае мацунак, выклікае тугу, пакаянне і гаркоту пры роздуме пра пакутны лёс чалавека на зямлі. Вось радкі з прачулай споведзі паэта Ю. Свіркі "Адыходжу я ад вёскі, адыходжу...":
Для цябе я —
Адыжоднік твой нязлоўны,
Прызнаюся табе, вёска, не хлушу...
Заглядаю я у вёску, як у слоўнік,
Каб упэўніцца, што правільна пішу.
Тэма вёскі, яе лёсу і жыцця, вобразы вяскоўцаў досыць прыкметныя ў Зборніках паэзіі Максіма Танка "Збор калосся" (1989), Р. Барадуліна "Маўчанне перуна" (1986), В. Зуёнка "Вызначэнне" (1987), Л. Галубовіча "Споведзь бяссоннай душы" (1989) і інш.
Асобную трагедыйную старонку займае так званая "лагерная" паэзія. Памяць паэтаў С. Грахоўскага, Алеся Звонака, В. Супруна, С. Новіка-Пеюна і іншых вязняў сталінскіх ГУЛАГаў вяртае нас да горкай, сумнай праўды пра мінулае, у іхняй душы жывуць развярэджана-балючыя пачуцці незаслужана пакараных і пакрыўджаных людзей.
Адной з яркіх кніг на тэму сталінскіх рэпрэсій і лагерных пакутніцкіх выпрабаванняў стаў Зборнік А. Звонака "Светлацені", які ў 1992 годзе быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй рэспублікі. Матывы перажытага пекла, спавядальніцкага болю і гаркоты складаюць эмацыянальна-пачуццёвае ядро гэтай кнігі (вершы "Спавядальнае", "Класавая барацьба", "Раманс", "Не вярнуцца мне на твой парог..." іінш.). Паэт прызнаецца: "А ўсё жыве ў вачах адбіткам // Яжоўскай рукавіцы цень" ("Рукавіца"). Кніга "Светлацені" А. Звонака — гэта паказ усёй абсурднасці і жахлівасці сталінскага рэжыму. Асуджанасць чалавека на пакуты ва ўмовах таталітарнай улады яшчэ ў 30-я гады па-мастацку ярка паказаў Францішак Аляхновіч у сваёй аповесці "У кіпцюрах ГПУ", а ў сусветнай літаратуры — такія вядомыя пісьменнікі, як Франц Кафка (раман "Замак") і Джордж Оруэл (раман "1984"). Памяць пра крывавы генацыд, як усхвалявана даводзіць А. Звонак, патрэбна не толькі ахвярам таго часу, але і для маральнай праўды і ачышчэння грамадства, для таго, каб падобнае не паўтарылася ў будучым: "Гэта не для тых, без вестак пахаваных, / / Гэта трэба нам, сучаснікам жывым!" ("Літургія").
Тэматыка і праблематыка сучаснай паэзіі вельмі шматпланавая, бо вершаванае слова прычыняецца да розных бакоў рэчаіснасці. Паэзія па-ранейшаму ў вышэйшай ступені патрыятычная і гуманістычная, хвалюецца пра лёс прыгожага і вечнага на зямлі, пра сваю маці-Беларусь і яе будучыню. У сучаснай лірыцы ёсць літаральна ўсё: краса і багацце чалавечых пачуццяў, глыбокія разважанні, неардынарныя мастадкія формы верша, музыка слова, жывапіснасць фарбаў і шмат іншага, з чаго складаецца космас беларускага вершаванага мастацтва.
Асабліва прыкметна ў беларускай паэзіі апошніх дзесяцігоддзяў узрасла цікавасць да фармальна-стылёвых пошукаў. У галіне вершаванай формы несумненнага поспеху дасягнуў Алесь Разанаў, які заснаваў і ўвёў такія новыя формы, як вершаказы, версэты і інш. Вершаказы — гэта творы, напісаныя на памежжы паэзіі і прозы. Жанравае вызначэнне "версэт" паход зіць ад слова "версія": паэт прапануе сваю версію нейкай з'явы ці падзеі. Багата розных вершаваных форм сустракаем у творчасці Эдуарда Акуліна: рандо, канцона, газэля, віланэль, рытурнель, туюг, паліндром, акрапаэма і інш. Зборнік паэта "Крыло анёла" (1995) якраз і ўражвае багаццем архітэктанічных форм, разнастайнасдю страфічных малюнкаў. Вельмі шмат фармальна-стылёвых эксперыментаў у творчасці маладых літаратараў. Багата розных выдумак ды нязвычных знаходак у моладзі, якая належыць да літаратурнага руху "Бум-Бам-Літ". Паэт Віктар Жыбуль стварыў паліндрамічную паэму "Рогі гор", тэкст якой аднолькава чытаецца злева направа і справа налева. Эпатаж, разняволенасць паэтычнага сінтаксісу дэманструе Зміцер Вішнёў у творы "Афрыканскія матывы".
У беларускай літаратуры другой паловы 80-90-х гадоў працягваў развівацца паэтычны эпас.
Літаратурнай падзеяй стаў выхад у сярэдзіне 80-х рамана ў вершах Н. Гілевіча "Родныя дзеці" (1985). Хоць твор у цэлым эпічна-апавядальнага складу, у ім вельмі модны лірычны струмень. Лірычныя адступленні цэментуюць сюжэт, увогуле гарманізуюць твор, прыдаюць яму непаўторнае гучанне і каларыт. Скразной лініяй праз раман праходзіць тэма кахання, матывы ўнутранага жыцця галоўнага героя Сцяпана Вячоркі. Ягоны лёс паўстае ў шматстайнасці духоўнага і маральнага зместу, шырыні дачыненняў з роднымі людзьмі, землякамі, прыродаю, традыцыямі бацькоўскай зямлі. "Родныя дзеці" — твор шматпраблемны: паэт вядзе засяроджаны роздум пра гісторыю, культуру і экалогію роднай зямлі.
Пятро Бітэль, акрамя іншага (ён — перакладчык многіх аўтараў: Адама Міцкевіча, Дантэ і інш.), вядомы найперш сваёй паэмай на гістарычную тэму "Замкі і людзі" (1968). У гэтым творы падзеі разгортваюцца ў XIV стагоддзі ў Крэўскім, Трокскім і Віленскіх замках. У вершаваных аповесцях "Дзве вайны" і "Баруны", што пабачылі свет у 1990 годзе, паэт малюе заходнебеларускую рэчаіснасць, паказвае тагачасныя складаныя абставіны жыцця, якія выпалі на лес чалавека. Няпроста пачувалася заходнікам і пасля верасня 1939 года, бо неўзабаве пачаліся арышты, высылкі заможных гаспадароў з сем'ямі.
Сучасная беларуская паэма ў значнай ступені жанр сінтэтычны, яна разнастайная сваімі формамі і жанравымі адгалінаваннямі: ліра-эпічная, драматычная, лірыка-публіцыстычная, лірыка-філасофская і інш. "У даўнім і вечна маладым жанры" (выраз А. Лойкі) ярка праявілі сябе многія паэты. Прыкметны рэзананс у сярэдзіне 80-х атрымала "Паэма сораму і гневу" П. Панчанкі. Гэты твор, напісаны на спавядальна-публіцыстычнай ноце, з'яўляецца красамоўным мастацкім дакументам свайго часу. Тут гучаць матывы пошуку праўды, ісціны, матывы пакаяння і чалавечнасці. З арыгінальнымі паэмамі ў прозе выступіў Я. Сіпакоў ("Хата", "Ахвярны двор", "Одзіум"). Лера-паэма — так вызначыў жанр свайго твора "Самота паломніцтва" Р. Барадулін. У гэтай паэме, як і ў драматычнай паэме М. Арочкі "Судны дзень Скарыны", асэнсоўваецца лёс і духоўны свет Ф. Скарыны. На тэму гісторыі напісаны эпічныя творы Раісы Баравіковай "Барбара Радзівіл", У. Дзюбы "Доктар Русель". Цяпер беларуская паэма, магчыма, не перажывае перыяд вялікага ўздыму, але і пра крызіс ці заняпад жанру гаварыць не выпадае.
Вельмі грунтоўна заглыбілі філасофскія асновы паэтычнага эпасу А. Разанаў ("Усяслаў Чарадзей", "Паэма пагашаных люстэрак", "Паэма парушанай мяжы" і інш.) і У. Някляеў ("Індыя", "Прошча", "Саракавіны"). Публіцыстычным пафасам прасякнута паэма С. Законнікава "Чорная быль", больш філасофскай успрымаецца яго другая паэма пра Чарнобыль "Зязюля". В. Зуёнак, аўтар такіх паэм, як "Сяліба", "Маўчанне травы", стварыў паэму "Падарожжа вакол двара", якая завяршае эпічны цыкл "Пяцірэчча" (складаецца з пяці паэм, сюды ўваходзяць таксама ранейшыя творы аўтара). З лірыка-псіхалагічнай глыбінёй раскрыта першае каханне і звязаныя з гэтым пачуццём учынкі героя-падлетка ў паэме Ніла Гілевіча "Лодачкі". У "Апошнім казанні Белабога" А. Мінкіна ажываюць вобразы міфалогіі, якія ўвасабляюць святло і змрок, дабро і зло, быццё і нябыт. Акрапаэма — такую адметную жанрава-кампазіцыйную форму мае твор Эдуарда Акуліна "Шлях да Радзімы", прысвечаны М. Багдановічу. Гумарыстычна-сатырычнымі фарбамі напісана паэма М. Скоблы "Герадотава Мора".
У паэмным жанры напісаны і такія творы, як "Заўтра — вяселле", "На залатым перазове" А. Лойкі, "Знакі" Ю. Голуба, "Пац" і "Два анёлы" С. Сокалава-Воюша. У гэтых паэмах раскрыты перыпетыі чалавечага і народнага лёсу на шляхах гістарычнага быцця. Сучасны паэтычны эпас адчувальна ўзмацняе лірычны пачатак, публіцыстычны пафас, набывае філасофскую заглыбленасць.
Похожие статьи:
Сучасная літаратура Беларусі → Тэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе
Сучасная літаратура Беларусі → Сучасная беларуская проза
Сучасная літаратура Беларусі → Сучасная беларуская драматургія
Сучасная літаратура Беларусі → Сучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы