Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Адам Міцкевіч
(1798-1855)
У беларускай зямлі — усе карані Адама Міцкевіча. 3 беларусаў, ад далёкага продка Міцькі, паходзіць увесь род Міцкевічаў. Тут, на Беларусі, нарадзіліся і жылі яго бацькі — маці Барбара Маеўская (вёска Чамброва на Наваградчыне) і бацька Мікалай Міцкевіч, мінскі каморнік і наваградскі адвакат, — тыповая беларуская «шарачковая» шляхта. Тут, на хутары Завоссе (цяпер Баранавіцкі раён), 24 снежня 1798 г. убачыў свет і Адам Міцкевіч.
3 Завосся бацькі неўзабаве перабраліся ў павятовы горад Наваградак. Тут юны Адам скончыў школу святых айцоў дамініканцаў, дзе вучыўся разам з Янам Чачотам, з якім пасябраваў на ўсё жыццё. На канікулы дзеці Міцкевічаў выязджалі спачатку ў Завоссе, да дзядзькі, а потым у недалёкі ад Наваградка маёнтак бацькавага сябра суддзі Растоцкага — Руту. Нездарма паэт называў потым сваё маленства «сельскім, анёльскім».
Пасля заканчэння Наваградскай школы ў 1815 г. малады Адам Міцкевіч падаўся на вучобу ў Віленскі ўніверсітэт на фізіка-матэматычны факультэт. Тут разам з Тамашом Занам і Юзафам Яжоўскім ён стварае тайнае студэнцкае згуртаванне — Таварыства філаматаў, якое адыграла важную ролю ў грамадскім і культурным жыцці Беларусі, у нашым нацыянальным адраджэнні. У гэты ж час Адам Міцкевіч пачаў сам складаць вершы, якія чытаў на філамацкіх пасяджэннях. У першых пробах пяра малады паэт прытрымліваўся строгіх канонаў класіцызму, які панаваў тады ва ўсёй літаратуры. Але з захаду адчуваліся ўжо новыя павевы, асабліва з Германіі, дзе ўсталяваўся рамантызм — новы напрамак у літаратуры, прадстаўнікі якога звярталіся да фальклору сваіх народаў як да творчай крыніцы. У філамацкім асяроддзі першымі ўспрынялі новыя павевы Тамаш Зан, Ян Чачот і Ануфрый Петрашкевіч. Шукаючы матэрыялы для сваіх паэтычных твораў, яны звярнуліся не да класічных сюжэтаў, а да вуснапаэтычнай творчасці свайго, беларускага люду. Асабліва цікавыя былі па-майстэрску напісаныя балады Яна Чачота, які смела браў сюжэты для іх з пачутых у народзе легендаў і паданняў. Адам Міцкевіч, пазнаёміўшыся з творчасцю сяброў, і ў першую чаргу з баладамі Чачота, адразу зразумеў, што дагэтуль шукаў не там: скарбы ляжалі пад рукой.
Гэта быў пераломны момант у творчасці Адама Міцкевіча. Ён вельмі хутка намацаў у літаратуры сваю сцяжыну, стаў бацькам беларускага і польскага рамантызму. Заснаваныя на беларускім фальклоры балады і рамансы Міцкевіча, сярод якіх такія паэтычныя шэдэўры, як «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка», «Курганок Марылі», «Люблю я», «Лілеі», «Тры Будрысы», а таксама першыя часткі драматычнай паэмы «Дзяды», сюжэтам якой стаўся беларускі абрад памінання дзядоў, «літоўская аповесць» пад назвай «Гражына», дзе ўзнаўляліся падзеі сярэдневяковай гісторыі Беларусі, зрабілі сапраўдны пераварот у літаратуры ўсёй Рэчы Паспалітай, адкрылі перад ёй новыя далягляды. Гэта быў трыумф рамантызму.
Немалаважную, а можа, і вырашальную ролю ў пераходзе Адама Міцкевіча да рамантызму, наогул у яго небывалым творчым узлёце адыграла — і гэта не маглі не адзначыць літаратуразнаўцы — каханне паэта да Марылі Верашчакі, якое нібы перавярнула ўсё яго жыццё, кінула ў вір глыбокіх перажыванняў. А пачалося ўсё з іх першай сустрэчы ў Туганавічах, сядзібе беларускіх паноў Верашчакаў на беразе светлай пакручастай рачулкі Сэрвачы.
Сюды, у гэты зацішны куточак Наваградчыны, недзе ўлетку 1818 г. прывёз яго на брычцы ўніверсітэцкі сябар-філамат Тамаш Зан, які яшчэ ў час вучобы ў Мінскай гімназіі пасябраваў са сваімі аднакласнікамі — братамі Верашчакамі Міхалам і Юзафам.
Спачатку Марыля не зрабіла асаблівага ўражання на Адама Міцкевіча. Але паступова, сустракаючыся з ёй пад раскідзістым голлем туганавіцкіх ліп, чытаючы разам раманы Жан-Жака Русо і Гётэ, разважаючы пра літаратуру, пра жыццё, слухаючы, як яна грае на фартэпіяна, ён адчуў, што яго цягне да гэтай мілай і непасрэднай дзяўчыны, яму хочацца слухаць яе голас, яе смех.
Часта Адам з Марыляй пускаліся ў блізкія і далёкія вандроўкі па ваколіцах, любаваліся новымі, нязведанымі краявідамі, з ахвотай размаўлялі з сялянамі, адпачывалі ў іх хатах.
Не раз заводзілі іх сцежкі да незвычайнага цуда прыроды — возера Свіцязь, дзе іх чаравала невыказная чысціня азёрнай вады, зялёныя шаты навакольных лясоў, першародная ціша, якую парушалі толькі птушынае шматгалоссе ды бясконцы пчаліны гуд. Ад’язджаючы з Туганавіч у Коўна, дзе настаўнічаў пасля ўніверсітэта, Адам павёз воблік Марылі з сабой. Адзін толькі ўспамін пра яе грэў сэрца.
I вось як гром сярод яснага неба — вестка: Марыля выйшла замуж за свайго нарачонага, графа Ваўжынца Путкамера, які жыў у сваім родавым маёнтку Уніхаў у суседстве з Туганавічамі. Толькі цяпер зразумеў Адам Міцкевіч, што страціў.
Гэта ўжо была бура, якая не месцілася ў грудзях, шукала выйсця. Выйсце тое яна знайшла ў славутых «Дзядах», вялікай драматычнай паэме, у сцэне з’яўлення ў ксяндзовай хаце пустэльніка Густава, звар’яцелага ад свайго нешчаслівага кахання, выбуховая сіла якога чулася ў кожным яго слове. У вобразе Густава сябры адразу пазналі Адама Міцкевіча, які таксама быў на мяжы вар’яцтва. Пра гэта застаўся цікавы ўспамін яго сябра-філамата Тэадора Лазінскага — аб намеры паэта выклікаць на дуэль Ваўжынца Путкамера.
Праз год пасля замужжа Марыля зноў сустракаецца з Адамам. Пры сустрэчах яна шчыра выказвае сваё шкадаванне, што яны не разам, што іх разлучыла нешчаслівая доля. I ён, паверыўшы, ізноў з усёй шчырасцю, з сэрцам, поўным любасці і пяшчоты, ідзе ёй насустрач. Яны часта сустракаюцца.
На Сёмуху, у пару росквіту зямлі, Адам Міцкевіч, запрошаны Марыляй, едзе ў Болценікі і цэлыя два тыдні гасцюе ў Путкамераў. Ваўжынец Путкамер ставіўся з разуменнем да іх адносін. Ён ведаў, што рэўнасць была б тут дрэнным памочнікам. Добра выхаваны, высокай культуры чалавек, таксама выпускнік Віленскага ўніверсітэта, Путкамер зрабіў усё, каб Адам Міцкевіч адчуваў сябе ў яго сядзібе як добры госць. Пра тыя дні ў Путкамераў паэт так пісаў сябрам: «Нядаўна правёў з ёй два тыдні. Яе выгляд і размовы лепш за ўсё мяне супакойваюць. Што будзе далей — не ведаю».
Невядома, як склаліся б адносіны замужняй ужо Марылі і Адама, калі б не падзеі, якія хутка іх навек разлучылі. Гэта выкрыццё царскімі ўладамі віленскіх згуртаванняў моладзі, з якімі Міцкевіч не парываў і тады, калі пасля заканчэння ўніверсітэта настаўнічаў у Коўне. Восенню 1823 г. яго з сябрамі арыштавалі і праз год выслалі ў глыб Расіі. Адам Міцкевіч трапіў спачатку ў Пецярбург, адкуль быў накіраваны ў Адэсу. Потым яму дазволілі прыехаць у Маскву і зноў у Пецярбург. Каля пяці гадоў прабыў паэт у Расіі. Тут ён пазнаёміўся і шчыра пасябраваў з дзекабрыстамі К. Рылеевым і А. Бястужавым, з усімі славутасцямі рускай літаратуры — А. Пушкіным, В. Жукоўскім, П. Вяземскім, А. Грыбаедавым, Я. Баратынскім, М. Глінкам і інш.
Асабліва цесная дружба звязвала Адама Міцкевіча з геніем рускай літаратуры Аляксандрам Пушкіным. Першая сустрэча двух вялікіх паэтаў адбылася ў Маскве, куды Пушкін прыехаў у верасні 1826 г. з Міхайлаўскага. Свае думкі пра рускага паэта Міцкевіч выказаў у пісьме да Антона Адынца ў сакавіку 1827 г.: «Мы часта сустракаемся. Пушкін амаль мой равеснік (на два месяцы маладзейшы), у гутарцы ён вельмі дасціпны і жывы, прачытаў ён шмат і з карысцю, знаёмы з сучаснай літаратурай, у яго чыстае і выдатнае разуменне паэзіі...».
У Расіі Адам Міцкевіч напісаў свае славутыя санеты, а таксама адну з выдатных паэм «Конрад Валенрод», у цэнтры якой — патрыёт Конрад Валенрод, які ўсвядомлена ахвяруе сваім жыццём дзеля вызвалення Бацькаўшчыны ад чужацкіх захопнікаў.
У 1829 г. Міцкевічу ўдалося вырвацца за мяжу. Ён выехаў на захад, назаўсёды пакінуўшы «родную» імперыю. Паэт аб’ездзіў шмат краін Еўропы — Германію, Чэхію, Швейцарыю, Італію, Францыю. Жыў у Рыме, Дрэздэне, Жэневе. Потым канчаткова пасяліўся ў Парыжы, дзе чытаў у славутым Каледж дэ Франс курс лекцый па славянскіх літаратурах, у якіх не забыў расказваць і пра культуру свайго краю, пра мову беларускага народа, называючы яе «самай багатай і самай чыстай».
У эміграцыі паэт напісаў трэцюю частку «Дзядоў», у якой апавядаў пра сваё філамацкае юнацтва, пра турэмнае зняволенне. У 1834 г., жывучы ў Парыжы, Міцкевіч скончыў працу над самым значным сваім творам — паэмай-эпапеяй «Пан Тадэвуш», якая стала сапраўдным гімнам роднай зямлі, неўміручай песняй яго светламу няздзейсненаму каханню. Месца дзеяння паэмы — сядзіба Верашчакаў Туганавічы (паказана там пад назвай Сапліцова), палі і лясы роднай Наваградчыны. Ды ўвогуле туга па радзіме чуецца ў кожным творы паэта, напісаным у эміграцыі.
Памёр Адам Міцкевіч у 1855 г. у Канстанцінопалі, куды прывяло яго жаданне змагацца за вызваленне Айчыны. Набальзаміраванае цела паэта перавезлі ў Парыж і пахавалі ў прыгарадзе. У 1890 г. наш вялікі зямляк быў перазахаваны палякамі ў Кракаве, дзе труну з прахам паэта ўстанавілі ў падзямеллі кафедральнага сабора Вавельскага замка.
К. Цвірка
Крыніца: Літаратура Беларусі ХІХ стагоддзя: анталогія / укладальнікі: К. А. Цвірка, І. С. Шпакоўскі, К. У. Антановіч — Мінск: Беларуская навука, 2013. — 862 с.
Похожие статьи:
Адам Міцкевіч → Адам Міцкевіч - Свіцязь
Адам Міцкевіч → Адам Міцкевіч - Конрад Валенрод
Адам Міцкевіч → Адам Міцкевіч - Свіцязянка