Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Адама Міцкевіча
Творчасць Адама Міцкевіча — з'ява універсальная, па-мастацку шматгранная і глыбінная, а таму і па сутнасці невычарпальная. Святкаванне 200-годдзя з дня нараджэння генія славянскага свету (1798—1998) дало новы магутны штуршок у асэнсаванні яго літаратурнай спадчыны, у тым ліку і такой праблемы, як топас радзімы паэта (топас — вобраз, характэрны для ўсёй мастацкай творчасці, культуры, літаратуры). Пра гэта могуць яскрава пасведчыць матэрыялы хаця б такіх зборнікаў, як "Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры" (Мінск, 1998), "Адам Міцкевіч і сусветная культура" (Гданьск, 1998). Несумненна, топіка Навагрудчыны, яе ландшафт, прырода маюць важнае значэнне ў міцкевічаўскай мастацкай свядомасці. Адам Міцкевіч — і гэта неаднойчы гучала пры ацэнцы асобы паэта — вялікі патрыёт сваёй Айчыны, натхнёны пясняр навагрудскай зямлі, красе якой ён склаў высокі адухоўлены гімн.
У сваёй паэзіі ён стварыў вобраз радзімы ў шырокім і самым высокім патрыятычным сэнсе. Ён апеў і ўславіў родны кут, дарагія сэрцу краявіды і вобразы, па сутнасці стварыў культ беларускага пейзажу і прыроды бацькоўскага краю. У гэтай сувязі нельга не пагадзіцца з назіраннямі наконт таго, што Адам Міцкевіч "заўсёды ў захапленні спыняўся... перад краявідамі родных мясцін" (Алег Лойка), што ён "у "Пане Тадэвушы" або "Свіцязанцы" проста моліцца на беларускі пейзаж, хоць называе яго "Літва" (Богдан Скарадзінскі). Для яго ўласціва пранікнёнае эстэтычнае сузіранне прыроды і яе глыбокае адчуванне.
У пейзажах Адама Міцкевіча яскрава і маляўніча адлюстраваны прыродна-ландшафтны воблік прынёманскага краю, увасоблена лучнасць паэтавай душы з роднымі краявідамі. Сістэма пейзажных вобразаў у Міцкевічавай творчасці — разгалінаваная, шматахопная. Раскрыццё духоўнай повязі паэта з усёй гэтай сістэмай вобразаў і матываў прыроды — надзвычай вялікая і шырокая тэма, якая, як думаецца, яшчэ чакае свайго цэласнага і скурпулёзнага вывучэння. Прычым трэба заўважыць, што яго пейзажы паўстаюць не толькі як фонавыя застаўкі ці элементы кампазіцыі, а адыгрываюць вельмі важную ідэястваральную функцыю, маюць эстэтычную самакаштоўнасць і нярэдка змяшчаюць у сабе натурфіласофскае ўспрыманне навакольнага свету.
У паэтычнай сістэме мыслення Адама Міцкевіча пейзажным вобразам, увогуле прыродзе належыць ключавая, нават першачарговая роля. Пра гэта красамоўна гавораць шматлікія лірычныя, а таксама і эпічныя творы паэта. Скажам, без прыродаапісанняў цяжка ўявіць паэму "Пан Тадэвуш", як, зрэшты, і ўласнабеларускае ліра-эпічнае палатно — "Новую зямлю" Якуба Коласа. Пейзаж Адама Міцкевіча — жыватворны працэс светаадлюстравання, пра што сведчыць пастаянны зварот паэта да вобразаў і з'яў навакольнай прыроды і іх мастацкае ўвасабленне — вобразаў лесу, пушчы, ручая, бярозы, сонца, кургана... Але, бадай, цэнтральнае месца ў яго сістэме мастацкага мыслення займаюць вобразы-топасы ракі Нёман і возера Свіцязь.
Нёман і прынямонне, Свіцязь і свіцязянскае ўлонне, вобразна кажучы, сталі калыскай будучага песняра. Прырода нарадзіла паэта і абудзіла яго сэрца, зрабілася неад'емным светам яго вобразаў і думак. Без пачуцця прыроды, відавочна, проста не можа з'явіцца на зямлі таленавіты паэт, тым больш вялікі мастак слова, у творчасці якога, апрача іншага, найбольш поўна ўвасоблены вобраз роднага краю. А любоў да радзімы — гэта, як вядома, найперш любоў да роднай прыроды. Міцкевіч-рамантык — адзін з першых адкрывальнікаў на абшарах летапіснай Літвы-Беларусі красы і паэзіі ў навакольнай прыродзе, хоць, зразумела, яго апісанні гучаць па-польску. Яшчэ раней на латыні чароўны свет роднага пушчанскага краю апяваў Мікола Гусоўскі. Адам Міцкевіч раней за Янку Купалу, Змітрака Бядулю, Андрэя Александровіча адкрываў дзівосныя чужыя краявіды ў сваіх "Крымскіх Санетах", паэтычна апісваў мора, горы, стэп, але гэтак жа, як і пазней яго беларускія паэты-паслядоўнікі ў асваенні экзатычнага пейзажу, заставаўся адданым патрыётам свайго Нёмана і прынямонскага краю. Апынуўшыся на чужой зямлі і сузіраючы Жэнеўскае возера і Альпы, Адам Міцкевіч прызнаваўся, што яму "мілей нашы літоўскія пейзажы". "О навагрудскі край — мой родны дом..." — так пачынаецца фрагмент няскончанай паэмы "Бульба", дзе паэт таксама гаворыць, што не можа забыць родныя краявіды:
...Куды б мяне не кінуў лёс жыццёвы
Забыць я не змагу твае палі, дубровы...
Нёман — спрадвечны пейзажны вобраз нашай геаграфічнай і этнічнай прасторы, які трывала замацаваўся ў нацыянальнай літаратуры як апазнавальны сімвал беларускага краю. Гэты гідронім у міцкевічаўскай творчасці выступае як топас радзімы. Пранікнёны зварот да ракі дзяцінства гучыць у санеце "Да Нёмана":
Нёман, прытулак мой хатні!
Празрыстай
вадою
Ты абмываў мне калісьці малому далоні...
У гэтым творы паэт звязвае з Нёманам унутрана перажытае, глыбока асабістыя пачуцці. Санет набывае і медытатыўнае гучанне. Матыў імклівага руху ракі нараджае роздум пра бег жыцця, яго незваротнасць. Нёман атаясамліваецца з ракой часу:
Нёман, рака якая! Вечна імклівыя хвалі!
Дзе тое шчасце? Лепшыя нашы намеры?
Шчырасць дзяцінства, поўная радаснай веры?"
Паэт з любасцю і ўсхвалявана прамаўляе слова "Нёман", бо яго вобраз — гэта нібы душэўна блізкі суразмоўца, якому аўтар давярае любоўныя згадкі, сваю шчырую споведзь.
Вобраз Нёмана лучыцца з душой паэта суладна, інтымна і адухоўлена. З ракой знітавана незабыўнае і дарагое — пачуццё кахання, вобраз каханай: "Светлы вобраз яе ў тваім чыстым улонні..." ("Да Нёмана"); "Будзеш паўз Нёман ісці, дзядочак, // Стрэнеш яе, не іначай" ("Дудар").
Каханай паэта, яго музай была Марыля Верашчака з маёнтка Туганавічы. А сэрца, якое кахае, не можа не спяваць пра прыгажосць навакольнага свету. У рамане "Курганок Марылі" намаляваны прынёманскі краявід, які не толькі акрэслены з візуальнай дакладнасцю, але і паэтызуецца як улонне першародна-дзіўнага хараства. Аднак найбольш разгорнута і ярка пейзажная карціна прынямоння ўвасоблена ў паэме "Пан Тадэвуш", і яна не можа не ўразіць пачуццём глыбокага замілавання, жывапіснай вобразнасцю і грацыёзнасцю фарбаў. Паэт пераносіцца ў думках "на Айчыны ўлонне":
...У край лясных узгоркаў і лугоў духмяных,
Шырока над блакітным Нёмнам разасланых,
Да каляровых ніў, дзе жыта серабрыцца,
I залачоная калышацца пшаніца,
Дзе грэчка, быццам, снег, свірэпка, як бурштын,
I дзяцельнік гарыць румянцамі дзяўчыны".
Надзвычай вобразна, рамантычна ўзвышана і адухоўлена Нёман-рака намалявана ў "Конрадзе Валенродзе". Паэт апісвае спатканне дзвюх рэк як паяднанне закаханых істот:
Вілію Нёман гвалтоўна хапае,
Цісне ў абдымках, нясе ў прасторы
I да грудзей ледзяных прыхінае,
Гіне з ёй разам у бездані мора.
Тыпалагічнае падабенства ў паказе ракі назіраецца ў вершы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча "Прыпяць", дзе сустрэча рэк намалявана як спатканне закаханых. Зрэшты, Нёман Адама Міцкевіча лучыцца і з Нёманам другога вялікага паэта, таксама Міцкевіча — Якуба Коласа, які склаў хваласпеў славутай беларускай рацэ і роднаму краю, "дзе льецца Нёман срэбраводны". Вілія і Нёман таксама паўстаюць побач у Якуба Коласа, а ў вершы "Нёман" ён называе родную раку чыстай і свабоднай. У "Конрадзе Валенродзе" Нёман сімвалізуе веліч і славу Айчыны, з ім звязаны матывы свабодалюбства, трываласці, заступніцтва: "Літвінаў дзеліць ад ворагаў Нёман". Даследчык Ірына Багдановіч, слушна звязваючы паэтызацыю і адухаўленне Нёмана з рамантычнай традыцыяй, адзначае, што гэты "вобраз нёс таксама высокі патрыятычны настрой і ўзмацняў вольналюбівы змагарны дух". Канцэпцыя ракі ў Адама Міцкевіча сапраўды патрыятычная, але разам з тым надзелена і думкай агульначалавечай значнасці і вялікай духоўнасці. Нёман увасабляе сабой адкрытасць свету, ён сімвал паяднання народаў: "...Там Нёман, з даўняй гасціннасці рупны, // Сялібы лучачы братніх народаў...".
Як мы пераконваемся, без Нёмана немагчыма ўявіць вобразную сістэму Адама Міцкевіча. З ім звязана даволі шырокае кола асацыяцый. Гэты гідронім — адзін з першавобразаў яго пейзажнага мыслення, патрыятычных уяўленняў. Нёман у Адама Міцкевіча — адзін з важных складнікоў прасторавай мадэлі свету, ключавы топас "Літвы" яго часоў. Патрыятычная трактоўка Нёмана, дух высокай паэтызацыі і гімнаграфічнага ўслаўлення гэтай ракі знайшлі працяг у творчасці Янкі Купалы, Якуба Коласа, Алеся Гурло, Максіма Танка, Анатоля Астрэйкі, Ларысы Геніюш, Алега Лойкі, Дануты Бічэль, Юркі Голуба і інш.
Глыбокая духоўная пародненасць у Адама Міцкевіча з возерам Свіцязь, яго ваколіцамі. Па сутнасці Свіцязь — гэта асобная арыгінальная старонка яго творчасці, з якой звязаны найперш такія творы, як "Свіцязь", "Свіцязянка", "Рыбка". Вобраз Свіцязі таксама выступае як топас і сімвал паэтавай малой радзімы, увасабляе таямніча-загадкавы свет яе прыроды. Цікава, што Адам Міцкевіч пры першапублікацыі балады "Свіцязянка" сам патлумачыў феномен існавання незвычайнага возера ў сваіх родных мясцінах: "Свіцязь — вялікае і прыгожае возера ў Наваградскім павеце. Ёсць чуткі, што на яго берагах з'яўляюцца ўндзіны, або вадзяныя німфы, якія народ называе свіцязянкамі". Вобраз Свіцязі намаляваны ў рамантычна-легендарным ключы. Міцкевіч на фальклорна-міфалагічны лад паэтызуе падзеі на возеры, заснаваныя на народных паданнях. Тым не менш зачын балады "Свіцязянка" мае прывязку да рэальнай пейзажнай прасторы:
Што гэта за хлопец з поглядам ветлым Поруч са стройнай дзяўчынай Крочыць павольна пад месяцам светлым Берагам Свіцязі сіняй?
Возера паўстае перад намі як пракаветнае і дзівоснае месца, адухоўлена-казачны свет.
Самая вобразна-маляўнічая карціна свіцязянскага краявіду створана ў баладзе "Свіцязь". Возера ўспрымаецца паэтам часткай космасу, яно зліваецца з небам як адно цэлае:
Не знаеш — з-пад ног, можа, гэта шкляная
Ідзе аж да неба дарога
Ці неба шкляное скляпенне схіляе
Табе аж пад ногі!
I той, другі, бераг убачыць не ў сілах —
З вышынямі возера зліта.
Нібыта вісіш ты на птахавых крылах
У нейкім бяздонні блакіту!
Тут гарманічна паяднана зямное і касмічнае. Трапна заўважыў Уладзімір Конан, што ў гэтым творы возера Свіцязь — "люстэрка райскага Неба". Свіцязь паўстае як царства першароднай красы, як таямніца космасу. Паэт, зрэшты, запрашае "глянуць на возера зблізку". Свіцязянскае ўлонне зноў жа паказана праз прызму міфа-паэтычнага светаадлюстравання, яно зачароўвае сустрэчай са звышнатуральным, загадкавым, невядомым.
Вобраз Свіцязі, упершыню паэтычна адкрыты і апеты Адамам Міцкевічам, якраз і прываблівае часта ўвагу таму, што "Адам Міцкевіч у палон узяты быў Свіцяззю" (Хута Берулаў), і яго імя стала неадлучным ад гэтага пейзажнага вобраза-топаса. Возеру Свіцязь прысвяцілі свае радкі Андрэй Вазнясенскі, Уладзімір Лучук, Ян Лехань, Хута Берулаў і інш. Шэраг твораў нарадзіўся ў выніку паездак пісьменнікаў на Свіцязь. Янка Брыль згадвае, што ён неаднойчы як сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў "бываў... над святым возерам з рознымі міжнароднымі, а найчасцей польскімі пісьменніцкімі групамі". Свіцязь Міцкевіча-паэта прыцягвае да сябе, яна адзін са своеасаблівых геаграфічных цэнтраў літаратурнага свету.
Аналіз пейзажных вобразаў Нёмана і Свіцязі пераконвае нас у тым, што гэтыя гідронімы сталі асновай выяўлення любові паэта да навагрудскай прыроды, сваёй радзімы, яскрава характарызуюць яе топіку, а таксама даюць уяўленне пра глыбокую духоўнасць і ментальнасць паэта.
Похожие статьи:
Міхась Кавыль → Жыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля
Анатоль Вялюгін → Творчасць Анатоля Вялюгіна
Яўгенія Янішчыц → Творчасць Яўгеніі Янішчыц